“Навука — практыцы” — пад такім дэвізам у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце развіваецца інтэлектуальны патэнцыял студэнцкай моладзі і выкладчыкаў. Нядзіўна, што іх распрацоўкі ўплываюць на развіццё рэальнага сектара эканомікі Брэсцкага рэгіёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёння БарДУ — гэта інавацыйны навукова-даследчы цэнтр, распрацоўкі якога адаптаваны пад запыты рынку Брэсцкай вобласці. Цеснае ўзаемадзеянне ўніверсітэцкай навукі з рэальным сектарам эканомікі, бізнес-супольнасцю і органамі дзяржаўнай улады дае магчымасць трансфармаваць ідэі вучоных у прадукты практычнага выкарыстання.
Універсітэт прайшоў акрэдытацыю на статус навуковай арганізацыі. У верасні 2021 года Міністэрства эканомікі прысвоіла БарДУ статус цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Ва УВА функцыянуюць дзве навукова-даследчыя лабараторыі, па восем студэнцкіх навуковых аб’яднанняў і гурткоў, цэнтр развіцця маладзёжных ініцыятыў, цэнтр ідэй і практык у Мэтах устойлівага развіцця і цэнтр трансферу тэхналогій. А яшчэ тут працуюць студэнцкае навуковае таварыства і савет маладых вучоных. У таварыства ўваходзяць 55 студэнтаў, а ў савет — 20 выкладчыкаў у асноўным ва ўзросце да 35 гадоў, якія імкнуцца займацца навукай.
— У нашым універсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інтэлектуальнага патэнцыялу моладзі. Для раскрыцця навуковых здольнасцей студэнтаў у нас дзейнічае студэнцкае навуковае таварыства. Мы рэгулярна праводзім навуковыя канферэнцыі, хакатоны, форумы, круглыя сталы, семінары, у тым ліку міжнародныя. Прычым іх удзельнікамі становяцца не толькі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, але і патэнцыяльныя абітурыенты, — паведаміў старшыня СНТ і старшы выкладчык кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” БарДУ Аляксей Ігаравіч Калько.
Так, у БарДУ штогод арганізоўваюць міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Навука — практыцы”, навукова-адукацыйны маладзёжны форум “Наватар”, круглы стол “Беларусь і Кітай: шматвектарнасць супрацоўніцтва”. Сярод новых мерапрыемстваў, што былі паспяхова апрабаваны, — “Інавацыйны бізнес-хакатон” і “Кейс-чэмпіянат”.
— На хакатонах студэнты разглядаюць розныя прапановы па паляпшэнні інфраструктуры рэгіёна. Нас запрашалі правесці хакатон сярод школьнікаў у час адкрыцця лабараторыі ў сярэдняй школе № 1 Баранавіч. На яго прыехалі вучні з розных гарадоў Брэсцкай вобласці, каб прапанаваць свае напрацоўкі для развіцця нашага рэгіёна. А вось на “Кейс-чэмпіянаце” для мазгавога штурму прапаноўваліся заданні, распрацаваныя арганізацыямі прамысловасці, бізнесу і сацыяльнай сферы з мэтай убачыць свежы погляд на недахопы таго ці іншага праекта. Школьнікі выдатна справіліся і з гэтымі задачамі, — расказаў Аляксей Ігаравіч.
Карысная кааперацыя
У БарДУ работа з моладдзю вядзецца паэтапна. Спачатку адбываецца знаёмства з навуковымі дасягненнямі ўніверсітэта, матэрыяльна-тэхнічнай інфраструктурай, вопытнымі вучонымі і маладымі даследчыкамі. Затым выкладчыкі пачынаюць працаваць з усімі зацікаўленымі па выбраных навуковых кірунках, вучаць праводзіць навуковыя даследаванні і распрацоўваць інавацыйныя праекты.
— Многія нашы студэнты актыўна выступаюць на розных міжнародных канферэнцыях і ўдзельнічаюць у праектных грантах. Так, вясной прадстаўнікі навуковых таварыстваў розных факультэтаў аб’ядналіся для сумеснай дзейнасці. Яны ўзялі пэўны праект і разгледзелі яго з розных бакоў: тэхнічнага, эканамічнага і гуманітарнага, бо менавіта ў кааперацыі нараджаюцца сапраўды карысныя найперш для нашага рэгіёна праекты, — расказаў старшыня СНТ.
Па яго словах, у апошнія гады ва ўніверсітэце больш развіваюцца фундаментальна-прыкладныя навукі, аднак праекты — прызёры і ўдзельнікі міжнародных грантаў — у асноўным тэхнічнага напрамку.
— Навуковая дзейнасць у нас развіваецца па трох напрамках. Першы — тэхнічны. Напрыклад, развіваем дапоўненую рэальнасць, тыя ж QR-коды. Так, па ўніверсітэцкім QR-кодзе можно азнаёміцца са спецыяльнасцямі БарДУ. Дарэчы, сярод нашых студэнтаў нямала мінчан, бо абітурыенты ўсё больш актыўна цікавяцца менавіта рэгіянальным паступленнем. Хоць наш універсітэт і малады (яму ў наступным годзе споўніцца 20 гадоў), у нас добрая падрыхтоўка, якая дазваляе канкурыраваць са сталічнымі УВА ў праектнай і навуковай дзейнасці, — перакананы А.І.Калько.
Другі напрамак — робататэхніка. У маі ў БарДУ прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Навука — практыцы”, дзе дэманстраваліся шматлікія праекты студэнтаў розных факультэтаў установы, многія з іх будуць рэалізаваны ў рэспубліканскіх грантах.
— Мы супрацоўнічаем з установамі вышэйшай адукацыі Расіі. Іх прадстаўнікі адзначылі, што наш універсітэт мае добрую базу для адкрыцця новай спецыяльнасці “Робататэхнічныя сістэмы”. Яна пакуль на стадыі распрацоўкі, але, спадзяёмся, у наступным годзе пачнём набор. І трэці наш напрамак — прыкладныя і фундаментальныя навукі. Тут студэнты розных факультэтаў распрацоўваюць праекты на стыку з тэхнічнымі навукамі, — патлумачыў Аляксей Ігаравіч.
Прафарыентацыйныя ініцыятывы
У Баранавіцкім універсітэце шырокі пласт і педагагiчных навук, а таксама вядзецца работа са школьнікамі — патэнцыяльнымі абітурыентамі. Штогод ва ўніверсітэце праводзяцца школа юных навукоўцаў і стартап-школа. У іх рамках выкладчыкі ўніверсітэта вучаць школьнікаў прынцыпам выканання навуковага даследавання, метадам распрацоўкі стартап-праектаў і іх абароне.
— У 2022 годзе сумесна з Баранавіцкім станкабудаўнічым заводам (філіялам ЗАТ “Атлант”) у сярэдняй школе № 19 Баранавіч мы адкрылі інжынерны клас, а ў гімназіі № 3 — IT-клас. Гэтыя ініцыятывы — прафарыентацыйна-адукацыйныя праекты, у рамках якіх школьнікі вучацца па інтэграванай адукацыйнай праграме на базе і ўніверсітэта, і школы, і прадпрыемстваў, адпрацоўваючы практычныя навыкі. Па выніках праграмы яе ўдзельнікі прадстаўляюць свае распрацаваныя навукова-тэхнічныя і інавацыйныя праекты. Навучанне ў такіх класах дапамагае адзінаццацікласнікам зразумець, у якім прафесійным напрамку рухацца, і вызначыцца з прадметамі для паступлення ва УВА. У далейшым мы плануем пашырацца і дамаўляцца з іншымі школамі аб такім навучанні. Да таго ж у найбліжэйшы час запланаваны старт адукацыйнага праекта “Акадэмія тэхналогій”, арыентаванага на развіццё даследчых, вынаходніцкіх кампетэнцый у вучняў горада і раёна, — паведаміў старшы выкладчык кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” БарДУ.
Штогод каманды вучоных і маладых даследчыкаў БарДУ рыхтуюць навуковыя, інавацыйныя, сацыяльныя праекты, якія становяцца ўдзельнікамі конкурсаў на выдзяленне грантаў па праграмах Міністэрства адукацыі, інавацыйнага фонду Мінадукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. Дзякуючы адукацыйным трэнінгам і якаснай падрыхтоўцы, прыкладна кожны трэці праект становіцца пераможным. А для стымулявання навукова-інавацыйнай актыўнасці ва ўніверсітэце створана сістэма ўнутраных грантаў на выкананне даследаванняў і распрацоўку праектаў.
У рамках міжнароднага супрацоўніцтва БарДУ праводзіць “Міжуніверсітэцкі навукова-адукацыйны трэкінг” у гібрыдным фармаце. Ён аб’ядноўвае больш за 10 УВА Беларусі, Расіі, Узбекістана і звыш 3 тысяч студэнтаў. Мерапрыемства праходзіць у форме вучэбных заняткаў, якія праводзяць выкладчыкі розных УВА-партнёраў па тэматычных профілях (трэках). Акрамя гэтага, выдаюцца навукова-практычны часопіс “Веснік БарДУ” і электронны часопіс “Навуковыя тэндэнцыі”.
— Навука ў першую чаргу павінна спрыяць развіццю нашай дзяржавы і грамадства, каб на міжнароднай арэне Беларусь магла дэманстраваць свае перадавыя тэхналогіі. На гэта якраз і накіравана наша ўніверсітэцкая навука, — рэзюмаваў Аляксей Калько.
***
Аляксей Калько скончыў сярэднюю школу № 3 Баранавіч у 2011 годзе і паступіў у БарДУ на спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. Пасля яго заканчэння ў 2016 годзе атрымаў кваліфікацыю інжынера-праграміста. На апошніх курсах пачаў выкладаць на роднай кафедры і паралельна займацца навуковай дзейнасцю. Тэматыка яго даследаванняў тычылася нейронных сетак і штучнага інтэлекту.
— Я працаваў з выявамі і рознымі аб’ектамі, для таго каб потым можна было навучаць нейронныя сеткі і выкарыстоўваць іх у нашым штодзённым жыцці. Пры выпуску з універсітэта я застаўся выкладаць на кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і паступіў у магістратуру БДУІР па спецыяльнасці “Інфарматыка і распрацоўка праграмнага забеспячэння”, у 2018 годзе паспяхова абараніў магістарскую дысертацыю і пайшоў у аспірантуру па тым жа кірунку. На працягу ўсіх гадоў навучання мне было неверагодна цікава: я ўдзельнічаў у грантах, наведваў розныя стажыроўкі, выставы і канферэнцыі. Зараз імкнуся прыцягваць да навуковай дзейнасці як мага больш нашых студэнтаў з розных факультэтаў, — падкрэсліў старшыня студэнцкага навуковага таварыства.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара