Сёння прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйна-выхаваўчым працэсе з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў, які дазваляе не толькі павысіць якасць навучання і выхавання падрастаючага пакалення, але і дасягнуць новага ўзроўню адносін паміж удзельнікамі вучэбнага працэсу.
Інфармаванне бацькоў праз інтэрнэт прадугледжвае размяшчэнне інфармацыі аб ходзе адукацыйнага працэсу ў школе і аб нарматыўным, кадравым, матэрыяльным яго забеспячэнні, стварэнне спецыяльных рассылак, якія дапамагаюць бацькам быць у курсе важных падзей, акцый і мерапрыемстваў, што адбываюцца ва ўстановах адукацыі.
Асвета бацькоў праз інтэрнэт прадугледжвае размяшчэнне матэрыялаў, якія цікавяць бацькоў, па праблемах адукацыі і выхавання, распрацаваных як знешнімі спецыялістамі, так і класнымі кіраўнікамі, педагогамі ўстаноў адукацыі. Тут жа могуць быць размешчаны (або зроблены спасылкі на іх) матэрыялы юрыдычнага характару і нарматыўныя адукацыйныя дакументы.
Сеткавае кансультаванне бацькоў (інтэрнэт-кансультацыі) садзейнічае наладжванню зваротнай сувязі з бацькамі і дае магчымасць адсачыць характар праблем бацькоў, узровень іх задаволенасці дзейнасцю ўстаноў адукацыі, а таксама абмеркаваць перспектывы развіцця. Кансультантамі могуць стаць і бацькі — прафесіяналы ў той ці іншай галіне (урачы, юрысты, работнікі сферы культуры і іншыя).
Навучанне бацькоў праз інтэрнэт з’яўляецца вучэбна-метадычным суправаджэннем сям’і, якое рэалізуецца з дапамогай дыстанцыйных форм і метадаў навучання. Спецыялістам устаноў адукацыі неабходна зразумець, у асваенні якіх навыкаў маюць патрэбу канкрэтныя бацькі, і дапамагчы ім стаць для свайго дзіцяці і настаўнікам, і сябрам, і арганізатарам вольнага часу.
Сумесная дзейнасць у інтэрнэце можа змяшчаць праектна-падрыхтоўчы этап, калі бацькі абмяркоўваюць той ці іншы праект, абменьваюцца варыянтамі сцэнарыяў, размяркоўваюць ролі, а таксама праектна-дзейнасны этап, пры якім праект, які абмяркоўваецца, рэалізуецца, а ход і вынікі яго фіксуюцца ў інтэрнэце. Пры гэтым праекты могуць быць як з вочнага складніка, так і цалкам сеткавыя.
Гаворачы аб сучасных эфектыўных спосабах інфармацыйнага ўзаемадзеяння класнага кіраўніка з бацькамі навучэнцаў, трэба адзначыць наступныя: сайт школы, асабісты сайт ці блог настаўніка (класнага кіраўніка), арганізацыя суполак у сетках (Viber, VK, Telegram), электронны дзённік (журнал), мабільныя дадаткі, электронная пошта, скайп, бацькоўскі форум.
Прынцыпамі эфектыўнага інфармавання бацькоў праз інтэрнэт з’яўляюцца актуальнасць, канкрэтнасць, пазітыўнасць, рэгулярнасць.
Бясспрэчна, інтэрнэт мае перавагі, якія трэба ўлічваць класнаму кіраўніку пры арганізацыі работы з бацькамі і навучэнцамі. Дыстанцыйныя метады дазваляюць праінфармаваць значна большую колькасць “занятых” бацькоў, якія не заўсёды маюць магчымасць наведваць сходы і розныя мерапрыемствы, што арганізуюцца ва ўстановах адукацыі.
Бацькі, якія працуюць з выкарыстаннем інтэрнэту, становяцца больш актыўнымі ўдзельнікамі жыцця ўстаноў адукацыі, паколькі ў любы момант класны кіраўнік можа звязацца з імі па электроннай пошце. Таксама бацькі могуць дапамагчы падабраць матэрыял для насценгазеты ці сцэнарый для свята, падрыхтаваць віншавальныя лісты і раздрукаваць інфармацыю аб новых законах, апублікаваных на афіцыйных сайтах.
Інтэрнэт дазваляе мець зносіны ў рамках форумаў або электронных пісем. У гэтым выпадку ў класнага кіраўніка з’яўляецца шанс азнаёміцца з аб’ектыўнымі ацэнкамі яго дзейнасці або своечасова атрымаць важны сігнал.
З дапамогай інтэрнэту настаўнік, класны кіраўнік істотна скарачае часавыя затраты, калі па якой-небудзь прычыне няма магчымасці сабраць традыцыйны бацькоўскі сход, і многія пытанні можна вырашыць шляхам перапіскі з бацькамі праз суполкі ў сетках або па электроннай пошце. Можна таксама ўзгадніць час той ці іншай сустрэчы, расклад заняткаў ці кансультацый з настаўнікамі па Skype.
Інфармацыя ў інтэрнэт-прасторы адрозніваецца хуткасцю атрымання, магчымасцю атрымаць вялікі аб’ём інфармацыі за кароткі час, зручнасцю выкарыстання, аб дзейнасці класнага кіраўніка даведваецца большая колькасць бацькоў. Так, асабісты сайт, блог настаўніка (класнага кіраўніка) — гэта адна з эфектыўных форм узаемадзеяння з бацькамі і навучэнцамі, якая бясспрэчна ўмацоўвае непасрэдныя зносіны бакоў і выводзіць іх на якасна новы ўзровень.
У стваральніка сайта ёсць розныя магчымасці прыцягнення бацькоў да зносін адно з адным: размяшчэнне фатаграфій з падзеямі групы/класа, з дзецьмі ў розных відах дзейнасці; размяшчэнне відэазапісаў з ранішнікаў, класных вечароў, адкрытага ўрока і г.д.; публікацыя вынікаў творчай і інтэлектуальнай дзейнасці дзяцей (вырабы, прэзентацыі, праекты); размяшчэнне рэкамендацый па выхаванні і навучанні дзяцей у выглядзе спасылак на псіхолага-педагагічную літаратуру і педагагічныя сайты.
Формы і метады работы класнага кіраўніка з бацькамі павінны быць накіраваны не толькі на камунікацыю, але і на павышэнне педагагічнай культуры бацькоў, на ўмацаванне ўзаемадзеяння школы і сям’і, на ўзмацненне яе выхаваўчага патэнцыялу.
Што лепш і больш прадукцыйна ва ўзаемадзеянні класнага кіраўніка і бацькоў навучэнцаў: месенджар ці школьны партал? Безумоўна, школьны партал — афіцыйная пляцоўка, якая дазваляе бацькам хутка даведацца ўсё галоўнае пра школу. Аднак у школьным партале даволі складана наладзіць кантакт з бацькоўскім камітэтам, не заўсёды зручна рассылаць асабістыя паведамленні бацькам, да таго ж час ад часу бацькі не могуць зайсці на партал у сувязі з тэхнічнымі работамі.
Сёння сацыяльныя сеткі і месенджары вельмі папулярныя, у тым ліку іх актыўна выкарыстоўваюць і ў адукацыйных установах для абмеркавання розных пытанняў з бацькамі. Гэта вельмі зручна і хутка. Аднак зносіны з бацькамі ў чаце месенджараў і сацыяльных сетках не такія бяскрыўдныя, як здаецца на першы погляд. Існуюць пэўныя правілы, па якіх павінна будавацца бяспечная перапіска.
Перш чым запусціць фармат зносін класнага кіраўніка з бацькамі навучэнцаў у сацыяльных сетках, класнаму кіраўніку важна папярэдзіць бацькоў аб правілах зносін, гэта дапаможа ў будучыні пазбегнуць канфліктных і іншых непрыемных сітуацый.
Пасля таго як сеткавыя зносіны набываюць стабільны і мэтанакіраваны характар, з’яўляецца выразная зваротная сувязь, педагог сумесна з бацькамі можа ўскладняць формы ўзаемадзеяння: віртуальныя бацькоўскія сходы, анлайн-кансультацыі, анлайн-анкетаванне, Skype-канферэнцыі.
Такім чынам, выкарыстанне інтэрактыўных тэхналогій дазваляе згуртаваць калектыў бацькоў, якія актыўна абмяркоўваюць дасягненні і вынікі сваіх дзяцей, а таксама падтрымліваюць і натхняюць адно аднаго на далейшыя поспехі.
У сацыяльнай сетцы бацькі шчыра захапляюцца вынікамі вучэбнай дзейнасці. Добразычлівае стаўленне бацькоў і згуртаванасць калектыву пазітыўна адбіваюцца на паводзінах дзяцей у класе і ў школе ў цэлым.
Менавіта таму інфармацыйнае ўзаемадзеянне класнага кіраўніка з бацькамі навучэнцаў праз выкарыстанне ІКТ у адукацыйна-выхаваўчым працэсе ва ўмовах мадэрнізацыі адукацыі з’яўляецца адной з актуальных, сучасных форм работы, якая на практыцы паказвае станоўчы вынік і выклікае заслужаную цікавасць у педагогаў і бацькоў.
Правілы бяспечных зносін
Правіла 1
Нягледзячы на тое, што магчымасць напісаць паведамленне ёсць заўсёды, варта вызначыць часавыя рамкі зносін у чаце. Напрыклад, з 8:00 да 22:00, каб усе жадаючыя паспелі абмеркаваць важнае для ўсяго калектыву пытанне і разам з тым не прычынялі нязручнасці астатнім. Часам бацькі не прытрымліваюцца часавых рамак і пішуць ноччу. Для прадухілення такіх сітуацый агаворваюцца нормы зносін, у тым ліку часавыя. Таксама неабходна даваць права выказвацца ўсім, каго тычыцца ўзнятая тэма, пры гэтым не патрабаваць ад кожнага імгненнага адказу. Лепш даваць час на адказ ад 3 да 5 гадзін, каб максімальная колькасць удзельнікаў чата змагла агучыць сваё меркаванне.
Правіла 2
У сацыяльных сетках і месенджарах папулярны нефармальны стыль зносін. У нашым выпадку важна падтрымліваць дзелавыя зносіны і не забываць пра ветлівасць.
Прытрымліванне правіл пунктуацыі і арфаграфіі — гэта таксама важны элемент. Уласныя імёны неабходна пісаць з вялікай літары, а сам тэкст стандартным шрыфтам. Паведамленне, напісанае праз Caps Lock, заўсёды ўспрымаецца як павышаны тон і непавага.
Правіла 3
Кантроль і фільтрацыя інфармацыі ў месенджарах — аснова бесканфліктных зносін. Неабходна сачыць, каб тэмы, якія абмяркоўваюцца, тычыліся толькі ўдзельнікаў чата. Паведамленні павінны быць кампактнымі і несці толькі асноўную інфармацыю, якую неабходна данесці да бацькоў. І калі бацькі страчваюць галоўную тэму і пераходзяць на нейкія пабочныя і непатрэбныя абмеркаванні, мякка нагадвайце аб галоўным пытанні і вяртайце іх да яго.
Правіла 4
Яшчэ адна галоўная цаглінка ў фундаменце добрых калектыўных зносін — захаванне нейтралітэту. Не варта пісаць на эмоцыях і пераходзіць на высвятленне асабістых адносін — гэта непрыстойна, можа прывесці да канфлікту і толькі адцягвае ўвагу астатніх удзельнікаў, якія знаходзяцца ў чаце, адводзячы ад асноўнага пытання абмеркавання. Акрамя таго, тэкставыя паведамленні заўсёды могуць стаць доказам абразы ў судзе.
Правіла 5
Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць распаўсюджванню персанальных даных. Таму перад стварэннем чата ў месенджары ці сацыяльных сетках неабходна сабраць пісьмовую згоду на публікацыю фота і відэа ў самім чаце для перадачы іншым бацькам. Напрыклад, са свят і іншых калектыўных мерапрыемстваў, што часцей за ўсё адпраўляюць адно аднаму бацькі. Гэта трэба, каб іншыя бацькі, якія заўважылі на фота ці відэа сваё дзіця, не абурыліся, што відэа- і фотаматэрыял змяшчае персанальныя даныя яго дзіцяці.
Юлія РОГАВА,
настаўнік-метадыст,
класны кіраўнік
з сярэдняй школы № 16 Мазыра