Мода і прыгажосць, подыум і сафіты, прыгожыя ўборы і гучныя апладысменты — усё гэта штогод прыцягвае навучэнцаў 11—18 гадоў ва ўзорны дзіцяча-юнацкі тэатр моды “Наш стыль” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Душэўнасць і сяброўства, творчасць і стварэнне прыгажосці — тое, за што яны любяць тэатр моды. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Нетрадыцыйная педагагічная мадэль
Акунаючыся ў свет стылю і густу ў тэатры моды “Наш стыль”, якім без малога 30 гадоў кіруе крэатыўны прафесіянал з 36-гадовым педагагічным стажам Ірына Бернардаўна Пеўзнер, дзяўчынкі вучацца ствараць прыгажосць сваімі рукамі і творча мысліць. Асвойваючы асновы кройкі і шыцця, набываючы тэарэтычныя і практычныя веды, юныя майстрыхі авалодваюць рознымі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці: вышываюць бісерам, стужкамі, асвойваюць лапікавую тэхніку. А яшчэ, спасцігаючы асновы харэаграфіі, мадэлінгу, візажу і тэатральнага мастацтва, вучацца годна прэзентаваць свае вырабы і сябе на сцэне.
Пачалося ўсё ў далёкім 1987 годзе з гуртка “Канструяванне і мадэляванне адзення”, які вяла закройшчыца лёгкага жаночага адзення Ірына Пеўзнер, пасля таго як атрымала педагагічную адукацыю. З 1994 года — перыяду росквіту тэатраў моды і конкурсаў прыгажосці — педагог не толькі вучыла сваіх выхаванак шыць, але і ўзялася за стварэнне невялікіх касцюміраваных шоу на сцэне.
Дарэчы, першая калекцыя майстра і вучаніц пад назвай “Адвечнае” заняла 1-е месца на рэспубліканскім конкурсе “Прывітанне, свет!”. Праз 10 гадоў за актыўную творчую дзейнасць тэатру моды было прысвоена ганаровае званне “ўзорны”, якое калектыў дагэтуль паспяхова пацвярджае кожныя 3 гады.
— Усе вучаніцы, гатовыя вучыцца і шмат працаваць, выходзяць на сцэну. Хай гэта адбываецца не адразу, але такі вопыт набываюць усе, — расказвае Ірына Бернардаўна. — На першай сустрэчы, як правіла, збіраюцца дзеці, якія ў вочы не бачылі швейную машыну ды і жаданнем шмат працаваць не гараць, затое мараць ззяць на сцэне. А ўжо праз месяц заняткаў яны разумеюць, што выхаду на подыум папярэднічае вялікая карпатлівая праца, а тром хвілінам маляўнічага выступлення на сцэне пад яркімі сафітамі — месяцы падрыхтоўкі і тыдні рэпетыцый. Пры гэтым мала хто з іх кажа: “Не, гэта не маё”. Дзяўчынкі хутка ўцягваюцца ў няпросты, але займальны вучэбны працэс. Большасць застаецца ў тэатры моды на 6—8 гадоў.
Працэс навучання выбудоўваецца ад простага да складанага. Першыя самастойныя вынікі дзяцей у выглядзе пашытага топа або спадніцы — гэта ўжо поспех і вялікая падстава для радасці і гордасці за сябе. А поспех натхняе. Педагог упэўнена, што любое дзіця, нават без асаблівых талентаў, праявіўшы цярпенне, працавітасць і настойлівасць у авалоданні майстэрствам, даб’ецца выдатных вынікаў, пераадолеўшы скаванасць і няўпэўненасць.
Ад простага да складанага
Праграма навучання разлічана на 4 гады. Наведвальнікі старшай і малодшай груп на працягу ўсіх гадоў вучобы не толькі адточваюць навыкі мадэлявання, канструявання і тэхналогіі пашыву розных відаў адзення, але і знаёмяцца з гісторыяй моды, яе сучаснымі напрамкамі, асноўнымі законамі мастацтва, вывучаюць правілы кампазіцыі і колеразнаўства.
У першы год навучання на занятках дзяўчынкі вучацца працаваць з тканінай, лякалам, карыстацца неабходнымі інструментамі, будаваць выкрайку, рабіць раскрой, прымерку, выконваць аздабленне вырабаў. Да таго ж яны асвойваюць асноўныя прыёмы распрацоўкі, мадэлявання і канструявання адзення, а таксама вучацца працаваць на швейнай машыне.
Зараз у арсенале тэатра 12 калекцый адзення ў розных стылістычных напрамках. За апошнія 3 гады адбылося больш за 30 выступленняў, канцэртных нумароў, тэматычных праграм.
У ходзе другога года навучання, удасканальваючы навыкі кройкі і шыцця, дзяўчынкі займаюцца мастацтвам дэфіле, адточваюць сцэнічны рух, вывучаюць стылі адзення, знаёмяцца з мастацтвам народнага касцюма, вучацца выконваць эскіз мадэлей, накід, развіваюць увагу, памяць, лагічнае і абстрактнае мысленне, прасторавае ўяўленне.
На трэцім годзе навучання дзяўчаты спазнаюць асновы кампазіцыі, формаўтварэння, практыкуюцца ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, развіваюць творчае ўяўленне і эстэтычнае ўспрыманне ў тэатральна-мастацкай дзейнасці. У навучэнак фарміруюцца вобразнае, прасторавае мысленне і ўменне выказаць сваю думку з дапамогай эскіза, малюнка, аб’ёмных або плоскасных форм, навыкі самастойнай распрацоўкі і вырабу мадэлей адзення. А на заключным этапе навучання юныя мадэльеры-мадэлі, удасканальваючы ўсе атрыманыя навыкі і ўменні, вучацца наносіць сцэнічны макіяж, самастойна выбіраць тэму калекцыі і ўвасабляць смелыя ідэі, у тым ліку з дадатковымі аксесуарамі і ўпрыгажэннямі.
Стварэнне калекцыі — гэта працяглая, карпатлівая сумесная праца педагога, харэографа Настассі Бардзюковай і дзяцей. Трэба навучыць падапечных пэўным навыкам, прыдумаць і стварыць калекцыю, а затым падрыхтаваць невялікае шоу, адрэпеціраваць кожную ролю, прадумаўшы да дробязей кожны вобраз, каб атрымалася яркае дзейства, якое аб’яднае дзявочую грацыю і прыгажосць, невычэрпную фантазію і майстэрства юных рукадзельніц. Вынік залежыць ад сумесных намаганняў, таму Ірына Бернардаўна вучыць сваіх выхаванак у першую чаргу ўзаемадзеянню, узаемапавазе і ўзаемадапамозе:
— У працэсе навучання паміж дзецьмі няма спаборнасці. Поспех — справа агульная. Вельмі хутка дзяўчынкі пераконваюцца, што без падтрымкі адна адной нікуды: больш здольныя і творчыя дапамагаюць тым, хто крыху адстае. Адвучыўшыся некалькі гадоў, дзяўчаты пачынаюць па-сапраўднаму сябраваць, яны сустракаюцца не толькі на занятках, але і праводзяць разам вольны час. Для іх тэатр моды становіцца любімай справай, той аддушынай, дзе няма школьных праблем, а ёсць цікавыя зносіны і чароўнае пераўвасабленне.
Калейдаскоп ідэй і калекцый
У сакавіку гэтага года на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет!” у намінацыі “Тэатр моды” калекцыя “Спалучэнне думкі” заняла 1-е месца, а калекцыя “Вітражы” — 2-е.
Адказваючы на пытанне, як нараджаецца новая калекцыя, Ірына Пеўзнер прыводзіць розныя прыклады:
— У творчасці адлюстроўваецца жыццё, і тэму кожнай калекцыі, у якую ўкладваецца часцінка душы, падказвае само жыццё. У час пандэміі, калі мы былі абмежаваны ў рухах і сродках, нарадзілася калекцыя-супрацьстаянне Overdrive. Мы набылі арганзу, якая, насамрэч, лепш за ўсё падыходзіць для пашыву штор, узялі балончыкі з фарбай і размалявалі тканіну, зрабіўшы стальныя акцэнты. Так у нас атрымаліся 12 касцюмаў з кажанамі, павуцінай, змеямі…
Калі некалькі гадоў назад мы рыхтаваліся да ўдзелу ў конкурсе “Прывітанне, свет!”, то неяк сама сабой актуалізавалася тэма любові да Радзімы, якая яднае людзей. Хацелася згуртаваць дзяцей, укласці ў іх розумы нешта светлае і правільнае. Адштурхоўваючыся ад любові да роднай зямлі, нашай гісторыі, традыцый продкаў, мы, выкарыстоўваючы сімвалы ўрадлівасці, багацця, сям’і, зрабілі цудоўную калекцыю “Матрыца часоў”. А вось апошнюю калекцыю “Спалучэнне думкі” навеяла творчасць мастакоў-авангардыстаў падчас наведвання музеяў і знаёмства з іх творчасцю. Ідэя стварыць з выхаванкамі малодшай групы калекцыю “Вітражы” нарадзілася, калі адна са старэйшых вучаніц прынесла нам у падарунак чамаданчык з рознымі лапікамі тканіны.
У Год малой радзімы юныя аматары моды і прыгажосці пад кіраўніцтвам педагога стварылі калекцыю “Шляхецкія нарысы” з 9 мадэлей, якія цалкам вышыты пацеркамі. Для яе стварэння спатрэбіўся год працы.
— Калі прыходзіць час прыдумляць нешта новае, заўсёды раюся з дзецьмі і кожнаму прапаную выказацца. Бывае, у адказ чую, маўляў, мы з усім згодны. Але гэты варыянт мяне не задавальняе. Упэўнена, трэба вучыць дзяцей думаць і разважаць, выказваць сваё меркаванне. Таму часам прыходзіцца неяк іх правакаваць, каб пачуць развагі ўголас. Падчас сумесных абмеркаванняў нараджаюцца цікавыя ідэі, незвычайныя вобразы, — расказвае педагог. — Працуючы, мы з дзяўчынкамі шмат размаўляем аб патаемным. Сярод выхаванак ёсць тыя, хто хоча працягнуць рэалізоўвацца ў свеце моды і дызайну, але больш тых, хто разумее, што наўрад ці школьнае захапленне перарасце ў прафесію. Аднак я не стамляюся паўтараць, што жыццё доўгае і ўсе навыкі, веды, якія яны набываюць на занятках, яшчэ не раз спатрэбяцца.
***
“Вітражы”
У калекцыі, створанай у тэхніцы лапікавага шыцця, рознакаляровыя тэкстыльныя абрэзкі аб’яднаны ў дзівосную мазаічную тканіну, з якой пашыты 8 мадэлей адзення. Адмысловае спалучэнне ў кожным канкрэтным вобразе колеру і формы, пераходаў святла і ценю, лёгкасці і празрыстасці фактуры — важны момант у стварэнні гэтай калекцыі, якая ўвасабляе народныя традыцыі ў яркай вясёлцы лапікаў розных адценняў.
“Спалучэнне думкі”
Калекцыя, навеяная пераасэнсаваннем стылявых авангардных падыходаў, выяўленчых прыёмаў і выразных сродкаў заснавальнікаў Віцебскай мастацкай школы, прадстаўнікоў знакамітага авангарднага мастацкага аб’яднання “УНОВІС”. Прыклад эксперыментальнага і нестандартнага канструктыўнага падыходу да стварэння новых, арыгінальных мадэлей адзення. Нечаканыя і складаныя камбінацыі рознакаляровых плоскасцей, ліній, геаметрычных абрыс і форм ствараюць уражанне схаванай дынамікі і энергіі.
Марына КУНЯЎСКАЯ