У школе №2 Талачына рэалізоўваюць сацыяльныя праекты па экалогіі, здароўезберажэнні, узаемадзеянні школы і сям’і

- 12:48Образование, Приложение, Шестой день

Развіваючы творчы патэнцыял школьнікаў, вырашаючы сацыяльныя праблемы і паляпшаючы мікраклімат у калектыве, у сярэдняй школе № 2 Талачына імя М.П.Лугоўскага рэалізоўваюць адразу некалькі сацыяльных праектаў па экалогіі, здароўезберажэнні, узаемадзеянні школы і сям’і. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзеці і бацькі — разам

Праект “Партнёрскае ўзаемадзеянне школы і сям’і ў рамках шостага школьнага дня” рэалізоўваюцца з пачатку гэтага навучальнага года.

Педагогі паставілі перад сабой амбіцыйную мэту — перамагчы абыяка­васць бацькоў да школьнага жыцця сваіх дзяцей, прыцягнуць іх да сумеснага ўдзелу ў класных і агульнашкольных мерапрыемствах шостага дня.

На жаль, не сакрэт, што бацькі не заўсёды праяўляюць вялікую цікавасць да таго, чым жыве іх дзіця ў школе, не веда­юць, у якіх мерапрыемствах яно ўдзельнічае. Часам дарослыя члены сям’і не вельмі ахвотна наведваюць бацькоўскія сходы, з палёгкай перакладаюць клопат па выхаванні дачок і сыноў на класных кіраўнікоў і педагогаў-прадметнікаў, — канстатуе дырэктар школы Тамара Сушкова. — Мы вырашылі выпра­віць сітуацыю. Ладзячы з калегамі комплексную і маштабную дзейнасць, каб прыцягнуць як мага больш бацькоў у школу, выкарысталі элемент спаборніцтва — абвясцілі конкурс на клас года па выніках удзелу ў мерапрыемствах шостага школьнага дня. І ўсе класы, імкнучыся зара­біць максімум балаў, пачалі праяў­ляць актыў­насць. Балы налічваюцца за колькасць удзель­нікаў, за найлепшыя дасягненні ў розных конкурсах, спаборніцтвах, марафонах, акцыях. Мэта дасягнута — сёння па суботах жыццё ў школе кіпіць.

А стартаваў праект з міні-марафону пад дэвізам “У новы навучальны год — са здаровага старту!” і спартландыі “Мама-зала”. У верасні, напрыклад, прайшла ўрачыстая лінейка ў гонар Дня народнага адзінства. Сімвалам свята стала кальцо адзінства, якое атрымалася, калі сем’і сталі вакол школы, узяўшыся за рукі. Затым бацькі і дзеці заклалі алею птушак, высадзіўшы на пры­школьнай тэрыторыі 40 саджанцаў рабіны і 30 свідзіны. На асфальце перад уваходам у школу прайшоў конкурс малюнкаў “Зберагаючы птушак, мы зберагаем зямлю”.

— У Міжнародны дзень пажылых людзей бацькі з дзецьмі дапамагалі мясцовым старажылам па гаспадарцы: ускоп­валі агарод, складвалі запасы агародніны і дроў на зіму. На сямейным фестывалі хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама іх бацькі дэманстравалі творчыя нумары, прэзентуючы свае сем’і, расказваючы пра сумесныя інтарэсы і захапленні, пра тое, як яны бавяць вольны час, — дзеліцца падрабязнасцямі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Яўген Казловіч.

У снежні традыцыйна ўся школа рыхтуецца да Новага года, святочна ўпрыгожваючы кабінеты. Не менш дружна адзначаецца Масленіца, калі дзеці і бацькі не толькі дэгустуюць бліны, але і прэзентуюць арыгінальныя рэцэпты.

Адзін з важных напрамкаў работы ў шосты школьны дзень — прафарыентацыйная работа, таму на мерапрыемствах пад назвай “Майстар сваёй справы” бацькі прэзентуюць розныя прафесіі, расказваючы пра асаб­лівасці і спецыфіку работы супрацоўніка міліцыі, пракурорскага работніка, медыка, настаўніка, кухара, прадаўца, бухгалтара і іншых.

Не абыходзяцца суботы і без працатэрапіі. Не раз на працягу навучальнага года праводзіўся агульнашкольны суботнік, на якім, узброіўшыся неабходным інвентаром, каля школы дзеці і дарослыя разам збіраюць смецце, зграбаюць сухое лісце, прыво­дзяць у парадак клумбы, пікіру­юць расаду дэкаратыўна-кветкавых культур.

Гаворачы аб карысці і выніках праекта, Тамара Станіславаўна адзна­чае:

— Сумеснае баўленне часу ў школе бацькоў і дзяцей вельмі важнае і значнае для малодшых членаў сям’і. Дзеці інакш пачынаюць ставіцца да школы. Гэта станоўча ўплывае на іх вучобу, вучыць быць неабыякавымі, сацыяльна актыўнымі. Паляпшаюцца і ўзаемаадносіны ў сем’ях — дзеці і бацькі збліжаюцца, а часам і даведваюцца нешта новае адно пра аднаго.

Фітаалеі і фіташторы

Праект “Да здароўезберажэння ў школе праз экаінавацыі ў азеляненні памяшканняў” быў адзначаны дыпломам ІІ ступені ў рэспуб­ліканскім конкурсе экалагічных праектаў “Зялёная школа”.

Аздараўляючы школьную тэрыторыю, дзеці з педагогамі майструюць фітасцены, фітаалеі з кветак і авакада, рутарый, што не толькі выглядае прыгожа, але і насычае паветра кіслародам. Сцены ў калідорах і вокны на лесвіцах упрыгожваюць фітакарціны са стабілізаванага моху, а таксама фіташторы. Фіташторы — гэта не толькі прыгожая, але і практычная рэч: у іх школьнікі вырошчваюць расаду для далейшага азелянення школы і школьнай тэрыторыі, а таксама назіраюць скрозь празрыстыя шкляначкі, як развіваецца каранёвая сістэма ў раслін, вучацца іх даглядаць, наво­дзячы парадак раз у адзін-два тыдні, мяняюць ваду, робяць вільготную ўборку.

Зараз навучэнцы 5—6 класаў працуюць над яшчэ адным экалагічным праектам “#Талачын_росцім_лес_разам”. Сумесна з Талачынскім лясгасам школьнікі вырошчваюць іглічныя дрэвы ў чыгунах на падаконніках.

Велізарны плюс у рэалізацыі сацыяльных праектаў у інтарэсах устойлівага развіцця — тое, што на прышкольнай тэрыторыі ёсць вучэбна-развіццёвая школьная аграэкасядзіба, — упэўнена кіраўнік установы адукацыі. — 16 сотак агарода і 15 сотак пладова-ягаднага саду з’яўляюцца маніторынгавай пляцоўкай для эксперыментальнай, праектнай і даследчай дзейнасці. Так, за апошнія два гады вучнямі распрацаваны наступныя даследчыя работы і праекты: “Адпрацаваны раслінны алей як натуральны пестыцыд і памочнік для саду” (дыплом ІІІ ступені ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па хіміі), даследчая работа “Экалагічныя метады кіравання ўстойлівасцю аграцэнозу прышкольнага ўчастка” (дыплом ІІ ступені ў абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ), праект “Ад фотабёрдынгу да стварэння эколага-арніталагічнага асяроддзя на пры­школьнай тэрыторыі” (дыплом ІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа”).

За апошнія два гады па ініцыятыве навучэнцаў у школе рэалізавана некалькі сацыяльных праектаў, накіраваных на рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця.

Беражом здароўе з маладосці

Сацыяльны інфармацыйна­прафілактычны праект “Я здаровым быць хачу, хай мяне навучаць!” у рамках дзяржаўнага прафілактычнага праекта “Талачын — здаровы горад” укараняецца ў школе з сакавіка мінулага года і працягнецца да сакавіка 2025 года.

Праект накіраваны на выяўленне парушэнняў паставы і плоскаступнёвасці ў дзяцей, на выпраўленне і прадухіленне гэтых хвароб. Рэалізоўваючы яго сумесна з цэнт­рам гігіены і эпідэміялогіі і раённай бальніцай, мы правялі першасны медыцынскі агляд навучэнцаў, а таксама анкетаванне баць­коў і апытанне дзяцей, каб вызначыць рызыкі ў парушэнні развіцця апорна-рухальнага апарату, — удакладняе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Малашкевіч. — У рэалізацыю праекта ўключаны ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, аднак асноўная мэтавая група — вучні 2—3 класаў.

У школе створаны клуб правільнай паставы, дзе працу­юць 3 групы, у якіх ёсць адказныя за праверку паставы, правядзенне рухавых перапынкаў і фізкульт­мінутак. Распраца­ваць наглядны матэрыял у выгля­дзе кніжак-раскладанак па тэме праекта педагогам дапамагаюць вучні педагагічнага класа. Будучыя настаўнікі таксама праводзяць заняткі з малымі на перапынках і падчас арганізацыйна-выхаваўчых заняткаў.

На працягу ўсяго перыяду праекта малодшых школьнікаў чакаюць актыўныя рухавыя перапынкі, спартыўныя спаборніцтвы, спартландыі, святы здароўя, спаборніцтвы па футболе ў рамках рэспубліканскага праекта “Мой школьны футбольны клуб”, сямейныя фестывалі “Мама, тата, я — футбольная сям’я”, турнір “Скураны мяч”.

Інфармацыйны складнік праекта — тэматычныя заняткі “Пра здароўе мы чытаем і здароўе зберагаем!”, “Як правільна берагчы сваё здароўе”, “Як правільна харчавацца”, “Якія вітаміны патрэбны нашаму арганізму для ўмацавання касцёва-­мышачнай сістэмы, для паставы”.

У рэкрэацыі пачатковых класаў ёсць сцяна, дзе паказана, як правільна кантраляваць паставу. Выкарыстоўваючы QR-коды са сцяны, кожны школьнік можа падчас перапынку выбраць для сябе гульню ці фізкультхвілінку і, паўтараючы заданні, адпачыць, зняць напружанне, а заадно і ўмацаваць здароўе. А стэнд-выстава “За здаровы лад жыцця” захоўвае малюнкі дзяцей і бацькоў па тэме праекта.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара