У сярэдняй школе № 74 Гомеля расказалі пра вынікі эксперымента па арганізацыі школьнага харчавання

- 9:00Главная, Образование

Завяршэнне навучальнага года для гомельскай сярэдняй школы № 74 супала з завяршэннем смачнага эксперымента. Тут падвялі вынік пілотнага праекта Міністэрства адукацыі па вывучэнні смакавых пераваг школьнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Фестываль “Папуры смакаў”, сімвал эксперымента “Шчаслівы пельмень” і тарты школьнікам-пераможцам у розных намінацыях — тыя сюрпрызы, якія зрабілі фінал незабыўным для вучняў і педагогаў. Усе ўдзельнікі праекта задаволены канчатковымі вынікамі, запэўнівае дырэктар сярэдняй школы № 74 Сяргей Конухаў:

— Дэвіз нашага праекта: “Здаровае харчаванне — паспяховая адукацыя”. Бясплатнымі гарачымі абедамі ў школе, дзе вучыцца больш за паўтары тысячы дзяцей, забяспечаны ўсе навучэнцы. 77% з іх харчаваліся адзін раз, а два разы на дзень было арганізавана харчаванне для выхаванцаў груп прадоўжанага дня і навучэнцаў спартыўных класаў. Трохразовае харчаванне атрымлівалі 28 дзетак, якія знаходзіліся ў школе больш за 10 гадзін. Эксперымент прымусіў перагледзець га­дзіны прыёмаў ежы, запрасіць на работу дадатковых кухараў. Настаўнікі разам з вучнямі дапамагалі своечасова накрываць сталы.

Мэта эксперымента, які праводзіўся па ўсёй краіне, — выпрацаваць аптымальнае меню з улікам пераваг дзяцей. Пры гэтым неабходна было выконваць патрабаванні да разнастайнасці прадуктаў, іх карыснасці, каларыйнасці, бо харчаванне павінна быць здаровым. Таксама важна было ўкласціся ў адпушчаныя грашовыя нормы. За навучальны год Гомельскім камбінатам школьнага харчавання было распрацавана каля паўсотні тэхналагічных карт на новыя фірменныя стравы. Школьнае меню мянялася некалькі разоў. Новыя стравы ўводзіліся пастаянна. Нейкія з іх заставаліся, а нейкія пасля дэгустацый і абмеркаванняў мяняліся на іншыя. Вёўся пастаянны дыялог не толькі са спецыялістамі Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, але і з вучнямі, іх бацькамі.

— Новыя стравы дэгуставалі вучні і бацькі, — адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Людміла Крылісценка. — Яны галасавалі за страву, якая асабліва ім спадабалася. Пасля дэгустацый прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці, савета старшакласнікаў і кіраўніцтва школы абмяркоўвалі смакавыя перавагі дзяцей.

Мяркуючы па дыяграме пераваг, у лідары выйшлі боршч, расольнік і малочны суп. Яшчэ спадабаліся катлета “Верацяно”, канверцікі з тварагом, каўбасой і сырам, стравы “Мяса сакавітае”, “Мясныя гнёзды”, тарталеткі, запечаныя з птушкай, блінчыкі з разнастайнай начынкай, шарлотка з яблыкамі “Цудоўная”, шашлык “Пяшчотны”, хот-дог з сасіскай, карбанара “Школьная”, аладкі “Курка Раба”, курыная паляндвіца, смажаная ў сухарах. Вучні высока ацанілі рыбныя нагетсы “Залатая рыбка”. Высветлілася, што дзеці не прывучаны да страў з падліўкай. Пры гэтым ім спадабаўся шашлык з дзіцячым кетчупам.

Самымі смачнымі салатамі наз­валі “Як дома” і перапяліныя яйкі з кансерваваным гарошкам або кукурузай. Асаблівай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаюцца напіткі з замарожаных ягад: вішні, клубніц і парэчак. Пры ўсіх змяненнях школьнікі па-ранейшаму атрымліваюць усю разнастайнасць прадуктаў: макаронныя вырабы, рыс, тварог, рыбу, садавіну, ёгурты і кандытарскія вырабы накшталт мармеладу і зефіру.

Падчас эксперымента многія змаглі паўдзельнічаць яшчэ і ў майстар-класах па гатаванні новых страў. У школьнай “Кулінарнай акадэміі” прафесійнымі сакрэтамі дзяліліся кухары школы. Дарэчы, яны сапраўдныя чараўнікі, якія  з самых звычайных прадуктаў могуць згатаваць надзвычай смачныя стравы, таму іх работу асаб­ліва адзначылі падчас фінальнага шоу “Папуры смакаў”. Згуртаваную каманду кухараў-прафесіяналаў у сярэдняй школе № 74 узначальвае загадчык вытворчасці Алена Намачэнка.

— Калі пачыналі, то думалі, што ўсё будзе круціцца вакол сталовай, — успамінае пачатак харчовага эксперымента намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковых класах Алена Гулевіч. — Аднак у рэалізацыю праекта ўключылася літаральна ўся школа. Мы правялі агульнашкольную акцыю “Наперад, да смачнай перамогі” і атрымалі шмат цікавых творчых прапаноў і мерапрыемстваў. Падхапілі ўсе, таму ўсім шчыры дзякуй. Мы фіксавалі прамежкавыя вынікі — на гэтую мэту працаваў школьны прэс-цэнтр, які выпускаў спецыяльныя інфармацыйныя бюлетэні. Па выніках галасавання атрымаўся рэйтынг страў, і мы зрабілі даведнік па нашым школьным меню. Настаўнікі дапамаглі зрабіць інфармацыйную прастору даступнай і зразумелай. Створаны буклеты пра рэалізацыю праекта, а таксама даведнік па школьным меню “Жыць смачна” са стравамі, якія ўвайшлі ў топ лепшых. Да таго ж у школе прайшоў школьны фестываль відэаролікаў і прэзентацый пра правільнае і здаровае харчаванне SuperBulBa. Конкурс дэкаратыўна-прыкладнай творчасці “Шчаслівы пельмень” выявіў лепшыя тэматычныя дзіцячыя малюнкі. Урэшце ўсіх адзначылі прыемнымі падарункамі і шчырымі апладысментамі.

У ходзе эксперымента атрымалася вырашыць яшчэ адну значную праблему. Ва ўстановах адукацыі прааналізавалі аб’ёмы порцый, якія прапаноўваліся навучэнцам. Высветлілася, што вучні 1—4 класаў атрымлівалі порцыю аб’ёмам 700—750 грамаў. Малое дзіця проста не ў стане з’есці столькі. Крыху паменшылі порцыі супу, гарніру, мясных страў. Пад строгім кантролем спецыялістаў усё змянілі так, каб пры гэтым не змяншаць энергетычную каштоўнасць страў. Зараз агульны аб’ём страў на адзін прыём складае 500 грамаў. Загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Пясенка адзначае, што ўсе новыя стравы адпавядаюць прынцыпам дзіцячай дыетыкі:

— Важна, каб дзіця ў  вучэбны час атрымлівала набор карысных рэчываў, неабходных для росту, развіцця і паспяховага засваення адукацыйнай праграмы.

Быў перагледжаны графік прыёму ежы. На працягу эксперымента прыйшлося спраба­ваць розныя варыянты. Цяпер першы прыём ежы для першай змены адбываецца ў 09.45. Харчаванне 625 навучэнцаў другой змены пачынаецца ў 14.45. Інтэрвал паміж накрыццём сталоў складае 40—45 мінут. Насамрэч, графік вельмі складаны і напружаны, але за год яго адпрацавалі ўсе — ад кухараў да дзяжурных вучняў.

Адзін з важных момантаў — узровень адходаў. Штодзень у школе рабілі замеры, колькі гатовых прадуктаў не з’едзена. Аналіз дазволіў уносіць змяненні ў меню. Напрыклад, палічылі патрэбным паменшыць порцыі першых страў, гарніраў, хлеба і напіткаў. Дарэчы, старэйшыя дзеці персанальна адзначалі свае перавагі праз анлайн-галасаванне, а малодшым дапамагалі настаўнікі. Кожны клас ацэньваў абед на спецыяльным стэндзе ў абедзеннай зале. Акрамя таго, дзецям дазволілі выбі­раць музыку, пад якую яны хацелі б харчавацца ў канкрэтны дзень. Па выніках праекта, з аднаго боку, харчаванне стала смачным і разнастайным, а з другога — колькасць адходаў значна скарацілася.

— Важна, каб дзеці з’ядалі ўсё, што для іх згатавана, — адзначае дырэктар Гомельскага гарадскога камбіната школьнага харчавання Вольга Порташ. — Падчас эксперымента школьнікі з задавальненнем з’ядалі практычна ўсё, што мы прапаноўвалі. Важна і тое, што паступова зменшылася колькасць харчовых адходаў.

У сярэдняй школе № 74 сур’ёзна падышлі да пераабсталявання харчаблокаў. Дадаткова набылі сталы, крэслы ў абедзенную залу і неабходнае абсталяванне для кухні. Тут з’явіліся больш магутная пасудамыечная машына і вялізная патэльня. Такім чынам, выдаткаваныя сродкі і намаганні сябе апраўдалі.

Эксперымент будзе распаў­сюджвацца: у кожным раёне Гомельшчыны вызначаюць школы, якія гатовы з 1 верасня перай­сці на новую форму харчавання. У адзін момант перавесці на новы рэжым усе ўстановы сярэдняй адукацыі немагчыма, бо гэта звязана ў тым ліку з сур’ёзнымі фінансавымі ўкладаннямі. Напрыклад, у многіх установах адукацыі старыя лініі электраперадачы не вытрымаюць нагрузку пры выкарыстанні пэўнага абсталявання.

Кіраўнік Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзей­насці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыкан­кама Алена Капа адзначае, што эксперымент значна змяніў уяўленні пра школьнае харчаванне:

— Я ведала, што гэты эксперымент стане паспяховым. Меню наблізілася да дамашняй кухні, колькасць харчовых адходаў мінімізавалася. Безумоўна, важна і рацыянальнае выдаткоўванне бюджэтных сродкаў. З намі ў камандзе працавала шмат зацікаўленых людзей. Вельмі дапамаглі кіраўнік аддзела адукацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Людміла Крылісценка і дырэктар сярэдняй школы № 74 Сяргей Конухаў. Мы ўдзячны кіраўніцтву камбіната школьнага харчавання і супрацоўнікам санітарнай службы. Калі спыталі ў дзяцей, ці спадабаўся ім удзел у гэтым праекце, пачулі дружнае “так”. Гэта самы важны крытэрый нашай агульнай работы. Дзеля гэтага ўсё і рабілася.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара