Настаўніца Вольга Семянюк фарміруе камунікатыўную кампетэнцыю ў вучняў з дапамогай тэкстаў

- 15:20Образование

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Семянюк з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава фарміруе камунікатыўную кампетэнцыю ў вучняў з дапамогай тэкстаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Камунікатыўныя ўменні дзяцей развіваюцца сродкамі той мовы, якая абслугоўвае іх зносіны з навакольным светам, — гаво­рыць педагог. — Для многіх сучасных школьнікаў такой мовай з’яўляецца руская. Абмежаванае выкарыстанне беларускага маўлення ў грамадстве прывяло да таго, што моўнае асяроддзе дзяцей дапаўняецца сітуацыямі, дзе дамінуе родная мова, толькі дзякуючы школьнаму навучанню. Больш за тое, многія дзеці мала чытаюць, знікла традыцыя сямейнага чытання ўголас, а зносіны з кнігай выцясняюць камп’ютар і тэлевізар.

Вольга Семянюк прыйшла да высновы, што неабходна актыўней выкарыстоўваць эфектыўныя метады і прыёмы работы з тэкстам для фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, каб мэтанакіраванымі намаганнямі ства­рыць маўленчае асяроддзе, здольнае выклікаць у школьнікаў патрэбу ў пастаянных зносінах з кнігай і далучыць да культуры.

— Чаму менавіта тэкст? Ён з’яўляецца вышэйшай дыдактычнай адзінкай пры навучанні беларускай мове ў школе. На ўроках развіваю маўленне пры аналізе тэкстаў-узораў, стварэнні ўласных выказванняў, кантролі ведаў, уменняў і навыкаў, — адзначае Вольга Мікалаеўна.

Вольга Семянюк выкарыстоў­вае толькі змястоўныя тэксты, здольныя захапіць вучняў, выхоўваць у іх пачуццё любові да прыроды і эстэтычны густ, абуджаць цікавасць да роднай мовы і на­цыянальнай культуры. Так, педагог прапануе заданне: “Вы право­дзіце экскурсію на тэму “Стара­жытны Брэст”. Старайцеся апісаць падзеі ярка і вобразна. Растлумачце, што і чаму вам асабліва падабаецца, чым хочаце выклікаць зацікаўлены водгук у слухачоў. Хто лепш справіцца з гэтай задачай?”. Для стварэння вуснага тэксту адводзіцца 15—20 мінут. Затым праводзіцца конкурс на лепшы аповед экскурсавода і запісваецца атрыманы тэкст.

— Добра развіваюць маўленчыя здольнасці дыдактычныя гульні, — працягвае настаўніца. — Сярод іх — “Дыктар” (неабходна арфаэпічна правільна прачытаць тэкст — ад мініяцюрнага да вялікага — у залежнасці ад узросту), “Рэдактар” (патрабуецца выпра­віць маўленчыя памылкі ў тэксце) і “Перакладчык” (трэба перакласці тэкст на беларускую мову). Даволі эфектыўны пераклад “Руская — беларуская — руская”. Калі клас не адзін у паралелі, можна з адным класам перакласці тэкст на родную мову, а з другім — перакладзены тэкст на рускую, а пасля параўнаць арыгінал і атрыманы тэкст.

Настаўніца прапануе вучням 5—6 класаў розныя маўленчыя сітуацыі: напрыклад, разыграць па ролях у парах сітуацыю зносін “У магазіне (у кінатэатры, на стадыёне)”. Усе разам спачатку высвятляюць, якую форму зносін ім давя­дзецца выкарыстоўваць, якія зай­меннікі для гэтага спатрэбяцца і якія формы выказвання просьбы (калі ласка, будзьце ласкавыя, дазвольце папрасіць) і падзякі (дзякуй) можна будзе ўжыць. Затым 2—3 пары вучняў паказваюць у ролях камунікатыўную сітуацыю. Педагог з класам аналізуе атрыманыя дыялогі, звяртаючы ўвагу на сродкі маўленчага ўздзеяння.

Для фарміравання чытацкага ўмення знаходзіць і здабываць інфармацыю з тэксту Вольга Семянюк звяртаецца да заданняў, дзе патрабуецца працаваць з графічнай інфармацыяй: здабываць яе, арыентуючыся на словы (запісы пад малюнкамі, назвы слупкоў дыяграмы, табліц і схем). Спачатку дзеці складаюць апорны канспект па вывучаемай тэме і агучваюць яго, пасля чаго ўдзельнічаюць у конкурсе шпаргалак.

— Гэта цікавая форма вучэбнай работы, падчас якой адпрацоўваюцца ўменні згортваць і разгортваць інфармацыю ў пэўных абмежаваных умовах, — тлума­чыць Вольга Мікалаеўна. — У пачатку вывучэння тэмы абвяшчаю пачатак конкурсу і яго ўмовы. Вучань можа адказваць па падрыхтаванай дома шпаргалцы, калі яна аформлена на аркушы фармату А4, у ёй няма тэксту, а інфармацыя прадстаўлена асобнымі словамі, умоўнымі знакамі, схематычнымі малюнкамі і стрэлкамі, коль­касць слоў і знакаў адпавядае прынятым умовам (напрыклад, на лісце можа быць не больш за 10 слоў, 3 умоўныя знакі, 7 стрэлак ці ліній). Лепшыя шпаргалкі па меры іх выкарыстання на ўроку вывешваюцца на стэндзе. У канцы вывучэння тэмы падводзяцца вынікі.

На этапе праверкі ведаў настаўніца аддае перавагу прыёму “Дыктоўка”. Дыктуецца не слова, а яго лексічнае значэнне. Вучні павінны па значэннях вызначыць словы і запісаць іх. Напрыклад, у дыктоўцы па правапісе “э” ў запазычаных словах: асоба, якая знаходзіцца ў перапісцы з кім-небудзь (карэспандэнт); кароткае выкладанне асноўнага сцвярджэння (тэзіс); асобнае памяшканне ў вагоне (купэ).

— Пры вывучэнні новага матэрыялу выкарыстоўваю прыём “Ліст з прабеламі”, які падыходзіць і ў якасці праверкі засвоеных раней ведаў, і для работы з новым параграфам, — гаворыць Вольга Семянюк. — Прапаную шасцікласнікам скласці аповед пра дзея­слоў па апорных словах: “дзеяслоў абазначае…”, “адказвае на пытанні…”, “пачатковая форма дзеяслова —…”, “мае катэгорыі…”, “у сказе дзеяслоў можа быць як…”.

Па словах настаўніцы, работа з тэкстам развівае моўную інтуіцыю, фарміруе арфаграфічную пільнасць, павышае агульны ўзровень лінгвістычнай пісьменнасці, а таксама пашырае камунікацыйны вопыт, які забяспечыць добрае валоданне сучаснай беларускай літаратурнай мовай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ