Вынікі абласнога конкурсу “Майстар года” падвялі на Брэстчыне. Спаборніцтва праходзіла сярод майстроў вытворчага навучання ССНУ з мэтай іх прафесійнага росту, выяўлення эфектыўнага педагагічнага вопыту, раскрыцця творчага патэнцыялу работнікаў і фарміравання пазітыўнага іміджу прафесіі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Конкурс, арганізаваны галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абкамамі галіновых прафсаюзаў, праходзіў у 3 этапы. Падчас першых двух 31 удзельнік рыхтаваў карты сваіх прафесійных дасягненняў, разнажанравыя відэаролікі-самапрэзентацыі “Знаёмцеся — гэта я” і відэаўрокі вытворчага навучання “Педагагічнае майстэрства”, дзе расказваў пра матывы выбару прафесіі і этапы прафесійнага станаўлення, інтарэсы, перспектывы і дасягненні, мэты і задачы адукацыйнай дзейнасці, а таксама дэманстраваў уменні і навыкі ў яе арганізацыі.
Па выніках адборачных этапаў былі вызначаны 3 фіналісты: Іна Палулех з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну, Ала Пракурат з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Надзея Карповіч з Лунінецкага дзяржаўнага ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці. За плячыма кожнага з майстроў больш за 20 гадоў педагагічнага стажу, шматлікія перамогі ў конкурсах рознага ўзроўню і не толькі.
Фінальныя спаборніцтвы, якія праходзілі ў Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, складаліся з 4 тураў. Канкурсанты праводзілі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах, дэманстравалі элементы творчай прафарыентацыйнай праграмы рэкламнага характару ў сваіх кампетэнцыях, паказвалі майстар-класы па выкананні пэўных заданняў, а таксама артыстычныя і красамоўніцкія здольнасці.
— Конкурс прайшоў на адным дыханні і падарыў незабыўныя ўражанні ад невычэрпнай творчасці і бясспрэчнага прафесіяналізму ўдзельнікаў, кожны з якіх пераканаўча даказаў, што з’яўляецца сапраўдным майстрам сваёй справы, — адзначыў старшыня журы, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі, кіраўнік Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі Міхаіл Куіш. — Асаблівае захапленне выклікалі віртуозна праведзеныя адкрытыя заняткі і майстар-класы. На высокім эмацыянальным узроўні канкурсанты чыталі вершы, спявалі і танцавалі, паказаўшы рознабаковыя інтарэсы і таленты. Нядзіўна, што ад такіх майстроў на ўсе рукі не адстаюць і іх выхаванцы.
Выступленні ўдзельнікаў высока ацаніла і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская, назваўшы ўбачанае феерыяй педагагічнага таленту, якая нікога не пакінула раўнадушным.
Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў лепшай аказалася Ала Пракурат з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. На 2-м месцы — пераможца мінулага спаборніцтва Надзея Карповіч з Лунінецкага дзяржаўнага ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці, на 3-м — Іна Палулех з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну.
Ала Пракурат зацікавілася педагагічнай дзейнасцю яшчэ ў школьныя гады, калі вельмі палюбіла маляваць. Здольную дзяўчыну ўсяляк падтрымлівалі настаўнікі і тата. Па поклічы душы яна паступіла ў тагачаснае Кобрынскае вышэйшае прафесійнае вучылішча выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, якое скончыла з адзнакай. Ва ўстанове Ала Вітальеўна паспяхова асвоіла прафесію не толькі інкрустатара саломкай і мастака роспісу па дрэве, але і настаўніцы выяўленчага мастацтва і чарчэння, майстра вытворчага навучання. Таленавітую выпускніцу пакінулі ў альма-матар.
Ала Вітальеўна шчаслівая, што можа спалучаць дзве любімыя справы — творчасць і педагогіку. У каледжы майстар рыхтуе будучых выканаўцаў мастацкіх афарміцельскіх работ і вытворцаў керамічных вырабаў.
— Гэта выдатная магчымасць для самарэалізацыі, — гаворыць Ала Пракурат. — Радуе, калі выхаванцы з радасцю пераймаюць мой вопыт і веды, удзельнічаюць у розных спаборніцтвах і перамагаюць. Гэта надае сілы працаваць яшчэ лепш.
Перамогу ў конкурсе прафмайстэрства Ала Вітальеўна лічыць заслугай усяго педкалектыву на чале з Аляксандрам Юшчуком, які паверыў у яе, што неверагодна акрыліла.
— Спаборнічаць з калегамі было цяжка, але вельмі цікава, — прызнаецца Ала Пракурат. — Гэта новы і карысны вопыт. Я ўбачыла шмат таленавітых педагогаў, у якіх ёсць чаму павучыцца, каб ісці наперад у асобасным і прафесійным развіцці. Конкурс падштурхнуў да далейшага самаўдасканалення.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара