Ветэран педагагічнай працы Надзея Давыдзенка аб тым, чаму ўзнікла ідэя стварыць музей адукацыі Лоеўшчыны

- 14:15Персона

Надзея Адамаўна Давыдзенка сумесна з калегай і сяброўкай Вольгай Іванаўнай Брахун і пры падтрымцы педагогаў усяго раёна стварылі музей развіцця адукацыі Лоеўшчыны, які цяпер размешчаны ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 

 

 

“Вось глядзіце: на здымку, зробленым у Баршчоўскай сярэдняй школе прыкладна ў 50-я гады мінулага стагоддзя, маленькія школьніцы ў хустачках ­п’юць чай, — каменціруе архіўнае фота Надзея Адамаўна Давыдзенка. — Кіпень у вялізным чайніку на перапынку прынесла прыбіральшчыца. Цукрам да чаю забяспечыла дзяржава. Такім чынам у пасляваенны час клапаціліся пра харчаванне дзяцей”.

Параўнайце ўчора і сёння

 

У альбомах-летапісах прыгожым почыркам зроблены под­пісы пад фотаздымкамі, якія сёння вельмі цікава разгля­даць і рабіць дзівосныя адкрыцці. Напрыклад, у кожным класе на сцяне — вешалка для адзення. Бачна печ — значыць, грэюцца дровамі. Парты з нахіленымі адкіднымі стальніцамі, на іх — чарніліцы-непралівайкі ў спецыяльных паглыбленнях. Замест мультыбордаў на цвіках вісяць вялікія папяровыя плакаты-табліцы. За партамі такія ж, як цяпер, гарэзлівыя хлопчыкі і сціплыя дзяўчынкі. На іншым здымку — урок заалогіі, які праходзіць на мясцовым пчальніку. Вось фота, дзе секцыя гімнастыкі прадстаўлена юнымі спартсменкамі, якія грацыёзна стаяць “мосцікам”. Цяперашнія юныя лаяўчане на гэтых пажоўклых здымках з радасцю знаходзяць сваіх прабабуль і прадзедаў. Здзіўляюцца, у якіх умовах іх продкі атрымлівалі адукацыю.

У настаўнікі адразу пасля школы

Сёння Надзея Давыдзенка — старшыня Савета ветэранаў педагагічнай працы Лоеўскага раёна. Нарадзілася яна падчас вайны ў Акцябрскім раёне. Вучылася ў Ламавіцкай сярэдняй школе, а 10 клас скончыла ў Акцябрскай сярэдняй школе.

— Адразу пасля школы мяне запрасілі працаваць важатай у лагер адпачынку. У мяне атрымалася. Настаўнікаў пасля вайны не хапала. З усёй вобласці збіралі лепшых вучняў на гадавыя настаўніцкія курсы ў Гомелі. Іх я скончыла ў 1962 годзе. Пасля экзаменаў пачала працаваць у пачатковых класах у сваёй роднай Ламавіцкай школе. Гомельскі педагагічны інстытут заканчвала пазней, завочна. Выйшла замуж, а потым мужа некалькі разоў пераводзілі на іншую работу, і я ехала за ім. Так мы з сям’ёй апынуліся ў Лоеве. Тут я працавала інспектарам у аддзеле адукацыі, а потым перайшла ў школу. Зараз гэта Лоеўская раённая гімназія, а раней была сярэдняя школа імя Міхаіла Калініна. Вядома, я добра ведаю ўсе навучальныя ўстановы раёна, іх кіраўнікоў і настаўнікаў. Таму, калі звярталася да іх па экспанаты для нашага музея, ніхто ніколі мне не адмаўляў, — прыгадвае Надзея Адамаўна.

Адукацыя ў лічбах

Швейная машынка, якая выкарыстоўвалася на занятках працы, родам з 80-х першы школьны камп’ютар і вельмі модны плоскі кейс пад назвай “дыпламат”. Настаўніцкая сумка і вучнёўскія партфелі. Друкавальная ма­шынка і падручнік алгебры 1950 года. Тут жа атэстаты аб адукацыі і камсамольскія білеты. Тры пакоі — тры экспазіцыі. Надзея Адамаўна праводзіць экскурсію, засяроджваючы ўвагу на цікавых фактах:

— З архіўных матэрыялаў стала вядома, што ў Лоеве да 1863 года не было ніводнай школы. Толькі ў верасні 1863 года было адкрыта першае народнае вучылішча. У ім займаліся 70 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак.

У зале “Ад народных вучылішч — да сярэдніх школ” сабраны матэрыялы пра адукацыю да 1917 года, развіццё савецкай школы ад рэвалюцыі да вайны. Тут жа можна даведацца аб аднаўленні сістэмы адукацыі пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Ёсць кім ганарыцца

Гісторыя захавала дакумент, паводле якога 2 ліпеня 1920 года на надзвычайным з’ездзе Лоеўскага рэўкама было вырашана аднаўляць народную адукацыю ў Лоеве і воласці. Дарэчы, Лоеўскі раён быў утвораны ў 1926 го­дзе, а ў 1927-м у раёне ўжо было 39 школ. Да пачатку вайны налічваліся 54 школы. У іх вучыліся 8440 вучняў. Звычайна ўстановы адукацыі размяшчаліся ў невялікіх драўляных збудаваннях.

— Таццяна Абрамаўна Гурэвіч была дэлегатам першага Усесаюзнага з’езда настаўнікаў, — працягвае аповед заснавальніца музея адукацыі. — Наш педагог тады мела зносіны з вядомым партыйным і грамадскім дзеячам, доктарам педагагічных навук Надзеяй Крупскай. Настаўніцкую дынастыю Таццяны Абрамаўны працягнула дачка, а потым яе ўнукі і нават праўнукі.

Асобная экспазіцыя прысвечана педагогам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць раздзел аб мясцовых арганізатарах і кіраўніках сістэмы адукацыі і педагогах, адзначаных узнагародамі. Напрыклад, у 20—40-х гадах ХХ стагоддзя Матрона Майсееўна Сідранок першай з настаўнікаў Лоеўскага раёна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і атрымала званне заслужанага настаўніка. Менавіта ў Лоеўскім раёне пачыналі сваю педагагічную дзейнасць вядомыя навукоўцы-педагогі Іван Фёдаравіч Харламаў і Георгій Васільевіч Штыхаў. Тут ганарацца выхадцамі з Лоеўшчыны, якія дасягнулі вялікіх навуковых поспехаў у розных галінах, сталі дактарамі навук, прафесарамі, палітычнымі дзеячамі, публіцыстамі.

Савецкае дзяцінства ў артэфактах

А вось куток музея, які старэйшаму пакаленню нагадвае пра шчаслівае савецкае дзяцінства. Надзея Адамаўна паказвае школьную форму розных пакаленняў дзяцей. Захавалася і сукенка з карункавым фартухом яе дачкі Аксаны. Сёння Аксана Аркадзеўна Юкоўская кіруе аддзелам адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама. Яна была асноўнай натхняльніцай  стварэння гэтага музея.

— У 70-я гады я была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, — успамінае Надзея Адамаўна. — Нам часта даво­дзілася выязджаць на агляды самадзейнасці, на выставы ў іншыя раёны ці ў Гомель. Аксану я брала з сабой. Ехалі ўсе ра­зам на грузавой машыне. Так што мая дачка з дзяцінства ведае пра самыя разнастайныя школьныя клопаты. Дарэчы, мая ўнучка Юлія (дачка Аксаны Арка­дзеўны) таксама стала педагогам — дэфектолагам.

 

 

У музеі хтосьці з былых вучняў спрабуе ўціснуцца за драўляную школьную парту. Хтосьці пстрыкае драўлянымі лічыльнікамі. Піянерскія барабаны і гальштукі, школьныя сцягі і вымпелы, невялікі бюст юнага Уладзіміра Ульянава — усё гэта было абавязковымі атрыбутамі піянерскага пакоя ў кожнай савецкай школе. Аднак, калі распаўся Савецкі Саюз, гэтыя рэчы перасталі быць значнымі і хутка знікалі разам з камуністычнай ідэалогіяй. Надзея Адамаўна расказвае, як шукала прадметы, якія сталі экспанатамі:

— Гэты бюст правадыра сусветнага пралетарыяту некалі ў маім кабінеце стаяў. Сцяг — таксама з маёй школы. Мы з Вольгай Брахун звярталіся не толькі да калег. Пыталіся ва ўсіх, дзе што захавалася. Лазілі па гарышчах. Вось глядзіце: чамадан ручной работы. Менавіта з ім наша настаўніца Алена Цімафееўна Пінчук — ёй пайшоў 92-і год— ездзіла на вучобу ў Ленінград у першай палове 50-х. Чамадан гэты зрабіў яе бацька, у якога былі залатыя рукі. Дарэчы, яна шмат важных артэфактаў перадала ў наш музей.

Гледзячы менавіта на гэтыя прадметы: газавую лямпу, гадзіннік, акуляры, шахматы, драўляны радыёпрыёмнік, мы можам уявіць побыт простага школьнага настаўніка з глыбінкі ў канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў.

Бачыць рост чалавека

Надзея Адамаўна з трапятаннем бярэ ў рукі чарніліцу-непралівайку і пёравую ручку. Такой пісалі да канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

— Вось такую пёравую ручку я ўкладала ў маленькую руку першакласніка. Школьнікі ў вёсцы баяліся браць у рукі аловак, а тым больш пёравую ручку. Ім было страшна запэцкаць разлінеены сшытак. Затое які почырк быў потым у дзяцей, якія паступова пераадольвалі гэты страх і вучыліся выводзіць каліграфічныя літары! Паглядзіце сшыткі за 2 клас — тут ужо зусім іншы, больш упэўнены почырк. Ведаеце, чаму добра быць настаўнікам? На тваіх на вачах адбываецца рост маленькага чалавека. Ты бачыш, колькі ўсяго асвоілі дзеці, у тым ліку дзякуючы тваім намаганням. Потым перажываеш, калі яны здаюць экзамены, ганарышся, калі выпускнікі паступаюць ва УВА. Мяне дагэтуль хвалюе, як вучацца ­дзеці нашага раёна, таму Аксана Аркадзеўна мяне заўсёды трымае ў курсе, — адзначае На­дзея Давыдзенка.

Сёння сярод клопатаў былой настаўніцы не толькі музей адукацыі, але і добраўпарадкаванне двара каля дома, дзе яна жыве. Яе арганізатарскія здольнасці прыносяць плён усім. Не падводзяць і былыя вучні. Педагог адзначае, што па яе просьбе адзін з іх нядаўна зрабіў новую лаўку ля пад’езда, каб усім жыхарам было зручна. Яна клапатліва высадзіла кветкі пад вокнамі, а суседзі дапамага­юць іх даглядаць.

Надзея Адамаўна Давыдзенка гэтымі днямі адзначае 80-ы дзень нараджэння. Разам з кветкамі яна прымае шчырыя словы ўдзячнасці за тое, што была для вучняў і сваякоў не толькі настаўнікам, але і лепшым сябрам. Яна заснавала педагагічную дынастыю і захапіла сваім энтузіязмам многіх калег. Ну і, вядома ж, ёй дзякуюць за музей адукацыі Лоеўшчыны, які будучае пакаленне педагогаў папоўніць новымі экспанатамі.

 Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара