«Жывая кніга» і тэрміналагічны трэнажор: навукова-практычная канферэнцыя прайшла ў Мінску

- 15:01Образование

Пытанні тэорыі і практыкі сучаснай педагогікі, развіцця творчага патэнцыялу будучых педагогаў, гатоўнасці настаўнікаў да выкарыстання ІКТ у вучэбным працэсе, распрацоўкі дыдактычных і метадычных дапаможнікаў для педагагічных класаў былі ў цэнтры ўвагі педагогаў Беларусі і Расіі на ІІІ навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя напрамкі і перспектывы педагагічнай адукацыі» (з міжнародным удзелам), паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, сярэдняя школа № 86 імя Фамы Занько і гімназія № 20.

На базе СШ № 86 былі арганізаваны дзве тэматычныя секцыі. На іх гаворка ішла аб традыцыйных і новых падыходах да арганізацыі заняткаў у педкласах.

Педагогі гэтай установы адукацыі падзяліліся вопытам сваёй работы. Так, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ганна Турку правяла майстар-клас «Выкарыстанне ІКТ на ўроках гісторыі Беларусі на прыкладзе экспанатаў школьнага музея «Гісторыя культуры і быту». Педагагічную гасцёўню «Будучыня — гэта мы» арганізавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Камінская.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Папко ў фармаце «Печа-куча» прадставіла «жывую кнігу» як сродак рэалізацыі асобасна-арыентаванага падыходу ў навучанні школьнікаў.

— Жывая інтэрактыўная кніга адлюстроўвае дыялог пакаленняў, вопыт маіх педагогаў, мой прафесійны вопыт і пакуль яшчэ першы вопыт маіх навучэнцаў, — адзначыла Марыя Сяргееўна. — Гэта сродак, праз які я рэалізоўваю асобасна-арыентаваны падыход у навучанні, асноўным прынцыпам якога з’яўляецца выяўленне індывідуальных асаблівасцей дзіцяці і садзейнічанне яго развіццю. Перавагай гэтага сродку з’яўляецца магчымасць яго прымянення на кожным уроку незалежна ад класа, тэмы і ўзроўню навучанасці. Выкарыстоўваю яго ў рабоце з педагагічнымі класамі, пазакласнай і прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі, а таксама для фарміравання іх жыццёвых поглядаў.

Жывая інтэрактыўная кніга — той сродак, які дазваляе навучэнцам педагога праяўляць сябе творча. Старшакласнік можа не проста выразна прачытаць лірычны твор, а выканаць яго пад уласнае музычнае суправаджэнне. Ён можа расказаць верш аднаго з паэтаў-футурыстаў і паспрабаваць адлюстраваць яго змест на палатне.

Па меркаванні М. Папко, настаўнік і ёсць жывая кніга для дзяцей. Гледзячы на педагога ў школе і за яе межамі, навучэнцы змогуць «загарэцца» і шчыра захочуць паступіць у педуніверсітэт.

Вопыт работы прадставілі ўдзельнікі канферэнцыі, якія працуюць у педагагічных класах. Пра фарміраванне інфармацыйнай кампетэнтнасці шляхам стварэння адукацыйных праграмных прадуктаў расказалі настаўнікі сярэдняй школы № 6 Мінска Людміла Муравейка і Ірына Аляхновіч.

У межах інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі» з дапрофільнай групы 5-х класаў быў ажыццёўлены набор дзяцей для навучання ў асяроддзі праграмавання Scratch. У выніку школьнікі набылі базавыя навыкі праграмавання. Быў створаны акаўнт на афіцыйным сайце Scratch-суполкі. У супрацоўніцтве з профільным класам педагагічнай накіраванасці дзеці распрацавалі праграмныя прадукты па розных прадметах. Сярод іх — «Алгарытмы і выканаўцы» па інфарматыцы, «Чаргаванне галосных у корані слова» па рускай мове, «Памятныя мясціны Беларусі» па англійскай мове, «Па старонках прачытаных твораў» па беларускай літаратуры. Два праекты былі рэкамендаваны да ўдзелу ў Беларускім нацыянальным адборачным этапе VI Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні ў намінацыі «Знайкі». Створаныя адукацыйныя прадукты прайшлі экспертную ацэнку настаўнікамі школы і ўкаранёны ў адукацыйны працэс.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 28 Мінска Алена Кадлубай азнаёміла прысутных з тэрміналагічным трэнажорам для вучняў педкласаў на платформе Quizlet. З дапамогай QR-кодаў і спасылак ім можна карыстацца пры падрыхтоўцы да субяседавання пры паступленні ва УВА.

У трэнажоры прадугледжаны розныя рэжымы работы з 4 модулямі: без рэгістрацыі (у браўзеры ў рэжыме карткі: дастаткова па спасылцы прайсці праз QR-код з любога мабільнага ўстройства), з рэгістрацыяй у рэжымах завучвання, тэсту, падбору. Дзіцяці адкрываецца магчымасць індывідуальнай работы з дадаткам у розных рэжымах. Яно атрымлівае спасылку, адкрывае патрэбны модуль для асваення тэрміналогіі, вызначае, які тэрмін яму неабходна разабраць. Дадатак запамінае ўжо засвоеныя тэрміны і прапаноўвае папрацаваць з тымі, што яшчэ не вывучаны. У рэжыме завучвання школьніку прапануюцца пытанні па тэрміналогіі з варыянтамі адказаў. Прычым тыя, на якія навучэнец адказвае лёгка, будуць выпадаць з банка; а тыя, дзе дапушчаны памылкі, будуць паўтарацца зноў і зноў. Рэжым тэсту прадугледжвае 20 пытанняў на вызначэнне адказу «правільна-няправільна», супастаўленне і выбар патрэбнага варыянту. У платформы ёсць і прыемны бонус — магчымасць стварэння інтэрактыўнай гульні. Педагогу можна арганізаваць яе як у індывідуальным рэжыме, так і камандную.

У секцыі «Мая будучая прафесія — настаўнік» галоўнымі дзеючымі асобамі сталі школьнікі і студэнты. Яны расказалі аб матывуючых фактарах выбару настаўніцкай прафесіі, яе перавагах, а таксама пра тое, ці можа замяніць штучны інтэлект педагога. Фрагмент урока па рускай мове ў 4-м класе «Прыметнік. Замацаванне» прадставіла выпускніца школы № 86, а зараз студэнтка 1-га курса БДПУ Надзея Падабед. Фрагмент пазакласнага мерапрыемства «Гігіена скуры» прадэманстравала студэнтка 1-га курса гэтага ж універсітэта Ангеліна Матрунёнак. Абедзве дзяўчыны — выпускніцы педагагічнага класа.

Па словах дырэктара СШ № 86 Аляксея Срэбняка, канферэнцыя дае магчымасць раскрыцца дзецям, якія вучацца ў педагагічных класах. А настаўнікам, якія працуюць у іх, паказаць свае напрацоўкі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара