Пра тое, якой стала сёлетняя аздараўленчая кампанія, і планамі на новы навучальны год падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама Кацярына Міхнёнак.
— Сёлета аздараўленне ў школьных лагерах прайшло для 285 навучэнцаў на базе ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна (іх усяго 7). Аздараўленне было арганізавана ў 3 змены ў лагерах з дзённым знаходжаннем і ў 9-дзённых кругласутачных лагерах. Накіраванасць летнікаў розная: грамадзянска-патрыятычная, спартыўна-аздараўленчая, экалагічная. Таксама дзейнічалі лагеры працы і адпачынку. У першую чаргу ў лагеры залічваліся дзеці з мнагадзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, і тыя непаўналетнія, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Прафілактычныя мерапрыемствы з выхаванцамі праводзілі прадстаўнікі РАУС і РАНС. У рамках акцыі “Крок да поспеху” да нас прыязджалі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Таксама ў летніках праводзіліся розныя мерапрыемствы патрыятычнага кірунку.
— Як рыхтуецеся да новага навучальнага года?
— У Шаркаўшчынскім раёне выкананы шырокі комплекс работ па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да 1 верасня. Пры гэтым вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў, умацаванню і развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы, паляпшэнню ўмоў працы работнікаў, добраўпарадкаванню прылеглых тэрыторый.
Ва ўсіх установах адукацыі праведзены касметычны рамонт. Сёння вядуцца работы па капітальным рамонце сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны — самай вялікай школы раёна. На гэтыя мэты выдзелена 3 млн рублёў. 1 верасня дзеці прыйдуць у новыя светлыя кабінеты, будуць займацца ў адрамантаваных спартыўнай і актавай залах. Таксама ва ўстанове адукацыі адрамантаваны майстэрні, сталовая, бібліятэка, абноўлена мэбля, камп’ютарная тэхніка, лабараторнае абсталяванне, інфармацыйныя стэнды.
Вялікая ўвага ўдзелена і іншым установам адукацыі раёна. Так, на бягучыя рамонты школ і дзіцячых садоў выдзелена 2 млн рублёў. У межах бягучых рамонтаў абноўлены харчаблокі і санвузлы дзіцячых садоў, праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі, абноўлена агароджа і надворнае абсталяванне.
З мэтай стварэння бяспечных умоў знаходжання ва ўстановах адукацыі плануецца ўстаноўка сістэмы кантролю аддаленага доступу, кодавых замкоў, пашыраецца сістэма відэаназірання.
Галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама набыты
адзін новы аўтобус, які дазволіў абнавіць парк школьнага транспарту і цалкам адпавядаць усім тэхнічным патрабаванням. У шэрагу ўстаноў абноўлена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне ў харчаблоках.
Установы адукацыі да новага навучальнага года прыводзяць у парадак не толькі будаўнікі, але і бацькі, навучэнцы, працоўныя калектывы, за што ім асобны дзякуй! Мы ўсе разумеем, што гэта наш агульны клопат.
Работа па падрыхтоўцы школ і дзіцячых садоў не заканчваецца з іх прыёмкай. Мерапрыемствы па стварэнні прыгажосці працягваюцца да 1 верасня. А ўсмешка дзяцей і дарослых, якія прыходзяць на Дзень ведаў, — гэта самая важная пахвала і ўзнагарода.
— Кацярына Генадзьеўна, што вам як кіраўніку падабаецца ў “Настаўніцкай газеце”? Чаму вы яе чытаеце?
— “Настаўніцкая газета” для мяне — тое выданне, якога заўсёды чакаеш! У ёй можна знайсці актуальныя, сучасныя і цікавыя матэрыялы. Супрацоўнікі Выдавецкага дома — высакакласныя спецыялісты, спагадлівыя і адкрытыя людзі, якія добра адчуваюць сітуацыю ў адукацыі, жывуць сваёй работай.
Прыемна, што газета не стаіць на месцы, яна расце і развіваецца ў адпаведнасці з патрабаваннемі часу, а галоўнае — самога чытача.
Напярэдадні новага навучальнага года рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” і ўсім калегам жадаю моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму і творчых поспехаў!
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА