Крыніца, асвячоная ў гонар абраза Божай Маці Бялыніцкай, знаходзіцца ў горадзе Бялынічы і выцякае з-пад Ільінскай горкі. Да яе вядзе звілістая сцежка, якая ўецца сярод прыбярэжнага зарасніку ўздоўж левага берага ракі Друць. У гады ваяўнічага атэізму крыніца была занядбана, але зараз адроджана — над ёй узвялі калодзеж, пабудавалі капліцу. З часам плануецца абсталяваць купель. Крыніца знаходзіцца ў распараджэнні мясцовага праваслаўнага храма ў гонар абраза Божай Маці Бялыніцкай.
З летапісаў, якія захаваліся, вядома, што да ўшанаванага веруючымі святога месца здаўна здзяйснялі хрэсныя ходы манахі манастыра, што некалі існаваў тут, імкнуліся сюды паломнікі і з іншых месцаў. Паводле старажытнага падання, калі ў 1240 г. хан Батый захапіў Кіеў, некалькі манахаў, ратуючы сваё жыццё, узялі з сабой старадаўні візантыйскі абраз і спачатку па Дняпры, а потым па Друці прыплылі да высокай гары, пакрытай лесам. На гэтым узвышшы яны заснавалі манастыр з праваслаўнай царквой у гонар святога прарока Іліі. Ад усталяванага ў царкве выратаванага абраза ноччу ішло такое свячэнне, што ночы здаваліся белымі. Гэты знак дазволіў манахам умацавацца ў спадзяваннях на лепшую будучыню. Праз нейкі час дзякуючы абразу пачалі здзяйсняцца цуды. Прачуўшы аб гэтым, манастыр сталі наведваць паломнікі, абавязкова прыпадаючы і да крыніцы са святой вадой. Некаторыя з тых, хто прыйшоў, сяліліся паблізу храмавага комплексу. З часам гэтае паселішча атрымала назву Белыя Ночы, сучасныя Бялынічы. Яшчэ вельмі доўгі час тут стаяла Ільінская царква, а вакол — могілкі, дзе хавалі манахаў. Але сёння ад той царквы не засталося і следу, а ад старых могілак — толькі стары каменны крыж.
Слава аб абразе Божай Маці Бялыніцкай распаўсюджвалася на працягу шэрага стагоддзяў, і абраз гэты аднолькава шанаваўся як праваслаўнымі, так і католікамі. Веруючыя па значнасці параўноўвалі яго з польскай святыняй — абразом Чанстахоўскай Божай Маці. Вядома, што ў канцы ХІХ стагоддзя на паклон да цудатворнага абраза прыходзіла да 10 тысяч паломнікаў.
Згодна з існуючымі звесткамі, зараз ёсць некалькі копій абраза. Два з іх захоўваюцца ў Магілёве — у музеі і ў касцёле Святога Станіслава. Яшчэ адну копію, напісаную ў ХІХ стагоддзі, выратавалі праваслаўныя веруючыя, захоўвалі ў сябе дома 70 гадоў, а потым перадалі ў храм, пабудаваны ў Бялынічах і асвячоны 15 лютага 2002 года. Лёс арыгінала, на жаль, невядомы.
Алена ХАРАШЭВІЧ,
фота аўтара.