Адукацыйная прастора Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці дынамічна развіваецца, улічваючы сучасныя тэндэнцыі. Кожны зацікаўлены кіраўнік установы адукацыі, настаўнік, навучэнец можа знайсці актуальны для сябе напрамак дзейнасці, раскрыць свой патэнцыял і самарэалізавацца. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сямёнчык.
— Міхаіл Баляслававіч, якія асаблівасці мае арганізацыя профільнага навучання ў раёне?
— Ва ўстановах адукацыі ў красавіку — маі праводзіцца вывучэнне запытаў вучняў і іх законных прадстаўнікоў па выбары прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні на III ступені навучання. На аснове атрыманай інфармацыі, аналізу матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравага патэнцыялу ўстаноў адукацыі штогод у чэрвені складаецца раённая плануемая мадэль профільнага навучання на наступны навучальны год і накіроўваецца ва ўстановы адукацыі для інфармавання навучэнцаў і іх бацькоў. Ранняе планаванне мадэлі дазваляе задаволіць запыты вучняў на вывучэнне прадметаў на павышаным і базавым узроўні. У жніўні пры неабходнасці праводзіцца яе карэкціроўка.
У 17 установах адукацыі раёна 530 навучэнцаў (68,1% ад колькасці навучэнцаў 10—11 класаў) вывучаюць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні.
Вялікая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце. Праз такія формы, як дзелавыя гульні, квесты, гульні-пагружэнні, гульні-падарожжы, фарміруецца ўсведамленне навучэнцамі сваіх інтарэсаў, здольнасцей, закладваецца ўяўленне аб прафесійных навыках. Навучэнцам прадастаўлена магчымасць уключыцца ў дапрофільную падрыхтоўку. У 7 установах адукацыі яны вывучаюць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Задавальняюцца запыты навучэнцаў у выбары факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах. У 2022 годзе ў сярэдняй школе № 4 Ваўкавыска арганізавана работа групы эканамічнай накіраванасці праз адкрыццё факультатыўных заняткаў “Асновы фінансавай дасведчанасці” і рэалізацыю планаў выхаваўчай работы, у сярэдняй школе № 5 Ваўкавыска — работа класа прававой накіраванасці праз рэалізацыю плана сумеснай работы з Ваўкавыскім аддзелам Дэпартамента аховы МУС. Арганізавана работа 10 профільных груп педагагічнай, 9 — аграрнай, 4 — ваенна-патрыятычнай, 3 — спартыўна-педагагічнай накіраванасці.
Для 240 навучэнцаў 10—11 класаў, якія не вывучаюць прадметы на павышаным узроўні, у межах працоўнага навучання рэалізуецца праграма прафесійнай падрыхтоўкі па 8 прафесіях: швачка, памочнік выхавальніка, сталяр, слесар па рамонце аўтамабіляў, тынкоўшчык, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, садоўнік, з бягучага навучальнага года арганізавана навучанне па прафесіі дэманстратар адзення.
— Як прайшоў цэнтралізаваны экзамен? Як у цэлым ацэньваеце ўвядзенне новай формы атэстацыі навучэнцаў?
— Цэнтралізаваны экзамен прайшоў арганізавана і зладжана. Навучэнцы адчувалі сябе ўпэўнена, былі псіхалагічна падрыхтаванымі да яго. Дзеці, у тым ліку і гарадскіх устаноў адукацыі, падвозіліся школьнымі аўтобусамі да месца правядзення ЦЭ. У раёне штогод на базе Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, які з’яўляецца пунктам правядзення ЦЭ, праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. Таму пэўны вопыт маем. Спадзяёмся, што вучні пацвердзяць і нават павысяць свае гадавыя адзнакі.
Новая форма выніковай атэстацыі дазволіць паменшыць нагрузку на выпускнікоў. Адпадае неабходнасць здаваць два разы экзамен па адным і тым жа вучэбным прадмеце ў рознай форме. Незалежная ацэнка ведаў выпускнікоў (ЦЭ) таксама матывуе педагогаў на павышэнне якасці адукацыі, павышае адказнасць за выніковую адзнаку па вучэбным прадмеце.
— Міхаіл Баляслававіч, у кожнага настаўніка ёсць любімыя вучні. А ці ёсць любімчыкі сярод устаноў адукацыі ў вас?
— Да ўсіх устаноў адукацыі імкнуся ставіцца аднолькава. Хаця, шчыра прызнаюся, асабліва неабыякавы да тых школ, у якіх працаваў сам. Неяк больш прымаеш да сэрца іх поспехі, няўдачы, хочацца прыйсці на дапамогу, падтрымаць, даць параду. Так, Майсеевіцкая школа, у якой я пачынаў працаваць, зараз называецца сярэдняй школай аграгарадка Юбілейны. Тут захаваны традыцыі працоўнага выхавання школьнікаў. Установа цесна супрацоўнічае з мясцовай гаспадаркай і лясніцтвам, летам арганізоўваюцца працоўныя брыгады школьнікаў. Школа вылучаецца і моцнай падрыхтоўкай вучняў па нямецкай мове. Пад кіраўніцтвам Марыі Рагацэвіч яны становяцца прызёрамі трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове.
Трапяткія адносіны склаліся і да сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска. Сёлета адразу дзве яе настаўніцы — Аксана Свістунова і Ксенія Арцюх — сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023” і будуць прадстаўляць Гродзеншчыну на заключным этапе. Ва ўстанове ў межах профільнага навучання функцыянуе група прафесійнай накіраванасці для арыентацыі на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей. Працягам работы па фарміраванні ў вучняў станоўчай матывацыі да педагагічнай дзейнасці з’яўляецца дзейнасць аздараўленчага профільнага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Настаўнік NEXT” на базе ГрДУ імя Янкі Купалы.
— Што сёння асабліва хвалюе вас як кіраўніка? Якія пытанні хацелася б вырашыць у найбліжэйшы час?
— Вельмі важна, каб вучні вызначыліся са сваім прафесійным шляхам і паспяхова справіліся з ЦЭ. На сёння актуальнымі таксама застаюцца пытанні паляпшэння матэрыяльнай базы, аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі раёна. Мару пра тое, каб настаў час, калі на сяле павялічыцца колькасць дзяцей і не трэба будзе закрываць школы. Няхай жыве і школа, і вёска! Хочацца выбудаваць эфектыўную сістэму прафарыентацыі, каб вучні маглі рабіць правільны выбар, самавызначацца. У маленькай школе кожнае дзіця на вачах і знаходзіцца пад гіперапекай педагогаў, у вялікай жа ўстанове, як правіла, мы бачым адораных вучняў і з пытаннямі ў паводзінах, а вось залатая сярэдзіна часам застаецца па-за ўвагай. Важна, каб па-за ўвагай не засталося ніводнае дзіця! Хацелася б, каб у школу прыходзілі не выпадковыя людзі, а тыя, якія зрабілі выбар прафесіі ўсвядомлена. Менавіта ім працаваць з дзецьмі і ствараць нашу будучыню.
***
Міхаіл Сямёнчык родам з Ваўкавышчыны. Скончыў Ясенавіцкую базавую школу, затым — сярэднюю школу № 2 Ваўкавыска. Выбар педагагічнай прафесіі, здаецца, быў прадвызначаны лёсам. Перад вачыма хлопчыка быў прыклад маці — настаўніцы беларускай і замежнай моў, якая сваё жыццё прысвяціла дзецям. А вось цікавасць да гісторыі, да працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве, да работы з архівамі, дакументамі, картамі прывіў юнаку настаўнік гісторыі Р.Ф.Патапёнак. Паступіўшы на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Міхаіл Баляслававіч актыўна ўключыўся ў навуковую дзейнасць. Першае працоўнае месца маладога настаўніка — школа вёскі Майсеевічы. Потым ён скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю. М.Б.Сямёнчык мае больш за 30 публікацый, выдаў манаграфію “Рабочы рух у Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд”. У 2004 годзе стаў дырэктарам Майсеевіцкай школы, а праз паўтара года — сярэдняй школы № 7, самай вялікай у раёне. У паслужным спісе педагога пасада дырэктара Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. Хутка споўніцца пяць гадоў, як Міхаіл Баляслававіч узначальвае сістэму адукацыі раёна. І як прызнаецца кіраўнік, усе ступені прафесійнага росту вельмі дапамагаюць у рабоце.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара