Мінулых выхадных навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка Столінскага раёна чакалі роўна год. Калядны маскарад “Конікі” — тое, што звязвае іх і адно з адным, і з мінулымі пакаленнямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Шчодры вечар на Палессі
“Конікі” ладзяцца ў Давыд-Гарадку больш за сто гадоў запар і менавіта 13 студзеня, на стары Новы год. Столькі ж гадоў мясцовыя жыхары дзеляцца на тых, хто “ходзіць з конікам”, і тых, хто вітае іх у сваёй хаце. Генадзь Рыгоравіч Басавец нарадзіўся ў Давыд-Гарадку, тут жа з ранняга дзяцінства “бегаў з конікам”. Калі, атрымаўшы адукацыю, вярнуўся ў родную школу настаўнікам гісторыі, то вучыў дзяцей не толькі сусветнай і айчыннай гісторыі. Пачынаў ён заўсёды з гісторыі свайго роднага краю, асаблівую ўвагу ўдзяляючы традыцыям продкаў, якія беражліва тут захоўваюцца.
Цяпер настаўніку восьмы дзясятак, урокі гісторыі ён ужо не вядзе, але працягвае вучыць дзяцей спазнаваць мінулае роднага краю як кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. І “Конікі” ў цэнтры яго ўвагі.
Ён адзначае, што ўпершыню каляднага каня па вуліцах мястэчка правялі салдаты рускай арміі падчас Першай сусветнай вайны. У Давыд-Гарадку стаяў эскадрон казакоў. Лінія фронту праходзіла далёка, таму асаблівых клопатаў у хлопцаў не было. Каб прабавіць час, нехта з іх змайстраваў з валёнка каня, прывязаў ільняны хвост, накрыў яму бакі доўгімі крысамі шыняля і пайшоў па Давыд-Гарадку людзей весяліць. Тады ўвесь гарадок збегся на гэта паглядзець! Конь усім спадабаўся і стаў сімвалам свята, а свята з таго часу — традыцыяй.
Традыцыя шчадравання “Конікі” жыве толькі ў Давыд-Гарадку. У 2020 годзе яна была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
— Наша свята пачынаецца 13 студзеня, як толькі загараецца першая зорка на небе. У гэты момант над кожным мікрараёнам нашага горада гучыць працяглы гук рога ці трубы, які становіцца заклікам для пачатку “забегу конікаў”. На вуліцу выходзяць дзеці і дарослыя ў касцюмах, з музычнымі інструментамі, віншуюць гараджан, спяваюць шчадроўныя песні. У дзевяць гадзін вечара ўсе кампаніі збіраюцца ў цэнтры горада, дзе праходзіць гарадскі парад конікаў, віншаванне ад мясцовых улад, і там пачынаецца агульнае святкаванне — гульні, конкурсы, забавы, — расказвае Генадзь Рыгоравіч.
Галоўны персанаж свята — вершнік на кані. Адсюль і назва. І, па словах педагога, прынцып стварэння гэтага каня ніколі не мяняецца:
— Каб зрабіць каня, мы бяром два кашы, звязваем іх, галаву робім з валёнка і ўсю гэтую канструкцыю абцягваем белай тканінай ці прасціной. Грыву і хвост найчасцей замяняе лён. Малюем каню пысу, вочы. Коніка абавязкова суправаджаюць іншыя персанажы: Баба і Дзед, Казёл і Баран, Мядзведзь, якога на ланцугу вядзе Цыган, Смерць і Чорт, Скарбнік, Буська (так у нас называюць бусла) і іншыя. Не змяніліся за сто гадоў і песні — яны нашы, мясцовыя, ёсць яны і для дзяўчынкі, і для хлопчыка (у залежнасці ад полу дзяцей у хаце гаспадара). Зычым мы ў першую чаргу здароўя, дабрабыту, “коб за год дождалі і зноў шчадравалі”. Заводзіць песні Скарбнік, пачынаючы з “Ой, ды я шчадрую, каўбасу чую!”. І нездарма. Конікі праходзяць на шчодрую куццю — калі закончыўся пост і на сталах ужо і сала шкварчыць, і каўбаскі, і блінцы, і аладкі. У гэты дзень гарадчукі ставяць на стол 12 страў, бо лічыцца: чым багацейшы святочны стол, тым больш забяспечаным будзе цэлы год і ў гаспадароў, і ў гасцей.
Пра ўсё гэта добра ведае кожны мясцовы школьнік. І не толькі ў тэорыі. Дзеці — самыя вялікія аматары свята. Як адзначае Генадзь Рыгоравіч, падрыхтоўка да свята ў школе пачынаецца задоўга да студзеня. Асабліва старанна дзеці рыхтуюць касцюмы, развучваюць шчадроўныя вершы і песні:
— Мы ў школе кожны раз напярэдадні свята збіраем дзяцей, ладзім парад іх конікаў перад малодшымі школьнікамі, увесь тыдзень — ад канікул да 13 студзеня — мы, настаўнікі, расказваем пра гэтую традыцыю, а ў апошні перадсвяточны дзень раней адпускаем дзяцей, каб яны маглі разам з сям’ёй пачаць падрыхтоўку да свята. Школа ў нас вялікая, класаў шмат, і ўсе яны шчадруюць. Старшакласнікі звычайна са сваімі класамі ў поўным складзе. Сярэднія класы, як правіла, ходзяць па сваіх вуліцах, наведваюць сем’і аднакласнікаў. Прыязджаюць дадому на свята і нашы выпускнікі. Не прамінаюць традыцыю, канечне, і іх бацькі.
Агульнае захапленне
Аляксандр Юр’евіч Савіч, настаўнік фізкультуры школы № 2, амаль усё сваё свядомае жыццё на “Коніках”. І падрыхтоўка да гэтага свята адкрыла ў ім талент дызайнера касцюмаў.
— Я і дзіцем рабіў для сябе касцюм. Але калі раней гэта былі простыя касцюмы, то цяпер яны ў нас адмысловыя, складаюцца з вопраткі, маскі, дапаўняюцца аксесуарамі, — гэта ўжо для нас цэлая навука, — гаворыць настаўнік.
І асвоіць гэтую навуку заўсёды шмат ахвочых ва ўсіх класах. Пачынаецца падрыхтоўка касцюма за некалькі месяцаў да свята. Вакол настаўніка збіраецца шмат дзяцей, якім трэба дапамога. Збіраюцца яны не толькі ў школе, а нават у яго дома, дзе да творчага працэсу далучаецца і жонка Аляксандра Юр’евіча. Настаўнік і яго Ніна некалі былі аднакласнікамі і кожны год, пачынаючы з пачатковай школы, хадзілі разам на “Конікі”. Больш за 20 гадоў яны шчадруюць разам.
— Конікам становіцца толькі самы фізічна моцны чалавек, бо касцюм коніка цяжкі, кілаграмаў пад пятнаццаць (для дзяцей, зразумела, робіцца меншы касцюм). Раніцай дакладна плечы нагадаюць гаспадару пра гэтую ношу — на іх ідзе ўпор, таму яны баляць. Але гэта хлопцаў не пужае: быць Конікам — гонар. Ды і дзясятка па фізкультуры — прыемны бонус, — адзначае настаўнік і дадае: — Сёння амаль любы касцюм можна купіць ці ўзяць напракат. Але гэта больш для тых, хто прыязджае да нас на “Конікі” з Мінска, Пінска і іншых гарадоў. Мы ж робім касцюмы і маскі самі — гэта традыцыя. І хочацца, каб яна перадавалася нашым дзецям, каб яны ўмелі самі для сябе зрабіць касцюм.
Маскі робім каркасныя з мяккага дроту, абшываем іх тканінай, фарбуем, падсвечваем то яе контур, то вочы, то рогі, каб у цемры было відаць. Некалі падсветку падтрымлівалі батарэйкі, сёння прыстасавалі для гэтага партатыўныя зарадкі.
Аляксандр Юр’евіч шчадруе вялікай кампаніяй, чалавек пятнаццаць. Гэта і педагогі, і навучэнцы розных класаў, якія ўваходзяць у склад школьнага музычнага калектыву ды іграюць на розных інструментах. Сам жа настаўнік найчасцей у вобразах Чорта, Смерці, Бусі, бо яны маюць магчымасць іграць на яго любімым інструменце — барабане. З гэтай прычыны ён не бывае Конікам — і інструмент, і каня несці не атрымаецца. Гэтым разам ён быў Чортам, а яго жонка — Бабай Ягой. На акардэоне акампаніраваў Салдат — настаўнік музыкі Алег Уладзіміравіч Овад. Вольга Васільеўна Люльковіч, настаўніца працоўнага навучання і па сумяшчальніцтве Цыганка, прадказвала сустрэчным шчаслівы год. Настаўнік інфарматыкі Уладзімір Віктаравіч Ракала быў у вобразе Смерці, таму абяцаў ні да кога не завітваць. Віншавала ўсіх са святам Снягурка — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Віктараўна Якімава.
Кожны год у гэтай кампаніі таксама і госці з Расіі. Настаўнік тлумачыць:
— Наша школа ўжо шмат гадоў сябруе са школай-пабрацімам з паселішча Марушкінскае Новамаскоўскай адміністрацыйнай акругі Масквы. Мы з калегамі ездзім да іх спазнаваць мясцовую культуру, а расійскія педагогі прыязджаюць да нас на “Конікі”. Традыцыйна да нас у гэты дзень далучыўся і ўраджэнец Давыд-Гарадка, выканаўчы дырэктар Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, Герой Расійскай Федэрацыі Аляксандр Дарковіч. І гэта прыемна, што “Конікі”, нашу візітоўку, ведаюць і шануюць не толькі мясцовыя людзі, але і госці — да нас прыязджаюць на свята сотні людзей. Хочацца, каб гэтая традыцыя жыла і ў наступных пакаленнях. Асабіста я буду заўсёды яе зберагаць, каб яна працягвала жыць.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены школай