Юрый ВАШЧУК: “Быў цвёрдым харашыстам у вучобе і круглым двоечнікам па паводзінах”

- 11:27Моя школа, Рознае

На Міжнародным конкурсе “Еўрабачанне”, які сёлета пройдзе ў Даніі, Беларусь прадставіць Юрый Вашчук (творчы псеўданім Тэа) з песняй “Cheesecake”. Мы запрасілі выканаўцу на сустрэчу, каб з першых вуснаў даведацца пра жыццёвы і творчы шлях маладога артыста, у якім выступленне на “Еўрабачанні”, упэўнены, толькі прыступка, а не вяршыня.

— Юра, якая асацыяцыя ўзнікае ў цябе першай пры слове “школа”?
— Першае, што прыходзіць у галаву, — гэта шумныя школьныя калідоры і вясёлыя перапынкі. Памятаю, з якім нецярпеннем мы чакалі вялікі перапынак, каб у добрае надвор’е пагуляць з мячом на вуліцы ў легендарную гульню “Квадрат”. І ўжо напрыканцы ўрока, які яму папярэднічаў, дакладна ведалі, хто будзе гуляць у першай чацвёрцы, каб не губляць на вызначэнне гэтага каштоўныя хвіліны перапынку.

Я нарадзіўся на Кобрыншчыне (Брэсцкая вобласць), у вёсцы Хідры. У мясцовай сярэдняй школе вучыўся ўсе 11 гадоў. У ёй жа была эстрадная студыя, у якой я з задавальненнем займаўся з пятага класа. Праўда, яшчэ да эстраднай студыі я самастойна без ведама бацькоў пайшоў і запісаўся ў музычную школу. Дакладней, мы з сябрамі пайшлі. Толькі яны папярэдзілі сваіх бацькоў, а я не. Пайшоў і за кампанію запісаўся. І калі паўстала пытанне, што мне патрэбен музычны інструмент, я прыйшоў да бацькоў і кажу: “Мне патрэбен інструмент”. Яны, зразумела, запыталіся навошта. І тады я, як так і трэба, кажу: “Ну, як жа! Я ж у музычнай школе займаюся!” (Смяецца.)

А калі б вы запыталіся пра маю першую асацыяцыю з словазлучэннем “музычная школа”, то я не задумваючыся назваў бы імя свайго выкладчыка па баяне Мікалая Фёдаравіча Сцепанюка, якому я бязмерна ўдзячны за яго прафесіяналізм, педагагічныя і чалавечыя якасці. У нас з ім былі вельмі сяброўскія адносіны, нягледзячы на тое, што ў той час я быў зусім хлапчук, а ён — ужо выкладчык са стажам. Мікалай Фёдаравіч ускладваў на мяне вялікія надзеі, вельмі старанна працаваў са мной і верыў, што ўсе веды, дадзеныя ім, мне абавязкова спатрэбяцца.

— Хачу зразумець, чаму ў той час, як іншыя дзеці ішлі, напрыклад, у спартыўныя секцыі, ты выбраў менавіта эстрадную студыю і музычную школу? Адкуль гэтая цяга да сцэны?
— Ха! А я і спортам заўсёды займаўся! Я з задавальненнем займаўся плаваннем, калі дазваляў час, наведваў секцыі баскетбола і футбола. Са спортам я сябраваў заўсёды і з дзяцінства ніколі не раздзяляў для сябе — ці толькі спорт, ці толькі музыка. Але калі быць шчырым, то мой прадзед па матчынай лініі быў скрыпачом і сам рабіў скрыпкі. Тата самастойна асвоіў домру, баян. Татава сястра, мая цётка, цудоўна спявае. Таму, напэўна, генны фактар таксама адыграў сваю ролю. А калі яшчэ бабуля падарыла мне двухрадны гармонік, то пытанне, чым займацца ў вольны ад вучобы час, адпала само сабой.

— Як увогуле ішла вучоба ў школе?
— З вучобай усё было добра. Я быў цвёрдым харашыстам. Толькі падручнікі ў маім рукзаку не мяняліся. Я насіў іх усе з сабой і, прыходзячы на ўрок, даставаў патрэбны.

Усё таму, што ленаваўся з вечара збіраць рукзак. Я быў поўнай процілегласцю старэйшага брата, які заўсёды вельмі старанна выконваў дамашнія заданні, усе патрэбныя падручнікі ў яго былі акуратна складзены ў сумцы, прычым нават рэмень ад сумкі ён выкладваў паверх яе вельмі акуратна. І калі ў вучобе я быў цвёрдым харашыстам, то па паводзінах — круглым двоечнікам. А калі яшчэ ўлічыць той факт, што ў гэтай жа школе працаваў настаўнікам гісторыі мой тата, то нават не злічу, колькі разоў яму даводзілася чырванець за мяне ў настаўніцкай. Наш дом знаходзіцца ад школы ў пяці хвілінах хады. І зараз прыгадваю, што калі ў школу я даходзіў за пяць хвілін, то вяртанне дадому (асабліва пасля выстаўлення адзнак за чвэрць) магло заняць і паўгадзіны. Я ішоў вельмі павольна і прыдумваў, што скажу наконт кожнай сваёй адзнакі і нездавальняючых паводзін.

— Часта ўзгадваеш школьных настаўнікаў? І калі так, то ў якія моманты?
— Узгадваю часта. І чым больш сталею, тым часцей: гэта ж якой надзвычайнай цярплівасцю неабходна валодаць, каб вучыць дзяцей. Мне цяпер проста хацелася б папрасіць прабачэнне ў сваіх настаўнікаў за свае паводзіны, сказаць ім вялікі дзякуй за неймавернае цярпенне і той бацькоўскі клопат, якім яны акружалі нас на працягу ўсіх 11 гадоў. Што не так было з паводзінамі? Мне падабалася смяшыць сваіх аднакласнікаў. Адзін час у нашым класе была мода на коміксы. Я маляваў іх прама на ўроку ў сшытку, з дыялогамі, усё як трэба. А на перапынку ўсе смяяліся з маёй творчасці.

Аднойчы на ўроку хіміі настаўнік заўважыў, што я заняты нечым іншым. Падышоў да мяне, а я якраз коміксы малюю. Я як уявіў, што будзе, калі настаўнік убачыць, што там намалявана: мяне зноў адвядуць у настаўніцкую, дзе за мяне зноў прыйдзецца чырванець бацьку… Карацей кажучы, я проста імгненна схаваў гэты сшытак у рукзак і прыдумаў тысячу і адну прычыну, па якой не магу даць паглядзець яго настаўніку. Адным словам, сваімі жартачкамі псаваў вучэбную дысцыпліну ў класе.

— Ты сказаў, што твой бацька працаваў настаўнікам у той жа школе, дзе ты вучыўся.
— Так. Праўда, ён ужо тры гады як на пенсіі. Тата пачаў выкладаць у мяне гісторыю з восьмага класа. Скажу шчыра, незвычайныя ўражанні. Аднойчы я спазніўся на яго ўрок.

Адчыняю дзверы ў клас — і бачу вялікія вочы аднакласнікаў, якія ўжо чакаюць, што будзе, — сын спазніўся на ўрок да бацькі. Я як зараз памятаю сваю разгубленасць: што сказаць, каб увайсці і сесці за парту. Вымавіць “Аляксей Сцяпанавіч, прабачце за спазненне, магу я ўвайсці?” мне было так нязвыкла. Потым, канечне, прывык называць тату па імені па бацьку, але першыя адчуванні ад гэтага былі вельмі незвычайнымі. Скажу адразу: тата-настаўнік сына-вучня на ўроках не балаваў. Ну вось, напрыклад, была сітуацыя, калі па прадмеце ў мяне ўжо было тры адзнакі, а ў кагосьці — толькі адна, ці ўвогуле — ніводнай. І па логіцы вучня настаўнік выклікае да дошкі таго, у каго менш адзнак. Аднойчы я на гэта паспадзяваўся і прыйшоў на ўрок, не прачытаўшы параграф, які быў зададзены на дом. Тата паглядзеў у класны журнал, і каго, вы думаеце, ён выклікаў? Хацелася ўстаць і сказаць: “Тата, ну што ты робіш?!” Прыходзілася неяк выкручвацца. Дома мы шмат размаўлялі з бацькам на гістарычныя тэмы, і гэтая інфармацыя даволі часта дазваляла мне сфармуляваць правільны адказ на пытанне нават па непрачытаным параграфе. Тата заўсёды быў для нас з братам аўтарытэтам, і калі ён штосьці гаварыў, то яму нават голас павышаць не трэба было — мы адразу, як па струнцы, хадзіць пачыналі… да наступных нездавальняючых паводзін у дзённіку.

— Раскажы пра свой клас. Дружны быў?
— У нас быў вельмі дружны клас. І ў сітуацыі, калі, напрыклад, цябе выклікаюць, а ты не ведаеш адказ, у цябе на парце тут жа з’яўляюцца сшыткі, падручнікі ці проста лісцікі з адказам. Я згодзен з тым, што школьныя сябры — на ўсё жыццё. У мяне атрымалася так.

Канечне, мы не так часта бачымся, як бы хацелася, але мы сазвоньваемся, кантактуем у інтэрнэце і заўсёды, калі ёсць магчымасць прыехаць адно да аднаго ў госці, карыстаемся ёю. Нам ёсць што ўзгадаць. Сустракаючыся, нам не патрэбны анекдоты — у нас столькі сваіх забаўных гісторый са школьнага жыцця засталося. Хутка вечар сустрэчы выпускнікоў? Ведаеш, некалі мы з класам прынялі рашэнне сустракацца не ў марозным лютым, а летам. Мне гэтая ідэя вельмі падабаецца і заўсёды, калі ёсць магчымасць, наведваю гэтае мерапрыемства.

— У школе дзеці часта даюць адно аднаму мянушкі. Твой творчы псеўданім Тэа родам, выпадкова, не са школы?
— Як гэта нядзіўна, але я наогул не памятаю, каб у кагосьці з нашага класа былі мянушкі. А што наконт Тэа, то гэта проста псеўданім. Ніякай прыгожай легенды пра тое, што гэта значыць, няма. Быў час, калі я пачаў пісаць клубную музыку, і захацелася неяк аддзяліць псеўданімам тое, чым займаюся па-за аркестрам. Прыдумаў Тэа. Мне яно падалося простым, лаканічным і мілагучным. Так і прыжылося.

— Чым запомніўся школьны выпускны?
— У нас быў вясёлы выпускны, але асабліва ён запомніўся адчуваннем лёгкага суму і пэўнай насцярожанасці перад малавядомым заўтрашнім днём. На выпускным я, напэўна, упершыню ўсвядоміў, што дзяцінства скончылася.

— А калі б была магчымасць перажыць які-небудзь момант са школьнага жыцця яшчэ раз, што б выбраў?
— (На некалькі секунд задумваецца.) Гэта былі б сырнікі са школьнай сталовай. Яны былі неверагоднымі!

— Памятаеш той момант, калі для сябе вырашыў, што будучыню звяжаш з музыкай?
— Канечне, памятаю. У школьную студыю, якой кіраваў Генадзь Дзмітрыевіч Лясковіч, я запісаўся як клавішнік, іграў на сінтэзатары. Аднойчы наш вакаліст захварэў, а праз пару дзён павінен быў адбыцца канцэрт. Генадзь Дзмітрыевіч падыходзіць да мяне — і адбываецца наступны дыялог: — Юра, трэба спець! — Я ж не спяваю, я клавішнік! — Юра, трэба! У выніку я праспяваў, пасля чаго разам з тым салістам мы стварылі дуэт і паехалі на тэлеконкурс “Усе мы родам з дзяцінства”. Вось тады я і зразумеў, што будучыню сваю звяжу з творчай прафесіяй. Паступіў спачатку ў Гродзенскі каледж мастацтваў, дзе вучыўся чатыры гады, а пасля — адразу на другі курс універсітэта культуры і мастацтваў, дзе таксама вучыўся чатыры гады.

— Студэнцкае жыццё ў каледжы і ўніверсітэце адрознівалася?
— Вельмі! Нават не параўноўваю. Але першае, што хачу сказаць, узгадваючы менавіта каледж, гэта словы падзякі майму выкладчыку па вакале Ніне Пятроўне Жытковай. Нашы заняткі заўсёды пачыналіся з чаю, пончыкаў, цукерак і г.д. Меню мянялася. Кожны ўрок пачынаўся са слоў: “Ты еў што-небудзь? Не падманвай! Па вачах бачу, што не еў. Спяваць на галодны страўнік нельга! Садзіся”. Яна клапацілася пра нас, як мама, і гэта не будзе гучнымі словамі, калі скажу, што кожны яе вучань, узгадваючы яе, адчувае самыя лепшыя эмоцыі і ўспаміны.
Што наконт студэнцкага жыцця, то ў каледжы яно было сапраўдным — бурным, вясёлым і, звычайная справа, крыху галодным. Калі ўжо зусім не было чаго есці, мы прыходзілі да дзяўчат, прапаноўвалі ім што-небудзь адрамантаваць, палічку прыкруціць, а яны нас ужо частавалі.

Пытанні з паводзінамі засталіся і ў каледжы. Пасля адбою мы часта збіраліся ў калідоры і ігралі на гітары. Быў выпадак, калі нас так сядзела чалавек 15. Паднімаецца вахцёр і, не разбіраючыся, кажа: “Хто тут шуміць? А-а-а, Вашчук! Так і запішу!”. Хаця канкрэтна ў той сітуацыі я сядзеў збоку прыпёку. Ці быў яшчэ выпадак, калі аказаўся без віны вінаватым. Хтосьці з навучэнцаў распыліў парашковы вогнетушыцель на двух паверхах. Яны былі поўнасцю белымі. Мяне ў гэты час не было, я быў на канцэрце ў Мінску. Вярнуўся ў інтэрнат позна. Бачыў, канечне, што прыступкі быццам у пыле, але, стомлены, не надаў гэтаму значэння. Раніцай прасыпаюся ад таго, што будзіць мяне выхавальнік і гаворыць збірацца да дырэктара. Убачыўшы сляды на лесвіцы і ў калідоры, якія вялі прама да майго ложка, яны зрабілі выснову, што гэта ўсё я нарабіў.

Ва ўніверсітэце студэнцкае жыццё было ўжо зусім іншым. Акрамя вучобы, было шмат іншага. Я стаў сур’ёзна займацца аранжыроўкай, шмат працаваў у аркестры. Канечне, я прыходзіў на лекцыі, але вольны час ва ўніверсітэце не праводзіў.

— А як ты трапіў у аркестр да маэстра Фінберга?
— Гэта цікавая гісторыя. Яшчэ будучы 11-класнікам я ўдзельнічаў у тэлевізійным праекце “Зорная ростань”. Толькі ён выйшаў у эфір — званок: “Юра, вас турбуе вядучая “Зорнай ростані” Алена Барысаўна Спірыдовіч. Запішы нумар тэлефона Міхаіла Фінберга. Ён папрасіў, каб ты яму патэлефанаваў. Ведаеш увогуле, хто гэта?” А ў мяне першая асацыяцыя — той самы Фінберг з “Адгадай мелодыю”! (Смяецца.) Набіраю нумар. Падымае мужчына і пытаецца, ці ведаю я, хто такі Фінберг. Кажу: “Так, канечне”. Голас у трубцы гаворыць: “Дык вось гэты самы Фінберг запрашае цябе на праслухоўванне”. Гэта потым ён мне сказаў, што гэта ён са мной размаўляў тады. Я прыехаў, хваляваўся страшна, але ён здорава разрадзіў атмасферу, паціснуў мне руку. Сказаў, што ўбачыў мяне па тэлевізары: “Давай паспрабуем, калі што, возьмем цябе на работу”. Мы выбралі мне рэпертуар. Я прыняў удзел у некалькіх канцэртах, і мне было прапанавана працягнуць супрацоўніцтва. Як жа я быў рады! Мне ж усяго 17 было! Думаеце рэкорд? Не! Многім вядомая Б’янка (Яна Ліпніцкая) трапіла ў аркестр Фінберга дзевяцікласніцай, калі ёй было 15.

— Гэта праўда, што Міхаіл Якаўлевіч Фінберг вельмі патрабавальны чалавек?
— Чыстая праўда! І правільна! Такі калектыў, як наш аркестр, павінен працаваць, як гадзіннік. Дарэчы, унутры нашага аркестра існуе правіла “Без пятнаццаці”. Гэта, напрыклад, калі заўтра мы ад’язджаем у 11 гадзін раніцы ў іншы горад, то ўжо без пятнаццаці 11 усе павінны быць у аўтобусе. Тое ж самае тычыцца і рэпетыцый. У дзевяць пачатак, значыць без пятнадцаці 9 усе павінны быць на месцы. З таго часу, як аднойчы прыехаў на праслухоўванне, і працую ў аркестры. Каласальны вопыт? Не тое слова! Год работы ў аркестры такога ўзроўню для мяне роўны чатыром гадам ва ўніверсітэце. Нават на рэпетыцыях я столькі для сябе карыснага і цікавага атрымліваю, што ўжо казаць пра самі выступленні! Дарэчы, на наступны дзень паля таго, як стала вядома, што Беларусь на “Еўрабачанні” буду прадстаўляць я, мне прынеслі тэлеграму ад Фінберга, у якой было напісана “Стары, віншую!”. Прыемна было неверагодна!

— Як ты стаў адным з вядучых праграмы “Наперад у мінулае”?
— Ідэя праекта належыць Антолю Вечару. Адным добрым вечарам ён патэлефанаваў мне, выклаў ідэю і прапанаваў быць аранжыроўшчыкам і адным з вядучых праекта. Я ні на секунду не задумваўся, што мне адказаць. Я прама ў той жа размове сказаў: “Канечне, так”. Для мяне гэта было надзвычай цікавым. Крыху пазней я зразумеў, наколькі гэта важны праект. Дзякуючы гэтай праграме, многія песні застануцца, і іх жыццё будзе працягнута, яны не сыдуць у нябыт са сваімі старэнькімі носьбітамі. На жаль, вялікую колькасць народных песень мы ўжо згубілі. Трэба ратаваць тое, што засталося. Намі запісана ўжо больш за тысячу песень. Новыя аранжыроўкі зроблены для больш чым ста з іх. Канечне, хацелася, каб у адноўленых песень лёс быў больш доўгім, чым эфір адной праграмы. У нас ёсць наконт гэтага пэўныя ідэі і прапановы, але агучваць іх пакуль рана.

За два гады існавання праекта мы пабывалі ва ўсіх абласцях краіны, у самых аддаленых яе раёнах. Я не перастаю дзівіцца таму факту, што часам суседнія раёны настолькі адрозніваюцца сваёй аўтэнтычнай творчасцю. Нават дыялекты могут быць настолькі рознымі, што дзіву даешся. Здавалася б, ад’ехалі ад папярэдняга раёна ўсяго кіламетраў 40 — 60. Хаця мяне як чалавека, які нарадзіўся на Палессі, складана здзівіць змяшэннем польскай, украінскай і беларускай моў. А здымачная група часам прыязджае куды-небудзь, гляджу на аператара, а ён не разумее, на якой мове ўвогуле спяваць пачалі. А тут на такой мове не толькі спяваюць, але і размаўляюць. А колькі легенд мы пачулі ад мясцовых жыхароў!

Трэба сказаць, што артысты спачатку з асцярожнасцю ставіліся да ўдзелу ў нашым праекце. Казалі: “Беларускія песні? Ну, не ведаем…”. У выніку ўсё роўна згаджаліся прыняць удзел, а паля эфіру пыталіся, ці можна запісаную імі песню выкарыстоўваць у іх канцэртных праграмах.

— Пытанне палешуку. Праўда кажуць, што палешукі крыху адрозніваюцца ад астатніх беларусаў?
— Спадзяюся, што калі гэта і так, то адрозніваюцца яны станоўчымі якасцямі. Не вазьму на сябе такую адказнасць сказаць, што дзесьці беларусы менш гасцінныя, чым на Палессі, але магу сказаць дакладна, што на Палессі вас сустрэнуць ну вельмі гасцінна. Ледзь ці не ў любым доме з дарогі вы будзеце самым дарагім госцем.

— Як узнікла ідэя паспрабаваць сябе ў адборы на “Еўрабачанне”?
— Я зусім не збіраўся гэтага рабіць. Проста ўсе неяк пыталіся: “А ты падаваў сёлета заяўку на “Еўрабачанне”?” Не, кажу, а сам думаю, а чаму б і не? Песню адпраўляў арганізатарам у апошні дзень за паўгадзіны да закрыцця Галоўпаштамта. Яшчэ думаў, паспею ці не. Дарэчы, што тычыца песні “Cheesecake”, то ў такой стылістыцы я яшчэ не працаваў. Для мяне гэта невялікі эксперымент. Дэма-версія песні была ў мяне даўно, але вельмі сырая. Я не ведаў, каму з артыстаў яе можна было прапанаваць. А тут якраз “Еўрабачанне”! З сябрам і суаўтарам песні Дзмітрыем Новікам літаральна за ноч давялі песню да ладу і адправілі на адборачны тур.

— У сваёй песні “Cheesecake” ты абураны паводзінамі сваёй дзяўчыны, якя называе цябе салодкім піражком. Накіпела?
— Гэта менавіта тое самае слова. Накіпела! Але па-добраму. Дзяўчаты, ва ўсіх нас ёсць імёны. Ну навошта называць нас коцікамі, пупсікамі і буськамі?

— Літаральна пазаўчора стала вядома, што на “Еўрабачанні” ты выступіш у другім паўфінале 8 мая. Расія і Украіна ў першым. Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі гэтаму факту не рады.
— Канечне, што тут утойваць, для падстрахоўкі хацелася б быць у адным паўфінале з Расіяй і Украінай. Усе мы ведаем, па якім прынцыпе аддаюцца на гэтым конкурсе балы. Але мы ведаем і тое, які непрадказальны конкурс “Еўрабачанне”. Узгадайце мінулы год, калі ад Расіі мы не атрымалі ніводнага бала. Калі гаварыць пра суседзяў, то ў маім паўфінале будзе Польшча і Літва. Але навошта ўвогуле ехаць, спадзеючыся “выехаць” толькі на лёгкіх высокіх балах ад суседзяў? Намнога надзейней як трэба падрыхтавацца, якасна выступіць і тым самым падштурхнуць іншыя краіны аддаць табе свае галасы. Я заўсёды так ставіўся да “Еўрабачання” і цяпер, калі мне самому выпала на ім выступіць, сваё стаўленне не памяняў. Гэта не Алімпійскія гульні, дзе ты ці пан, ці прапаў, гэта творчы конкурс, куды канкурсанты з розных краін прыязджаюць, каб стварыць тэлевізійнае свята і разам з інтрыгай падарыць яго тэлегледачам. Твая задача — годна прадставіць сваю краіну, самому атрымаць задавальненне ад удзелу ва ўсім гэтым, і дай Бог!

 

Марына ПЫРКОВА.
Фота АЛЕГА ІГНАТОВІЧА і з інтэрнэту.