Сакрэт сямейнага шчасця

- 10:40Рэпартаж

…разгадалі навучэнцы 2 курса Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання на ўроку спецдысцыпліны па тэме “Асновы сямейных праваадносін” выкладчыцы гісторыі і грамадазнаўства фіналісткі Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020” Ніны ЕРАХАВЕЦ.

Гэта быў урок-практыкум, урок шчырасці і даверу, урок адкрыццяў, на якім фарміруюцца важныя жыццёвыя навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца навучэнцам у найбліжэйшай будучыні. Педагогу ўдалося наладзіць са сваімі выхаванцамі даверлівыя адносіны, быць з імі на адной хвалі.

Мэта ўрока — садзейнічаць фарміраванню прававых кампетэнцый навучэнцаў у пытаннях шлюбу і сям’і. 

Задачы ўрока:

— адукацыйная: забяспечыць засваенне навучэнцамі сутнасці інстытута шлюбу і сям’і, асноў прававога рэгулявання, замацаваць і абагульніць веды, уменні і навыкі па тэме;
— развіццёвая: працягнуць удасканаленне навыкаў работы з прававымі дакументамі і іншай інфармацыяй, умення аналізаваць прававыя падзеі, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі паміж з’явамі, абагульняць вывучаны матэрыял; садзейнічаць развіццю ў навучэнцаў навыкаў прымянення атрыманых ведаў на практыцы; 
— выхаваўчая: садзейнічаць выхаванню ў навучэнцаў прававой культуры, пачуцця адказных адносін да сям’і. 

Каб настроіць навучэнцаў на творчае ўзаемадзеянне, рабочы лад, Ніна Аляк­сееўна прапанавала ім паказаць колер настрою з дапамогай картак-дапаможнікаў па актыўнай ацэнцы, размешчаных на сталах, якія былі расстаўлены ў кабінеце літарай П і адразу звярнулі на сябе ўвагу. У руках юнакоў і дзяўчат з’явіліся жоўтыя, зялёныя і чырвоныя колеры. Першы асацыіраваўся з сонечным настроем, другі — з адабрэннем, трэці — з актыўнасцю, бадзёрасцю, жаданнем здзейсняць новыя адкрыцці. 

Настаўніца пачала ўрок з прытчы: “Па суседстве жылі дзве сям’і. У адной з іх муж і жонка пастаянна сварыліся і высвятлялі адносіны, а ў другой заўсёды панавалі любоў і ўзаемапавага. Упартая гаспадыня ніяк не магла зразумець, як суседзі ўмудраюцца жыць без сварак. У душы яна зайздросціла ім. Аднойчы жанчына папрасіла мужа пайсці да суседзяў і высветліць, чаму ў іх жыцці ўсё гладка. Мужчына накіраваўся да суседняга акна і акуратна зазірнуў у хату. У пакоі ён убачыў гаспадыню. Яна выцірала пыл. У гэты момант зазваніў тэлефон, і жанчына спехам паставіла дарагую вазу на край стала. Праз некалькі хвілін у пакой увайшоў яе муж. Ён не заўважыў вазу і зачапіў яе. Дарагая рэч упала на падлогу і рассыпалася на асколкі. І тут сусед падумаў: “Ну вось зараз пачнецца скандал!” Але на дзіва жанчына падышла да мужа і спакойна сказала: “Прабач, мілы! Я вінавата: неахайна паставіла вазу!” На што муж адказаў: “Гэта ты мяне прабач, дарагая! Я вінаваты, што не заўважыў яе!” Вярнуўся сусед дадому расстроены. Жонка ў яго дапытваецца пра сакрэт сямейнага дабрабыту. А муж ёй адказвае: “Разумееш, уся справа ў тым, што…” 

— Як вы думаеце, што адказаў муж? — запыталася Ніна Аляксееўна ў навучэнцаў.

— Яны ўмеюць уступаць адно аднаму, — пачуўся нясмелы  голас светлавалосай дзяўчыны.

— Без скандалаў размаўляюць, — дадаў юнак побач. 

— Імкнуцца мірна вырашыць сітуацыю, — пачалі падключацца да размовы іншыя навучэнцы.

— Добра. На самай справе ён сказаў такія словы: у іх сям’і ўсе вінаватыя, а ў нашай сям’і ўсе заўсёды маюць рацыю, — адзначыла педагог. —  Што гэта значыць? 

— Што ў скандальнай сям’і кожны лі­чыць, што ён мае рацыю, пачынае даказ­ваць сваю слушнасць, не хоча ўступаць, — пачулася ў адказ.

— Так, калі-нікалі здараецца, што пасля многіх гадоў сумеснага жыцця людзі забываюць пра свае абавязкі, сямейныя каштоўнасці, абяцанні, якія яны давалі, і канцэнтруюцца толькі на сваіх правах, — пагадзілася педагог. — Сёння мы з вамі пагаворым аб сям’і, сямейных правах і каштоўнасцях праз прызму практычных заданняў і практыкаванняў. Мы з вамі пачалі вывучаць Кодэкс аб шлюбе і сям’і і яго артыкулы, ведаем, што сям’я — гэта сацыяльны інстытут, што сям’я мае прававую базу, прававое заканадаўства. Надышоў час перайсці ад тэорыі да практыкі.  

Увага навучэнцаў была звернута на экран, дзе на слайдзе яны маглі ўбачыць падказкі да фармулёўкі мэты і задач урока. 

З дапамогай прыёму “Дзе логіка?” другакурснікі ўспомнілі паняцці, якія былі зашыфраваны ў карцінках на слайдах. Так, сям’я — гэта малая сацыяльная група, заснаваная на шлюбе, кроўнай роднасці і звязаная агульнасцю быту, адносінамі ўзае­мапавагі і ўзаемнай адказнасці; шлюб — добраахвотны саюз паміж мужчынай і жанчынай, які афіцыйна зарэгістраваны ў загсе і накіраваны на стварэнне сям’і; паўналецце — умова, якая неабходна для заключэння шлюбу, і інш.

Настаўніца прапанавала паглядзець урывак з мультыплікацыйнага фільма “Уверх” і вызначыць функцыі сям’і, якія ў ім прасочваюцца. Навучэнцы адзначылі, што асноўныя функцыі сям’і — эмацыянальна-псіхалагічная, гаспадарча-побытавая, функцыя вольнага часу, рэпрадуктыўная (нараджэнне дзяцей), выхаваўчая.

— Калі людзі ўступаюць у шлюб, то яны аўтаматычна становяцца носьбітамі пэўных правоў і абавязкаў, якія рэгулююцца заканадаўствам, — працягнула педагог. — Перш чым аб гэтым мы пагаворым, прапаную паслухаць верш, які мы пачытаем па ролях (хлопец і дзяўчына разам з педагогам зачытваюць твор).

— Как появилось слово “семья”?
Когда-то о нем не слыхала Земля…
Но Еве сказал перед свадьбой Адам:
— Сейчас я тебе семь вопросов задам:
“Кто деток родит мне, богиня моя?”
И Ева тихонько ответила: “Я”.
“Кто их воспитает, царица моя?”
И коротко Ева ответила: “Я”.
“Кто пищу сготовит, о радость моя?”
И Ева все так же ответила: “Я”.
“Кто платье сошьет? Постирает белье?
Меня приласкает? Украсит жилье?
Ответь на вопросы, подруга моя!”
“Я, я…” — тихо молвила Ева.
“Я, я…” —  сказала она знаменитых 
семь “Я”.
Вот так на Земле появилась семья. 

— Ці згодны вы з гэтым вершам? Што ў ім не так? — спытала Ніна Аляксееўна. 

— Жанчына ўсклала на сябе вельмі многа абавязкаў, — адказалі навучэнцы.  

— Ці ўсе вы згодны з тым, што так павінна быць у сям’і? — зноў спытала педагог.

— Не. 

— А які артыкул кодэкса парушаны?

— Самы галоўны прынцып шлюбнага жыцця — раўнапраўе, — адказала адна з дзяўчат. 

— Так, самы галоўны артыкул — артыкул 21, які гаворыць, што роўнасць мужа і жонкі ў сямейных адносінах і ўсе пытанні шлюбна-сямейных адносін павінны вырашацца сумесна альбо па ўзаемнай зго­дзе, — адзначыла настаўніца.

Потым навучэнцы прыгадалі, што ў мужа і жонкі існуюць маёмасныя і немаёмасныя групы правоў, што не ўсе немаёмасныя правы рэгулююцца кодэксам. Так, права на выбар заняткаў, прафесіі, хобі, месца жыхарства рэгулюецца, а вось такія катэгорыі, як каханне, вернасць, а таксама сямейныя абавязкі, не рэгулююцца.

Затым педагог прапанавала сваім выхаванцам прайсці сацыяльнае апытанне наконт размеркавання гаспадарчых абавязкаў у сям’і. Яна задавала пытанні, а навучэнцы з дапамогай колераў (зялёны — муж, жоўты — жонка, чырвоны — і муж, і жонка) выказвалі свае меркаванні. Цікава, што большасць вучняў лічыць, што мыць посуд, выносіць смецце, хадзіць па пакупкі, даглядаць хатніх гадаванцаў павінны муж і жонка. Прасаваць бялізну — жаночая справа, а вось сачыць за станам аўтамабіля павінен мужчына. Наконт наведвання бацькоўскіх сходаў меркаванні падзяліліся. 

Навучэнцы прыйшлі да высновы, што, каб правільна размеркаваць абавязкі ў сям’і, варта размаўляць адно з адным, даведацца, што сам чалавек хоча рабіць, што яму падабаецца, умець слухаць і чуць адно аднаго. Тады і  не будзе канфліктаў. 

— Сапраўды, вельмі многае ў жыцці кожнай сям’і залежыць ад тых правіл, якія не носяць юрыдычнага характару. Але пры гэтым сямейнае заканадаўства неабходна, каб абараняць інтарэсы мужа і жонкі, іх дзяцей, калі гэта неабходна, — працягнула Н.А.Ерахавец. — Так, напрыклад, у Камбоджы ў 2008 годзе ў адной вёсцы муж і жонка, якія пражылі 40 гадоў у шлюбе, пасварыліся і вырашылі скасаваць яго. Прычынай сваркі стала нежаданне жонкі клапаціцца пра мужа падчас яго хваробы. Маёмасць яны падзялілі папалам, аднак дом падзяліць было складаней за ўсё. У выніку мужчына распілаваў яго на дзве часткі. Былыя муж і жонка сталі пражываць у распілаваных частках дома асобна адно ад аднаго. Як вы лічыце, ці існуюць маральныя ці прававыя гарантыі, якія здольны абараніць сям’ю ад такіх катаклізмаў? 

Навучэнцы адказалі, што ў сучасным грамадстве, у тым ліку і беларускім, атрымлівае распаўсюджванне такая форма юрыдычнага рэгулявання будучых сямейных адносін, як шлюбны кантракт. Звычайна ў ім прапісваюцца правы і абавязкі будучых мужа і жонкі, вызначаецца маёмасць, якая з’яўляецца іх сумеснай уласнасцю і якая застаецца ў асабістай і прыватнай уласнасці кожнага, закладваюцца матэрыяльныя і іншыя гарантыі на выпадак магчымага скасавання шлюбу і г.д.

З дапамогай прыёму “За — супраць” навучэнцы выказалі свае меркаванні па шэрагу пытанняў. Чырвонай стужкай педагог падзяліла кабінет, і вучням неабходна было заняць сваё месца справа ці злева ад стужкі або на стужцы (нейтральная пазіцыя) і абгрунтаваць свой выбар. Так, на пытанне “Ці садзейнічае шлюбны кантракт умацаванню сям’і?” усе аднагалосна вырашылі, што “так”, і аргументавалі гэта тым, што пры скасаванні шлюбу бываюць усялякія выпадкі, а каб нікому не было крыўдна, і заключаецца кантракт. Дзве дзяўчынкі аказаліся на нейтральнай паласе, бо, з аднаго боку, з дапамогай кантракта можна пазбегнуць бязбольнага расставання, а з другога, гэта выклікае пэўны недавер у пачатку сямейнага жыцця. 

Педагог прапанавала пагуляць у дзелавую гульню і адкрыць юрыдычную кансультацыю на добраахвотных валанцёрскіх пачатках. З ліку навучэнцаў былі сфарміраваны групы “юрыстаў”, якія канкурыру­юць паміж сабой, і група “кліентаў”. Кліент выбірае сітуацыю, а задача юрыстаў — разабраць канфліктныя сітуацыі, хутка і правільна даць кансультацыю з дапамогай Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. 

Навучэнцы паспяхова справіліся з усімі сітуацыямі, далі кансультацыю і абгрунтавалі сваю пазіцыю. Было відаць, што ролевая гульня ім вельмі падабаецца, дастаўляе вялікае задавальненне быць у цэнтры ўвагі і адчуваць сябе паспяховымі. А для педагога гэта магчымасць праверыць, як засвоены тэарэтычныя веды і як яны прымяняюцца на практыцы. Кампетэнтнасны падыход у дзеянні. 

Прыём “Старт — фініш” дазволіў другакурснікам замацаваць і абагульніць вывучаны матэрыял. Навучэнцы размеркаваліся на пары, і кожная атрымала па картцы. Гучыць пытанне, навучэнец, у якога на картцы адлюстраваны правільны адказ, агучвае яго, і задае сваё пытанне, таксама запісанае на картцы. 

— Выдатна, вы сталі добрымі спецыя­лістамі ў галіне сямейнага права, — звярнулася да навучэнцаў педагог. — Мы вызначылі правы і абавязкі мужа і жонкі, паўтарылі функцыі сям’і, разабралі розныя жыццёвыя сітуацыі, атрымалі невялікі жыццёвы вопыт. Дзесьці дзейнічалі інтуітыўна, дзесьці на прыкладзе ўласных сем’яў. 

Напрыканцы ўрока Ніна Аляксееўна зноў вярнулася да пытання: “У чым жа сакрэт сямейнага шчасця?” Яна прывяла 7 правіл шчаслівага сямейнага жыцця ад амерыканскага спецыяліста Д.Карнегі: не бурчыце, не імкніцеся перавыхаваць сваю другую палавінку; не крытыкуйце; шчыра захапляйцеся добрымі якасцямі мужа (жонкі); удзяляйце ўвагу мужу (жонцы); будзьце ветлівымі; чытайце літаратуру пра ўзаемаадносіны. 

— Ці лічыце вы гэтыя ўмовы дастатковымі для дасягнення гармоніі ў сямейных адносінах? Якое б правіла вы дабавілі ад сябе? — спытала педагог.

— Уступаць адно аднаму, размаўляць са сваёй палавінкай, умець слухаць і чуць, падтрымліваць адно аднаго ў складаных сітуацыях, праводзіць больш вольнага часу разам, — пасыпаліся адказы навучэнцаў.

Рэфлексію Н.А.Ерахавец правяла з дапамогай мабільных тэлефонаў.  На платформе Wooclap яна прапанавала адказаць на пытанні: “Чым запомніўся ўрок? Ці быў ён карысны?” На экране з’явілася воблака слоў з выказванняў вучняў, якія адзначылі, што набытыя веды і разабраныя жыццёвыя сітуацыі абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці. 

Заканчэнне ўрока другакурснікі суправадзілі апладысментамі, аддзячыўшы тым самым за работу педагогу і сваім аднакласнікам. 

* * *

— Тэма ўрока-практыкума “Асновы сямейных праваадносін”, на якім мы адпрацоўвалі набытыя тэарэтычныя веды, з аднаго боку, вельмі жыццёвая і актуальная для навучэнцаў, якія ўступаюць у дарослае жыццё, а з другога — яна дастаткова далікатная, нават інтымная, бо ў кожнага з дзяцей свой вопыт сямейных адносін, — пракаменціравала ўрок Ніна Ерахавец. — І таму вельмі важным уяўляецца падбор такіх прыёмаў, якія б садзейнічалі не столькі жыццёвым адкрыццям, колькі наладжванню ўзаемадзеяння. Гэтыя прыёмы не новыя для вучняў, яны добра спрацоў­ваюць і станоўча ўспрымаюцца. 

На занятках можна было вылучыць арганізацыйна-матывацыйны, аперацыйна-пазнавальны, арганізацыйна-дзейнасны і рэфлексіўна-ацэначны этапы (па М.Запрудскаму). Для мяне заўсёды вельмі важны пачатак урока — “дзверы” да эмоцый навучэнцаў. Гэта можа быць захапляльная гісторыя, цытата, фраза, анекдот. Сёння была выкарыстана прытча “Сакрэт сямейнага шчасця”, з дапамогай якой вучні выйшлі на тэму і мэты ўрока. Прыём “Дзе логіка?” дазволіў вызначыць тэарэтычныя паняцці, якія вывучаюцца, бо нашы дзеці ў большасці сваёй візуалы. Вялікі эмацыя­нальны водгук у другакурснікаў знайшлі прыём “За — супраць”, дзелавая гульня “Юрыдычная кансультацыя”, дзе навучэнцы змаглі прадэманстраваць свае веды, падзяліцца думкамі, выказаць пазіцыю, з чым, дарэчы, яны паспяхова справіліся. На ўроку былі выкарыстаны і мабільныя тэлефоны — з дапамогай платформы Wooclap праведзена рэфлексія. Лічу, што элементы гейміфікацыі абавязкова павінны ўключацца ў структуру ўрока. Праўда, дазіравана і абгрунтавана. 

Група, у якой праводзіліся заняткі, дастаткова моцная, сярэдні бал — 8,5. Спачатку навучэнцы былі крыху напружанымі, скаванымі, але потым актыўна ўключыліся ў работу, раскрыліся, выйшлі з заняткаў задаволенымі і акрыленымі. Мяркую, мэты ўрока былі дасягнуты.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

 

Асноўныя паняцці: сямейнае права, сям‘я, шлюб, умовы ўступлення ў шлюб, парадак скасавання шлюбу, асабістыя і маёмасныя правы і абавязкі мужа і жонкі, шлюбны дагавор, правы і абавязкі бацькоў і дзяцей.

Сітуацыя 1. Я ўступіла ў шлюб у 2009 годзе. У пачатку сямейнага жыцця муж быў уважлівы да мяне, але затым стаў удзяляць мне ўсё менш і менш увагі, аддаючы перавагу правядзенню вольнага часу з сябрамі. У астатнім да мужа няма прэтэнзій: зарплату ён аддае ўсю, не п’е, скандалаў у сям’і няма. Скасаваць шлюб з ім я не жадаю. Ці ёсць якія-небудзь прававыя сродкі прымусіць мужа адносіцца да мяне па-ранейшаму, як у першы год шлюбу?

Сітуацыя 2. Муж сказаў мне: “Я вырашыў, што ў наступным месяцы мы пераедзем жыць у іншы горад. Як бы ты да гэтага ні ставілася, усё роўна табе прыйдзецца ехаць са мной, бо ты як жонка павінна накіроўвацца за мужам туды, куды ён захоча.

Сітуацыя 3. У мяне ўзнікла спрэчка з мужам наконт навучання 6-гадовага сына Алега. З-за таго, што сын часта хварэе на прастуду, муж настойваў на залічэнні яго ў школу, размешчаную побач з домам, і запісу ў секцыі па плаванні і хакеі. Я ж катэгарычна су­праць гэтага, бо ў Алега ёсць здольнасці да вывучэння замежных моў, і настойваю на паступленні яго ў гімназію, размешчаную за 8 кіламетраў ад нашага дома. Якое выйсце прапаноўвае закон?

Сітуацыя 4. Мне 17 гадоў, а маёй нявесце — 19. Мы вырашылі ажаніцца. Работнікі загса, у якім мы вырашылі зарэгістраваць шлюб, сказалі, што мне, як непаўналетняму, неабходна атрымаць згоду органа мясцовага кіравання на заключэнне шлюбу. Я лічу, што такі дазвол мне не патрэбен, бо я рашэннем суда аб’яўлены поўнасцю дзеяздольным. Ці абгрунтаваны дзеянні работнікаў загса?

Сітуацыя 5. Мяне завуць Саід. Я прыехаў у Мінск з Егіпта і вучуся ў медуніверсітэце. У мяне на радзіме засталіся 3 жонкі (я — мусульманін, а Каран дазваляе мець да 4 жонак). У Мінску я пазнаёміўся з дзяўчынай, і мы вырашылі зарэгістраваць шлюб у Беларусі. Аднак у загсе нам адмовілі. Чаму?

Сітуацыя 6. Работнікі Барысаўскага аддзела загса адмовіліся рэгістраваць мой шлюб з нявестай, якая жыве ў Мінску, хоць яна даслала пісьмовую згоду на шлюб, завераную ў натарыуса. Чаму?