Музей Збароўскай базавай школы імя К.Н.Осіпава “Мой родны кут” прызнаны пераможцам раённага агляду-конкурсу музеяў і музейных экспазіцый Рагачоўшчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Школьная кругасветка
З першых крокаў па прышкольнай тэрыторыі разумееш: “Мой родны кут” — гэта сапраўдны музейны комплекс, частка экспанатаў якога размешчана пад адкрытым небам. На алеі, што вядзе да будынка школы, нас сустракаюць “Сем цудаў Збарова”. Інфармацыйныя стэнды з такой назвай расказваюць пра надзіва багатую спадчыну гэтай беларускай вёскі, якая не можа не ўражваць. Так, адзін з іх знаёміць з геалагічным агаленнем “Збарова” — помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, які захоўвае ўнікальную інфармацыю аб фарміраванні зямной кары, старажытнай флоры і фаўне. Другі прадстаўляе Збароўскі замак-гарадзішча XII стагоддзя, што знаходзіцца за 8 кіламетраў ад вёскі. Трэці расказвае пра пойменныя азёры, якіх у наваколлі каля дваццаці, і кожнае мае ўнікальную гістарычную назву: Варэечка, Чыгунок, Рацькаў, Жырало, Коўбак…
— Збароў — самая старая вёска на тэрыторыі Рагачоўскага раёна, яе гісторыя пачалася яшчэ ў каменным веку. Ёсць падставы лічыць, што пасяленне заснавалі плямёны паляўнічых на аленяў, якія прыйшлі з поўначы. Ну як у такім старажытным месцы не захапіцца краязнаўчай работай! — справядліва адзначае кіраўнік музея Андрэй Чарняўскі.
Ён не без гордасці дэманструе ўнікальны экспанат, які таксама ўсталяваны на прышкольнай тэрыторыі, — валун з выкапнёвым адбіткам ракападобнага, знойдзены на тэрыторыі Збарова. Па словах Андрэя Іванавіча, яму мільёны гадоў, ён памятае яшчэ даледавіковы перыяд!
Многа на нашай шматпакутнай зямлі помнікаў, якія ўвекавечваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Але памятны знак, які стаіць каля Збароўскай школы, асаблівы. Ён складзены з цаглін старога будынка школы, у якім летам 1941 года месціўся шпіталь 61-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі. На зробленую з іх вежу паклалі салдацкія каскі тых часоў, прабітыя асколкамі. Павесілі памятную шыльду. Гэтае месца кранае да глыбіні душы.
Таксама на тэрыторыі школы размяшчаецца брацкая магіла, у якой пахавана больш за 60 абаронцаў нашай зямлі ад фашысцкай навалы. Стаіць вялікі помнік у выглядзе салдата. Па словах майго суразмоўніка, час ад часу тут праводзяць пахаванне новых знойдзеных астанкаў воінаў. Кожны раз адбываецца вельмі кранальная цырымонія, якая не пакідае абыякавым нікога. Дзеці шчыра клапоцяцца аб тым, каб тэрыторыя пахавання заўсёды была ў парадку. Склалася традыцыя да 9 Мая самім рабіць вялікі вянок Перамогі і ўскладаць яго на брацкую магілу.
— У цэлым на прышкольнай тэрыторыі налічваецца дзевяць розных пунктаў, якія з’яўляюцца часткай музейнай экспазіцыі. Яны аб’яднаны ў экалагічна-гістарычныю сцежку “Школьная кругасветка”. Нашы настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць гэты рэсурс і падчас урокаў, і на прадоўжанцы, і ў шосты школьны дзень, — расказвае Андрэй Чарняўскі.
На ганку ўстановы адукацыі змешчана вялікая карта, на якой пазначаны ўсе пункты “Школьнай кругасветкі”. Таксама тут ёсць паказальнікі на два знакавыя гістарычныя аб’екты — Збароўскі замак-гарадзішча і спаленую фашыстамі вёску Адраджэнне, якая пасля вайны так і не адрадзілася. Скарыстаўшыся нанесенымі на карту QR-кодамі, можна атрымаць больш падрабязную інфармацыю па тэмах, якія зацікавілі. Госці вёскі ахвотна карыстаюцца такой магчымасцю.
Спачатку было… пісала
Ёсць на што паглядзець, уразіцца і непасрэдна ў памяшканні школьнага музея. Ён існуе ўжо больш за 30 гадоў, адкрыты яшчэ ў савецкія часы. Заснаваны быў як музей ваенна-патрыятычнага кірунку, але паступова пачала актыўна распрацоўвацца і тэма краязнаўства.
Па праве ганарацца тут “старажытнай” часткай экспазіцыі. Мой суразмоўнік адзначае, што самыя ўнікальныя археалагічныя знаходкі са збароўскай зямлі захоўваюцца ў вядучых музеях Беларусі, пра іх узгадваецца ў многіх энцыклапедыях, а таксама ў падручніку гісторыі 6 класа. Але і школьны музей “Мой родны кут” за гады існавання назапасіў даволі цікавыя рарытэты.
— Уявіце сабе, аднойчы падчас аднадзённага паходу мы з дзецьмі знайшлі на Збароўскім гарадзішчы каля 30 частак шкляных жаночых бранзалетаў XII стагоддзя! Іх можна пабачыць цяпер у нашай экспазіцыі. А яшчэ тут ёсць старажытныя рыбалоўныя кручкі даўжынёй да 18 сантыметраў, спражкі на рамяні, манеты, чарапкі… Асаблівае месца ў калекцыі займае пісала — гэта востраканцовы стрыжань з металу, ім тагачасныя жыхары замка пісалі па воску, — тлумачыць Андрэй Іванавіч.
Збароўскімі краязнаўцамі сабрана шмат цікавых фактаў, дакументаў, экспанатаў, якія тычацца і іншых перыядаў гісторыі. Так, тут можна пабачыць ліштвы старой хаты 1914 года пабудовы, азнаёміцца з традыцыйным адзеннем рагачоўскага строю, прадметамі вясковага побыту нашых продкаў. Чырвонай ніткай праходзіць праз экспазіцыю тэма Вялікай Айчыннай вайны — подзвігу абаронцаў роднай зямлі і перажытага беларускім народам генацыду.
Наведвальнікам музея абавязкова раскажуць, што ў Збароўскай школе некалі працавала настаўніцай маці вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. З гордасцю паведамяць, што Герой Савецкага Саюза Кірыл Нічыпаравіч Осіпаў, імя якога носіць школа, быў ураджэнцам Збарова, скончыў тут школу. У вогненным 1941 годзе ён змог забяспечыць прарыў з варожага акружэння больш як 5 тысяч нашых байцоў, за што і атрымаў званне героя.
Трэба сказаць, што музей “Мой родны кут” цалкам адпавядае сваёй назве. Гэта сапраўды вельмі цёплы, утульны куточак, дзе шмат чаго, ад вітрын да малюнкаў, зроблена настаўнікамі, навучэнцамі і іх бацькамі. Тут праводзяць разнапланавыя школьныя мерапрыемствы. Працуе аб’яднанне па інтарэсах “Музеязнаўства”, якое аб’ядноўвае навучэнцаў з 3 па 9 клас. Хлопцы і дзяўчаты падрыхтаваны для правядзення захапляльных экскурсій не толькі па школьным музейным комплексе, але і па мясцовых турыстычных маршрутах. Тут заўсёды рады гасцям, з задавальненнем прадстаўляюць ім багатую прыродную і гістарычную спадчыну гэтых мясцін.
Кожны год вясной і восенню ладзяцца паходы па наваколлі, дзеці разам з настаўнікамі сочаць за станам археалагічных і вайсковых помнікаў малой радзімы.
— Любоў да Беларусі пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы. Ведаеце, калі выпускнікі нашай школы ў новай установе адукацыі пішуць сачыненні пра родны Збароў, педагогі потым здзіўляюцца: што гэта за вёска такая выбітная і незвычайная? Мы рады, што змаглі даць навучэнцам гэтыя веды, выхаваць пачуццё гордасці за родны куточак. Упэўнены, яны пранясуць яго праз усё жыццё, — дзеліцца мой суразмоўнік.
Не пашкадаваў акварыум…
Самае цікавае, што кіраўнік школьнага музея “Мой родны кут” Андрэй Чарняўскі працуе ў школе настаўнікам не гісторыі, а хіміі і біялогіі.
— Сам я з Рагачова. З дзяцінства захапляўся краязнаўствам. У 6 гадоў дома стварыў свой першы музей, у мэблевай сценцы. “Экспанаваў” там старыя манеты, бутэлькі, іншыя рэчы, якія знайшоў на Замкавай гары, дзе некалі стаяў замак каралевы Боны Сфорцы. Запрашаў у свой “музей” сяброў, абменьваўся з імі цікавымі знаходкамі. Аднойчы абмяняў бацькоўскі акварыум з рыбкамі на старую царскую манету! — з усмешкай успамінае ён.
Стаўшы педагогам, Андрэй Чарняўскі застаўся верны свайму захапленню. Працуючы настаўнікам хіміі і біялогіі ў вёсцы Антонаўцы Жлобінскага раёна, сабраў першыя экспанаты для будучага школьнага музея. І ўжо амаль 20 гадоў раскрывае свае краязнаўчыя таленты ў Збароўскай школе.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара