Трэнды амаль не мяняюцца: першыя вынікі ўступнай кампаніі ва УВА Брэстчыны

- 10:14Главная, Образование

Пра ход і першыя вынікі сёлетняй уступнай кампаніі ва ўстановах вышэйшай адукацыі Брэстчыны карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі ў прыёмных камісіях універсітэтаў.

 здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна набор абітурыентаў ажыццяўляўся на 9 факультэтаў па 22 спецыяльнасцях, у тым ліку па адным новым моўным напрамку “Сучасныя замежныя мовы (англійская, кітайская)” — 3,7 заявы на месца.

Як паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі Святлана Ткач, сёлета на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 460 абітурыентаў, на завочную — 47 (летась 435 і 67 адпаведна). Найбольшай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя” — 10,5 заявы на месца, “Правазнаўства” — 9,3, “Псіхалогія” — 7,8 і “Урба­налогія і сіці-менеджмент” — 2,7.

— Вельмі радуе, што з году ў год расце попыт на педагагічныя спецыяльнасці, — адзначыла Святлана Ткач. — Да нас прыходзяць дастаткова матываваныя абіту­рыенты. Сёлета па выніках субяседавання мы залічылі 33 выпускнікі педагагічных класаў. Без уступных іспытаў сталі студэнтамі 84 юнакі і дзяўчыны. Сярод першакурснікаў — 6 пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Якасным складам абітурыентаў мы задаволены.

Сярэдні конкурс на дзённую бюджэтную форму навучання — 1,8 заявы на месца (летась 1,7). Максімальны прахадны бал — 362 (летась 323) па псіхалагічных спецыяльнасцях. Сярод абітурыентаў — прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны.

* * *

Сёлета ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 463 чалавекі, на завочную бюджэтную — 17 (летась 402 і 17 адпаведна). 

— План выконваецца дзякуючы актыўнай прафарыентацыйнай рабоце ў школах і каледжах, а таксама факультэцкім конкурсам, — расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі Андрэй Парфіевіч. — Абітурыенты маглі пазначыць у пададзеных заявах не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Гэта дазволіла адабраць лепшых і даць учарашнім школьнікам больш магчымасцей для паступлення.

Сярэднія конкурсы на факультэтах стабільныя. Набор вёўся на 5 факультэтаў (будаўнічы, эканамічны, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічы) па 30 спецыяльнасцях, у тым ліку па адной новай: “Мытная справа” — 3 заявы на месца. Сярэдні конкурс — 2,1 заявы на месца (летась 2,3).

З году ў год у абітурыентаў не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей (“Лагістыка” — 7,2 заявы на месца, “Эканоміка электроннага бізнесу” — 7, “Электронны маркетынг” — 6,7) і спецыяльнасцей факультэта электронна-інфармацыйных сістэм (“Праграмная інжынерыя” — 5,6 заявы на месца, “Штучны інтэлект” — 3,5).

— Эфектыўнасць новаўвядзенняў сёлетняй уступнай кампаніі ў адносінах да пераможцаў абласнога этапу рэспуб­ліканскай прадметнай алімпіяды, залатых і сярэбраных медалістаў, уладальнікаў дыпломаў з адзнакай відавочная, — адзна­чыў Андрэй Парфіевіч. — 31% абітурыентаў меў сярэдні бал вышэй за 300. Дакументы аб адукацыі з адзнакай прад’явілі 53 чалавекі. Радуе, што знайшоў добры водгук ва ўчарашніх школьнікаў новы фармат набору на мэтавае навучанне. Гэта дазволіла наймальнікам падабраць найбольш матываваную і падрыхтаваную моладзь з ліку 28 юнакоў і дзяўчат. Сярод 16 арганізацый — заказчыкаў кадраў самыя актыўныя — “Савушкін прадукт”, “Санта Брэмар”, “Брэстаблгаз” і Брэсцкая мытня. 

* * *

У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі Віталь Чашчавік, самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці “Маркетынг” — 3,1 заявы на месца, “Фізічная культура (лячэбная фізкультура)” — 3, “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” — 2,2 і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” — 1,7. Эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца попытам: сярэдні конкурс на іх склаў 1,5 заявы на месца (летась 1,7). Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання — 1,5 заявы на месца (летась 1,6).

Набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (эканомікі і фінансаў, інжынерны, біятэхналагічны, арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 18 спецыяльнасцях. План набору на дзённую бюджэтную форму навучання — 438 чалавек, на завочную — 46 (летась 436 і 48).

* * *

Не першы год самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце з’яўляецца “Правазнаўства” з-за невялікай колькасці бюджэтных месцаў — 24 заявы на месца. Высокія конкурсы склаліся і на эканамічных спецыяльнасцях: “Эканамічнае права” — 5,3, “Электронная эканоміка” — 3,4. Не абышлі ўвагай абітурыенты спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” — 2,8 заявы на месца, “Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам” — 2,1 і “Сучасныя замежныя мовы (англійская, кітайская)” — 2,2. Найменшыя конкурсы — на педагагічных спецыяльнасцях.  Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 1,45 заявы на месца (летась 1,4).

— Набор вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, лінгвістычны) па 22 спецыяльнасцях, — расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Дзіна Лабун. — План набору на дзённую бюджэтную форму навучання — 425 чалавек, на завочную — 95 (летась 414 і 95 адпаведна). Больш за 13% абітурыентаў — выпускнікі гімназій, ліцэяў і кале­джаў. Сярод іх — 6 пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, 19 медалістаў, 21 уладальнік дыплома з адзнакай. Высокі агульны бал (300 і вышэй) мелі 76 чалавек.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА