Быць класным — значыць быць дзіцем? Аб рабоце з маленькімі дарослымі, сваім шляху і факультатыве рэлігійнай накіраванасці карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Ларыса Мікалаеўна Грабун — настаўніца беларускай мовы, літаратуры і мастацтва і класны кіраўнік 8 “А” класа сярэдняй школы № 7 Слоніма.
Стаць педагогам Ларыса Мікалаеўна цвёрда вырашыла яшчэ ў сярэдняй школе, натхніўшыся прыкладам свайго настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Яна паступіла ў педагагічнае вучылішча і толькі падмацавала гэтым цікавасць да прафесіі і прадмета, які выбрала. Далей быў Віцебскі педагагічны ўніверсітэт і нарэшце першае працоўнае месца. Ларыса Мікалаеўна прыйшла працаваць у школу Зэльвенскага раёна: была настаўніцай музыкі, настаўніцай пачатковых класаў, намеснікам дырэктара па выхаваўчай, а пасля і па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У 2007 годзе перавялася на работу ў сярэднюю школу № 7 Слоніма і служыць ёй і яе вучням больш за 15 гадоў. Спачатку была дырэктарам, а зараз ужо трэці год працуе настаўніцай беларускай мовы, літаратуры і мастацтва і класным кіраўніком.
— Класнае кіраўніцтва — гэта адказная праца, — гаворыць Ларыса Мікалаеўна. — А калі ты і сам па натуры адказны чалавек, то быць класным становіцца яшчэ складаней. Таму што пачынаеш успрымаць чужых дзяцей, як сваіх уласных, перажываеш за іх поспехі і няўдачы, цікавішся іх захапленнямі, турбуешся за іх бяспеку. Часам сваім вучням я аддаю сябе больш, чым родным дзецям… Тады я нагадваю сабе, што я не толькі “класная” мама.
Яшчэ адна складанасць класнага кіраўніцтва і работы настаўніка ў цэлым, на думку Ларысы Мікалаеўны, гэта самі дзеці. Яны розныя, непаўторныя, са сваімі поглядамі і меркаваннем. У класе Ларысы Мікалаеўны вучыцца 18 чалавек — і гэта, па словах настаўніцы, яшчэ пашанцавала, бо бывае, што колькасць вучняў у класах дасягае 30 чалавек. Знайсці да кожнага падыход, стаць калі не сябрам, то хоць бы чалавекам, да якога ў дзіцяці ёсць давер, няпроста, але гэта тое, да чаго штодзень імкнецца Ларыса Мікалаеўна.
— Я стараюся, каб мае дзеці бачылі ў маёй асобе апору, падтрымку і абарону, — гаворыць класны кіраўнік. — І па іх адносінах да мяне я разумею, што ў мяне гэта атрымліваецца.
Аднак здараюцца і канфлікты, да якіх важна ставіцца з асэнсаваннем і без лішняй агрэсіі. У прыклад Ларыса Мікалаеўна прыводзіць сітуацыю ў сям’і: з родным дзіцем таксама не заўсёды знаходзіш агульную мову, а што казаць пра іншых? У спрэчных сітуацыях педагог вучыць сваіх падапечных не забываць узважваць усе за і супраць, пытацца ў сябе: “Ці сапраўды я маю рацыю?”, даваць сабе пару хвілін падыхаць, перш чым паказаць злосць праз словы.
— Бывае, што і я не маю рацыі, напрыклад, перагінаю з камандным тонам, тады прашу прабачэння ў дзяцей і не бачу ў гэтым нічога ганебнага, — дзеліцца Ларыса Мікалаеўна. — Мы з вучнямі заўсёды шукаем кампрамісы.
Клас Ларысы Мікалаеўны — гэта дзеці 13—14 гадоў. Педагог не адмаўляе, што ўзрост няпросты: у гэты перыяд чалавек толькі пачынае шукаць сябе і магчымасці самавыяўлення. Працуючы з дзецьмі, настаўніца заўсёды нагадвае сабе, што і яна калісьці была маленькай. І тады становіцца куды прасцей зразумець матывацыю ўчынкаў дзіцяці.
Філасофія выхавання педагога накіравана на тое, каб даць магчымасць дзіцяці здзейсніць памылкі і сутыкнуцца сам-насам з цяжкасцямі. А задача дарослых у гэты момант — дапамагчы справіцца з перажываннямі і не даць дзіцяці апусціць рукі.
У рабоце з дзецьмі Ларыса Мікалаеўна выкарыстоўвае інтэрактыўныя метады ўзаемадзеяння. Лекцыі сучаснай моладзі, па вопыце настаўніцы, даўно не цікавыя. Менавіта таму на першы план выйшлі дабрачынныя акцыі, паходы, экскурсіі як альтэрнатыва класнай гадзіне.
Па словах педагогаў, у кожнай школы ёсць свая асаблівасць — вось і 7-я заўсёды адрознівалася якаснымі праектамі па вывучэнні канфесій і актыўнай дзейнасцю па культурнай асвеце вучняў. Вялікую ролю адыграў і сам горад: Слонім — культурная сталіца Беларусі з вялікай колькасцю храмаў з багатай гісторыяй. Летась адміністрацыя сярэдняй школы № 7 правяла апытанне сярод вучняў і іх бацькоў, у выніку якога ў школе стартаваў праект “Укараненне мадэлі этнічнай сацыялізацыі фарміравання полікультурнай кампетэнтнасці асобы навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”.
— Пачалі мы з экскурсіі ў касцёл, які знаходзіцца зусім недалёка ад Слоніма, але ж з нашых вучняў у ім не быў ніхто (!), — успамінае Ларыса Мікалаеўна. — Знакам лёсу стаў і той факт, што ў нашым калектыве працуе свяшчэннаслужыцель айцец Аляксандр. Акрамя духоўнай адукацыі, у яго таксама ёсць дыплом па спецыяльнасці “Педагог”. Ён выкладае факультатывы па духоўна-маральным выхаванні, удзельнічае ў тэматычных мерапрыемствах. Раней да нас прыходзілі навучэнцы духоўнай семінарыі і праводзілі для дзяцей заняткі, паглыблена асвятлялі тэму канфесій.
У 2022 годзе клас Ларысы Мікалаеўны ездзіў з айцом Аляксандрам у мінскі храм-помнік у гонар Усіх Святых на сустрэчу з клірыкам Усіхсвяцкай царквы Фёдарам Поўным, заснавальнікам факультатыву па духоўна-маральным выхаванні. Святар падарыў 7-й школе батлейку і дапамог укараніць яе ў адукацыйны працэс. На сустрэчы для дзяцей правялі экскурсію і ўрок духоўнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі ў асобных залах, пасля з імі правялі і агульную гутарку. А педагогі ў гэты час, асобна ад вучняў, размаўлялі з прадстаўніком царквы.
Падобныя паездкі і экскурсіі даюць навучэнцам матывацыю і далей цікавіцца праектам. Летась разам з Ларысай Мікалаеўнай вучні наведалі царкву Святога Архангела Міхаіла ў вёсцы Сынкавічы — гэта адзін з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў нашай краіны. Па адной з легенд, храм быў пабудаваны па загадзе князя Вітаўта. За сваю гісторыю ён паслужыў праваслаўным, уніятам і католікам, з’яўляючыся прадуктам зліцця культур і сімвалам рэлігійнага сінтэзу. На базе ўбачанага Ларыса Мікалаеўна з вучнямі напісала даследчы праект, які на штогадовых ХІ Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытаннях у Гродне атрымаў
дыплом ІІ ступені.
— На факультатывах мы расказваем навучэнцам пра ўсе рэлігіі, не вылучаючы ні адну з іх. Няма мэты схіліць дзіця да пэўнай веры, — адзначае Ларыса Мікалаеўна. — Мы хочам пашырыць светапогляд дзяцей, і ў нас гэта атрымліваецца. Дзеці з вялікай цікавасцю ходзяць на заняткі. У нас у класе — кабінеце праваслаўнай культуры і мастацтва — для прыкладу вісіць іканастас. Айцец Аляксандр на факультатывах выкарыстоўвае яго для стварэння атмасферы: запальвае свечкі, тлумачыць дэталі абразоў, расказвае пра звычаі.
— Настаўнік — гэта прызванне або вопыт працы? — пытаюся напрыканцы.
— Я пераканана, што гэта прызванне, — адказвае Ларыса Мікалаеўна. — Можна дапрацаваць да глыбокай пенсіі і застацца ўрокадаўцам, але не настаўнікам. Першы школе таксама патрэбны, але яго ні ў якім разе нельга прызначаць класным кіраўніком. Таму што дзецям патрэбны ўвага, цікавасць да іх персоны, ініцыятыва ад старэйшага і дастойны прыклад, а такі чалавек не зможа даць ім гэтага. Я не размяжоўваю дзейнасць выкладчыка і класнага. Для мяне ўсё гэта — педагог, які павінен выхаваць і навучыць. І адсюль наша галоўная мэта — вырасціць дастойнага чалавека, які паважае людзей, сваю краіну і сябе.
Соф’я ЦЫКУНОВА
Фота аўтара