У сям’і Валерыя і Настассі Кулеш з Астраўца педагогіка — не проста праца. Ужо больш за дзесяць гадоў яна аб’ядноўвае мужа і жонку. Да таго ж стала вызначальным момантам у справе ўтварэння іх сям’і. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Ну і як гэта — два педагогі пад адным дахам? — цікаўлюся, загадзя здагадваючыся, якім будзе адказ.
— Ніколі не сумна, — усміхаюцца героі. — Гэта агульныя задачы, размовы і цяжкасці, гэта магчымасць даць адно аднаму прафесійную параду, агульнымі намаганнямі знайсці правільнае рашэнне. Не здараецца момантаў неразумення, якія тычацца працоўных нюансаў. А галоўнае — нам цікава разам.
Валерый выкладае ў самай вялікай школе раёна пад нумарам 3. У свой час як мэтавік ён скончыў лінгвістычны ўніверсітэт у сталіцы і вярнуўся ў родны Астравец па размеркаванні. Пачаўся яго працоўны шлях у 2008 годзе ў сельскай школе аграгарадка Рымдзюны. Аднак у педагогіку ён прыйшоў у большасці з-за любові да замежнай мовы.
— Шчыра кажучы, не марыў стаць настаўнікам. Але па шчаслівым збегу жыццёвых акалічнасцей выбраў гэты шлях і не шкадую. Што педагогіка — гэта пра мяне, зразумеў яшчэ падчас вучобы. Ветлівы і шчыры прыём на першым працоўным месцы, а таксама важкая падтрымка старэйшых калег дапамаглі ўпэўніцца ў гэтым. Штогод даюць пераканацца ў гэтым і мае вучні — заўсёды іх імёны сярод лідараў раённага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па замежнай мове, — гаворыць педагог.
Цікава, што выбар прафесіі для героя стаў лёсавызначальным яшчэ і таму, што настаўніцкі шлях прывёў яго да будучай жонкі. Менавіта першае працоўнае месца паспрыяла іх знаёмству. Двое маладых спецыялістаў у адной школе адчынялі для юных жыхароў аграгарадка дзверы ў свет ведаў: Валерый — пры вывучэнні англійскай мовы, а Настасся — беларускай мовы і літаратуры.
Яна ў сваю чаргу марыла аб прафесіі настаўніцы з пачатковай школы. Сярод вялізнага пераліку дзіцячых забаў заўсёды аддавала перавагу гульням у школу. Да гэтага часу памятае, як з важным выглядам выстаўляла адзнакі сваім вучням-цацкам у журнал-сшытак.
— Люблю чытаць на старонках “Настаўніцкай газеты” гісторыі, дзе дачка прыйшла ў педагогіку ўслед за кімсьці з бацькоў. Але ў нашай гісторыі няма такога гучнага сюжэта. Мой прыклад — той выпадак, калі вызначальным момантам у выбары прафесійнага шляху стала шанцаванне, — заінтрыгавала не адразу зразумелай фармулёўкай мая суразмоўніца і тут жа дадала: — Як вучаніцы мне заўсёды шанцавала на педагогаў. Не хачу стамляць чытача пералікам прозвішчаў. Але калі сярод іх ёсць тыя, хто мае дачыненне да маёй адукацыі, ведайце: вы ўнеслі ўклад і ў маё прафесійнае самавызначэнне.
Пасля настаўніцкага стажу ў яе жыцці былі некалькі гадоў работы намеснікам загадчыка дзіцячага сада спачатку ў сельскай, а пасля ў гарадской дашкольнай установе. У 2019 годзе з нечаканасцю ўспрыняла прапанову ўзначаліць дзіцячы сад № 5, які толькі будаваўся.
— Упершыню прыйшла сюды, калі вакол былі голыя сцены і мора будаўнічай тэхнікі. Тады з цяжкасцю можна было ўявіць сучасную карціну. Аб’ём будучай работы здаваўся складаным. Але на любым этапе сустракала падтрымку. Галоўнай жа была падтрымка мужа, — расказвае Настасся Кулеш.
Летапіс установы дашкольнай адукацыі пачаўся пад яе кіраўніцтвам, і, са слоў суразмоўніцы, у многім менавіта па гэтай прычыне яна адчувае сябе непадзельнай з ім, нават калі пераступае парог роднай хаты. Зрэшты, па такім прынцыпе ўладкавана жыццё кожнага педагога. У любым з прыкладаў работа ніколі не застаецца на рабоце.
— Мы выдатна разумеем адказнасць нашай прафесіі. І так значна лягчэй працаваць. Заўсёды ёсць што абмеркаваць, падзяліцца класнымі навінамі і ўдалымі прафесійнымі момантамі дня.
А дома тым часам бацькоў-педагогаў заўсёды чакае галоўная радасць і аддушына — сыны-школьнікі 13 і 9 гадоў. Адказваючы на пытанне, ці хапае часу на зносіны з дзецьмі, муж і жонка салідарныя з адказам:
— Імкнёмся з максімальнай самааддачай праводзіць сумесныя выхадныя. Напэўна, пра тое, дастаткова гэтага часу ці не, нашы хлопчыкі скажуць, ужо стаўшы дарослымі. Але робім усё, каб адказ гэты быў на карысць мамы і таты педагогаў.
Настасся дадала, што кожны ўважлівы бацька заўсёды хоча даць больш, чым атрымліваецца. Гэта не гаворыць пра недастатковасць увагі. Хутчэй пра імкненне да ідэалу і дасканаласці ва ўсім, што тычыцца блізкіх.
— Ёсць у нас традыцыі сумесных размоў перад сном і калектыўнага планавання, як правесці свята ці проста выхадны. Любім гуляць у настольныя гульні і з цікавасцю разам адказваем на пытанні тэматычных віктарын, якія прапануе малодшы сын, — звяртае ўвагу Валерый.
Пра прафесійныя перавагі сыноў гаварыць пакуль рана. І ўсё ж, калі нехта з хлопцаў зробіць выбар на карысць настаўніцтва, бацькі ўжо сёння ўпэўнены: падтрымаюць, дапамогуць, падкажуць. Хто ведае? Традыцыйна складваецца так, што педагогіку выбіраюць тыя, хто з дзяцінства цесна звязаны з гэтай справай.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара