Як навучыць дашкалят прыгожа размаўляць? Ведае Крысціна Снятко

- 9:00Главная, Образование

Калі педагог дзіцячага сада № 19 Слуцка Крысціна Снятко заходзіць у групу да сваіх выхаванцаў, яны сустракаюць яе з паштоўкамі, намаляванымі дома. Праз такія сродкі невербальнай камунікацыі малышы паказваюць педагогу свой настрой і эмоцыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Менавіта любоў да дзяцей і творчасці прывялі Крысціну Снятко ў педагогіку. Але канчаткова вызначыцца з будучай прафесіяй дзяўчыне дапамагла мама.

“Калі я вучылася ў 9 класе, неяк мы з мамай размаўлялі пра тое, кім я хачу стаць, — прыгадвае Крысціна. — Шчыра кажучы, я не ведала, якому кірунку аддаць перавагу. Мама сказала, што праявіць сябе ў творчасці можна ў тым ліку праз педагогіку. Пасля гэтай размовы я пачала падрабязна вывучаць, куды можна паступіць, каб атрымаць прафесію нас­таўніка. Так, я магла застацца ў школе, а пасля 11 класа пайсці атрымліваць вы­шэйшую адукацыю, але жаданне пасту­піць у каледж, каб хутчэй асвоіць прафесію, было мацнейшым. Выбіраючы, якой установе адукацыі аддаць перавагу, спачатку я схілялася да таго, каб паехаць вучыцца ў Віцебск. Але мама не хацела мяне так далёка адпускаць”.

Свой выбар дзяўчына спыніла на Салігорскім дзяржаўным каледжы. У пераліку спецыяльнасцей педагагічнага профілю яе прывабіла “Дашкольная адукацыя” са спецыялізацыяй “Лагапедыя”.

“Я дагэтуль памятаю, як у дзяцінстве хадзіла да лагапеда, — дзеліцца ўспамінамі малады спецыяліст. — Мне вельмі падабаліся заняткі, я радавалася пасля кожнага ўрока, бо выходзіла адтуль з новымі ўменнямі і з кожным разам размаўляла ўсё больш прыгожа і складна. Пасля і мой малодшы брат хадзіў да лагапеда. Каб хутчэй убачыць прагрэс, я займалася з ім дома, дапамагала ставіць гукі”.

Каледж Крысціна Снятко скончыла з чырвоным дыпломам. Дзяўчына гаворыць, што ні разу не пашкадавала аб тым, што не засталася вучыцца ў школе, а вырашыла атрымліваць сярэднюю спе­цыяльную адукацыю.

“Падчас навучання ў каледжы ў нас было вельмі многа практыкі, — працягвае аповед дзяўчына. — Не раз даводзілася чуць, што пасля каледжа ва ўстановы адукацыі прыходзяць добра падрыхтаваныя спецыялісты. Пакуль вучылася, яшчэ больш упэўнілася ў тым, што зрабіла правільны выбар на карысць педагогікі і не памылілася з кірункам, у якім хачу развівацца і расці прафесійна. Лагапедыя — вельмі цікавы напрамак, які дае шмат магчымасцей для развіцця як самога педагога, так і дзіцяці”.

Пасля размеркавання ў дзіцячы сад № 19 Слуцка Крысціна Снятко паступіла ў Інстытут інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаў­нага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Алігафрэнапедагогіка”. Сёння дзяўчына ўдала сумяшчае вучобу з работай і сцвярджае, што ад прафесіі, якую выбрала па поклічы сэрца, стаміцца немагчыма.

“Я вучуся на 2 курсе завочнага аддзялення і ўжо магу прымяняць у рабоце з дзеткамі новыя метады, з якімі паспела азнаёміцца, — тлумачыць спецыфіку сваёй дзейнасці педагог. — Сад № 19 — маё першае працоўнае месца. Калі ў першы дзень ішла на работу, вельмі хвалявалася. Мне было страшна ад думак, як мяне сустрэнуць дзеткі. Да гэтага я праходзіла многа практык, была ў розных дашкольных установах і ўзаемадзейнічала з многімі малышамі. Але гэта я рабіла непрацяглы час. Ідучы ў дзіцячы сад № 19, я разумела, што іду на работу. Я ўжо была не проста практыкант, а малады спецыяліст, выхавальнік, які павінен з раніцы да вечара знаходзіцца побач з дзецьмі і несці за іх адказнасць”.

Тое, што хвалявалася дарэмна, Крысціна Снятко зразумела адразу. У дзіцячым са­дзе № 19 адаптацыі маладых спецыялістаў удзяляецца вялікая ўвага. Каб выхавальніца на першым рабочым месцы адчувала сябе ўпэўнена, за ёй быў замацаваны вопытны педагог, да якога заўсёды можна было звярнуцца па дапамогу. Нават сёння, калі ўжо ёсць пэўны прафесійны вопыт, але часам з’яўляюцца сумненні па тым ці іншым пытанні, выхавальніца прыходзіць да калег атрымаць параду.

“У дзіцячым садзе вельмі камфортная атмасфера, — адзначае К.Снятко. — Калегі заўсёды цікавяцца, ці патрэбна дапамога, і нагадваюць, што ў любы момант я магу звярнуцца да іх па параду”.

Паштоўка на памяць

Прафесія выхавальніка — гэта заўсёды пра развіццё, самаўдасканаленне і ўменне размаўляць з малышамі на адной мове. Нават з узростам, сталеючы, выхавальнік не павінен страчваць цікавасці да творчасці — у першую чаргу менавіта яна накіравана на асобаснае развіццё дашкольнікаў.

“Больш за ўсё люблю з дзеткамі маля­ваць, ствараць розныя вырабы, займацца канструяваннем, развіваць дробную маторыку, — пералічвае выхавальніца. — Таксама падабаецца проста размаўляць, слухаць іх. Часам малышы задаюць такія пытанні, на якія адразу і не адкажаш. Прамаўчаць ці пакінуць іх без адказу я не магу, таму даводзіцца чытаць дадатковыя крыніцы інфармацыі і развівацца разам са сваімі маленькімі чамучкамі”.

Малышы сваю Крысціну Сяргееўну вельмі любяць і заўсёды ёй гавораць пра гэта, але не на словах, а праз малюнкі. Паштоўкі, якія ёй прысвячаюцца, выхавальніца захоўвае на памяць. Тое, што дзеткам падабаецца быць побач з педагогам, пацвярджае іх лёгкая адаптацыя да дашкольнай установы. У мінулым годзе, калі выхавальніца працавала ў ясельнай групе, малышы з першага дня пачалі называць Крысціну Сяргееўну мамай. 

“Дзеткі, якіх толькі прыводзяць у сад, яшчэ зусім маленькія, ім па 2 гады, — дзеліцца К.Снятко. — Я хвалявалася наконт таго, якой будзе іх адаптацыя, загадзя прадумвала, што буду рабіць, калі раптам нехта пачне плакаць. Але за ўвесь час, пакуль прывыкалі, у мяне ніхто з дзяцей не плакаў. У першы дзень малышы з цікаўнасцю разглядалі мяне, а на наступны мы ўжо абдымаліся. Прыемна бачыць, калі да мяне ў групу дзеці заходзяць з усмешкай. Я ўпэўнена, што кожнаму малышу трэба дапамагаць раскрывацца, праяўляць сябе і верыць у іх”.

Пасля таго як пачала вывучаць алігафрэнапедагогіку, Крысціна Снятко вялікую ўвагу ўдзяляе маўленню дзяцей. Педагог стала заўважаць, што малышам цяжка ўспрымаць і дыферэнцыраваць блізкія па гучанні або падобныя па артыкуляцыі гукі. Калі такое здараецца, дзеці сутыкаюцца з праблемамі ў вымаўленні і ў пабудове сказаў. У далейшым гэта адмоўна адбіваецца на развіцці іх слоўнікавага запасу і звязнага маўлення, выклікае цяжкасці ў складовым і гукавым аналізе слоў.

“Сфарміраванасць маўленчых уменняў і навыкаў — адзін з паказчыкаў асобаснага, сацыяльнага і інтэлектуальнага развіцця дзіцяці, — гаворыць К.Снятко. — Менавіта таму вялікую ўвагу ва ўзаемадзеянні з да­школьнікамі ўдзяляю развіццю іх маўлення. У працэсе зносін фарміруецца індывідуальнасць малыша, наладжваюцца кантакты, развіваецца мысленне”.

Сістэматычную работу па ўспрыманні мовы Крысціна Снятко  праводзіць падчас спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў. А падчас заняткаў па шматлікіх тэмах удала спалучае гульнявыя прыёмы на пазнаванне і распазнаванне нямоўных гукаў. Педагог упэўнена, што нерэгламентаваная дзейнасць выхаванцаў стварае яшчэ больш шырокія магчымасці для выкарыстання гульнявых прыёмаў на пазнаванне і распазнаванне нямоўных гукаў, для арганізацыі гульняў і практыкаванняў на развіццё фанематычнага слыху. Гэта тычыцца ў тым ліку і дзетак з асаблівасцямі развіцця. З імі будучы алігафрэнапедагог таксама працуе.

“Выхаванцы, якія наведваюць інтэграваную групу, патрабуюць больш увагі і часу для навучання, — падкрэслівае выхавальніца. — Калі ўсё правільна растлумачыць, інфармацыю яны засвойваюць таксама вельмі добра. Улічваючы, што я працую з рознымі дзецьмі, даводзіцца вучыць іх узаемадзейнічаць паміж сабой, не крыўдзіць адно аднаго”.

Удалы дэбют

На пытанне, ці ёсць у педагогіцы мяжа дасканаласці, Крысціна Снятко адказвае, што кожны настаўнік сам для сябе вызначае мэты, да якіх імкнецца, і вырашае, ці варта расці далей. Для сябе дзяўчына яшчэ падчас вучобы ў каледжы вырашыла, што дасягнуць прафесіяналізму можна толькі метадам проб і памылак, а таксама праз удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства. Такія спаборніцтвы яскрава паказваюць, у чым настаўнік моцны, а дзе яшчэ не можа канкурыраваць з калегамі.

Калі Крысціна Снятко прыйшла праца­ваць у дзіцячы сад № 19 Слуцка, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Вікторыя Гяч адразу заўважыла харызматычную і непасрэдную дзяўчыну.

“Дзякуючы таму, што сама калісьці прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і стала пераможцай у сваёй намінацыі, я ведаю, якім павінен быць педагог і што павінен умець, каб паказаць сябе ў конкурсе, — падзялілася Вікторыя Гяч. — У Крысціны Сяргееўны ёсць усе неабходныя для гэтага якасці. Таму прапанавала ёй паспрабаваць сябе ў конкурсе “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

 На абласным этапе Крысціна Снятко заняла 2-е месца. Да перамогі не хапіла некалькі балаў. Дзяўчына ўпэўнена: яе галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе.

“Калі вучылася ў каледжы, прымала ўдзел ва ўсіх конкурсах, якія праводзіліся, — адзначае педагог. — “Педагагічны дэбют” — гэта цудоўная магчымасць пака­заць сябе, свае творчыя здольнасці. Да ўдзелу ў ім мы рыхтаваліся ўсім калектывам, многа рэпеціравалі, абмяркоўвалі моманты, якія трэба дапрацаваць. Я не думала, што змагу трапіць на абласны этап. Здавалася, што ўсё абмяжуецца раённым узроўнем, бо я была адной з самых маладых удзельніц. Страх, што мяне не ўспры­муць, што як спецыяліст я не змагу зацікавіць гледачоў і журы конкурсу і дрэнна прэзентую сваю работу, прысутнічаў да самага фіналу. Але дарэмна хвалявалася! Было прыемна, калі пасля падвядзення вынікаў да мяне падыходзілі настаўнікі і дзякавалі за выступленне, хвалілі. Прызнанне калег — гэта таксама важны стымул для далейшага прафесійнага развіцця. Таму я буду імкнуцца да самаўдасканалення, але ў першую чаргу для таго, каб быць карыснай і цікавай для сваіх маленькіх чамучак”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА