Шыўкі дабра. Куды рэчыцкія школьнікі аддаюць свае вырабы, створаныя па праектах другаснай занятасці

- 14:30Лето-2023, Новости, Проекты

Як атрымаць працоўную кніжку ў 14 гадоў? Навучэнцы рэчыцкіх школ №№ 9, 11 і 12 ведаюць пра гэта з уласнага вопыту. Падрабязнасці у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Падлеткі і кветкі

У сярэдняй школе № 12 Рэчыцы праекты другаснай занятасці рэалізоўваюцца ўжо 10 гадоў. Навучэнцы рамантавалі пад­ручнікі, шылі пасцельную і сталовую бялізну для школьных груп прадоўжанага дня і дзіцячага сада, фартухі і павязкі на галаву для дзяжурных па сталовай і г.д. Сёлета ўсе тры летнія месяцы працуюць атрады па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі. Дзяўчаты і хлопцы прыбіраюць смецце, даглядаюць клумбы, чысцяць тратуарную плітку і бегавую дарожку стадыёна ад пустазелля. 

— Ад гультайства пазітыўныя думкі ў галаву не прыйдуць. Вельмі добра, калі падлетак заняты справай. Нашы навучэнцы магчымасцю падзарабіць на летніх канікулах карыстаюцца вельмі ахвотна. А чаму не, калі, працуючы па 2 гадзіны ў дзень, яны атрымліваюць за 10 дзён па 102 рублі, — заўважае дырэктар школы Аляксандр Рэуцкі.

На працягу летніх канікул у раёне плануецца рэалізаваць 49 праектаў другаснай занятасці, у якіх прымуць удзел каля 500 навучэнцаў.

З першых крокаў па тэрыторыі школы відаць, што зарплату сваю вучні цалкам заслугоўваюць. Тут чыста, прыгожа, расце шмат кветак, якія добра даглежаны. Дарэчы, любавацца гэтым рознакаляровым раслінным царствам ёсць каму: кожны дзень на стадыёне пад кіраўніцтвам настаўнікаў функцыянуе фізкультурна-аздараўленчая пляцоўка, якую наведвае шмат дзяцей.

У атрадзе па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі 10 навучэнцаў. У іх ліку Ксенія Барабаш і Дзмітрый Шандракоў.

— Калі ў 14 гадоў ужо зарабляеш першыя ўласныя грошы і атрымліваеш працоўную кніжку — гэта прыемна, — прызнаецца Ксенія. — Цяпер я іншымі вачыма гляджу на працу дворнікаў і прыбіральшчыц. Падтрымліваць чысціню не так проста, як здаецца. 

— Хаця сам я жыву ў шматпавярховым доме, але з працай на зямлі знаёмы. Часта дапамагаю бабулі і дзядулю на дачы, — расказвае Дзмітрый. — На што патрачу заробленыя грошы, яшчэ не вырашыў. Куплю што-небудзь патрэбнае.

Шыўкі дабра

У сярэдняй школе № 11 Рэчыцы па лініі другаснай занятасці гэтым летам працу­юць 2 атрады — па рамонце школьнай мэблі і па пашыве пасцельнай бялізны. За два тыдні работы па 3,5 гадзіны ў дзень дзяўчаты пашылі 120 камплектаў, якія пойдуць на патрэбы школьнай групы прадоўжанага дня і Рэчыцкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Мне падабаецца шыць, мінулым летам я ўжо ўдзельнічала ў такім праекце. Прыемна, што мы і зарабляем, і робім нешта карыснае для дзяцей, якія потым бу­дуць карыстацца нашымі вырабамі. Атрымала за змену 249 рублёў. Лічу, гэта вельмі нядрэнна, — дзеліцца меркаваннем удзельніца праекта Алена Калуга.

У рэчыцкай школе № 9, якая мае мастацкі ўхіл, члены працоўных атрадаў на працягу некалькіх гадоў сваімі рукамі стваралі прыгожыя рамкі для карцін, дыпломаў, грамат, а таксама інфармацыйныя таблічкі і стэнды. Сёння гэтыя вырабы ўпрыгожва­юць розныя памяшканні школы. Ну а гэтым летам тут рэалізоўваюцца праекты другаснай занятасці па азеляненні прышкольнай тэрыторыі і пашыве пасцельнай бялізны. Гатовыя камплекты пойдуць як у спальні першакласнікаў, так і ў Рэчыцкі тэрыта­рыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Такім чынам, вучні дапамо­гуць і дзеткам, і прадстаўнікам старэйшага пакалення.

Аксан МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА