Пра заахвочванне маладых педагогаў і лепшую матывацыю для калег мужчын карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагутарыла з дырэктарам сталічнай гімназіі № 37 Ірынай Данянковай.
— Ірына Валер’еўна, чаму вы выбралі настаўніцкую прафесію?
— З дзяцінства была ўпэўнена, што стану настаўніцай, а паколькі любімым прадметам у школе была матэматыка, то, вядома, марыла стаць настаўніцай матэматыкі. У 1995 годзе з адзнакай скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Доўгі час працавала ў 145-й школе Мінска, потым — у 158-й, дзе ўзначальвала метадычнае аб’яднанне, удзельнічала ў семінарах, з задавальненнем дзялілася вопытам работы, давала адкрытыя ўрокі. Праз некаторы час стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а са жніўня 2010 года — дырэктарам школы № 158. Праз год школа атрымала статус гімназіі № 37. У ёй я працую і сёння.
— Ваша ўстанова адукацыі чацвёрты год запар займае лідзіруючыя пазіцыі па выніках работы сярод гімназій Фрунзенскага раёна. Як нацэліць педагогаў на поспех?
— Галоўны прынцып у рабоце з калектывам — прынцып супрацоўніцтва, стварэнне сапраўднай каманды, у якой мы, педагогі, больш чым проста калегі — мы становімся ў нейкай ступені адной вялікай дружнай сям’ёй.
Асноўны стрыжань калектыву — гэта людзі, якія прыйшлі разам са мной 1 верасня 2003 года, калі адкрылася школа-новабудоўля, і працуюць тут па сённяшні дзень. 78 працэнтаў педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Усе ўключаны ў работу, раскрываюць свае моцныя бакі: хтосьці працуе ў алімпіядным руху, хтосьці рыхтуе дзяцей да НПК, хтосьці рэцэнзуе школьныя падручнікі, хтосьці задзейнічаны ў метадычнай рабоце па распаўсюджванні вопыту, хтосьці прымае ўдзел у конкурсах. Няма ў калектыве такіх, хто б нідзе не быў задзейнічаны. Як гаворыцца, было б жаданне!
Натхнёна працуюць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства настаўнік-метадыст Наталля Вячаславаўна Гошка, настаўніца геаграфіі Таццяна Сяргееўна Бародзіч, настаўніца хіміі Святлана Станіславаўна Шаціла, якая летась атрымала званне “Мінчанін года”, і іншыя. Штогод нашы педагогі ўдзельнічаюць у конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і атрымліваюць прэміі і гранты Мінгарвыканкама. Апошні прадстаўлены праект — па арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння з дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Лідар”. Мы не проста накіроўваем дзяцей адпачываць, але і самі далучаемся да работы па правядзенні мерапрыемстваў, адкрытых вучэбных заняткаў і інш. І маладыя педагогі, якія прыходзяць у школу, актыўна ўключаюцца ў дзейнасць. Яны разумеюць, што па-іншаму нельга.
Каб нацэліць калектыў на поспех, трэба пачаць з сябе. Быць патрабавальнай перш за ўсё да сябе. Калі нешта вырашыла, дзейнічаю рашуча і іду да канца. Толькі так можна дасягнуць пастаўленай мэты, павесці іншых за сабой, запаліць навакольных сваімі ідэямі. Настаўнік, які жыве поспехамі і праблемамі свайго калектыву, адчувае дачыненне да агульнага выніку, будзе па-сапраўднаму захоплены сваёй працай. А захопленыя людзі могуць дасягнуць неверагодных вынікаў.
— Наколькі важныя ў рабоце матывацыя настаўнікаў да творчасці і іх стымуляванне?
— Матывацыя і стымуляванне з’яўляюцца неад’емнай часткай эфектыўнай дзейнасці ўстановы адукацыі. Таму ў сябе ў калектыве імкнуся, каб педагогі адчувалі задавальненне ад працы, а для гэтага ствараю камфортныя ўмовы, сачу за мікракліматам у калектыве, прыцягваю настаўнікаў да прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, заахвочваю дасягненні і асабісты ўклад кожнага ў развіццё гімназіі. Маладыя педагогі любяць паўтараць мае словы пра тое, што кожны чых у нашай гімназіі заахвочваецца, а таму — калі ласка, чхайце на здароўе!
Часам лепшым стымулам для педагога з’яўляецца ўважлівае і чулае да яго стаўленне, усмешка і словы падзякі за працу. Традыцыйна па выніках навучальнага года лепшыя настаўнікі ўзнагароджваюцца дыпломамі і сімвалам гімназіі — мудрым філінам. Кожны супрацоўнік павінен адчуваць сябе патрэбным у калектыве, толькі тады ён будзе зацікаўлены ў дасягненні вынікаў.
Адкрыцці, якія зрабіла І.В.Данянкова падчас работы дырэктарам:
- Кожны вучань і педагог унікальныя.
- Перамогі гімназіі — заслуга ўсяго калектыву, а няўдачы — недапрацоўкі кіраўніка.
- У слове “дзякуй” хаваецца вялікая сіла. З яго дапамогай вы можаце вельмі многае змяніць і многага дасягнуць.
— Ірына Валер’еўна, ці ёсць у вас у калектыве мужчыны? Як прыцягнуць іх у педагогіку?
— Так, у нас у калектыве працуюць 12 мужчын-педагогаў. Да гэтага часу мы адны з нямногіх у сістэме адукацыі горада, дзе прадстаўнікі моцнага полу прыкметна разбаўляюць жаночы калектыў. Заўсёды лічыла, што ўдзел мужчын у адукацыйным працэсе вельмі важны. Яны ствараюць у гімназіі асаблівую атмасферу, становяцца ўзорам для пераймання, дэманструюць прыклад мужчынскіх паводзін. І тут галоўнае нават не прыцягнуць мужчын у педагогіку, а ўтрымаць іх. Вельмі важна стварыць для іх умовы для самарэалізацыі, прафесійнага росту, творчасці. Мужчыны любяць, калі іх прыцягваюць да ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства, канферэнцыях, майстар-класах па абмене вопытам. Важнае і асяроддзе, у якім яны пачынаюць працаваць, умовы для развіцця. Даволі часта лепшай матывацыяй становяцца самі дзеці, якія зацікаўлены ў прадмеце і дасягаюць вынікаў.
— Кім складаней кіраваць: жанчынамі ці мужчынамі?
— Ніколі не задумвалася над гэтым пытаннем. Трэба ўмець кіраваць і жанчынамі, і мужчынамі. Патрабаванні да ўсіх аднолькавыя. А вось падыход трэба знайсці да кожнага. Прызнаюся, што складаней усё ж з жанчынамі, больш эмацыянальнымі, дзесьці капрызнымі. Калі ўзнікаюць спрэчныя пытанні, як матэматык спрабую знайсці ў іх логіку. Выслухоўваю абодва бакі, але ніколі не арганізоўваю паказальных сходаў.
І.В.Данянкова ў педагогіцы ўжо больш за 25 гадоў. Уладальніца прэміі і пяці грантаў Мінгарвыканкама за распрацоўку адукацыйных праектаў у галіне інфарматызацыі. Узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
— Чым адметная ваша гімназія на адукацыйнай карце сталіцы?
— Гімназія № 37 — рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій. Мы з’яўляемся аднымі з лідараў у Мінску па інфарматызацыі сталічнай адукацыі. Гэты кірунак і вызначае развіццё гімназіі. А сёння гэта і асваенне сучаснага інтэрактыўнага абсталявання, і арганізацыя электроннага навучання, і робататэхніка, віртуальная і дапоўненая рэальнасць, і нават 3D-мадэляванне і прататыпаванне.
На старшай ступені ў нас прадстаўлены практычна ўсе профільныя напрамкі: фізіка — матэматыка, хімія — біялогія, хімія — матэматыка, англійская мова — гісторыя Беларусі і інш. Упершыню сёлета быў адкрыты ІТ-напрамак, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка, інфарматыка (вучні асвойваюць мовы праграмавання Piton, C++). У профільных класах выкарыстоўваюцца сучасныя метады: падчас урокаў навучэнцы карыстаюцца электроннымі мікраскопамі, акулярамі віртуальнай рэальнасці, гаджэтамі.
З гэтага года актыўна вядзецца і дапрофільная падрыхтоўка. Мы ідзём у нагу з часам, адпаведна з запытамі рынку працы, развіцця эканомікі краіны. Сёлета таксама рэалізуем невялікі эксперымент: адкрылі
ІТ-клас на І ступені навучання, дзе вывучаецца матэматыка на павышаным узроўні. За кошт факультатыўных заняткаў, платных адукацыйных паслуг, аб’яднанняў па інтарэсах малодшыя школьнікі будуць асвойваць вучэбныя праграмы курсаў “Інфарматыка без разеткі” (1 клас), “Робататэхніка” (2 клас), “Scratch-праграмаванне” (3 клас), а ў 4 класе будуць вывучаць тэставыя і графічныя рэдактары, Fotoshop, стварэнне прэзентацый, мультфільмаў і інш. З 2 па 4 клас навучэнцы асвояць англійскую мову з дапамогай канструктара LEGO.
— Якой бачыцца вам гімназія ў найбліжэйшай будучыні?
— У найбліжэйшай будучыні бачу нашу гімназію сучаснай установай адукацыі, якая ніколі не спыняецца на дасягнутым і кожны раз знаходзіць новы вектар для свайго развіцця. Плануем адкрыццё інжынерных і медыцынскіх класаў у межах сеткавага ўзаемадзеяння з установамі вышэйшай адукацыі. Мы часта гаворым, што гімназія № 37 — гэта дом, у якім утульна ўсім. Хацелася б, каб так было заўсёды.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА