Школа №28 Брэста і серталаўская школа №1 Ленінградскай вобласці падпісалі праграму супрацоўніцтва

- 10:07Образование

У сістэме адукацыі Беларусі шмат прыкладаў эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў патрыятычным выхаванні моладзі. Сярод іх — дружба сярэдняй школы № 28 Брэста і серталаўскай сярэдняй школы № 1 Ленінградскай вобласці Расіі.

Іх знаёмства невыпадковае і перспектыўнае. Гэта засведчыў нядаўні візіт дэлегацыі з Серталава ў Брэст, падчас якога расійскія госці азнаё­міліся з адметнымі традыцыямі горада над Бугам, у тым ліку патрыятычнымі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

У рамках візіту на базе 28-й школы адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Патрыятычнае выхаванне як сістэмная і мэтанакіраваная дзейнасць адукацыйнай арганізацыі па фарміраванні ў вучняў грамадзянскай самасвядомасці”, дзе былі прэзентаваны сістэмы патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі дзвюх краін.

І хаця ў серталаўскай школе няма кадэцкіх класаў і мемарыяльнага атрада, які штогод заступае на Пост Памяці, там удзяляецца не меншая ўвага юнармейскаму руху і праектнай дзейнасці па вывучэнні гісторыі роднага горада і ўшанаванні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Дырэктар серталаўскай школы Маргарыта Бярэзіна заўважыла, што ў Брэста, як і ў Серталава, ёсць тое, што аб’ядноўвае, — імкненне выхаваць дастойных грамадзян. Гэта вельмі важная задача, паколькі ад ведання мінулага Айчыны і захавання гістарычнай памяці залежыць будучыня. 

У сваю чаргу дырэктар брэсцкай школы Аляксандр Лазарук расказаў, што асновай патрыятычнага выхавання ва ўстанове з’яўляюцца профільныя прававыя (кадэцкія) класы. Пра іх выхаванцаў ведаюць не толькі ў горадзе і вобласці, але і далёка за яе межамі, у тым ліку ў братэрскай Расіі. Юныя кадэты заўсёды і ўсюды імкнуцца паказаць прыклад ва ўсім, пра што сведчаць шматлікія дасягненні на страявых аглядах, ваенна-патрыятычных спаборніцтвах, алімпіядах і конкурсах. У свой час каманда 28-й школы была прызнана лепшай сярод іншых устаноў адукацыі Беларусі па выніках грамадзянска-патрыятычнай змены вучняў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”.

Адным з яркіх момантаў канферэнцыі стала выступленне кадэтаў, якія паказалі рытуал выстаў­лення змены на Пост Памяці і пранікнёна спелі пра родны горад і Радзіму. І гэта зусім не шоу, разлічанае на візуальны эфект, а паказчык сумеснай і эфектыўнай работы педагогаў і вучняў. 

Канферэнцыя завяршылася ўрачыстым падпісаннем праграмы доўгатэрміновага супрацоўніцтва дзвюх школ. Ужо летам запланаваны ўзаем­ныя візіты іх дэлегацый.

Можна не сумнявацца, што дружба паміж установамі адукацыі Беларусі і Расіі будзе ўмацоўвацца і пашырацца, а набыты вопыт пры­нясе карысць усім.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ