З 2005 года ў першай палове верасня ў краіне традыцыйна праводзіцца рэспубліканскі Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Накіраваны на шырокае далучэнне навучэнцаў да заняткаў у гуртках, клубах, студыях і іншых аб’яднаннях па інтарэсах, фарміраванне станоўчага іміджу цэнтраў пазашкольнага выхавання, Тыдзень з’яўляецца своеасаблівай візітоўкай сістэмы дадатковай адукацыі краіны.
З 8 па 14 верасня ўстановы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага, экалагічнага, мастацкага, тэхнічнага профіляў будуць прэзентаваць свае дасягненні, найлепшы вопыт работы, пазнаёмяць са свежымі, арыгінальнымі і запатрабаванымі сярод сучаснай моладзі формамі работы. Гэта будзе адбывацца падчас канцэртных, пазнавальна-забаўляльных і спартыўных мерапрыемстваў, выступленняў творчых калектываў, выстаў творчых работ навучэнцаў, майстар-класаў ад вядучых педагогаў дадатковай адукацыі, экскурсій, дабрачынных акцый. Дарэчы, праз многія названыя мерапрыемствы чырвонай ніткай будзе праходзіць тэма Вялікай Айчыннай вайны. І гэта зразумела, бо 1 верасня ўжо з самага першага ўрока на тэму “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” ў гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стартаваў цыкл мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Ды і наступны год таксама юбілейны — разам з краінамі былога Саюза мы будзем адзначаць 70-го-ддзе перамогі над фашысцкай Германіяй.
Кожная ўстанова ў рамках Тыдня будзе ладзіць свае адметныя мерапрыемствы. Не выключэннем стануць і рэспубліканскія ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Так, на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства 11—13 верасня будзе працаваць міжнародная школа педагагічнага майстэрства. Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці наладзіць выставу лепшых работ навучэнцаў з усіх рэгіёнаў па напрамках аўта-, судна-, авіямадэлявання, радыёэлектронікі і робататэхнікі, інфарматыкі і праграмавання. Акрамя таго, можна будзе азнаёміцца з выставай метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту па пытаннях арганізацыі работы аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю. У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі гэтыя сем дзён пройдуць пад назвай “Грані нашых талентаў” (будуць ладзіцца канцэрты-прэзентацыі творчых калектываў, выставы навучэнцаў, пазнавальна-забаўляльныя праграмы).
Цэнтральныя падзеі Тыдня пройдуць 12—13 верасня ў Гродне і Слонімскім раёне: адбудзецца пашыранае пасяджэнне рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама ўрачыстае закрыццё Тыдня, удзельнікаў якога чакае знаёмства з перадавым вопытам і дасягненнямі работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзеншчыны, вялікая канцэртная праграма, выставы творчых работ, паказальныя выступленні па турыстычна-прыкладных і тэхнічных відах спорту, інавацыі ў эколага-біялагічнай рабоце і шмат чаго іншага цікавага, яркага, запамінальнага.
Неад’емнай часткай Тыдня стане і актыўнае ўкараненне інавацыйных форм работы. Пра некаторыя з іх, пра яркі вопыт дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі ўсіх сямі рэгіёнаў краіны чытайце ў самым бліжэйшым дадатку “Шосты дзень”.
Падрыхтаваў Ігар ГРЭЧКА.