Пасяджэнне выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама адбылося ў каладзішчанскай сярэдняй школе № 2, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У фае школы была арганізавана выстава дасягненняў сістэмы адукацыі Міншчыны, дзе былі прадстаўлены ўсе кірункі дзейнасці ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійнай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі цэнтральнага рэгіёна.
“Сёння мы падводзім вынікі работы за мінулы год і вызначаем задачы на наступны, — сказаў, адкрываючы пасяджэнне, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Для сістэмы адукацыі вобласці мінулы год быў паспяховым. Мы ганарымся тым, што да нас прыйшла вялікая плеяда маладых настаўнікаў — амаль 1000 педагагічных работнікаў. Сёння наша задача — стварыць умовы для таго, каб на першым працоўным месцы яны рэалізавалі сябе як прафесіяналы”.
М.Башко звярнуў увагу на тое, што сёння ў вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца профільнай адукацыі.
“Вынікі профільнай адукацыі на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі далі магчымасць амаль на 4% павялічыць колькасць выпускнікоў 11-х класаў, якія паступілі ва УВА, — зазначыў Мікалай Башко. — Сёння мы сур’ёзна адпрацоўваем пытанне стварэння класаў педагагічнага, ваенна-патрыятычнага і аграрнага напрамкаў. Упэўнены: калі дзеці будуць вучыцца ў профільных класах, для іх не будзе праблемай выбраць далейшы прафесійны шлях”.
Узаемадзеянне з моладдзю — таксама прыярытэтны кірунак работы сістэмы адукацыі вобласці на 2023 год, а сучасная школа заклікана ствараць цэласную сістэму па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні. Менавіта таму на Міншчыне ідзе пастаянны пошук новых метадаў і форм адпаведнай работы.
“Працуючы з моладдзю, мы павінны браць за аснову лепшыя традыцыі мінулага, фарміраваць асобу дзіцяці, выхоўваць грамадзянскасць, патрыятызм, — акцэнтаваў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Паспяховай формай выхаваўчай работы стала стварэнне ваенна-патрыятычных клубаў, класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, пошукавых аб’яднанняў. Добрым прыкладам такой работы з’яўляецца вопыт абласнога ваенна-патрыятычнага клуба “Доблесць”.
У раёнах вобласці дзейнічаюць 89 ваенна-патрыятычных клубаў. Сёння ідзе работа не над колькасцю клубаў, а над якасцю іх работы. Разам з тым у вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца прыцягненню дзяцей да фізкультуры і спорту. Гэтаму спрыяюць заняткі ў спартыўных секцыях, басейне. Адзначаецца станоўчая дынаміка ва ўключэнні вучняў у аб’яднанні па інтарэсах спартыўнага кірунку.
Знакавай падзеяй для сістэмы адукацыі вобласці стала адкрыццё абласнога музея “Адукацыя Міншчыны”. Плануецца стварэнне віртуальнай старонкі музея.
Дастаткова выніковым быў удзел каманды Мінскай вобласці ў Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, у заключным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”. Для ўмацавання здароўя, паляпшэння фізічнага развіцця навучэнцаў штогод праходзяць спаборніцтвы “Лепшы спартыўны клас”. Сёлета ў праграму абласной спартакіяды школьнікаў абавязковым відам спорту ўключана плаванне, пройдзе фестываль па плаванні. Яшчэ адна задача, якая стаіць перад галіной, — перападрыхтоўка кіраўнікоў фізічнага выхавання, максімальны ахоп дзяцей навучаннем плаванню.
Падчас пасяджэння калегіі начальнік галоўнага ўпраўлення паставіў перад раённымі ўпраўленнямі па адукацыі дакладныя задачы. М.Башко ўпэўнены, што станоўчае рашэнне ў пытанні выхавання патрыятызму і павагі да сваёй Радзімы хаваецца ў кансалідацыі двух найважнейшых інстытутаў: сям’і і школы.
“Голас бацькоў, іх уплыў на выбар выхаваўчых прыёмаў павінны быць больш глабальнымі, — падкрэсліў Мікалай Башко. — Таму ставім задачу стварэння каардынацыйнага савета па рабоце сям’і і школы на ўзроўні раёнаў і вобласці. Бацькі павінны быць уключаны ў актуальны парадак дня ў пытанні выхавання”.
У Мінскай вобласці за апошнія 3 гады пабудавана 26 навучальных устаноў і праведзены капітальны рамонт школы ў Крупках.
“Мы не спыняемся, рухаемся наперад, — запэўніў М.Башко. — У 2022 годзе на Міншчыне пачалі працаваць 2 дзіцячыя сады і школа № 5 у Смалявічах. Плануем, што да 1 верасня будзе ўведзена ў строй доўгачаканая школа ў Сеніцы, а да канца года будуць пабудаваны і дашкольныя ўстановы адукацыі”.
Сістэма адукацыі — важная сфера жыцця, аснова, на якой стаіць і будзе стаяць наша грамадства. Ва ўмовах глабальных перамен прыкладваюцца ўсе намаганні, каб дзеці мелі магчымасць гарманічна расці і развівацца.
“Развіццё дашкольнай адукацыі Міншчыны арыентавана на стварэнне дадатковых месцаў, у тым ліку за кошт будаўніцтва ўстаноў адукацыі, прадастаўленне разнастайнага спектра адукацыйных паслуг, у тым ліку дзецям, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі, на стварэнне цэнтраў, якія стымулююць развіццё дзіцячай ініцыятывы, творчасці, інтарэсаў, — пералічыў М.Башко. — За апошнія 5 гадоў ахоп дашкольнай адукацыяй павялічыўся больш чым на 12,5 працэнта. Працягваецца выкананне мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі”.
Неабходнай умовай бесперапыннасці адукацыі з’яўляецца пераемнасць дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У вобласці створаны роўныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі ў школах, дзейнічае рознааспектная і шматузроўневая сістэма яе ацэнкі. Акрамя гэтага, вырашаюцца задачы ўдасканалення адукацыйнага асяроддзя, стварэння сучасных умоў, вядзецца актыўная работа па будаўніцтве новых устаноў, капітальным рамонце школ і іх аснашчэнні. Рашэнні, якія прымаюцца ў гэтым кірунку, пашыраюць спектр класаў прафесійнай накіраванасці, і, як вынік, павялічылася колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць прадметы на павышаным узроўні.
“Працягваецца работа па адкрыцці stem-цэнтраў, інжынерна-тэхнічных класаў на аснове камплектаў “РОББО”, што спрыяе развіццю адукацыйнай робататэхнікі, — паведаміў Мікалай Башко. — Задача педагога — сумесна з бацькамі прадумваць траекторыю росту навучэнца з выхадам на паступленне ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, у тэхнічныя УВА. STEM-цэнтры павінны стаць цэнтрамі падтрымкі інавацый і тэхналогій у сферы адукацыі кожнага раёна”.
Закранаючы адукацыйныя дасягненні рэгіёна, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама расказаў, што ў міжнародных конкурсах навучэнцы вобласці заваявалі 28 узнагарод, а спецыяльным фондам Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў заахвочаны 106 навучэнцаў і 8 педагогаў.
“На асаблівым кантролі павінны быць рэалізацыя комплексу мер па падрыхтоўцы вучняў да выніковага ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, каардынацыя дзейнасці з установамі вышэйшай адукацыі, а таксама бесперапыннае суправаджэнне педагогаў і навучэнцаў на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскай алімпіяды, — выказаў меркаванне М.Башко. — У гэтай рабоце трэба задзейнічаць лепшых настаўнікаў-практыкаў на базе апорных устаноў адукацыі, рэсурсных цэнтраў”.
Падчас пасяджэння калегіі асобны блок пытанняў тычыўся прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У мінулым годзе кантрольныя лічбы прыёму на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі выкананы на 100%. Па выніках 82 рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства навучэнцы і педагогі атрымалі 158 дыпломаў, 28 медалёў, 1 кубак.
“У рамках падрыхтоўкі да V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства навучэнцаў праведзены абласныя этапы конкурсу і рэгіянальныя адборачныя спаборніцтвы па 28 кампетэнцыях, — дадаў Мікалай Башко. — Развіццё адукацыі немагчыма без паслядоўнага развіцця галіны, адзінай сістэмы навукова-метадычнага суправаджэння. Адным з механізмаў вырашэння кадравага пытання павінны стаць мэтавы прыём і мэтавае навучанне, замацаванне маладых спецыялістаў. Начальнікам упраўленняў, кіраўнікам устаноў адукацыі неабходна больш актыўна працаваць з навучэнцамі профільных педагагічных класаў”.
Значным дасягненнем і гордасцю сістэмы адукацыі вобласці стала тое, што за 2022 год павялічылася колькасць выхавальнікаў, якія маюць адукацыю па кірунку “Педагогіка дзяцінства” і настаўнікаў з кваліфікацыйнай катэгорыяй “настаўнік-метадыст”.
“Штогод павялічваецца колькасць педагогаў з вышэйшай адукацыяй ва ўстановах дашкольнай адукацыі, — з гордасцю зазначыў начальнік галоўнага упраўлення. — Таксама павысіўся працэнт настаўнікаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Увогуле, устойлівае развіццё ўстаноў адукацыі забяспечвае разумнае спалучэнне вопытных і маладых спецыялістаў.
Мы многае зрабілі, намецілі новыя планы, якія дапамогуць нам вырашыць галоўную задачу — павышэнне якасці адукацыі.
2023 год — юбілейны для Мінскай вобласці. Гэтая падзея мае каласальны выхаваўчы эфект і павінна закрануць кожнага работніка сістэмы адукацыі Міншчыны, бацькоў, выхаванцаў дзіцячых садоў, навучэнцаў. Мы абавязкова рэалізуем намечаныя намі мерапрыемствы ў поўным аб’ёме і раскажам кожнаму пра гісторыю нашага краю, яго галоўных герояў і самых адказных працаўнікоў — нашых педагогаў!”
Наталля САХНО
Фота аўтара