Як прывіць дзецям якасці грамадзяніна і патрыёта? Меркаванне настаўніцы

- 16:35Образование

Як прывіць дзецям якасці грамадзяніна і патрыёта? На мой погляд, уключаць навучэнцаў у актыўную дзей­насць па фарміраванні пачуцця любові да Радзімы трэба пачынаць на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Менавіта з гэтага ўзросту варта вучыць дзяцей паважліва ставіцца да сімвалаў краіны, ганарыцца той зямлёй, на якой яны нарадзіліся. Вучні-пачаткоўцы вельмі эмацыянальныя, успрымальныя, таму гэтаму напрамку работы ўдзяляю вялікую ўвагу.

 

У цяперашні час наша ўстанова рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання эмацыянальна-каштоўнасных адносін вучняў да гераічнага мінулага беларускага народа праз выкарыстанне гісторыка-культурных рэсурсаў рэгіёна ў вучэбнай і пазакласнай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі”. Распрацоўшчыкамі выступілі намеснікі дырэктара школы Вольга Мікалаеўна Цімашэнка і Алена Юр’еўна Галачэўская пры навуковай падтрымцы дацэнта МДАІРА Наталлі Пурышавай. Непасрэдны ­ўдзел у ажыццяўленні праекта прымаю і я разам са сваімі вучнямі, у кантэксце інавацыі даследую выкарыстанне выхаваўчага патэнцыялу вучэбнай і пазакласнай работы з малодшымі школьнікамі.

Спачатку працавала з навучэнцамі 4 класа. Сумесна з дзецьмі пад­рабязна вывучалі гісторыю раёна. Былі распрацаваны і праведзены мерапрыемствы: тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, музейныя заняткі, літаратурныя гасцёўні, урокі памяці, вывучэнне сямейных архіваў. У працэсе даследавання гераічнага мінулага роднага краю вучні наведвалі помнікі, брацкія магілы, мемарыяльныя дошкі, Алею ­Герояў. ­Разам мы стварылі буктрэйлер на кнігу “Ніколі не забудзем”, шматлікія кранальныя відэаролікі і прэзентацыі. 

Па выніках прамежкавага аналізу з упэўненасцю можна сказаць аб эфектыўнасці выкарыстаных форм і метадаў работы. Вучні з павагай і ўдзячнасцю адносяцца да гераічнага мінулага суайчыннікаў, з ахвотай прымаюць удзел у патрыятычных мерапрыемствах школы і раёна.

Упэўнена, кожны рэгіён мае багатую гісторыю, якая з’яўляецца добрым сродкам для інавацыйнай дзейнасці і асновай для фарміравання патрыятызму. Бацькоўска-вучнёўскі калектыў у мяне ўжо змяніўся. Але распачатая работа паспяхова працягваецца цяпер ужо з першакласнікамі.

 Алена ІВАНЦОВА,
настаўніца пачатковых класаў
сярэдняй школы № 4 Клімавіч