Педагогі ДЦРД № 1 Магілёва стварылі віртуальны музей адукацыйных турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў.
Узнік ён у выніку работы ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”.
Педагогі цэнтра распрацавалі серыю такіх падарожжаў па музеях Магілёва, да незвычайных помнікаў горада, Ратушы, па мікрараёне Саломінка, а таксама па сельскагаспадарчых аб’ектах вобласці, заасадзе. Цікавы цыкл падарожжаў па старонках Чырвонай кнігі з расказам пра жывёл, расліны, птушак Магілёўскай вобласці. Выхаванцам цяпер прапануюць здзейсніць прагулку на этнахутар “Зялёны Гай”, у парк “Падніколле”, Пячэрскі лесапарк і да іншых аб’ектаў.
— Названыя распрацоўкі ўключаюць пазнавальныя відэа, дзе галоўныя экскурсаводы — самі дзеці, якія разам з бацькамі наведваюць тую ці іншую славутасць і даступнай мовай расказваюць пра яе, — адзначае выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Лілія Унук. — Да відэа дадаюцца заданні, рэбусы, крыжаванкі, тэматычныя праекты, відэафільмы, віртуальныя альбомы, мультымедыйныя прэзентацыі аб малой радзіме, гістарычных і культурных каштоўнасцях Беларусі, гульні для інтэрактыўнай дошкі па тэме “Любі і ведай свой родны край”, лато, маршрутныя гульні, картатэка беларускіх народных гульняў і танцаў, музычныя творы беларускіх аўтараў.
Чытайце матэрыял Надзеі Церахавай у нумары ад 7 лютага 2023 года.