Сапраўдным журналісцкім святам стаў для супрацоўнікаў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”
нядаўні прэс-тур па Кобрынскім і Бярозаўскім раёнах.
Усяго два дні доўжылася наша камандзіроўка па адметных куточках Брэстчыны, але наколькі насычанымі былі і аўторак, і серада! Мы наведалі дзесяць устаноў адукацыі, пагутарылі з добрай сотняй творчых педагогаў, сабралі матэрыял на некалькі газетных палос, а ўражанняў — як мінімум на цэлы год.
Важнай часткай прэс-туру сталі сустрэчы з кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама раённых аддзелаў па адукацыі. Чарговы раз мы пераканаліся, што поспехі сістэмы адукацыі таго ці іншага раёна ў многім залежаць ад прафесіяналізму, ініцыятыўнасці кіраўніка. Калі ў яго сэрцы гарыць агеньчык натхнення, жадання ствараць, удасканальваць, то ён абавязкова будзе гарэць і ў сэрцах педагогаў, а значыць, сістэма адукацыі будзе паказваць высокія вынікі. У гэтым плане Аляксандр Віктаравіч Шамяцюк і Алена Міхайлаўна Саковіч даюць калегам цудоўны прыклад.
У першы дзень прэс-туру мы азнаёміліся з сістэмай адукацыі Кобрыншчыны. Сярэдняя школа № 7 прадставіла вопыт арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі, дзейнасць спартыўных класаў і інтэлектуальнага клуба. Сярэдняя школа № 4 адметная сваім STEAM-цэнтрам і асабліва яго педагогамі — маладымі і крэатыўнымі. Нядзіўна, што і навучэнцы цэнтра ствараюць такія ж крэатыўныя распрацоўкі.
Хочацца адзначыць сельскія ўстановы адукацыі, дзе пануе асаблівая атмасфера сяброўства, згуртаванасці. Інакш і не можа быць, бо тут працуюць сапраўдныя патрыёты малой радзімы. Запомніліся словы загадчыцы Яроміцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Таццяны Мікалаеўны Біч: “Мне неаднаразова прапаноўвалі работу ў горадзе, але я кожны раз адмаўлялася. Хачу ствараць добрыя ўмовы навучання і выхавання для сельскіх дзяцей. Яшчэ не ўсе задумы рэалізавала. Шмат што трэба зрабіць”. Прыкладна такія словы мы пачулі і ад дырэктара Астроміцкай сярэдняй школы Галіны Уладзіміраўны Свянцецкай. Установа, якую яна ўзначальвае, мае ганаровы статус Школы міру і “зялёнай школы”.
Знакамітае выслоўе “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” пацвярджаюць на справе і настаўнікі Бярозаўскага раёна, у прыватнасці, сярэдняй школы вёскі Здзітава, дзе дзейнічаюць клуб “Гвардзеец” і музей баявой славы, а таксама Спораўскай і Здзітаўскай сярэдніх школ. Перад наведваннем Спораўскай школы ў аддзеле па адукацыі нас запэўнівалі, што такога музея, як у гэтай установе адукацыі, мы не пабачым больш нідзе ў Беларусі. Спачатку сумняваліся, бо вядома, што кожны чалавек сваю малую радзіму хваліць. Але гэтыя словы аказаліся праўдай. Уразіла не толькі сама экспазіцыя, прысвечаная рыбалоўству. Зацікавіла і арыгінальная назва музея — “Спораўскі карась”. Не менш унікальная пчаліная школа дзейнічае ў аграгарадку Здзітава. Шмат цікавага мясцовыя педагогі расказалі не толькі пра жыццё маленькіх працаўніц, але і пра гісторыю роднага краю.
Гарадскія ўстановы таксама здзівілі. У сярэдняй школе № 2 Бярозы мы пабывалі ў рэсурсным цэнтры па ваенна-патрыятычным выхаванні і STEM-класе. У сярэдняй школе № 3 азнаёміліся з дзейнасцю турыстычнага клуба “Рамантык” і секцыі па баскетболе, наведалі іх трэніроўкі, а ў Бярозаўскім раённым ЦКРНіР быў прадстаўлены лепшы рэгіянальны вопыт інклюзіўнай адукацыі.
Супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты” шмат падарожнічаюць па Беларусі, рэгулярна выязджаюць у камандзіроўкі. Знаходзячыся на Брэстчыне, мы ў першую чаргу адзначаем, што тут жывуць працавітыя людзі. А калі працавітасць спалучаецца з творчасцю, то атрымліваецца ўнікальны педагагічны вопыт. З гэтым вопытам мы і будзем знаёміць чытачоў на старонках выдання.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара