«Дабрыня ў трэндзе» — расказваем пра праекты і ініцыятывы атрада «Міласэрнасць» 3-й школы Жыткавіч

- 10:33Главная, Образование

«Дабрыня ў трэндзе», «Ветэран жыве побач», «Старасць у пашане» — ініцыятывы, якія рэалізоўваюцца ў сярэдняй школе № 3 Жыткавіч імя І.М. Банава, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Тут на працягу 15 гадоў дзейнічае валанцёрскі атрад «Міласэрнасць», які ў 2022 г. быў адзначаны на абласным узроўні як лепшы.

Пазнаць валанцёраў, вучняў 9—11-х класаў, можна па яркай жоўтай форме. Атрадам на працягу трох гадоў кіравала Валерыя Гулюта, цяпер ужо выпускніца школы, яна да таго ж з’яўляецца валанцёрам Чырвонага Крыжа, з якім супрацоўнічае ўстанова. Курыруе дзейнасць валанцёраў, а іх у гэтым навучальным годзе было 11, педагог-арганізатар Ірына Ефімовіч. Дарэчы, у ліку валанцёраў ёсць вучні, якія знаходзяцца на розных відах уліку і патрабуюць павышанай увагі.

«Дабрыня ў трэндзе» — не толькі назва акцыі, але і своеасаблівы дэвіз атрада «Міласэрнасць». Праявіць дабрыню можна па-рознаму. Часам для гэтага не трэба асаблівых намаганняў і сродкаў. Галоўнаевялікае жаданне зрабіць нешта добрае для таго, хто побач. Так, нашы валанцёры наведваюць пажылых людзей, ветэранаў, у тым ліку педагагічнай працы, — расказвае Валерыя. — Раней у Жыткавічах пры бальніцы было аддзяленне сястрынскага догляду. Да тых, хто там знаходзіўся, валанцёры прыходзілі на святы з падарункамі і пачастункамі. На Масленіцу неслі бліны, а на Вялікдзень — кулічы, якія самі пяклі ў школьнай сталовай, а жанчынам дарылі хустачкі на галаву. Цяпер гэтае аддзяленне знаходзіцца ў Тураве, таму сваю ўвагу мы скіравалі на догляд састарэлых людзей, якія пражываюць на тэрыторыі нашага мікрараёна. Мясцовыя жыхары ўжо добра ведаюць валанцёраў, чакаюць іх прыходу.

Калі зайсці ў школьны пакой вучнёўскага самакіравання напярэдадні знакавых і святочных дат, можна ўбачыць горы печыва, цукерак, сродкаў гігіены, канцылярскіх тавараў. Іх збор у школе арганізоўваюць валанцёры, якія пасля фасуюць гэтыя рэчы па пакеціках і раздаюць насельніцтву. Бабулям і дзядулям прыемна атрымліваць падарункі, але важней за ўсё для іх жывы дыялог з дзецьмі, часта надзвычай кранальны, са слязамі на вачах. Многія пенсіянеры жывуць адны, як, напрыклад, 94-гадовая Зося Пятроўна Чабытарова, якой дзеці дапамагаюць па гаспадарцы, з дровамі, віншуюць са святамі. Спрабавалі ўладкаваць жанчыну ў аддзяленне сястрынскага догляду, але яна адмаўляецца, гаворыць, дома ёй лепш, пакуль спраўляецца. І праўда, дома ў яе заўсёды чыста і прыгожа.

Не забываюць валанцёры пра дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, якім да 1 верасня дапамагаюць сабрацца ў школу, пра дзяцей, якія апынуліся ў СПЦ з-за нядбайных бацькоў. Падчас рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» валанцёры наведваюць ТЦСАН і ЦКРНіР, дзе бавяць час з дарослымі і дзецьмі з інваліднасцю. Удзельнікі атрада «Міласэрнасць» таксама займаюцца пасадкай лесу, доглядам пахаванняў на старых могілках, акультурваюць забытыя магілы воінаў, зімой расчышчаюць капліцу ад снегу.

— Нядаўна ўдзельнікі школьнага ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт» распрацавалі эколага-патрыятычны праект «Адраджэнне стаянкі партызан і ваенных разведчыкаў ва ўрочышчы Булеў Мох», — гаворыць Ірына Ефімовіч. — Валанцёры 3-й школы таксама ўдзельнічалі ў праектах, у тым ліку конкурсе «100 ідэй для Беларусі», для таго каб пра гэтае легендарнае месца даведалася як мага больш людзей.

Нагадаем, на тэрыторыі былой стаянкі вайсковай часці 44388, якая знаходзілася на Булевым балоце з ліпеня 1942 па снежань 1943 г., падчас акупацыі Беларусі гітлераўскімі войскамі, знаходзіўся Цэнтральны радыёвузел разведчыкаў і партызан (засакрэчаная часць). Ён каардынаваў дзеянні савецкіх дыверсійных груп і партызанскіх атрадаў да 1943-га.

Пейзаж на Булевым балоце з гадамі мяняецца. Раней быў востраў сярод багны. Пасля вайны на асушаных тэрыторыях вырас лес, які нядаўна высеклі з-за нашэсця караеда. Тут засталіся сляды былых зямлянак ваеннага штаба часці і тых, дзе размяшчаліся байцы.

Навучэнцы 3-й школы сумесна з ветэранамі ваеннай разведкі і кіраўніцтвам Жыткавіцкага лясгаса пасадзілі на гэтым месцы алею Памяці. Плануецца дасадзіць 350 сосен, каб ушанаваць памяць 350 партызан, узнагароджаных ордэнамі Славы, Чырвонай Зоркі і Баявога Чырвонага Сцяга, і пяць дубоў у гонар пяці Герояў Савецкага Саюза. На стаянцы намаганнямі лясгаса, членамі БГА «Ветэраны ваеннай разведкі» і школьнікамі адноўлены тры штабныя зямлянкі, 14 пахаванняў (імёны загінуўшых партызан невядомыя).

З прычыны аддаленасці і адсутнасці пад’езду да стаянкі пакуль няма магчымасці арганізоўваць экскурсіі, вахты Памяці. Сумесна з ветэранамі шукаецца магчымасць зрабіць гэты маршрут даступным. У планах аднавіць партызанскі аэрадром з дзвюма зямлянкамі (у адной адпачывалі лётчыкі, у другой ляжаў груз), узлётную паласу, якую партызаны адзначалі запаленымі вогнішчамі ў выглядзе стралы.

Эстафета добрых спраў у 3-й школе Жыткавіч будзе працягвацца. Атрад «Міласэрнасць» штогод папаўняецца навабранцамі, якія з задавальненнем далучаюцца да карысных ініцыятыў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы