Якімі ўнікальнымі археалагічнымі знаходкамі запомнілася гэтае лета лепельскім школьнікам

- 10:18Главная, Образование

За некалькі кіламетраў ад лепельскай вёскі Верабкі, у балотным масіве паміж азёрамі Бярэшча і Окана паўстае пясчаны пагорак, напалам перарэзаны рэчышчам ракі Бярэшча. Тут унікальны помнік археалогіі даследуюць сталічны археолаг і мясцовыя школьнікі,  паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Школьнікі дэманструюць фрагменты керамікі, якой 4 тысячы гадоў

Менавіта на гэтым сухім месцы, за некалькі дзясяткаў метраў ад ракі, месціцца ўрочышча Дубавец. Тысячы гадоў назад тут, на выспе пасярод вялікага старажытнага возера, жылі людзі. Больш за дзесяць гадоў назад сляды іх існавання выпадкова знайшоў мясцовы краязнавец Васіль Хацкевіч. А сёння ад ракі да Дубаўца вядзе сцежка, вытаптаная нагамі дзяцей за дзевяць дзён археалагічных раскопак.

Пачатак даследаванняў

Адлік навуковых даследаванняў ва ўрочышчы Дубавец вя­дзецца з 2006 года, калі археалагічную разведку мясцовасці ўпершыню правёў археолаг з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максім Чарняўскі. У наступным годзе вучоны выявіў сляды існавання паселішча неаліту — бронзавага веку, якое атрымала ўмоўную назву Бярэшча-1. Тады ўпершыню ў археалагічных раскопках на Дубаўцы былі задзейнічаны ўдзель­нікі краязнаўчага гуртка “Нашчадкі” з Велеўшчынскай школы. З той пары і да цяперашняга часу доўжыцца сяброўства мінскага археолага і лепельскіх школьнікаў. З 2019 года — пяць палявых сезонаў запар — ва ўрочышчы Дубавец Максім Чарняўскі праводзіць шырокамаштабныя археалагічныя даследаванні.

Новыя адкрыцці

Гэтым летам прайшла чарговая археалагічная экспедыцыя. Даследавалася паселішча, якое на працягу VI—II тысячагоддзяў да н.э. існавала на выцягнутым мысе адной з дзясятка выспаў вялізнага старажытнага возера, якое распасціралася на некалькі кіламетраў у трохвугольніку паміж вёскамі Селішча, Чарніца і Верабкі. Ад старажытнага вадаёма сёння засталіся толькі разлеглы, парослы лесам тарфянік, два возеры-астанцы Бярэшча і Окана ды дзве рачулкі з такімі ж назвамі.

Матэрыялаў падчас раскопак было сабрана багата: кераміка і крамянёвыя вырабы шэрага археалагічных культур неаліту, а таксама нешматлікія фрагменты касцяных прылад працы і палявання. Мясцовы рэкорд па колькасці знойдзеных наканечнікаў ­стрэл  — больш за паўтара дзясятка. Яны розныя па форме, кожны з іх унікальны па тэхніцы вырабу. Па словах Максіма Чарняўскага, шэраг наканечнікаў стрэл адносіцца да баявых. Гэта значыць, яны выкарыстоўваліся не для палявання на жывёл, а для абароны ці напа­ду на варожыя групы людзей.

Максім Чарняўскі бачыць вялікую навуковую перспектыву ў далейшым даследаванні археалагічнага мікрарэгіёна Бярэшча. Ён лічыць, што зробленыя адкрыцці ўжо сталі вялікай сенсацыяй у навуковым свеце, а наперадзе яшчэ шмат новых знаходак, бо на сёння абследавана толькі маленькая частка наваколля.

Сярод унікальных артэфактаў сезона адразу прыгадваецца пацерка з фрагмента акамянелай марской лілеі і тры вырабы з бурштыну, якія цягнуць на другую палову ІІІ — пачатак ІІ тысячагоддзя да н.э. Кожная знаходка бурштынавага вырабу падчас археалагічных раскопак — значная падзея. Бурштын ці ўжо гатовыя вырабы з яго, якімі карысталіся насельнікі Дубаўца больш за чатыры тысячы гадоў назад, былі вялікай раскошай для жыхароў аддаленага ад ачагоў старажытных цывілізацый ляснога краю. Для параўнання, у той час у Егіпце бурштынавыя вырабы маглі дазволіць сабе толькі знатныя асобы. Між тым гэта ўжо трэці сезон запар, калі на Лепельшчыне падчас раскопак трапляюцца такія вырабы.

Руплівыя памочнікі

Безумоўна, без добраахвотных памочнікаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у раскопках, археолагу было б складана даследаваць аб’ект на вялікіх плошчах. Сёлета, як і падчас папярэдніх раскопак, пераважную коль­касць валанцёраў складалі вучні і настаўнікі Слабадской сярэдняй школы імя М.М.Пшонкі ра­зам з сябрамі з іншых школ Лепельскага раёна. На базе гэтай установы адукацыі быў арганізаваны палявы палатачны лагер краязнаўчага профілю, удзельнікі якога і былі задзейнічаны ў раскопках. За плячыма большасці з іх — вялікі вопыт археалагічных даследаванняў. Напрыклад, дзесяцікласніца Ульяна Бабаед і адзінаццацікласніца Юльяна Судак адпраўляюцца ў археалагічныя экспедыцыі з 2017 года. Не забываюць наведаць раскопкі і былыя школьнікі, цяперашнія студэнты розных навучальных устаноў. Іх валанцёрская дапамога заўсёды патрэбна. Для сённяшніх навучэнцаў і выпускнікоў гэта станоўчы прыклад таго, як не страціць цікавасць да вывучэння гісторыі свайго краю.

Вольны ад раскопак час школьнікі мелі магчымасць правесці таксама з карысцю: сплесці паясок, стварыць керамічны выраб, пагуляць у народныя гульні ці зрабіць сэлфі з мядзведзем. У гэтым ім дапамагалі супрацоўнікі Лепельскага цэнтра рамёстваў і Лепельскага раённага дома культуры. Увечары, пасля смачнай вячэры, юныя аматары гісторыі збіраліся ля вогнішча падзяліцца ўражаннямі, пахваліцца асабістымі знаходкамі і паспяваць пад гітару хіты розных
гадоў. 

Валерый ТУХТА,
настаўнік гісторыі
Слабадской сярэдняй школы

імя М.М.Пшонкі
Фота аўтара