Тэрыторыя Пагранічнай сярэдняй школы Камянецкага раёна, дзе атрымліваюць веды 76 дзяцей, прыцягвае ўвагу здалёк адметным ландшафтным дызайнам з дэкаратыўнымі газонамі, малымі архітэктурнымі формамі і кветнікамі, якія радуюць вока з вясны да восені. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Тут дзяцей вучаць любіць і шанаваць прыроду. Не выключэннем з’яўляецца і летні аздараўленчы лагер “Крынічка” эколага-біялагічнага профілю з кругласутачным знаходжаннем, дзе ў чэрвені адпачылі 20 хлопчыкаў і дзяўчынак з 2—7 класаў.
— Любоў да навакольнага свету лепш за ўсё выхоўваць з ранняга ўзросту, — лічыць дырэктар школы Андрэй Дзенісюк. — З улікам гэтага пабудаваны адукацыйны працэс у цэлым і летняя аздараўленчая кампанія ў прыватнасці. Педагогі ствараюць умовы не толькі для паўнацэннага адпачынку дзяцей, але і для фарміравання ў іх глыбокіх экалагічных ведаў і ўменняў, якія грунтуюцца на профільных прадметах, беражлівых адносінах да зялёных насаджэнняў, птушак і жывёл. Навакольнае асяроддзе і працоўная дзейнасць адыгрываюць важную ролю і ў эстэтычным выхаванні, бо з’яўляюцца крыніцай радасці і творчасці.
Начальнік лагера Васіль Данілюк дадае:
— Лета — найлепшы час для зносін з прыродай, бо яна дорыць незабыўныя ўражанні ад знаёмства з невядомым. Педагогі дапамагаюць дзецям уважліва паглядзець на навакольны свет і ўпэўніцца, што дзівоснае зусім побач. Праграма летніка складзена такім чынам, каб пашырыць кругагляд выхаванцаў, падштурхнуць іх да роздуму над экалагічнымі праблемамі і праз творчыя справы далучыць да карыснай дзейнасці ў гульнявой форме. А кругласутачны рэжым лагернай змены дазволіў дзецям атрымаць цікавы вопыт жыцця ў вялікім і дружным калектыве, набыць новых сяброў, навучыцца выбудоўваць канструктыўную камунікацыю.
Кожны дзень у летніку быў тэматычным і прысвячаўся сябрам, смеху, малой радзіме, экалогіі, мудрай кнізе, беражлівасці, сям’і, турызму, народным гульням, здароўю, правам і абавязкам, жывёлам, кветкам, прафесіям… Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў квестах, спартыўных эстафетах, забавах, віктарынах, гульнях, літаратурных падарожжах, тэматычных уроках, конкурсах, акцыях і круглых сталах, у тым ліку экалагічнай тэматыкі: “Зберажом планету разам”, “Мая чыстая планета”, “Ліквідатары”, “Зялёны патруль”, “Экалагічныя забегі”, “Пошук клада”, “Цеплавы баланс планеты”, “Казка пра тое, як фабрыкі і заводы планету загубілі”, “Чырвоная кніга — крык прыроды аб дапамозе”, “З прыродай на вы”, “Разам за чыстую Беларусь”, “Жывёльны свет Белавежскай пушчы”… А яшчэ падбіралі ключыкі да лета, ажыўлялі казкі, вывучалі славутасці малой радзімы і свой радавод, вызначалі лепшых чытачоў, самых спрытных і рукастых, шукалі таленты, размяркоўвалі ўласны бюджэт, хадзілі ў госці да Вітамінкі, добраўпарадкоўвалі месцы воінскіх пахаванняў…
— Тэматычныя мерапрыемствы дапамагалі выхаванцам адчуць сябе часткай прыроды, якую трэба любіць, спазнаваць і берагчы, — гаворыць Васіль Данілюк. — Мы імкнуліся сфарміраваць у свядомасці дзяцей адзіны вобраз навакольнага свету як дома — уласнага і агульнага для ўсіх людзей.
А ў тым, што прырода — невычэрпная крыніца не толькі здароўя, але і творчасці, можна было пераканацца падчас конкурсу “Кветкавая фея”. 6 удзельніц спаборнічалі ў грацыі, артыстызме, эрудыцыі і розных талентах, расказвалі пра свае захапленні, вучэбныя поспехі і любімыя кветкі, параўноўваючы сябе з імі. Тут былі і васількі, і ружы, і незабудкі, і цюльпаны, і нарцысы, і рамонкі. У кожнай з гэтых кветак непаўторная прыгажосць, якую пастараліся перадаць гледачам маленькія феі.
Адна з іх — сямікласніца Маргарыта Пракапук. Дзяўчынка адпачывала ў школьным летніку ўжо некалькі разоў.
— Тут цікава і весела, сумаваць няма калі, — прызнаецца Маргарыта. — Штодзень шмат займальных мерапрыемстваў, захапляльных падарожжаў, спартыўных спаборніцтваў, экалагічных конкурсаў… Мы з сябрамі добра правялі час, навучыліся быць самастойнымі.
Такой жа думкі прытрымліваюцца і іншыя дзеці, якія за 18 летніх дзён даведаліся шмат новага і цікавага, атрымалі безліч станоўчых эмоцый і зразумелі, што з прыродай трэба быць на вы, як з мудрым настаўнікам.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА