Дырэктар СШ № 44 Магілёва: важна рабіць усё магчымае, каб ператварыць педагогаў у каманду аднадумцаў

- 14:26Персона

Працоўны стаж дырэктара сярэдняй школы № 44 Магілёва Антона Лабаноўскага ўсяго дзевяць гадоў. Але Антон Мікалаевіч ужо дасягнуў значных прафесійных поспехаў. Надоечы ён стаў адным з пераможцаў абласнога конкурсу “Педагагічны дэбют”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У педагогіку Антон Лабаноўскі прыйшоў па закліку сэрца. Настаўнічаць імк­нуўся яшчэ з дзяцінства, бо перад вачыма быў прыклад цудоўных педагогаў у асобе маці, бабулі і іншых сваякоў.

Мне пашчасціла, бо я бачыў асаблівасці педагагічнай дзейнасці ў літаральным сэнсе знутры. Разумеў, што гэта вельмі адказная праца, але ўжо тады ведаў, што мой шлях — менавіта настаўніц­тва. Пасля школы свядома вырашыў працягнуць сямейную дынастыю. Паступіў на філалагічны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова. У якасці профілю выбраў родную беларускую мову і літаратуру, — паведаміў Антон Мікалаевіч.

Маладым спецыялістам Антон Лабаноўскі трапіў у сярэднюю школу № 40 абласнога цэнтра, пасля працаваў у Мяжысецкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна.

Абедзве навучальныя ўстановы ўспамінаю з цеплынёй. Там прайшоў прафесійнае станаўленне, адбыўся як педагог. Там змог праявіцца, адкрыць у сабе новыя грані і магчымасці, — расказаў Антон Мікалаевіч.

У першыя працоўныя гады Антон Лабаноўскі вызначыўся перамогай на абласным фестывалі “Прызванне — педагог”, абласным этапе конкурсу “Настаўнік года”. Неўзабаве актыўнага маладога педагога прыкмецілі.

Прапанова аб тым, каб узначаліць сярэднюю школу № 44 горада, стала для мяне нечаканасцю. Але, калі ўсё ўзважыў, — пагадзіўся. Хацелася паспрабаваць сябе ў новай ролі. Гэта быў своеасаблівы выклік. На пасадзе дырэктара ўжо другі год. Канечне, спачатку ўзнікалі пэўныя цяжкасці. У мяне не было вопыту адміністрацыйнай работы, складана даваліся пытанні, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю. Справіўся, дзякуючы падтрымцы калектыву, а яшчэ ўменню бачыць перад сабой мэту, верыць і ісці да яе дасягнення, — адзначыў Антон Міка­лаевіч.

Па яго словах, першай кі­раўніцкай задачай быў пошук узаемаразумення з педагагічным калектывам, арганізацыя работы так, каб творчы патэнцыял мог раскрыць кожны настаўнік.

Аб’яднаны калектыў — ключавы залог поспеху. Вельмі важна рабіць усё магчымае, каб ператварыць педагогаў у каманду аднадумцаў, дзе ўсе дапаўняюць адно аднаго і развіваюцца самастойна, — упэўнены Антон Лабаноўскі. — Тут мне пашанцавала: побач працуюць людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы парадай і справай. Такі давер і павага для мяне — вялікая каштоўнасць.

Сур’ёзны, але пазітыўны і харызматычны, адказны, але чулы і ўважлівы да іншых, Антон Мікалаевіч даволі хутка заваяваў трывалы аўтарытэт сярод вучняў, настаўнікаў, бацькоў. Ён з тых кіраўнікоў, якія не сядзяць на месцы. Дзверы яго кабінета заўсёды адчынены для ўсіх.

Сучаснаму кіраўніку неабходна быць стратэгам, бачыць перспектыву развіцця ўстановы адукацыі на некалькі гадоў наперад, пераадольваць цяжкасці. Аднаму з гэтым справіцца складана, таму я стараюся быць лідарам, які ўмее слухаць і чуць. Дзякуючы гэтай якасці, за даволі кароткі тэрмін удалося згуртаваць у адзіную супольнасць не толькі педагогаў, а і дзяцей, іх бацькоў. Усе праблемы і клопаты школы мы вырашаем разам, што прыносіць станоўчыя вынікі, — падкрэсліў Антон Лабаноўскі.

У школе ёсць істотныя зрухі па абнаўленні матэрыяльнай базы. Навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, творчасці і спорце. Выдатна праяўляюць сябе і педагогі.

Пакуль наша ўстанова па адукацыйных паказчыках не на самых высокіх пазіцыях. Але мы бачым, над чым трэба працаваць, і разам рухаемся ў гэтым напрамку, — заўважыў суразмоўнік.

Дарэчы, планы перад сабой і калектывам малады дырэктар паставіў амбіцыйныя. Сярод іх — павышэнне якасці адукацыі, удасканаленне ўзаемадзеяння сям’і і школы, выхаванне навучэнцаў асобамі, адаптаванымі да жыццёвых рэалій.

Планаў — мноства. Працуючы над іх ажыццяўленнем, вызначылі галоўную місію школы: каб вучні былі патрэбнымі ў грамадстве, упэўненымі ў заўтрашнім дні. Мы хочам бачыць нашых дзетак шчаслівымі! Да гэтага і імкнёмся, — запэўніў Антон Лабаноўскі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара