Дзесяць гадоў назад, думаючы над тым, як зблізіць паміж сабой вучняў, класны кіраўнік настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Маладзечна Алена Ляшкевіч заснавала школьную бізнес-кампанію. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Маленькая ідэя вельмі хутка вырасла ў буйны праект. Сёння вучнёўская бізнес-кампанія — самая лепшая на Міншчыне сярод тых бізнес-кампаній, якія дзейнічаюць у школах вобласці.
“На працягу двух месяцаў пасля заснавання бізнес-кампаніі мы думалі над тым, чым займацца, — расказвае Алена Ляшкевіч. — Калі абмяркоўвалі ідэю з дырэктарам школы, ён сказаў, што трэба прыдумаць нешта ўнікальнае, каб не паўтарацца з іншымі (на той момант школьныя бізнес-кампаніі пачалі дзейнічаць ва ўсіх школах Маладзечна і раёна). Мы вырашылі, што будзем вырабляць магнітную прадукцыю, і ведалі, што імгненнага поспеху ў нас не будзе. Прыбытку ад дзейнасці кампаніі на пачатковым этапе ў нас таксама не было.
Калі выбіралі назву для бізнес-кампаніі, спыніліся на “Пазітыве” — гэта прагноз на поспех і яркія эмоцыі, якія можна атрымаць, набыўшы нашу прадукцыю. Так, па сутнасці, і атрымалася. Ужо праз першыя паўгода наша бізнес-ідэя была прызнана самай рэнтабельнай у раёне. Работа ў дзяцей, якія заняты ў бізнес-кампаніі, цікавая і творчая. Для таго каб трапіць у “Пазітыў”, першапачаткова мы праводзілі кастынг. У выніку адабралі пяцярых навучэнцаў, у кожнага з якіх ёсць свае абавязкі. Але самае галоўнае, чаго нам удалося дасягнуць, гэта аб’яднаць іх у каманду. Толькі разам мы змаглі дасягнуць поспеху ў сваёй дзейнасці. У бізнес-кампаніі навучэнцы не толькі атрымліваюць новыя эканамічныя веды, але і вывучаюць попыт, вучацца прапаноўваць свае паслугі, працаваць у камп’ютарных праграмах, складаць рэкламныя праспекты і, што немалаважна, валодаць сабой”.
За першы год работы ўдзельнікі “Пазітыву” прадалі 2000 магнітаў. І гэта быў толькі пачатак: сёння продаж магнітнай прадукцыі павялічыўся ў разы. Што тычыцца асартыменту, то ён таксама багаты і разнастайны. На прылаўку, які выставілі навучэнцы падчас абласнога кірмашу “Вясеннія забавы”, былі магніты з беларускімі прыказкамі і прымаўкамі, вядомымі крылатымі выразамі, а таксама з выявамі роднага Маладзечна.
“Наш асартыментны рад вельмі шырокі, — запэўнівае кіраўнік бізнес-кампаніі. — Аналізуючы папярэднія гады, заўважылі, што магніты з выявамі роднага горада вельмі вабяць пакупніка. Штораз, калі прымаем удзел у фестывалях, якія праводзяцца ў гонар Маладзечна, стараемся пашырыць калекцыю магнітнай прадукцыі”.
Асноўныя пакупнікі ў “Пазітыве” — дзеці, таму для іх распрацаваны асобны асартымент. Дарэчы, часта здараецца так, што па іх просьбе магніты вырабляюцца на заказ. Выявы герояў мультфільмаў, фільмаў, анімэ — усё гэта можна ўбачыць сярод прадукцыі бізнес-кампаніі.
“Акрамя магнітаў, наша кампанія вырабляе на заказ фотарамкі, магнітныя рамкі, — працягвае педагог. — Таксама атрымліваем заказы на магнітную прадукцыю, якая вырабляецца ў выглядзе запрашэння на розныя мерапрыемствы. Апошнія гады вельмі часта магніты “Пазітыву” купляюць турыстычныя агенцтвы, якія пасля самі іх рэалізуюць. Пасля паездкі ў Германію мы з навучэнцамі фатаграфавалі знакавыя мясціны тых гарадоў, дзе былі, а потым рабілі магніты з гэтымі выявамі — сэканомілі на сувенірах”.
Падчас выставы-кірмашу “Вясеннія забавы” ажыятаж збоку пакупнікоў быў на магніты з выявамі са старых грашовых купюр: вавёрка, зайчык, зубр, рысь. Таксама цікавіла пакупнікоў прадукцыя, прысвечаная Году міру і стварэння.
“Нашы магніты ёсць у многіх краінах свету, — з гордасцю зазначае А.Ляшкевіч. — Кожны, хто едзе ў госці да знаёмых, прыходзіць да нас за сувенірамі”.
Калектыў бізнес-кампаніі “Пазітыў” — гэта пяць вучняў. Тут ёсць свой прэзідэнт, кіраўнік фінансавага аддзела, кіраўнік вытворчага аддзела і двое рабочых. Нягледзячы на такую сур’ёзную градацыю, абавязкі супрацоўнікі кампаніі паміж сабой не дзеляць, усё робяць разам.
“Мы працуем камандай, — акцэнтуе Алена Ляшкевіч. — Разам думаем над ідэямі і іх распрацоўкай, вывучаем запыты пакупнікоў. Гэта робім для таго, каб разумець, што арганізаваць наступны раз, якой прадукцыі зрабіць больш. Вельмі многа заказаў паступае праз сацыяльныя сеткі”.
Тое, што нехта выбраны на кіруючую пасаду кампаніі, а другі — рабочым, не больш чым фармальнасць, якая неабходна для правільнай арганізацыі і дзейнасці сур’ёзнай структуры. Як і ў любой кампаніі, работнікі “Пазітыву” атрымліваюць зарплату ў памеры 5% ад выручкі. Дарэчы, перавага школьных бізнес-кампаній у тым, што іх даход не падлягае падаткаабкладанню.
“20% ад выручкі можна траціць на закупку матэрыялу для далейшай работы, — тлумачыць фінансавыя тонкасці Алена Ляшкевіч. — Друк на прадукцыі робім у падрадчыка: вельмі важна, каб карцінка была якаснай, не выгарала. Звычайны прынтар тут не памочнік, таму мы ўжо 10 гадоў супрацоўнічаем са сваім партнёрам, які нам у гэтым дапамагае. Вырабляць такую прадукцыю, над якой працуем мы, не складана, але раскрываць сакрэты нельга, бо імі скарыстаюцца канкурэнты”.
Да таго як стаць лепшай вучнёўскай бізнес-кампаніяй ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі Міншчыны, каманда “Пазітыву” ўжо неаднаразова прызнавалася лепшай у Мінскай вобласці па многіх кірунках, звязаных з прадпрымальніцтвам. Так, у папярэднія гады бізнесмены сярэдняй школы № 1 Маладзечна імя Янкі Купалы станавіліся лепшымі ў намінацыях на лепшую бізнес-ідэю, лепшы бізнес-праект, а таксама выйгравалі ў канкурэнтаў у кірунку рэалізацыі прадукцыі.
“Лепшай бізнес-кампаніяй ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі мы сталі другі раз, — падкрэслівае настаўніца. — Сёлета на фестывалі свае ідэі прадстаўлялі 37 вучнёўскіх кампаній і стартапаў. Стаць лепшымі сярод такой колькасці ўдзельнікаў — гэта вельмі ганарова. На конкурсе “Прадпрымальнік года”, які праводзіўся некалькі гадоў назад, мы таксама сталі лепшымі”.
Усю сур’ёзнасць падыходу да вядзення бізнесу пацвярджаюць не толькі ўдалыя ідэі, якія рэалізуе каманда вучняў пад кіраўніцтвам Алены Ляшкевіч, але і самі вучні. Так, Цімафей Соніч, які ў “Пазітыве” займае пасаду прэзідэнта, увайшоў у дзясятку фіналістаў V Рэспубліканскай алімпіяды “Інтэлектуальная ўласнасць — аснова бізнесу”, якую праводзіць Інстытут бізнесу БДУ. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках адукацыйнага праекта “Азбука інтэлектуальнай уласнасці” і накіравана на прыцягненне ўвагі моладзі да пытанняў аховы вынікаў інтэлектуальнай працы.
“У развіцці і дзейнасці бізнес-кампаніі многае залежыць ад дзяцей, — падсумоўвае А.Ляшкевіч. — Сёлета Цімафей Соніч — гэта наша гордасць — скончыў школу. Калі абаранялі бізнес-кампанію ў МАІРА, ён адказаў абсалютна на ўсе пытанні. Няма таго, чаго б ён не ведаў у пытаннях бізнесу. У наступным годзе будзем набіраць новую каманду. Спадзяюся, усе ўдзельнікі будуць такімі ж зацікаўленымі, захопленымі нашай бізнес-ідэяй і змогуць прывесці “Пазітыў” да новых перамог”.
Даведка
Падчас абласной выставы-кірмашу “Вясеннія забавы”, якая праводзілася ў Маладзечне, былі вызначаны лепшыя вучнёўскія бізнес-кампаніі.
У намінацыі “Самая маштабная бізнес-кампанія” была ўзнагароджана вучнёўская бізнес-кампанія “Эргана” Капыльскага дзяржаўнага каледжа.
Лепшай вучнёўскай бізнес-кампаніяй ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі назвалі “Пазітыў” маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы.
Наталля САХНО