«Мір і стварэнне — спрадвечныя жаночыя імкненні». Вольга Шпілеўская – пра новыя праекты БСЖ

- 10:43Интервью

Напярэдадні 8 Сакавіка карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагутарыла са старшынёй Беларускага саюза жанчын Вольгай Шпілеўскай аб новых праектах аб’яднання, «палёце» яго маладзёжнага крыла і актыўнасці жанчын­-педагогаў.

— Інфармацыя аб шматлікіх ініцыятывах БСЖ ідзе ў СМІ і месенджарах літаральна бесперапынным патокам. Якія з рэалізуемых праектаў адзначылі б асабліва?

Беларускі саюз жанчын быў актыўны на працягу ўсёй сваёй дзейнасці, бо актыў­насць і неабыякавасць закладзены ў прыродзе жанчыны. Пасля 2020 года мы сталі яшчэ і разумець, што ў тым ліку ад нашай жаночай пазіцыі залежыць парадак у краіне.

Уся наша дзейнасць накіравана на тое, каб абазначыць ролю жанчыны ў дзяржаве. Мы не праводзім акцыі, каб паста­віць птушачку. Ніхто не кантралюе колькасць нашых мерапрыемстваў і не даводзіць нейкія планы. Лічым, што акцыя адбылася толькі тады, калі да яе далучылася максімальная колькасць лю­дзей, калі ёсць станоўчы эфект, пазітыўныя водгукі.

Ініцыятыў мы рэалізуем шмат, яны вельмі разнастайныя. Так, ­адзін з нашых новых праектаў “Яе рук справа” накіраваны на тое, каб паказаць талент і прыга­жосць душы беларускіх жанчын. Прадстаўніцы розных прафесій прэзентуюць свае лепшыя творы на вялікай выставачнай пляцоўцы гандлёвага цэнтра “Сталіца”. Кожная з удзельніц праекта пакідае ў падарунак адну са сваіх работ. Напрыканцы плануем прадставіць іх на аб’яднанай выставе і правесці дабрачынны аўкцыён, а сабраныя грошы накіраваць на добрую справу, вызначаную самімі мастачкамі. Прымяркуем гэта да Дня народнага адзінства 17 верасня.  

Да 23 лютага ажыццявілі акцыю “Матуліны пірагі”, падчас якой наведалі вайсковыя часці і пачаставалі ваеннаслужачых прысмакамі. Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў 15 лютага правялі цёплыя сустрэчы з ветэранамі і матулямі загінуўшых на афганскай зямлі байцоў. Заўсёды актыўна ўдзельнічаем у рэспубліканскім навагоднім дабрачынным марафоне “Нашы дзеці”, а ў гэтым го­дзе далучыліся да новай ініцыятывы “Ад усёй душы” для пажылых людзей. Віншуем у ра­дзільных дамах жанчын, якія сталі мамамі ў Дзень Незалежнасці Беларусі, у іншыя знакавыя святы, дапамагаем збіраць у школу дзяцей з малазабяспечаных сем’яў і шмат чаго яшчэ.

Стала добрай традыцыяй праводзіць жаночыя форумы. Так, у лістападзе мінулага года прайшоў рэспубліканскі форум сельскіх жанчын, на які з’ехаліся ўдзельніцы з усёй краіны. Яны змаглі абмеркаваць актуальныя пытанні, наведаць Вялікі тэатр, храм-помнік у гонар Усіх Святых, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Водгукі былі самыя найлепшыя, плануем зрабіць такія сустрэчы традыцыйнымі. А ўжо ў маі правядзём форум жанчын-прадпрымальніц.  

10 сакавіка ў Мінску пройдзе гарадская канферэнцыя “Уклад жанчыны ў развіццё дзяржавы: тэндэнцыі і перспектывы”.

— БСЖ заўсёды ў першых шэрагах і калі патрэбна гуманітарная дапамога лю­дзям, якія трапілі ў бяду…

— Сапраўды, мы актыўна дапамагалі, калі востра паўстала тэма бежанцаў і з краін Блізкага Усходу, і потым з Украіны. Сумесна с дабрачынным фондам Аляксея Талая збіралі дапамогу для жыхароў Данбаса падчас акцыі “Жанчыны Беларусі — дзецям, пацярпелым ад ваенных дзеянняў”. А хіба маглі нашы жанчыны застацца абыякавымі да гора перажыўшых моцнае землетрасенне ў Сірыі і Турцыі? БСЖ адправіў у гэтыя краіны 4,5 тоны гуманітарнай дапамогі — гэта коўдры, падушкі, пледы, спальныя мяшкі, цёплае адзенне, сродкі асабістай гігіены, падгузнікі, іншыя неабходныя рэчы.

Не засталіся ў баку і ад нядаўняй трагедыі на нашай зямлі, калі ў аварыі ў Смалявіцкім раёне загінулі 11 пасажыраў маршруткі. Сярод загінуўшых — дзве мнагадзетныя маці. Рашэннем Мінскай абласной арганізацыі БСЖ дзеці з гэтых сем’яў будуць узяты пад наша крыло, будзем падтрымліваць іх на пастаяннай аснове.

— Раскажыце аб вектарах вашага супрацоўніцтва ў міжнароднай сферы. 

— У нас падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з жаночымі аб’яднаннямі розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Вельмі шчырыя сувязі склаліся з калегамі з Санкт-Пецярбурга, працуем разам па шэрагу кірункаў. Нягледзячы на вялікую — больш за 3 тысячы кіламетраў — адлегласць, рэалізуем цікавыя праекты з жанчынамі Ханты-Мансійскай акругі.

Плённае ўзаемадзеянне наладжана з жанчынамі іншых краін — удзельніц СНД, а таксама Кітая, В’етнама, іншых дзяржаў. Геаграфія супрацоўніцтва пашыраецца. Так, у найбліжэйшы час плануем падпісаць пагадненне з прадстаўніцамі Кубы.

Дзявочы вянок Міра

— Як змяніліся за апошні час вашы рады?

— Па даных на 1 студзеня гэтага года, у складзе БСЖ — 5229 пярвічных арганізацый, што на 236 больш, чым на аналагічную дату мінулага года. Раней сярод членаў нашай арганізацыі былі ў першую чаргу прадстаўнікі сфер адукацыі і аховы здароўя. Цяпер пярвічкі актыўна ствараюцца ў банкаўскай галіне, сродках масавай інфармацыі, МУС, МНС, іншых структурах. Працуем над тым, каб з’яўляліся яны і ў недзяржаўным сектары. Асабліва актыўна гэтая работа вядзецца ў Віцебскай вобласці, дзе пры абласным БСЖ нават створана прадпрымальніцкае крыло. 

Настаўнікі застаюцца нашай апорай. Іх шмат, іх пярвічкі крэатыўныя і лёгкія на пад’ём.

— Наколькі актыўная ў складзе арганізацыі педагагічная грамадскасць? Дзе праяўляе сябе з асаблівым энтузіязмам?

— Настаўнікі застаюцца нашай апорай. Іх шмат, іх пярвічкі крэатыўныя і лёгкія на пад’ём, яны актыўна ўдзельнічаюць у самых розных мерапрыемствах. Так, наш праект “Яе рук справа” ў верасні мінулага года адкрыла выстава настаўніцы мастацкіх дысцыплін філіяла “Бераставіцкая школа мастацтваў” у аграгарадку Пагранічны Наталля Жэлязоўская. Яна прадставіла свае работы, выкананыя ў змешанай тэхніцы з акрылавых фарбаў і шкла. А крыху пазней сваёй творчасцю падзялілася педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Хойнікаў Вікторыя Новікава, якая стварае карціны з молатай кавы. 

Зараз мы думаем над тым, каб правесці асобнае мерапрыемства менавіта для жанчын-­настаўніц. Важнасць іх працы для нашага грамадства цяжка пераацаніць, хочацца ўшанаваць іх асабліва.

— Маладзёжнае крыло Беларускага саюза жанчын — у чым асаблівасць яго работы?

— Яно аб’ядноўвае рабочую і навучэнскую моладзь. Мала­дзёжнае крыло створана не так даўно, але праяўляе сябе актыўна. Прыемна, што цяпер наша арганізацыя яшчэ і такім чынам годна прадстаўлена на розных маладзёжных і не толькі пляцоўках. Так, літаральна днямі дзяўчаты прынялі ўдзел у рэспубліканскім свяце “Наваполацк — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2023”. 

Сярод ініцыятыў адзначу конкурс маладзёжных праектаў “Дзявочы вянок Міра”, падчас якога прэзентуецца шмат яскравых праектаў. Адзін з іх, настольную гульню “Васільковая Беларусь: кубікі гісторыі”, плануем пакласці ў аснову новай рэспубліканскай інтэлектуальнай віктарыны для сем’яў, у якіх выхоўваецца двое дзяцей. Плануем правесці яе ў канцы года.

Вядома ж, старэйшыя калегі па аб’яднанні дапамагаюць маладзёжнаму крылу і словам, і справай. Мы разумеем, што гэтыя дзяўчаты некалі прыйдуць нам на змену і трэба прыкласці ўсе сілы, каб яны працавалі на стварэнне. Рэгулярна сустракаемся з мола­ддзю, абмяркоўваем актуальныя пытанні нашай сучаснасці, у тым ліку самыя вострыя. Нядаўна арганізавалі сустрэчу з маладзёжным крылом БСЖ у БНТУ. Прыемна было пабачыць разумныя, жывыя вочы, зацікаўленасць у тым, каб нешта рабіць, развівацца, ісці
далей.

Спрадвечныя імкненні

— Якія ініцыятывы аб’яднанне прысвяціла Году міру і стварэння?

— Мір і стварэнне — гэта спрадвечныя жаночыя імкненні. Кожная наша абласная, гарадская, раённая арганізацыя прапануе свае ініцыятывы. Так, Гродзенская абласная арганізацыя сумесна з расійскімі калегамі плануюць правесці сямейны баль-асамблею “За мір не толькі на зямлі, а ў кожным доме і сям’і”. У красавіку і кастрычніку выса­дзяць 20 прысад міру ў кожным раёне вобласці. У маі пройдзе абласны форум паспяховых сем’яў “Мір у сям’і — згода ў краіне”. Маладзёжнае крыло ініцыіравала стварэнне да Дня Незалежнасці вялікага палатна міру з дзіцячых малюнкаў. А, напрыклад, у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці ў праграме — чэлендж “Дзякуй за мір”, стварэнне віртуальнага музея аб жанчынах раёна, пасадка кветак каля сельскіх помнікаў і шмат іншага.  

— Калі размаўляць на мове асацыяцый — з якім вобразам суадносіцца ў вас Міжнародны жаночы дзень? Што б хацелі пажадаць нашым жанчынам?

— Для мяне 8 Сакавіка — гэта кветкі і яшчэ раз кветкі. А пажадаць хачу, каб вясна прынесла ў кожны дом цяпло і дабро. Няхай мір і стварэнне, якія з’яўляюцца сімвалам гэтага года, будуць нашым унутраным станам на ўсё жыццё.

 Аксана МЫЦЬКО
Фота БелТА і прадастаўлена БСЖ