Навучэнка сярэдняй школы № 3 Мастоў Марыя Чудзілоўская паказала выдатныя веды па рускай мове.
На цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове Марыя набрала 100 балаў. Такі поспех — вынік працы на працягу не аднаго года. Яе сярэдні бал атэстата — 9,8.
— Вывучэнню рускай мовы я ўдзяляла асаблівую ўвагу пачынаючы з 5 класа, а ў апошнія два гады дадаткова займалася з рэпетытарам. Вельмі здзівілася, што атрымала 100-бальны вынік, і адначасова было радасна, што я змагла так добра справіцца з заданнямі тэста. Магчыма, на вынік паўплывала і тое, што я не хвалявалася, была спакойная. Я вельмі ўдзячна маім настаўнікам рускай мовы Алене Аляксандраўне Пятрашка і Алене Анатольеўне Сахаравай, а таксама маім бацькам, якія заўсёды мяне падтрымліваюць, — сказала Марыя Чудзілоўская.
Абітурыентка марыць паступіць у медыцынскі ўніверсітэт, таму сур’ёзна займаецца хіміяй і біялогіяй, неаднаразова прымала ўдзел у раённых этапах Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і біялогіі. Дзяўчына прызнаецца, што гэта даволі складаныя прадметы, таму трэба шмат займац-
ца.
Галоўнае пры падрыхтоўцы правільна размеркаваць свой час, бо трэба паспяваць не толькі спраўляцца са школьнай праграмай, але і займацца дадаткова, выконваць шмат заданняў. Расставіла для сябе прыярытэты і прытрымлівалася іх.
— Калі ты вучыш прадмет, старанна рыхтуешся, то на цэнтралізаваным тэсціраванні ніякіх складанасцей не павінна быць. Галоўнае пры падрыхтоўцы правільна размеркаваць свой час, бо трэба паспяваць не толькі спраўляцца са школьнай праграмай, але і займацца дадаткова, выконваць шмат заданняў. Расставіла для сябе прыярытэты і прытрымлівалася іх. Калі ведаеш, што ў цябе шмат працы, то, правільна арганізаваўшы свой дзень, можна зрабіць усё хутка. Практычна ніколі не займалася дапазна. Працавала плённа, таму ўсё паспявала, — падзялілася Марыя.
У школьныя гады Марыя Чудзілоўская актыўна займалася краязнаўчай дзейнасцю і атрымала нямала ўзнагарод. Яна пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых краязнаўчых работ у намінацыі “Гісторыя роднага краю”, абласнога конкурсу навукова-практычных праектаў “Празрыстыя воды Нарачы”, раённага і абласнога этапаў рэспубліканскага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, раённага і абласнога этапаў абласнога конкурсу “Жывая спадчына”.
— Мне вельмі цікава займацца краязнаўчай дзейнасцю, усе мае работы пра нашу краіну, родны горад. Цікава было шукаць інфармацыю, размаўляць з людзьмі, і кніг прыйшлося перачытаць нямала. Мяне захапляе сам працэс напісання работ, — гаворыць выпускніца.
На пытанне, як ёй удаецца ўсё паспяваць, Марыя Чудзілоўская адказала: “Калі ты ставіш перад сабой мэту, то разумееш, што прыйдзецца многае пераадолець, старанна працаваць. Калі хочаш, каб твая мара здзейснілася, усё можна паспець зрабіць”. Марыя з дзяцінства марыць стаць урачом, быць дастойным чалавекам і дапамагаць людзям.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота з архіва Марыі Чудзілоўскай.





