Прадстаўнікі гімназіі № 2 Віцебска паставілі новы рэкорд на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды: 66 дыпломаў па 14 вучэбных прадметах.
— Летась пераможцаў было 57 — дынаміка відавочная, — расказвае дырэктар гімназіі Канстанцін Кісялёў. — Найбольш ярка праявілі сябе напрамкі, дзе мы традыцыйна ўтрымліваем лідарства. Напрыклад, на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі гімназія з’яўляецца адным з галоўных матэматычных цэнтраў Беларусі і вядучым у рэгіёне. Высокі статус зноў пацверджаны вынікамі: 19 навучэнцаў узнагароджаны дыпломамі на абласным этапе, прычым 15 з іх прайшлі ў заключны. Выдатна выступілі алімпіяднікі па англійскай мове, геаграфіі, грамадазнаўстве. Вельмі прыемна, што паступова прагрэсіруе адносна новы для нас хіміка-біялагічны напрамак: 4 дыпломы па хіміі (прычым на кожнай паралелі з 9 па 11 клас — першай ступені), 3 дыпломы па біялогіі. Зараз ідзе інтэнсіўная работа над падрыхтоўкай да чацвёртага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Сумесна з галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, абласным інстытутам развіцця адукацыі і нашымі вядучымі педагогамі ўзгадняем арганізацыйныя пытанні, абмяркоўваем аптымальную структуру рэгіянальных збораў, іх праграму, тыя моманты па тэорыі і практыцы, якія трэба адпрацаваць у прыярытэтным парадку.
На думку дырэктара гімназіі, нядаўнія змяненні ў правілах прыёму ва УВА ўзмацнілі ролю алімпіяднага руху ў сістэме адукацыі краіны. Лепшыя алімпіяднікі з ліку гімназістаў штогод на льготных умовах паступаюць у вядучыя ўніверсітэты. Цяпер дыплом абласной алімпіяды гарантуе залічэнне ў любы рэгіянальны ўніверсітэт па выбраным профілі — гэта абгрунтаваны крок. Як і магчымасць паступлення па выніках універсітэцкіх алімпіяд: калі ў будучага абітурыента з дастойнымі ведамі нешта не склалася на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды, гэта для яго сур’ёзны дадатковы шанс. Разам з тым самае істотнае, як лічыць Канстанцін Леанідавіч, не змянілася: алімпіядны рух быў, ёсць і будзе прыярытэтам у рабоце з адоранымі навучэнцамі.
Радзівон Запольскіх узнагароджаны дыпломам І ступені абласнога этапу алімпіяды па гісторыі, у яго найлепшы вынік сярод адзінаццацікласнікаў. Галоўным варыянтам для свайго будучага студэнцкага жыцця юнак бачыць ВДУ імя П.М.Машэрава, дзе, па сутнасці, таленавіты вучань Вольгі Чаплыгінай ужо студэнт!
У настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Вольгі Чаплыгінай ёсць нагода для гордасці за вучняў: алімпіяднікі прынеслі ў скарбонку гімназіі 6 дыпломаў абласнога ўзроўню — пароўну па двух прадметах, якія выкладае педагог. Пяць чалавек у складзе зборнай Віцебшчыны прадставяць альма-матар у фінале алімпіяды, адзін заняў 6-е месца ў рэйтынгу ў сваёй паралелі і трапіў у рэзерв каманды гісторыкаў.
— Ганаруся маімі вучнямі, — прызнаецца Вольга Віктараўна. — Насамрэч яны нібы родныя дзеці: столькі разам зроблена і перажыта! Яны па праве могуць лічыць сябе студэнтамі, бо дзверы ва ўніверсітэты вобласці, каб вучыцца па профільных спецыяльнасцях, для іх адкрыты. Акрамя таго, па сваіх прадметах ім залічаны найвышэйшы бал за цэнтралізаваны экзамен. Тое, да чаго ўпарта імкнуліся, — мы зрабілі. Шосты год працую ў гімназіі, раз за разам паляпшаем вынікі. Заўсёды ў працэсе выкладання выяўляюцца зацікаўленыя дзеці. Кожнаму мы стараемся дапамагчы развівацца, забяспечыць спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе, эфектыўнае суправаджэнне. Аднаму чалавеку справіцца з гэтым не пад сілу, таму дзейнічаем педагагічнай камандай. Да алімпіяды па гісторыі на працягу мінулага навучальнага года і ў пачатку бягучага рыхтавалі ўдзельнікаў сумесна з Валерыяй Лук’янавай. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку і эстафету ў справах перадала Ірыне Снытко. Поспехі па грамадазнаўстве — зноў жа плён калектыўнай работы, працавалі поруч з маёй калегай Вольгай Міцкевіч і трэнерам каманды Аляксандрам Дзядзінкіным. На мой погляд як настаўніка-практыка, змяненні ў правілах прыёму для алімпіяднікаў вельмі добрыя. Дыплом абласнога этапу дазваляе дзецям адчуваць сябе ўпэўнена напярэдадні ўступнай кампаніі. Акрамя таго, многія навучэнцы больш уважліва сталі разглядаць перавагі паступлення ў рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі, а тыя па шэрагу пазіцый несумненныя.
Радзівон Запольскіх узнагароджаны дыпломам І ступені абласнога этапу алімпіяды па гісторыі, у яго найлепшы вынік сярод адзінаццацікласнікаў. Галоўным варыянтам для свайго будучага студэнцкага жыцця юнак бачыць ВДУ імя П.М.Машэрава, дзе, па сутнасці, таленавіты вучань Вольгі Чаплыгінай ужо студэнт!
Сяргей Ермачэнка, старшыня журы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, загадчык кафедры прыкладнога і сістэмнага праграмавання ВДУ імя П.М.Машэрава, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт:
“У выпрабаваннях прынялі ўдзел 99 навучэнцаў з 10 раёнаў і Наваполацка. Падрыхтаванасць нашых алімпіяднікаў па матэматыцы традыцыйна высокая. Многія набралі звыш 50 балаў з улікам таго, што абсалютны бал складаў 56. Безумоўнае лідарства ў вучняў Святланы Матросавай і Аляксандра Шугаля з гімназіі № 2 Віцебска. Добра выступілі школьнікі з Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў абласнога цэнтра, Наваполацка, Глыбокага, Чашнікаў. Яшчэ адна асаблівасць гэтага года: мы не дэшыфравалі работы загадзя ўвечары, як раней, а толькі супастаўлялі шыфры двух дзён. Таму інтрыга захоўвалася да апошняга, бо мы ацэньвалі ўмоўных удзельнікаў, а іх прозвішчы сталі вядомыя ў дзень закрыцця алімпіяды”.
— Асабіста для мяне заданні трэцяга этапу алімпіяды не здаліся складанымі, — дзеліцца ўражаннямі Радзівон. — Не сказаць, каб занадта простыя, хутчэй яны былі пад’ёмныя. Пераважна былі знаёмыя пытанні, з якімі я неаднаразова так ці інакш сутыкаўся пры падрыхтоўцы і ўдзеле ў папярэдніх алімпіядах. Адзінае, што здзівіла, — табліца, дзе прапаноўвалася параўнаць канфуцыянства і даасізм па выбраных крытэрыях. Мела месца сумежнасць гісторыі і грамадазнаўства: у падобных выпадках як ніколі адчуваеш неабходнасць ведання ўсіх вучэбных прадметаў. Непасрэдна гісторыяй я захапіўся ў 5 класе, калі вучыўся ў сярэдняй школе № 17. У мяне была цудоўны класны кіраўнік Ларыса Іванаўна Пупіна, якая зацікавіла сваёй манерай выкладання: настаўніца тлумачыла ўсё максімальна даступна, знаходзячы аналогіі ў жыцці. Потым пачаліся раённыя алімпіяды. У 10 класе пашанцавала пазнаёміцца з Вольгай Віктараўнай Чаплыгінай. На базе гімназіі працуе цэнтр падрыхтоўкі да алімпіяд, тут рэгулярна трэніруюцца навучэнцы з Чыгуначнага раёна і ўсёй вобласці. Дзякуючы дадатковым заняткам выйшаў на гарадскі этап і далей — вобласць, рэспубліка, дыплом ІІІ ступені ў фінале. Спадзяюся сёлета палепшыць свой вынік. Напэўна, самае складанае ў падрыхтоўцы — запамінаць дакументы, усведамляць азначэнні. Звычайна яны даюцца першым заданнем у першым туры. Калі да аўтаматызму вызубрыць усё, будзе мала карысці, бо патрабуюцца дакладнае веданне сутнасці з’яў, прычын, узаемасувязей, наступстваў і ўменне сфармуляваць уласную думку. Важна ведаць гісторыю сваёй дзяржавы, чалавецтва ў цэлым, каб пазбегнуць памылак, якія людзі рабілі ў мінулым. Гісторыя ў гэтым сэнсе роднасная матэматыцы навука: аснова асноў — логіка, яна дыктуе ключавыя заканамернасці.
На пытанне, чаму юнак думае пра вучобу ў ВДУ, ён адказаў, што перад заключным этапам мінулагодняй рэспубліканскай алімпіяды там праходзілі зборы і яму спадабаліся выкладчыкі.
— Мая маці — выпускніца названага ўніверсітэта, настаўніца англійскай мовы. Гэта моцная ўстанова вышэйшай адукацыі, дзе мне дакладна бачыцца траекторыя далейшага росту, — падкрэсліў Радзівон. — Хаця самая прыцягальная вышыня — тая, якую яшчэ не пакарыў. Здараецца, лаўлю сябе на думцы: можа, лепш паспрабаваць паступіць у незнаёмы пакуль БДУ? Час на роздум ёсць. Разам з тым у Віцебску паспяхова прайшоў першы этап універсітэцкай алімпіяды і зарэгістраваўся на другі. Навошта, калі я і так ужо фактычна студэнт? Практыка лішняй не будзе, а галоўнае — мне цікава.
Таццяна БОНДАРАВА.