У рамках адукацыйнага праекта “Выдатны ўрок” члены клуба “Крыштальны журавель” сустрэліся з педагогамі і навучэнцамі змены “На шляху да прызвання, або Першыя педагагічныя пробы” ў НДЦ “Зубраня”.
Фарміраванню грамадзянскасці, патрыятызму, прававой і палітычнай культуры навучэнцаў удзяляецца значная ўвага ў сістэме адукацыі. Вучэбны прадмет “Замежная мова” мае высокі выхаваўчы патэнцыял для фарміравання грамадзянскай самасвядомасці праз пазнанне замежнай культуры ў дыялогу з роднай. “Свет вялікі — Беларусь адна” — такая тэма гутаркі на нямецкай мове, якую прапанавала навучэнцам 10 класа Вольга Трухан, настаўніца нямецкай мовы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 43 Мінска. Дзеці, якія прыехалі з усёй Беларусі, з вялікім задавальненнем расказвалі пра сваю малую радзіму, стваралі васільковы букет на карце нашай краіны, дзяліліся ўражаннямі аб цікавых месцах, наведвалі віртуальную экскурсію па Мінску, складалі для сябе маршрут па сталіцы на летнія канікулы.
Напоўніўшы зместава-сэнсавы складнік урока нацыянальна-рэгіянальным краязнаўчым матэрыялам, настаўніца стварыла ўмовы для развіцця ў навучэнцаў пачуцця любові да сваёй Радзімы, гордасці за сучаснасць і гістарычнае мінулае беларускага народа, фарміравання актыўнай полікультурнай асобы, здольнай да ажыццяўлення дыялогу культур праз прызму нацыянальных каштоўнасцей. Навучэнцы прыйшлі да высновы, што сучасная незалежная Беларусь прываблівае турыстаў з многіх краін дзякуючы сваёй самабытнай культуры, яркім нацыянальным традыцыям, гісторыі нашай дзяржавы. Нам ёсць чым ганарыцца, чым падзяліцца, пра што расказаць замежным гасцям. І расказваем мы на зразумелай для гасцей мове з безумоўнай павагай да чужой культуры і бязмежнай любоўю да сваёй Радзімы.
Слова як сродак камунікацыі мае энергію, якой абменьваюцца адно з адным людзі ў працэсе зносін. Што трэба ведаць, што важна памятаць кожнаму чалавеку аб гэтай энергіі, разбіраліся навучэнцы 10 класа разам з настаўніцай фізікі сярэдняй школы № 30 Мінска Марынай Дудойць на пазаўрочных занятках па фізіцы “Энергія слова”.
Падабраныя настаўніцай заданні былі накіраваны на засваенне спосабаў інтэлектуальнай дзейнасці, характэрных для прыродазнаўчых навук, логікі навуковага пазнання: ад з’яў і фактаў да мадэлей і гіпотэз, далей да высноў, іх праверкі і прымянення. У пачатку сустрэчы, спалучыўшы невербальнае і вербальнае прывітанне (прыём “Падзяліся энергіяй”, традыцыйнае зубраняцкае прывітанне “Добры дзень”), навучэнцы сфармулявалі тэму заняткаў. Умовай матывацыі на вынік пазнавальнай дзейнасці стала самастойнае складанне плана характарыстыкі “Энергія слова” ў адпаведнасці з алгарытмам апісання фізічнай велічыні.
Cловы, якія мы выказваем пры зносінах з іншымі людзьмі, павінны нараджацца ў сэрцы і быць накіраваны да сэрца іншага чалавека — тады будзе дасягнута ўзаемная павага, узаемаразуменне, зносіны стануць канструктыўнымі.
Запісваючы разліковую формулу, дзеці ўлічвалі фактары, якія вызначаюць якасны і колькасны складнік энергіі слова. У свае формулы дзеці ўключылі станоўчыя якасці, добрыя эмоцыі, пазітыўнае стаўленне да навакольнага свету. Найбольш прыдатным прыборам для вымярэння энергіі слова яны назвалі сэрца чалавека.
З мэтай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока былі выкарыстаны інтэрактыўныя метады і прыёмы. Праз арганізацыю ўзаемадзеяння ў групах былі створаны ўмовы для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў, фарміравання і развіцця сацыяльна-асобасных арыентацый.
Навучэнцы прывялі доказы таго, што фізіка як навука, якая вывучае найбольш агульныя законы прыроды, дапамагае спасцігаць шматграннасць навакольнага свету. Дзеці правялі аналогіі паміж эмоцыямі, пачуццямі чалавека і фізічнымі велічынямі, паказалі, што сувязі паміж людзьмі ўзнікаюць падобна да таго, як утвараюцца электрычныя ланцугі, абгрунтавалі факт таго, што людзям, як і ўсім целам у навакольным свеце, важна рэалізоўваць сваё прызначэнне, быць уважлівымі адно да аднаго, дапамагаць расці і папаўняць свой рэзерв. Менавіта гэтыя разважанні навучэнцы паклалі ў аснову сваіх уяўленняў аб няпростых жыццёвых сітуацыях на этапе замацавання вывучанага матэрыялу пры рашэнні задач з прымяненнем набытых на занятках ведаў.
Ці можна на ўроку фізічнай культуры і здароўя ўсе 45 мінут рухацца, не спыняючыся, пры гэтым адпрацаваць тэхніку і прыёмы спартыўнай гульні, а таксама вывучыць тэарэтычныя пытанні (якіх даволі шмат і іх неабходна ведаць кожнаму спартсмену)? Менавіта такія магчымасці ўрока фізкультуры сумесна з навучэнцамі 8 класа паказаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ясенскай сярэдняй школы Максім Мікуліч.
У змест урока па тэме “Валейбол. Удасканаленне верхняй перадачы мяча; жэсты суддзі” ўключаны практычны і неабходны для яго засваення тэарэтычны вучэбны матэрыял, які вывучаецца адначасова з фарміраваннем рухальных уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці.
У пачатку ўрока навучэнцы даведаліся, як выглядае жэст “тайм-аўт” у гандболе і баскетболе. Не даўшы адназначнага адказу на пытанне, якім жэстам запрасіць тайм-аўт у валейболе, навучэнцы паглыбіліся ў сваё няведанне невербальнай мовы гэтай спартыўнай гульні. Такім чынам было акрэслена кола тэарэтычных пытанняў для вывучэння на ўроку — знаёмства з жэстамі суддзі ў валейболе.
Азнаямленне з тэарэтычным матэрыялам у цікавай для дзяцей гульнявой форме (прыём “Карусель”) садзейнічала павышэнню рухальнай і інтэлектуальнай актыўнасці навучэнцаў. Пасля бегавой размінкі кожны навучэнец атрымаў картку з выявай і апісаннем аднаго з жэстаў суддзі. Патрабавалася знайсці аднакласніка, у якога на картцы выяўлены такі ж жэст. Утвораныя такім чынам пары сталі ў два кругі тварам адно да аднаго. Па свістку знешні круг перамяшчаўся на адну пазіцыю супраць гадзіннікавай стрэлкі, і навучэнцы ў зноў утвораных парах знаёмілі адно аднаго са зместам сваіх картак. “Карусель” працягвалася, пакуль матэрыял не быў прапрацаваны з усімі ўдзельнікамі гульні і навучэнцы са знешняга круга не вярнуліся на зыходнае становішча. Лікавая інфармацыя, размешчаная на картках (памеры валейбольнай пляцоўкі, колькасць зон і г.д.), была выкарыстана пры наступнай размінцы: той ці іншы лікавы параметр (напрыклад, даўжыня бакавой лініі, шырыня валейбольнай пляцоўкі) адпавядаў колькасці паўтарэнняў прапанаваных практыкаванняў.
Пасля размінкі навучэнцы прыступілі да ўдасканалення верхняй перадачы мяча. Алгарытм дзеянняў падобны: работа ў парах, па свістку — перамяшчэнне на адну пазіцыю супраць гадзіннікавай стрэлкі і працяг работы ў новых парах. Заключная частка ўрока была прысвечана двухбаковай вучэбнай гульні ў валейбол. Разам з удасканаленнем гульнявых навыкаў навучэнцы замацавалі вывучаны тэарэтычны матэрыял аб жэстах суддзі ў валейболе. У працэсе гульні склад каманд на пляцоўцы мяняўся, пагуляць удалося ўсім 23 навучэнцам, паколькі было ўведзена правіла: не падаў — сядай.
У канцы ўрока навучэнцы атрымалі карткі з QR-кодам: спасылка вяла на тэст “Жэсты суддзі ў валейболе”. Выкананне дамашняга задання ў выглядзе тэста дазваляе навучэнцам замацоўваць тэарэтычныя веды, атрыманыя на ўроку.
Хутка, дынамічна прайшоў абагульняючы ўрок матэматыкі па тэме “Сістэмы і сукупнасці квадратных няроўнасцей” у 8 класе пад кіраўніцтвам настаўніка матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Івана Якіменкі. У працэсе выканання заданняў, прапанаваных настаўнікам, навучэнцы набылі вопыт супрацоўніцтва з настаўнікам і аднакласнікамі. Працуючы разам, дапаўняючы адно аднаго, яны склалі апорны канспект, універсальную шпаргалку для рашэння ключавых задач тэмы, якая была візуалізавана ў выглядзе абагульняючай схемы. У далейшым навучэнцы выкарыстоўвалі схему пры рашэнні задач на ўроку.
Пры адборы зместу ўрока настаўнік аддаў перавагу яго развіццёвай функцыі. Акцэнт быў зроблены на валоданні абагульненымі, універсальнымі спосабамі дзейнасці, а таксама ўменнямі прымяняць іх для аналізу і даследавання асобных фактаў тэорыі.
У працэсе рашэння заданняў васьмікласнікі паўтарылі алгарытмы рашэння сістэм і сукупнасцей, у парах прааналізавалі іх падабенства і адрозненне, адпрацавалі ўменні працаваць з матэматычным тэкстам (аналізаваць, здабываць неабходную інфармацыю), дакладна і правільна выказваць свае думкі ў вуснай і пісьмовай мове з прымяненнем матэматычнай тэрміналогіі і сімволікі. Пры арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці настаўнікам былі створаны ўмовы для праверкі валодання навучэнцамі ўніверсальнымі вучэбнымі дзеяннямі, якія забяспечваюць здольнасць да самастойнага засваення новых ведаў і ўменняў. Падчас фізкультхвілінкі выкарыстоўваліся геаметрычныя фігуры, выбраныя навучэнцамі выпадковым чынам яшчэ да пачатку ўрока. Праз гульню “Устаньце, хто…” васьмікласнікі паўтарылі класіфікацыю і ўласцівасці чатырохвугольнікаў. Умовы для фарміравання такіх якасцей асобы, як самастойнасць, крытычнасць, уменне рабіць адказны выбар, кантраляваць вынікі вучэбнай дзейнасці, былі створаны на кантрольна-ацэначным этапе ўрока. Атрымаўшы заданні для самастойнай работы, навучэнцы выконвалі на выбар любыя 3 прыклады з 5. І сам выбар, і атрыманыя рашэнні дапамаглі ім вызначыць узровень валодання тэмай на рэфлексіўным этапе ўрока.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 182 Мінска імя Уладзіміра Карвата Святлана Назарава прапанавала навучэнцам 10 класа вывучыць жыццёвы маршрут Наташы Растовай на ўроку-даследаванні па тэме “Вобраз Наташы Растовай”, дзе навучэнцы аналізавалі ўрыўкі з усіх 4 тамоў рамана “Вайна і мір” Л.М.Талстога. Гэты ўрок пакінуў добрыя і цёплыя ўспаміны як у навучэнцаў, так і ў педагогаў, якія прысутнічалі на занятках. У сухім астатку ўражанняў ад урока Святланы Віктараўны — адкрытасць і сумленнасць навучэнцаў, іх жаданне гаварыць і спроба зразумець і растлумачыць прычыны падзей, якія адбываліся ў жыцці гераіні, яе ўчынкаў, імкненне вучняў даваць разгорнутыя адказы на пытанні, шукаць пацвярджэнні сваім думкам. І калі не з тэксту, то са свайго ўласнага вопыту, з логікі жыцця.
Навучэнцы актыўна адгукнуліся на формы і прыёмы, якія выкарыстоўваліся на ўроках, самі кантралявалі сваю актыўнасць пры выкананні заданняў і змаглі аб’ектыўна ацаніць сябе і сваю работу.
Прыёмы і формы работы, прапанаваныя настаўніцай, садзейнічалі паспяховай рабоце на ўроку ўсіх навучэнцаў, нават тых, хто твор не прачытаў. У групах дзеці аналізавалі тэкст з выкарыстаннем невялікай колькасці пытанняў (2—3 па кожным фрагменце), узнаўлялі тэкст з купюрамі (частковымі пропускамі) для актуалізацыі этапаў жыццёвага шляху гераіні, выконвалі асацыятыўна-творчае заданне, адлюстроўваючы гераіню з выкарыстаннем колеравай палітры. Раскрываючы рысы характару Наташы Растовай і прычыны яе ўчынкаў, прасачылі этапы асобаснага развіцця гераіні, вызначылі яе месца ў сістэме вобразаў рамана, што дазволіла ўсвядоміць ролю Наташы ў творы.
Урок быў пабудаваны ў форме праблемнага дыялогу, што дазволіла навучэнцам, фармулюючы адказы на пытанні, дэманстраваць навык лёгка і правільна выказвацца ў вуснай і пісьмовай форме. Таксама на ўроку адпрацоўваліся навыкі аналітычнага чытання, успрымання літаратурнага твора на эмацыянальна-вобразным і светапоглядным узроўнях. Дзеці вучыліся вызначаць прычынна-выніковыя сувязі паміж падзеямі, якія адбываюцца ў рамане, і ўчынкамі герояў. Такія ўменні і навыкі садзейнічаюць развіццю крытычнага мыслення — здольнасці, жыццёва неабходнай для паспяховай рэалізацыі чалавека ў сучасным свеце.
На ўрок беларускай літаратуры па тэме “Звесткі пра жыццё і творчасць Івана Мележа. Раман “Людзі на балоце”: творчая гісторыя, тэматыка, праблематыка” запрасіла дзесяцікласнікаў настаўніца беларускай мовы і літаратуры Падольскай сярэдняй школы Тамара Качкан.
Пры планаванні ўрока настаўніцай быў улічаны той факт, што ні адзін вучань не чытаў раман. Тамара Іосіфаўна распрацавала прыём “Складзі сюжэт”, рэалізацыя якога дапамагла дзецям вызначыць тэматыку і праблематыку твора, што без ведання зместу ажыццявіць немагчыма. Навучэнцы суадносілі ўрыўкі тэксту твора з прадстаўленымі выявамі, што дазволіла ім азнаёміцца са зместам рамана, вызначыць яго тэматыку і праблематыку. Матэрыял відэафрагмента дапамог навучэнцам асэнсаваць гісторыю стварэння твора, яны ўбачылі прататыпаў галоўных герояў.
Да канца ўрока навучэнцы ведалі асноўныя этапы жыцця і творчасці Івана Мележа, гісторыю напісання пенталогіі, змаглі абгрунтаваць тэму і праблемы рамана “Людзі на балоце” на аснове тэксту і артыкула падручніка, звязаць сюжэт рамана, гісторыю напісання “Палескай хронікі” з біяграфіяй пісьменніка і рэаліямі таго часу.
Выхаваўчы патэнцыял урока быў рэалізаваны на высокім узроўні дзякуючы дакладна падабранаму зместу заданняў, эфектыўным прыёмам і формам дзейнасці. Разважанні над візуалізаваным пытаннем на этапе актуалізацыі ведаў дапамаглі навучэнцам усвядоміць важнасць гістарычнай памяці; вобразы галоўных герояў, самога І.Мележа садзейнічалі выхаванню такіх маральных якасцей, як чалавечая годнасць, праўдзівасць, шчырасць, грамадзянскі абавязак. Абмеркаванне маральна-этычных пытанняў было накіравана на асэнсаванае разуменне сапраўднай каштоўнасці чалавека і яго асабістага шчасця.
100% навучэнцаў атрымалі адзнакі, 100% навучэнцаў, як высветлілася на этапе рэфлексіі, захацелі і плануюць прачытаць раман “Людзі на балоце”.
Хочам адзначыць, што ў “Зубраняці” жывуць і працуюць людзі, адданыя сваёй справе, якія імкнуцца трымаць высокую планку якасці нашай адукацыі. У дзіцячых калектывах створана атмасфера сяброўства, узаемаразумення, дабрыні і ветлівасці. У рамках адукацыйнага праекта “Выдатны ўрок”, які рэалізуецца ў “Зубраняці”, ажыццяўляецца абмен вопытам сярод педагогаў, ствараюцца ўмовы для ўзаемадзеяння школьнікаў з паспяховымі людзьмі сферы адукацыі, а таксама для пашырэння ведаў дзяцей аб сістэме адукацыі нашай краіны, што з’яўляецца актуальным для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Марына ДУДОЙЦЬ,
член клуба “Крыштальны журавель”,
удзельнік сустрэчы