“Прымераць” прафесію?

- 12:24Дадатковая адукацыя, Рознае

Школьныя бізнес-кампаніі сёння на слыху. Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці іх створана ўжо некалькі дзясяткаў. Пачалі прымерваць на сябе ролю супрацоўнікаў школьных прадпрыемстваў школьнікі на Смаргоншчыне (Гродзенская вобласць). Але пакуль гэтая работа прасоўваецца вельмі марудна. Каб надаць новы імпульс гэтаму руху, каб даць асновы фінансавай граматнасці, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі правёў семінар-практыкум “Сацыяльная і фінансавая адукацыя дзяцей і моладзі” для прадстаўнікоў маладзёжных парламентаў гарадоў, дружалюбных да дзяцей, і педагогаў, якія курыруюць у гарадах міжнародную ініцыятыву.

Пра стварэнне, разнастайнасць кірункаў і ўсе нюансы дзейнасці школьных бізнес-кампаній расказала ўдзельнікам семінара прарэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі кандыдат педагагічных навук Марына Аляксееўна Краснова. Тое, што тэма актуальная, для ўдзельнікаў гэтай сустрэчы не выклікае сумненняў: такая кампанія магла б стаць магчымасцю зарабіць грошы і набыць новае абсталяванне для сябе ці для школы, устанавіць атракцыён у гарадскім парку. У многіх гарадах дзейнічаюць сацыяльныя праекты, дзе школьнікі аказваюць дапамогу пажылым адзінокім людзям, дзецям з псіхафізічнымі асаблівасцямі, сіротам.
На думку Марыны Аляксееўны, граматна прадуманае школьнае прадпрыемства можа прыносіць неблагі даход, але акрамя грошай яно дасць непараўнальна большую карысць — прадпрымальніцкі вопыт.
“У нашых навучальных установах амаль не засталося эканомікі. А разам з прадметнымі ведамі, якія неабходны для атрымання адукацыі, варта не забывацца і пра азы эканомікі, — гаворыць М.А.Краснова. — Для кожнага чалавека трэба знайсці баланс паміж працай і прафесіяй: і работа павінна падабацца, і заробак павінен задавальняць. А калі ўмела падысці, то можна заўсёды мець грошы, незалежна ад таго, кім вы працуеце. У гэтым плане я зайздрошчу Расіі: эканамічная адукацыя там падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, і ў навучальных установах паспяхова дзейнічае праграма “Школьныя кампаніі”. Нават нягледзячы на тое, што ў іх гэта — ролевая гульня, задача якой — толькі паказаць, як ствараюцца арганізацыі і прадпрыемствы. Як толькі навучэнцы гэта зразумелі — гульня заканчваецца. Тое, што робіцца ў нас, гульнёй назваць нельга, бо яе вынік — гэта рэальныя паслугі і тавары за рэальныя грошы”.
Пагадзіліся ўдзельнікі семінара з Марынай Аляксееўнай і ў тым, што праца ў школьнай кампаніі карысная ў любым выпадку. Нават калі школьныя кампаніі разараліся (былі і такія выпадкі) — гэта вопыт для іх стваральнікаў: значыць, дзейнасць прадпрыемства была непрадуманай. Як яшчэ адзін варыянт магчымасці дзіцяці паспрабаваць сябе — папулярная ў Літве гульня “Дзень ценяў”.
“Гэта гульня на рэспубліканскім узроўні, у якой прымае ўдзел нават прэзідэнт, і яе сутнасць у тым, каб даць магчымасць дзецям паглыбіцца ў тую прафесію, якую яны для сябе абралі, — патлумачыла Марына Аляксееўна. — Загадзя яны запісваюцца, чыім ценем яны хочуць стаць: прадпрымальніка, банкаўскага служачага, бухгалтара ці нават прэзідэнта. І потым на працягу дня яны, як цені, як хвосцікі, ходзяць за гэтымі людзьмі і назіраюць, якія функцыі выконваюць іх героі, як яны адказваюць на званкі, як праводзяць нарады, як запаўняюць паперы. Часта ўяўленні дзяцей аб прафесіі, якую яны для сябе абралі, вельмі агульныя, прасторавыя, без ведання сутнасці штодзённай работы. А такая гульня дае магчымасць скласці больш яскравыя ўяўленні. У выніку хтосьці сцвердзіцца, а нехта, наадварот, зменіць свае погляды і будзе шукаць для сябе іншую справу”.
Правядзенне падобных гульняў было б вельмі дарэчы з беларускімі навучэнцамі, упэўнена намеснік дырэктара Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста Святлана Уладзіміраўна Клундук. “Сама тэма стварэння бізнес-кампаній вельмі акуальная для дзяцей, — гаворыць яна. — У Брэсце летам вельмі многія школьнікі хацелі б папрацаваць. У многіх школах, дзякуючы падтрымцы Цэнтра занятасці, арганізаваны летнія працоўныя лагеры. Дапамагае дзецям працаўладкавацца і аддзел па справах моладзі, але колькасць працоўных месцаў абмежавана. І сёння неабходна звяртацца ў адпаведныя інстанцыі, якія б маглі ўрэгуляваць нарматыўна-прававую базу па магчымасці арганізацыі працоўнай дзейнасці дзяцей. Бо сёння вельмі востра паўстае пытанне вялікай нагрузкі ў дзяцей у школах: да двух-трох гадзін заняткі, пасля — аб’яднанні па інтарэсах, факультатывы ці дадатковыя заняткі. І працоўная дзейнасць для іх можа стаць звышнагрузкай. На маю думку, больш апраўданым было б стварэнне школьных бізнес-інкубатараў, дзе навучэнцы пры падтрымцы дзяржавы маглі б атрымаць пэўную тэарэтычную інфармацыю і рэалізаваць свой цікавы праект”.
Свае меркаванні Святлана Уладзіміраўна выказала і наконт урокаў фінансавай граматнасці: “Безумоўна, гэтыя веды неабходныя, і даваць іх можна без дадатковых часавых затрат у рамках вучэбных гадзін, напрыклад, падчас выкладання ўрокаў матэматыкі, калі задачы будуць пабудаваны на рэальных прыкладах: падлічыць дамашні бюджэт ці пераплаты па крэдыце”.
Яшчэ адзін варыянт даць моладзі фінансавыя веды прапанавала начальнік аддзела фінансавай граматнасці ўпраўлення небанкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Юлія Вячаславаўна Саковіч. Яна, выкарыстаўшы інтэрактыўную гульню, распрацаваную кампаніяй VISA, прапанавала прысутным згуляць у… “фінансавы футбол”. Гэта камп’ютарная гульня, падчас якой гульцы забіваюць галы саперніку, адказваючы на “грашовыя” пытанні. У такіх нязмушаных абставінах людзі куды лепш засвояць, што такое капіталізацыя і аўтаматычная пралангацыя, як не трапіць у даўгавую яму і якія наступствы можа мець сапсаваная крэдытная гісторыя…
“Улічваючы, што ўдзельнікамі нашага семінара сталі самыя актыўныя, ініцыятыўныя дзеці, гэта будзе абмеркавана на пасяджэннях маладзёжных парламентаў, а значыць, даведзена да актыву кожнай навучальнай установы горада, прычым дзеці зробяць гэта лепш, чым дарослыя, — гаворыць загадчыца вучэбна-метадычнага аддзела НЦМТДіМ Ірына Пятроўна Шаўчэнка. — Акрамя таго, я ўпэўнена, што любую ідэю хутчэй рэалізаваць “знізу”, тым больш што кіраўніцтва многіх гарадоў (на жаль, пакуль не ўсіх) сапраўды прыслухоўваецца да дзяцей і прыкладвае ўсе намаганні, каб рэалізаваць іх самыя смелыя ініцыятывы”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.