Міністр адукацыі ў час сустрэчы з журналістамі заявіў, што леташняе даручэнне кіраўніка дзяржавы — максімальна адабраць адораных і матываваных абітурыентаў у час прыёмнай кампаніі — 2023 — выканана, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Андрэй Іванец нагадаў, што ў гэтым годзе дастаткова вялікая колькасць навацый ва ўступнай кампаніі, якія пачаліся са здачы ЦЭ:
— Аналіз вынікаў цэнтралізаванага экзамену паказвае, што структура і заданні гэтага іспыту цалкам адпавядаюць школьнай праграме. Па ўсіх прадметах сярэднія балы па ЦЭ склалі 60—65. Гэта вельмі добры і высокі вынік. Прычым ва ўсіх рэгіёнах краіны і ў Мінску выпускнікі як сельскіх школ, так і гімназій, ліцэяў прадэманстравалі вельмі роўныя вынікі, што гаворыць аб даступнасці агульнай сярэдняй адукацыі. Адзінае, мы бачым неабходнасць працягваць работу па ўніфікацыі крытэрыяў ацэнкі як ЦЭ, так і тых норм і ацэнак, якія зараз выкарыстоўваюцца ў школе. Гэта будзе ствараць зразумелую, спрыяльную карціну для вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў.
Да таго ж міністр адукацыі звярнуў увагу, што ў час сёлетняй уступнай кампаніі выпускнікі профільных класаў паказалі больш высокія балы, чым выпускнікі звычайных базавых класаў, — у сярэднім на 10—20 пунктаў.
— Гэта сведчанне таго, што дапрофільная падрыхтоўка на ўзроўні 8—9-х класаў і профільная на ўзроўні 10—11-х класаў — гэта абсалютна правільная траекторыя з пункту гледжання ранняй прафарыентацыі. Яна дапамагае школьнікам ужо на мяжы 9-га класа выбраць далейшы шлях, а таксама спрыяе прыходу добра падрыхтаваных выпускнікоў 11-х класаў ва ўніверсітэты. У сувязі з гэтым хацеў бы асобна адзначыць, што сёлета прадугледжана дастаткова вялікая колькасць месцаў у каледжах. Мы павялічылі лічбы прыёму больш чым на 1 тысячу бюджэтных месцаў для ўстаноў ССА. У цэлым чакаем, што ў каледжы прыйдзе больш за 43 тысячы 9-класнікаў, — дадаў А. Іванец.
Па яго словах, з кожным годам будзе павялічвацца колькасць выпускнікоў 9-х класаў, якія выберуць каледж. І гэта чарговы раз пацвердзіць прэстыж прафесійнай адукацыі краіны. Да таго ж сёлета на шэраг спецыяльнасцей узроўню ССА, на якія паступалі выпускнікі 9-х класаў, конкурс быў больш за 4 чалавекі на месца:
— Так, на спецыяльнасць «Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя» прэтэндавалі 4,4 абітурыента, «Дызайн» — 4,2, «Жывапіс» — 3,5, «Архітэктурнае праектаванне» — 2,6, «Сястрынскую справу» — 2,2, «Лячэбную справу» — 2,1. Больш за тое, прыём ва ўстановы ССА ажыццяўляецца па сярэднім бале атэстата, і ў сувязі з гэтым па многіх спецыяльнасцях прахадныя балы (сярэдні бал атэстата) вельмі высокія. Напрыклад, на спецыяльнасць «Правазнаўства» ў Юрыдычным каледжы БДУ прахадны бал сёлета 9,8—10,0, у Мінскім радыётэхнічным каледжы БДУІР — 9,9—10,0, у медыцынскім каледжы на «Лячэбную справу» і Мінскім фінансава-эканамічным каледжы на «Банкаўскую справу» — 9,3—10,0. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што сёння нам неабходна ствараць усе магчымыя ўмовы, каб ва ўстановы адукацыі прыходзілі не толькі высокападрыхтаваныя, але і матываваныя навучэнцы.
Па папярэдніх выніках Мінадукацыі, ва ўніверсітэты краіны прыйдзе больш за 3 тысячы медалістаў. Такая высокая лічба абумоўлена новымі правіламі і прэферэнцыямі, якія атрымалі медалісты пры паступленні на спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай.
— Яшчэ 2—4 тысячы паступілі без уступных экзаменаў — гэта пераможцы розных рэспубліканскіх, міжнародных і ўніверсітэцкіх алімпіяд. Таксама, паводле нашых ацэнак, кожны трэці абітурыент, які ў найбліжэйшы час стане студэнтам, у тым ліку пасля залічэння на платнае навучанне, паступіў па ўнутраным выпрабаванні. Гэта больш за 17 тысяч студэнтаў. Мы лічым, што і такая форма ўступных экзаменаў вельмі добра зарэкамендавала сябе і атрымала высокую ацэнку педагагічнай грамадскасці. Да таго ж і этапнасць уступнай кампаніі таксама апраўдала сябе. Дакладнае размежаванне кожнага этапу дазволіла нам разглядзець абітурыентаў, якія свядома выбіраюць тую ці іншую траекторыю: для адоранай моладзі, матываваных мэтавікаў, паступаючых на бюджэтную або платную форму навучання. Таму леташняе даручэнне кіраўніка дзяржавы — максімальна адабраць адораных і матываваных абітурыентаў у час прыёмнай кампаніі — 2023 — выканана, — падкрэсліў Андрэй Іванец.
Акрамя гэтага, ён паведаміў, што сёлета была вырашана і важная задача па так званай беганіне паміж універсітэтамі:
— Адбылося скарачэнне колькасці сертыфікатаў з чатырох да трох. Нагадаю, што ў кожнага абітурыента была магчымасць падаваць дакументы ў розныя УВА, але не адначасова, а паэтапна. Калі ён бачыў, што не праходзіць па балах, то мог узяць дакументы і перанесці іх у іншы ўніверсітэт, але па тым профілі, па якім у яго на руках былі сертыфікаты ЦЭ і ЦТ. Дарэчы, у гэтым годзе было практычна выключана перакідванне дакументаў, і нават там, дзе конкурс склаў 5, 8, 12 чалавек на месца, абітурыенты не забіралі дакументы, а мэтанакіравана заставаліся, маючы магчымасць паступіць на сумежныя спецыяльнасці, якія былі адкрыты для дадатковага набору. Таму і ў рамках дадатковага набору мы набралі абітурыентаў з высокімі баламі і моцнай падрыхтоўкай.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА