Менш за месяц застаецца да пачатку новага навучальнага года. Установы адукацыі аднаўляюцца і прыгажэюць літаральна на вачах. У іх завяршаюцца рамонтныя работы: дафарбоўваюцца сцены, фасады, мыюцца падлогі, вокны — ва ўсю кіпіць работа. Разам з настаўнікамі і тэхнічнымі работнікамі ў сярэдняй школе № 61 Мінска працуюць і навучэнцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёлетнія адзінаццацікласнікі фарбуюць надворнае абсталяванне, а больш малодшыя вучні ў кабінеце працоўнага навучання разам з настаўнікам тэхнічнай працы Максімам Ціхановічам рамантуюць школьную мэблю. Дарэчы, на працягу года ў школе ствараюцца працоўныя брыгады школьнікаў, якія хочуць падзарабіць грошай, адчуць сябе дарослымі. Для старшакласнікаў заводзяцца працоўныя кніжкі.
— Нашай установе адукацыі ўжо 9 гадоў, у ёй вучацца 1700 школьнікаў. У іх ёсць магчымасць рэалізавацца па ўсіх без выключэння напрамках. Мы можам прапанаваць ім мноства профіляў і спектраў развіцця. Менавіта школа павінна ўсебакова развіць асобу, каб потым дзіця магло хутка сарыентавацца і правільна вызначыцца з прафесіяй, не набіваць шышкі, а ўпэўнена ісці па выбраным шляху, — гаворыць дырэктар школы Ірына Цубікава. — Каб стварыць для навучэнцаў камфортныя ўмовы для вучобы і вольнага часу, матэрыяльна-тэхнічную базу трэба падтрымліваць у добрым стане.
За летні перыяд мы правялі касметычныя рамонты вучэбных кабінетаў, холаў, лесвіц (гэтыя работы працягваюцца і зараз), абнаўляем мэблю. За кошт бюджэтных сродкаў праводзіцца рамонт даху, басейна, набыты новы цеплаабменнік. На гэта выдзелена каля 25 тысяч рублёў. У мэтах бяспекі ў школе ўстаноўлены яшчэ адзін турнікет — 6 тысяч рублёў выдаткавана са сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці.
У найбліжэйшы тыдзень будуць праводзіцца работы па рамонце хакейнай каробкі, добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі, якая займае 4 гектары. Ужо, дарэчы, высаджаны 25 туй, кветкі. Клумбы і зялёныя кампазіцыі зноў і зноў выполваюцца, набываючы яшчэ больш прывабны выгляд. Зайграюць свежымі фарбамі вароты школы.
— Лета і адпачынак — гэта выдатны час. Настаўнікам трэба набрацца сіл, удзяліць увагу сваёй сям’і. Гэта час для разнастайных хобі: хтосьці аддае перавагу спорту і актыўнаму адпачынку, хтосьці падарожнічае, хтосьці атрымлівае асалоду ад дачнага адпачынку, чытае любімыя кнігі. Але, вядома, настаўнік заўсёды застаецца настаўнікам, і менавіта летам, калі з’яўляецца вольны час, многія інтэнсіўна рыхтуюцца да новага навучальнага года: знаходзяць цікавыя метадычныя матэрыялы, знаёмяцца з навінкамі літаратуры. А каб падтрыхтаваць школу і свае вучэбныя кабінеты да новага навучальнага года, педагогі, нават нягледзячы на адпачынак, выходзяць на работу. Так павялося ўжо традыцыйна. У нас вельмі дружны педагагічны калектыў, — расказвае дырэктар.
У калідорах школы пакуль пуста і ціха. У паветры лунае водар драўніны і свежай фарбы. У шафах вучэбных кабінетаў роўнымі радамі выстраіліся кнігі, раскладзены вучэбныя дапаможнікі, а да бляску вымытыя дошкі ўжо чакаюць, калі на іх з’явяцца першыя надпісы. Ірына Віктараўна праводзіць экскурсію па ўстанове.
У школе дзейнічае кабінетная сістэма. Штогод класы абнаўляюцца, абсталёўваюцца і афармляюцца новыя, улічваючы сучасныя тэндэнцыі, запыты школьнікаў. Так, апошні глянец наводзіцца ў новым кабінеце ваенна-патрыятычнага выхавання. Ён ужо практычна гатовы. Засталося толькі ўстанавіць макеты зброі, заказаныя ў партнёраў.
У новым абліччы прыме навучэнцаў кабінет рускай мовы і літаратуры. Ён афармляецца ў казачным стылі. На сценах — ілюстрацыі па матывах народных казак. Яны заварожваюць і пераносяць у чароўны свет цудаў. У кабінеце будуць сабраны беларускія, рускія, замежныя казкі, народныя і аўтарскія.
— І гэта невыпадкова. Кніга ва ўстанове ў асаблівай пашане, — заўважае Ірына Цубікава. — У нас рэалізавана вялікая колькасць кніжных праектаў. У школе ладзяцца чытацкія канферэнцыі, арганізоўваюцца кінапрагляды з наступным абмеркаваннем, вывешваннем цытат, думак. Так, прайшлі прагляды і абмеркаванне твораў І.Шамякіна “Вазьму твой боль”, Ю.Бондарава “Гарачы снег” і інш.
Прыцягвае ўвагу сваім арыгінальным рашэннем і кабінет замежнай мовы з холам, дзе сцены ўпрыгожваюць творы беларускіх паэтаў на роднай мове і ў перакладзе на англійскую. Ідэя такога афармлення належыць дырэктару школы.
— Для чаго нашы дзеці вывучаюць англійскую мову? Найперш для таго, каб яны змаглі на замежнай мове расказаць пра сябе, а потым ужо ўзаемадзейнічаць, — адзначае Ірына Віктараўна. — Так і прыйшла ідэя вывучаць замежную мову на прыкладах беларускай літаратурнай творчасці. Сцены кабінета ўпрыгожваюць радкі паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” на дзвюх мовах, беларускай і англійскай, з ілюстрацыямі да твора Мікалая Селяшчука. У холе можна бачыць творы М.Багдановіча, Я.Сіпакова, Якуба Коласа і іншых беларускіх аўтараў у перакладзе на англійскую мову. На такіх літаратурных узорах вучні лепш будуць засвойваць англійскую мову, ведаць і шанаваць айчынную культуру.
Папоўнілася новымі экспанатамі выстава, прысвечаная генацыду беларускага народа, якая адкрылася летась. Навучэнцы салігорскай мастацкай школы зрабілі пластылінавыя скульптуры вядомых мемарыяльных помнікаў.
Да новага навучальнага года ў адным з холаў рыхтуецца прастора для шахматнага перапынку, бо навучэнцы 61-й школы добра гуляюць у шахматы. Вось і нядаўна чацвёртакласніца Настасся Севасцьянчук прывезла залаты медаль са спаборніцтваў па шахматах, якія праходзілі ў Грузіі. Закуплены шахматныя столікі, пуфікі-банкеткі, манціруюцца карціны на сценах.
— У апошні час мы зрабілі акцэнт на стварэнні адукацыйна-выхаваўчай прасторы з прыцягненнем усіх магчымасцей будынка школы. Таму і ствараем галерэі ў калідорах, на лесвіцах, у кабінетах, — тлумачыць Ірына Цубікава. — Увогуле, тэма галерэй — тэма нашай школы. Мы ад яе адштурхоўваемся, ствараем экскурсіі, у нас працуюць экскурсійныя групы, якія расказваюць у цэлым па тэматыцы той ці іншай экспазіцыі і пра кожную карціну асобна. Атрымліваецца, што ў нас ствараецца база выхаваўчай прасторы з прыцягненнем дзяцей для выхавання саміх сябе. Тэматыка экспазіцый — мая краіна, мая Радзіма, спадчына, рэсурсы Беларусі. У блоку працоўнага навучання сцены ўпрыгожвае беларускі габелен і экспазіцыя рэпрадукцый карцін на тканіне “Хлеб — усяму галава”. Павышаная ўвага — творчасці беларускага мастака Міхаіла Савіцкага. Ідэя новага праекта канапавая: калі ты садзішся на канапу і глядзіш, наталяешся, захапляешся, вучышся любіць прыгажосць роднай зямлі.
Летась мы аформілі выставу “Зямля пад белымі крыламі”, дзе былі сабраны рэпрадукцыі карцін на тканіне, якія прысвечаны аднаму з сімвалаў Беларусі — буслу. Сёлета прадстаўляем так званую валошкавую лесвіцу, дзе сцены ўпрыгожваюць рэпрадукцыі карцін на тканіне з валошкамі, напісаныя рознымі аўтарамі. Экспазіцыя мае дэкаратыўнае і выхаваўчае значэнне.
Усе рамонтныя і афарміцельскія работы павінны быць скончаны да аб’езду школ, да 8 жніўня. Сертыфікаты гатоўнасці сталічныя школы атрымаюць да 15 жніўня. У сваёй падрыхтоўцы 61-я школа выходзіць на фінішную прамую. Упэўнена, што ўсе намаганні, прыкладзеныя педагогамі, навучэнцамі і тэхнічнымі работнікамі, не дарэмныя: хутка вернуцца ў школу дзеці, якія засумавалі па настаўніках і аднакласніках, і ацэняць усе прадстаўленыя навінкі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА