Прыём абітурыентаў у Мінску сёлета вядуць 19 каледжаў, якія рэалізуюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Алена Чарных
Асаблівасцю сёлетняга прыёму можна назваць разнастайнасць прапанаваных прафесій для падлеткаў, а таксама ўвядзенне новых, сучасных і папулярных сярод моладзі. Па-ранейшаму ў трэндзе застаюцца прафесіі грамадскага харчавання, лёгкай прамысловасці, сферы абслугоўвання, будаўнічай галіны, машынабудавання і звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, лічбавізацыяй вытворчасці.
Кантрольныя лічбы прыёму на ўзроўні ПТА застаюцца амаль тымі, што былі ў мінулыя гады. Сёлета плануецца прыняць 4070 чалавек. На аснове базавай адукацыі — 3089, сярэдняй адукацыі — 939 і на аснове спецыяльнай — 42 чалавекі. Калі гаварыць аб тэмпах набору, то на сённяшні дзень пададзена дакументаў больш чым за 60% ад агульнай колькасці запланаваных кантрольных лічбаў.
— У сёлетнюю ўступную кампанію мы шмат увагі ўдзяляем мэтавай падрыхтоўцы нашых навучэнцаў, і тым самым умацаванню і пашырэнню супрацоўніцтва паміж сістэмай прафесійнай адукацыі сталіцы і заказчыкаў кадраў, — адзначыла Алена Іванаўна Чарных, загадчык сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. — У мэтавай падрыхтоўцы на ўзроўні ПТА сёлета ўдзельнічаюць усе сталічныя ўстановы прафесійнай адукацыі. Абітурыентам прадастаўлена 147 месцаў. Гэта істотна больш, чым у мінулым годзе, што пацвярджае павышаную актыўнасць як устаноў прафесійнай адукацыі, так і работадаўцаў, якія апошнім часам больш актыўна ўдзельнічаюць у зместавым напаўненні навучання будучых рабочых і спецыялістаў, адкрыцці новых спецыяльнасцей, правядзенні вытворчай практыкі, зацікаўлены яны і ў матэрыяльнай дапамозе навучальным установам. Усе гэтыя фактары істотна ўплываюць на якасць падрыхтоўкі. Мэтавы дагавор гарантуе праходжанне вытворчай практыкі і далейшае працаўладкаванне навучэнцаў, але не толькі. Абітурыенту, які мае мэтавае накіраванне, з боку заказчыкаў кадраў прадугледжаны прэферэнцыі з ліку дадатковых заахвочванняў не толькі ў час вучобы, але і пры працаўладкаванні. Мэтавая падрыхтоўка матывуе і саміх навучэнцаў. Кожны з іх ведае, на якім канкрэтным прадпрыемстве будзе працаваць, як будзе праходзіць яго адаптацыя ў рабочым калектыве, якія сацыяльныя гарантыі яму будуць забяспечаны.
У каледжы аўтамабілебудавання з гэтага года ажыццяўляецца прыём дакументаў для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай базавай адукацыі па спецыяльнасці “Выраб аптычных прыбораў” з прысваеннем кваліфікацыі “кантралёр аптычных дэталей і прыбораў” 6-га разраду. План прыёму складае 28 чалавек. Пададзена ўжо больш за 20 заяў. Гэтая новая спецыяльнасць адкрыта ў каледжы па заказе прадпрыемстваў, перш за ўсё Мінскага механічнага завода імя С.І.Вавілава, ААТ “Планар”. Частка абітурыентаў будзе вучыцца па мэтавым накіраванні. Дагаворы на такую падрыхтоўку па іншых спецыяльнасцях заключылі з навучэнцамі Мінскі аўтамабільны завод, ЗАА “Атлант”, КГУП “Мінсктранс”.
Уступная кампанія без праблем заўсёды праходзіць у тых навучальных установах, якія набылі пэўны статус. Як, напрыклад, у Мінскім каледжы сэрвісу і тэхналогій. Цырульнік-візажыст, майстар па манікюры і сёння ў фаворы. На прафесіі моднай індустрыі практычна выкананы план прыёму. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі будзе ажыццяўляцца набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кваліфікацыі “мастак-мадэльер”. Дагаворы аб гэтым заключаны з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў ААТ “Мадам Бавары”, ААТ “Сімвал прыгажосці”, ААТ “Піцаманія”.
Каледж лічбавых тэхналогій рыхтуе кадры ў асноўным для ААТ “Інтэграл”. Спецыяльнасці ІТ-сферы вельмі запатрабаваны сярод маладых людзей. Напрыклад, на робататэхніку план на 70 чалавек ужо выкананы. З некаторымі падлеткамі заключаны дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы. На аснове агульнай базавай адукацыі на бюджэтнай аснове ідзе прыём на спецыяльнасць “Вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі”. Набор складае 60 чалавек. Ужо прынята больш за 40 заяў, 12 чалавек паступаюць на мэтавую падрыхтоўку.
Традыцыйна вельмі добра ідзе прыём у Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, нашым флагмане па падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Ва ўстанове шырока распаўсюджана мэтавая падрыхтоўка. Заказчыкамі кадраў з’яўляюцца ўсе ўпраўленні па адукацыі раённых адміністрацый Мінска. Абітурыенты, якія заключылі дамоўленасці з заказчыкамі кадраў на мэтавую падрыхтоўку, паступаюць у каледж па асобным конкурсе.
На спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” на аснове агульнай базавай адукацыі на дзённае навучанне трэба набраць за кошт сродкаў бюджэту 75 чалавек і 12 мэтавікаў. На настаўніка пачатковых класаў план прыёму — 75 чалавек і 22 — на мэтавую падрыхтоўку, на “Педагагічнае суправаджэнне” — 50 чалавек і 4 мэтавікі. Камплектаванне па ўсіх спецыяльнасцях ідзе высокімі тэмпамі. Напрыклад, на настаўніка пачатковых класаў прыём амаль завершаны.
Сёлета падалі дакументы ва ўстановы прафесійнай адукацыі сталіцы 600 іншагародніх, у іх ліку каля 40 тых, хто застаўся без апекі бацькоў. Традыцыйна на адпаведныя прафесіі будуць прыняты падлеткі, якія маюць асаблівасці ў развіцці.
Алена Іванаўна Чарных паведаміла, што на паспяховасць уступнай кампаніі, безумоўна, уплывае адпаведная падрыхтоўка. На працягу ўсяго навучальнага года вядзецца актыўная прафарыентацыйная работа, уводзяцца сучасныя формы, прымяняюцца інфармацыйныя тэхналогіі, праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, наведванні вытворчасці, дзе заказчыкі кадраў знаёмяць падлеткаў з новымі ўмовамі працы, з сучасным абсталяваннем, тым самым дэманструючы прывабнасць рабочай прафесіі. Вялікае значэнне ў яе выбары сёння маюць профільнае навучанне і дапрафесійная падрыхтоўка ў школах, што дазваляе школьнікам зрабіць не выпадковы, а ўсвядомлены выбар свайго прафесійнага шляху. Добрая практыка — праводзіць у горадзе мэтавыя кірмашы прафесій, куды прыходзяць не толькі падлеткі, але і іх бацькі, сябры, аднакласнікі. На такіх кірмашах можна азнаёміцца з вакансіямі, новымі прафесіямі і навучальнымі ўстановамі.
Ала КЛЮЙКО
Фота з інтэрнэту