Навучэнец 2 курса Слуцкага дзяржаўнага каледжа Дзяніс Максімаў са сваім месенджарам Salute стаў пераможцам абласнога фестывалю “Школа прадпрымальніцтва” ў намінацыі “Лепшы рэгіянальны стартап”.
Гэты дадатак, на думку аўтара, не толькі акумуляваў усё лепшае, што ўжо ёсць у існуючых папулярных месенджарах, але і ўмясціў у сябе шэраг унікальных пераваг. На XXVIII Міжнародным форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях TIBO-2022 распрацоўка юнага случчаніна выклікала цікавасць спецыялістаў. Хто ведае, можа, гэта тое, што неўзабаве заменіць Telegram?!
Дзяніс Максімаў — удзельнік і пераможца канферэнцый, конкурсаў, фестываляў, аглядаў навукова-тэхнічнай творчасці, неаднаразовы пераможца ўсерасійскіх алімпіяд па інфарматыцы, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, маркетынгу, менеджменце, камп’ютарнай бяспецы.
І слесар, і праграміст
Па словах Дзяніса, яго захапленне праграмаваннем пачалося з ранніх гадоў. Спачатку ён быў актыўным карыстальнікам анлайн-гульняў, потым стаў адміністратарам-мадэратарам, захапіўся праграмаваннем і пачаў пісаць нескладаныя праграмы. У Слуцкім дзяржаўным каледжы, куды юнак паступіў вучыцца на слесара кантрольна-вымяральных прыбораў, яго здольнасці заўважыў выкладчык інфарматыкі Сяргей Ігаравіч Панасенка. Убачыўшы, што юнак за 10 мінут спраўляўся з заданнем, а астатні час сумаваў на ўроку, педагог стаў ставіць перад хлопцам індывідуальныя задачы, а потым неаднаразова і настойліва рэкамендаваў паспрабаваць сябе ў праектнай рабоце. Каля года спатрэбілася Дзянісу, каб рашыцца сумясціць прыемнае з карысным і ўзяцца за стварэнне патрыятычнай гульні “Палкаводзец” у жанры стратэгіі, якая заснавана на падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Гульня аблягчае вывучэнне гісторыі і дапамагае ўбачыць ход атак і развіццё вайны. Цікава, што гулец, мяняючы ход атакі, можа мяняць і ход гісторыі.
Salute — комплекс дадаткаў і сэрвісаў, якія садзейнічаюць камфортнай камунікацыі вялікай колькасці людзей унутры горада, краіны, свету. Salute ўключае ў сябе SaluteNews, SaluteMapPortal, SaluteMessenger, SaluteTransportProto. Усе яны, як і іншыя самастойныя сэрвісы, аб’яднаны ў адзіны мабільны дадатак, распрацаваны для аперацыйных сістэм Android / IOS. Лагатып Salute мае 47 унікальных варыянтаў. Сярод багацця фонаў ёсць версіі для дальтонікаў.
Хутка першае тварэнне студэнта заняло 2-е месца на Рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак “ПАТРЫЁТ.by”. Перамога акрыліла і падштурхнула да рэалізацыі наступнага праекта — распрацоўкі ўласнага месенджара Salute.
— Я стаў вывучаць і аналізаваць памылкі розных месенджараў і наважыўся стварыць свой, — расказвае Дзяніс Максімаў. — Мне хацелася зрабіць яго цалкам інавацыйным, максімальна арыентаваным на камунікацыю, але пры гэтым яшчэ і шматфункцыянальным. Некалі распрацоўшчыкі Telegram прынялі за аснову распаўсюджаны ў той час WhatsApp і прапанавалі тое, чаго не было ў папярэдніка: тэхналогію шыфравання даных, якая дае высокую гарантыю абароны асабістай інфармацыі і захавання ананімнасці, воблачнае захоўванне паведамленняў, бясплатныя стыкеры і магчымасць ствараць іх самастойна. Я ўзяў за аснову Telegram, удасканаліўшы надзейнасць абароны і захоўвання інфармацыі, а таксама разнастайнасць паслуг і сэрвісаў Yandex, і аб’яднаў усё ў адным месенджары.
Ахапіць неабсяжнае
У адным дадатку Salute, на распрацоўку якога патрабавалася каля чатырох месяцаў, акрамя магчымасці камунікаваць у публічных, асабістых (у тым ліку і групавых) і прыватных чатах, аб’ядналіся такія сэрвісы, як навіны, надвор’е, дастаўка, карта, транспарт, таксі, унутранае воблака для захоўвання файлаў. Пакуль іх 8. Таксама для карыстальнікаў прадугледжана наяўнасць зручнага сховішча інфармацыі накшталт воблака, але з узмоцненай ступенню бяспекі, што выгадна адрознівае Salute ад іншых месенджараў.
— Чат-сэрвіс вельмі бяспечны, бо даныя перадаюцца праз спецыяльныя пратаколы, якія рэалізуюць скразное шыфраванне і перадачу даных, — раскрывае некаторыя сакрэты Дзяніс. — Salute для шыфравання паведамленняў выкарыстоўвае 256 біт. Калі разбіць іх на лікі, атрымаецца 78 лічбаў магчымых камбінацый. Ніякі суперкамп’ютар не зможа ўзламаць яго. Нават калі вы будзеце выкарыстоўваць Tianhe-2 (MilkyWay-2). Самаму хуткаму суперкамп’ютару ў свеце спатрэбяцца мільёны (!) гадоў, каб зламаць 256-бітнае шыфраванне.
Абменьвацца тэкставымі паведамленнямі і графічнымі файламі можна ў групавых чатах або чат-пакоях, дзе збіраюцца людзі, аб’яднаныя агульнай ідэяй або падзеяй, месцазнаходжаннем або часам. Як і многія сэрвісы, месенджар Salute патрабуе прывязкі аўтарызаванага карыстальніцкага акаўнта да дадатку, для чаго патрабуецца зарэгістравацца, паказаўшы нумар тэлефона, дату нараджэння, электронную пошту і пароль.
— Адкрываем галоўнае меню, — дэманструе работу сваёй распрацоўкі Дзяніс. — Тут ёсць стужка навін, дзе размяшчаюцца звесткі ад нашага сённяшняга спонсара ПУП “Інфа-кур’ер”. Яны спампоўваюцца ў пэўным фармаце і імгненна загружаюцца ў дадатку. Сервер-агрэгатар навін запампоўвае інфармацыю з розных сайтаў і тут жа яе рэтрансліруе без марнавання часу на дадатковую загрузку. SaluteNews прапануюць інфармацыю аўтарызаванаму карыстальніку з улікам яго інтарэсаў і месцазнаходжання. У навінавую стужку ўбудаваны сэрвісы надвор’я і рэкламы, а таксама дадатковы сэрвісны функцыянал, які спрашчае чытанне і разуменне кантэнту, маршрутызацыю па стужцы.
Карта на ўсе выпадкі жыцця
Тут жа можна карыстацца і абагульненым сэрвіс-парталам SaluteMapPortal. Убудаваная 2D-карта выкарыстоўвае сучасныя графічныя магчымасці адмалёўкі з выкарыстаннем OpenGL і картаграфічнымі данымі Google, Yandex, Salute. Яна створана па такой жа схеме, як Google-карта, але валодае мноствам дадатковых опцый і фішак. На SaluteMapPortal адлюстроўваюцца найбліжэйшыя ў радыусе 15 кіламетраў установы, магазіны, будынкі, аўтобусныя прыпынкі. Маршрут будуецца з дапамогай разумнага інтэлекту, які ўлічвае найменшую загружанасць дарог, кароткі час і адлегласць шляху. Акрамя таго, карта запамінае перамяшчэнні і дзеянні карыстальніка (наведванне пэўных магазінаў, тэатраў і г.д.) і прапануе іх паўтарыць у будучыні. Функцыі “Сябры на карце”, “Людзі на карце” дазваляюць бачыць тых, хто знаходзіцца непадалёк і можа вас зацікавіць. Гэта дзякуючы ўбудаванаму GPS-трэкеру, які распазнае ў радыусе 140 метраў тых, у каго агульныя захапленні, інтарэсы, погляды (гэтыя даныя кожны карыстальнік звычайна паказвае пры рэгістрацыі ў дадатку). Такім чынам можна заводзіць знаёмствы: прапанаваць пагутарыць у месенджары ці дамовіцца аб асабістай сустрэчы — карта падкажа кароткі шлях.
— Перавага маёй карты яшчэ і ў тым, што ёсць магчымасць не толькі пабудаваць маршрут ад пункта да пункта, выкарыстоўваючы класічны спосаб. Маршрут пракладваецца з дапамогай разумнага інтэлекту. Спецыяльны трэкер улічвае найменшую загружанасць дарог, самы кароткі час і адлегласць падчас шляху, асаблівасці мясцовасці, а таксама кожныя 1,3 секунды, дзякуючы сканіраванню мясцовасці, паказвае, як можна хутка аб’ехаць затор не толькі па дарогах агульнага карыстання, але і па зусім новых, яшчэ не ўлічаных. Калі з часам трэкер устанавіць, скажам, у аўтобусах, дадатак, улічваючы вашу хуткасць руху і хуткасць транспарту, будзе паказваць, паспяваеце вы на яго ці не.
Акрамя простага інтэрфейсу і магчымасці рэдагавання сярод іншых адметнасцей Salute — вялікая хуткасць перадачы даных без абмежавання ў мегабайтах, адсутнасць зніжэння якасці гуку і відэа пры адпраўцы файлаў у чатах, велізарны функцыянал у відэачатах і відэазванках, магчымасць прыдумваць свае ўласныя маскі, стыкеры, эмодзі, наяўнасць унутранага захоўвання да 30 гігабайт файлаў. Напрыклад, воблака Salute можа дапамагчы карыстальніку захоўваць спампаваныя ў дадатку відэа і фота ў самым Salute, а не ў тэлефоне.
Сёння Дзяніс Максімаў марыць пра тое, каб яго дадатак, створаны разам з тэхнічным кансультантам Дзянісам Катляровым і кіраўніком С.І.Панасенкам, пад маркай “Зроблена ў Беларусі” стаў запатрабаваным і папулярным і на радзіме, і ва ўсім свеце. Месенджар ужо запатэнтаваны, складзены бізнес-план па яго развіцці. Каб яго запусціць, патрэбна падтрымка надзейных інвестараў і адносна невялікі штат супрацоўнікаў.
Дадатак можна спампаваць у тэставай форме.
Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.