Урачыстае адкрыццё заключнага (вочнага) этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”, у якім прымаюць удзел лепшыя маладыя педагагічныя работнікі краіны, прайшло ў АПА, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Мэта фестывалю “Педагагічны дэбют”, які праходзіць у нашай краіне ўпершыню, — стымуляванне прафесійнага росту маладых педагогаў, садзейнічанне іх замацаванню ва ўстановах адукацыі.
— Упэўнены, што сённяшняе добрае пачынанне стане традыцыяй, — прывітаў удзельнікаў фестывалю намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — У нашай сістэме адукацыі шмат навацый, і мы з пазітывам да іх адносімся. Распрацоўваючы палажэнне аб фестывалі і разважаючы аб тым, як ён увальецца ў конкурсны рух у сістэме адукацыі, атрымлівалі толькі станоўчыя водзывы. Мы звярнулі ўвагу на маладых педагогаў, маладых выхавальнікаў дашкольных устаноў, маладых кіраўнікоў. І гэта вельмі важна, бо штогадовае папаўненне ўстаноў адукацыі маладымі спецыялістамі надае імпульс развіццю сістэмы і педагагічнай супольнасці.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў “Педагагічнага дэбюту”, хачу падкрэсліць, што маладосць — гэта і тая каштоўнасць, і той недахоп, якія вельмі хутка праходзяць. Шануйце гэты час, не бойцеся праяўляць наватарства, смеласць. У вас адсутнічае закасцянеласць педагагічнага мыслення, вы бліжэйшыя да моладзі, якая вучыцца ў вашых установах, ведаеце, што ёй цікава, неабходна, якія формы і метады работы з ёй лепш прымяняць. І разам з тым вы можаце натхніць сваіх больш вопытных калег.
Фестываль праходзіць у чатырох намінацыях: “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”, “Малады загадчык установы, якая рэалізуе адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі”, “Малады настаўнік”, “Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі”.
На завочным этапе маладыя кіраўнікі рыхтавалі эсэ па тэме “Я — сучасны кіраўнік” (у пісьмовай фор-
ме) і метадычную распрацоўку пасяджэння педагагічнага савета, а педагогі-практыкі — эсэ “Я — педагог! І гэта…” (у пісьмовай форме) і план-канспект урока (заняткаў) па выбранай удзельнікам тэме.
У вочным фармаце конкурсу прымаюць удзел 24 педагогі ўстаноў адукацыі ва ўзросце да 31 года, якія маюць стаж работы на пасадзе не больш за 5 гадоў, незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі. На працягу бягучага тыдня маладыя педагогі праявяць сваё майстэрства ў розных выпрабаваннях. Так, кіраўнікі выступяць на сцэне з візітнай карткай (творчай самапрэзентацыяй) “Я і мая каманда”, правядуць майстар-клас па кіраўніцкай дзейнасці і прадставяць публічнае выступленне перад грамадскасцю “Мая формула поспеху”. А педагогі-практыкі выступяць з творчай самапрэзентацыяй “Пачатак педагагічнага шляху”, дадуць адкрытыя ўрокі (заняткі) у незнаёмым класе (групе) па прапанаванай членамі журы тэме і прадставяць публічнае выступленне па тэме “Я — педагог! І гэта…”.
Канкурсанты падзеляцца сваімі педагагічнымі сакрэтамі: як кіраваць сабой і іншымі людзьмі, як стварыць маленькі свет шчаслівага дзяцінства і ўмовы для камфортнага і выніковага навучання, як зрабіць цёплай і душэўнай атмасферу выхавання дзяцей.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА