Першыя профільныя інжынерныя групы ў гэтым навучальным годзе з’явіліся ў гімназіі № 2 Брэста і сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. Гэта стала магчыма дзякуючы дагаворам аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам і УП “Брэстаблгаз”. А напрыканцы лютага ў БрДТУ быў падпісаны чатырохбаковы план сумесных мерапрыемстваў з навучэнцамі інжынерных класаў на гэты год, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— У нашай гімназіі 8 дзесяцікласнікаў вучацца ў інжынернай групе і на павышаным узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку. Першапачаткова ў групу адбіраліся тыя навучэнцы, чый узровень ведаў па гэтых дакладных навуках, а таксама сярэдні бал пасведчання аб базавай адукацыі не ніжэй за 7, — расказвае дырэктар гімназіі № 2 Брэста Раман Гранічны. — У рамках супрацоўніцтва таксама прадугледжана правядзенне факультатыўных заняткаў па інжынерна-будаўнічым профілі на факультэце інжынерных сістэм і экалогіі БрДТУ і на базе Брэстаблгаза. Акрамя таго, старшакласнікі будуць прыцягнуты да навукова-даследчай дзейнасці ў студэнцкіх навуковых гуртках. Зараз гімназісты вызначаюцца з тэмамі навукова-даследчых работ, якімі зоймуцца ў наступным навучальным годзе. Дарэчы, сярод навучэнцаў інжынернай групы ёсць тыя, хто ўдзельнічае ў алімпіядным руху па профільных прадметах.
Сярод вучняў сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава інжынерны профіль выбралі сямёра дзесяцікласнікаў. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Святланы Шлома, дадатковым стымулам для навучэнцаў стала перспектыва атрымання мэтавага накіравання для навучання ва ўніверсітэт ад Брэстаблгаза для тых, хто праявіць зацікаўленасць і поспехі ў вучобе.
— Школьнікам вельмі падабаюцца экскурсіі і практычныя заняткі, якія праходзяць у рамках факультатыву “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, — гаворыць Святлана Мікалаеўна. — Праграмай факультатыву прадугледжаны дадатковыя заняткі па фізіцы і інфарматыцы, а таксама наведванне Брэстаблгаза, лабараторый кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі БрДТУ, дзе вучацца студэнты па спецыяльнасці “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. У пяці ўнікальных спецыялізаваных лабараторыях прадстаўлена сучаснае абсталяванне. Навучэнцам цікава азнаёміцца з новымі энергазберагальнымі тэхналогіямі, сістэмамі цеплагазазабеспячэння, вентыляцыі і кандыцыяніравання паветра. У сакавіку нашы школьнікі ўжо наведалі філіял прадпрыемства “Гефест” і азнаёміліся з асноўнымі напрамкамі яго дзейнасці — вытворчасцю газавых, газаэлектрычных, электрычных пліт, убудаванай тэхнікі і паветраачышчальнікаў.
Як заўважаюць педагогі, калі раней старшакласнікі не праяўлялі вялікай цікавасці да інжынерных спецыяльнасцей і ўсё больш імкнуліся атрымаць эканамічную, юрыдычную або лінгвістычную адукацыю, то ў апошні час сітуацыя мяняецца — значна больш дзяцей стала выбіраць інжынерна-тэхнічны профіль. У наступным навучальным годзе абедзве ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі плануюць набраць ужо не інжынерныя групы, а цэлыя класы. Таму і прафарыентацыйную работу сярод цяперашніх дзевяцікласнікаў настаўнікі пачынаюць праводзіць ужо сёння.
— Інжынерныя класы — даволі новая тэма, якую мы будзем актыўна развіваць, у тым ліку па лініі Міністэрства адукацыі. Не выключаю, што магчымы новыя праекты з удзелам універсітэта і іншых устаноў адукацыі, прадпрыемстваў, — адзначае рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Каспяровіч. — Ключавая мэта такога супрацоўніцтва — падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў для патрэб канкрэтнага заказчыка. Цяпер гэтае ўзаемадзеянне выведзена на больш высокі ўзровень і дазваляе вырашаць галоўную задачу — забяспечыць прадпрыемствы высокакваліфікаванымі кадрамі ў той колькасці і якасці, у якой гэта неабходна рэальнаму сектару эканомікі.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота із архіва рэдакцыі