Поле дзейнасці

- 13:54Прафарыентацыя, Сацыяльны ракурс

Атрымаць прафесію яшчэ ў школе? Такую заманлівую перспектыву ўжо чацвёрты год прапаноўваюць у Камаровіцкай сярэдняй школе Петрыкаўскага раёна. Тут праз некалькі дзён разам з атэстатамі адзінаццацікласнікі атрымаюць і пасведчанне аб набытай спецыяльнасці — “Агароднік”.

Курыруюць гэты кірунак у 10 і 11 класах настаўніцы Людміла Скакун і Ганна Яновіч, па чарзе выпускаючы ў вольны палёт сваіх падапечных. Па словах педагогаў, на ўрокі працоўнага навучання ў 10 і 11 класах адводзіцца па 6 гадзін на тыдзень. Старшакласнікі вывучаюць тэорыю — ад стварэння град і складання грунтоў для расады розных культур да прымянення сучасных агратэхналогій у цяпліцах, а з наступленнем вясны тэорыю прымяняюць на практыцы. Якраз цяпер тут самыя гарачыя дні. І калі ў дзесяцікласнікаў гэта звычайныя сезонныя клопаты, то для адзінаццацікласнікаў гэта яшчэ і час “агародных” экзаменаў. Іх уменне вырошчваць ураджай ацэньваецца кваліфікаванымі экспертамі, а вынікам стануць сертыфікаты аб прафесіі. Вытворчая практыка якраз скончылася, а экзамен быў учора. 

У Ганны Міхайлаўны сёлета ўжо другі выпуск. Праўда, цяпер адзінаццацікласнікаў усяго толькі два. Два гады назад у яе было 6 выпускнікоў, і, дарэчы, трое з іх працягнулі адукацыю ў сельскагаспадарчых каледжах Гомельскай вобласці і цяпер працуюць у сельскай гаспадарцы. Педагог упэўнена: “Навыкі агародніка нашым дзецям спатрэбяцца і ў звычайным жыцці: уменне вырасціць агародніну лішнім не бывае. А калі раптам дзіця не адразу паступіць, куды хоча, у яго ёсць ужо прафесія. Хаця б на нейкі час”. 

Л.П.Скакун, настаўніца біялогіі і працоўнага навучання, сёлета рыхтуе да атрымання прафесіі агародніка вучняў 10 класа. У ім 5 чалавек. І хоць яны толькі першы год асвойваюць прафесію, ужо шмат чаго ведаюць і ўмеюць.

 “Пры нашай школе ёсць агарод у 15 сотак. Улічваючы, што ўсяго ў нас 38 навучэнцаў, гэта нямала. Бульба, буракі, морква, капуста, гарбузы, таматы, цыбуля, фасоля — асартымент у нас багаты. Агародніны, якую мы з дзецьмі вырошчваем, хапае на харчаванне ў школьнай сталовай больш як на палову навучальнага года. Вясковыя дзеці працавітыя, яны ніколі не адмаўляюцца ад работы на прышкольным участку. І гэта прытым, што ў кожнага дома таксама агароды і працы ім там хапае”, – гаворыць Людміла Пятроўна.

Тое, што гэтыя дзеці не толькі працавітыя, але і таленавітыя, паказаў нядаўні раённы конкурс па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў 10-х класаў. Каб памерацца прафесійнымі сіламі і розумам, на базе рэсурснага цэнтра па працоўным і прафесійным выхаванні Чалюшчавіцкай сярэдняй школы сустрэліся 7 каманд агароднікаў з розных школ. І менавіта камаровіцкія школьнікі вярнуліся адтуль з перамогай, не пакінуўшы сваім сапернікам-калегам ніякіх шансаў.

Каб вызначыць самых-самых, арганізатары конкурсу падрыхтавалі чатыры модулі заданняў. У першым — “Хвалю сваю прафесію” — каманды рэкламавалі прафесію агародніка, у другім — выконвалі тэставыя заданні па агародніцтве, у трэцім — дэманстравалі практычныя ўменні і навыкі, вызначалі агародныя культуры па насенні. З 20 відаў насення камаровіцкая каманда не пазнала толькі пятрушку. Самым насычаным быў чацвёрты модуль “Тэхналогія вырошчвання расады агародніны”. У сваіх прэзентацыях і відэароліках юныя канкурсанты дэманстравалі, наколькі прафесійна яны валодаюць аграпрыёмамі вырошчвання расады ад пасеву насення да ўборкі і захавання ўраджаю, а падчас тэматычнай выставы “Агарод на падаконніку” дзяліліся сваімі сакрэтамі, як вырасціць каранастую расаду агародніны і кветак, як яе даглядаць у хатніх умовах. 

Прафесія, атрыманая яшчэ ў школе, можа не быць галоўнай і адзінай, але яна — прыемны бонус, які дакладна лішнім не будзе.

Самымі лепшымі сталі відэаролік і прэзентацыя галоўнага таматавода Камаровіцкай школы дзесяцікласніцы Святланы Чычыкайла. Але дзяўчына прызнаецца, што дыплом пераможцы для яе толькі прыемнае дапаўненне, а галоўнае — магчымасць дакрануцца да прафесіі ўжо сёння: “Пакуль я не вызначылася з прафесіяй, але дакладна ведаю, што я застануся жыць тут, у Камаровічах, што буду працаваць на сваёй зямлі, хаця б у вольны ад працы час. У іншым месцы я сябе не бачу. І ўсё тое, чаму я навучылася на прышкольным участку, упэўнена, мне абавязкова спатрэбіцца”.

Святлана НІКІФАРАВА.