Конь, Мядзведзь і Буська: як унікальны маскарадны абрад аб’ядноўвае розныя пакаленні жыхароў Давыд-Гарадка

- 12:21Хранители традиций

Мінулых выхадных навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 2 Давыд­-Гарадка Столінскага раёна чакалі роўна год. Калядны маскарад “Конікі” — тое, што звязвае іх і адно з адным, і з мінулымі пакаленнямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шчодры вечар на Палессі

“Конікі” ладзяцца ў Давыд-Гарадку больш за сто гадоў запар і менавіта 13 студзеня, на стары Новы год. Столькі ж гадоў мясцовыя жыхары дзеляцца на тых, хто “ходзіць з конікам”, і тых, хто вітае іх у сваёй хаце. Генадзь Рыгоравіч Басавец нарадзіўся ў Давыд-Гарадку, тут жа з ранняга дзяцінства “бегаў з конікам”. Калі, атрымаўшы адукацыю, вярнуўся ў родную школу настаўнікам гісторыі, то вучыў дзяцей не толькі сусветнай і айчыннай гісторыі. Пачынаў ён заўсёды з гісторыі свайго роднага краю, асаблівую ўвагу ўдзяляючы традыцыям продкаў, якія беражліва тут захоўваюцца.

Цяпер настаўніку восьмы дзясятак, урокі гісторыі ён ужо не вя­дзе, але працягвае вучыць дзяцей спазнаваць мінулае роднага краю як кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. І “Конікі” ў цэнтры яго ўвагі.

Ён адзначае, што ўпершыню каляднага каня па вуліцах мястэчка правялі салдаты рускай арміі падчас Першай сусветнай вайны. У Давыд-Гарадку стаяў эскадрон казакоў. Лінія фронту праходзіла далёка, таму асаблівых клопатаў у хлопцаў не было. Каб прабавіць час, нехта з іх змайстраваў з валёнка каня, прывязаў ільняны хвост, накрыў яму бакі доўгімі крысамі шыняля і пайшоў па Давыд-Гарадку людзей весяліць. Тады ўвесь гарадок збегся на гэта паглядзець! Конь усім спадабаўся і стаў сімвалам свята, а свята з таго часу — традыцыяй.

Традыцыя шчадравання “Конікі” жыве толькі ў Давыд-Гарадку. У 2020 годзе яна была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

— Наша свята пачынаецца 13 студзеня, як толькі загараецца першая зорка на небе. У гэты момант над кожным мікрараёнам нашага горада гучыць працяглы гук рога ці трубы, які становіцца заклікам для пачатку “забегу конікаў”. На вуліцу выходзяць дзеці і дарослыя ў касцюмах, з музычнымі інструментамі, віншу­юць гараджан, спяваюць шчадроўныя песні. У дзевяць гадзін вечара ўсе кампаніі збіраюцца ў цэнтры горада, дзе праходзіць гарадскі парад конікаў, віншаванне ад мясцовых улад, і там пачынаецца агульнае святкаванне — гульні, конкурсы, забавы, — расказвае Генадзь Рыгоравіч.

Галоўны персанаж свята — вершнік на кані. Адсюль і назва. І, па словах педагога, прынцып стварэння гэтага каня ніколі не мяняецца:

— Каб зрабіць каня, мы бяром два кашы, звязваем іх, галаву робім з валёнка і ўсю гэтую канструкцыю абцягваем белай тканінай ці прасціной. Грыву і хвост найчасцей замяняе лён. Малюем каню пысу, вочы. Коніка абавязкова суправаджаюць іншыя персанажы: Баба і Дзед, Казёл і Баран, Мядз­ведзь, якога на ланцугу вя­дзе Цыган, Смерць і Чорт, Скарбнік, Буська (так у нас называюць бусла) і іншыя. Не змяніліся за сто гадоў і песні — яны нашы, мясцовыя, ёсць яны і для дзяўчынкі, і для хлопчыка (у залежнасці ад полу дзяцей у хаце гаспадара). Зычым мы ў першую чаргу здароўя, дабрабыту, “коб за год дождалі і зноў шчад­равалі”. Заводзіць песні Скарбнік, пачынаючы з “Ой, ды я шчадрую, каўбасу чую!”. І нездарма. Конікі праходзяць на шчодрую куццю — калі закончыўся пост і на сталах ужо і сала шкварчыць, і каўбаскі, і блінцы, і аладкі. У гэты дзень гарадчукі ставяць на стол 12 страў, бо лічыцца: чым багацейшы святочны стол, тым больш забяспечаным будзе цэлы год і ў гаспадароў, і ў гасцей.

Пра ўсё гэта добра ведае кожны мясцовы школьнік. І не толькі ў тэорыі. Дзеці — самыя вялікія аматары свята. Як адзначае Ге­надзь Рыгоравіч, падрыхтоўка да свята ў школе пачынаецца задоўга да студзеня. Асабліва старанна дзеці рыхтуюць касцюмы, развучваюць шчадроўныя вершы і песні:

— Мы ў школе кожны раз напярэдадні свята збіраем дзяцей, ладзім парад іх конікаў перад малодшымі школьнікамі, увесь тыдзень — ад канікул да 13 студзеня — мы, настаўнікі, расказваем пра гэтую традыцыю, а ў апошні перадсвяточны дзень раней адпускаем дзяцей, каб яны маглі ра­зам з сям’ёй пачаць падрыхтоўку да свята. Школа ў нас вялікая, класаў шмат, і ўсе яны шчадруюць. Старшакласнікі звычайна са сваімі класамі ў поўным складзе. Сярэднія класы, як правіла, ходзяць па сваіх вуліцах, наведваюць сем’і аднакласнікаў. Прыязджаюць дадому на свята і нашы выпускнікі. Не прамінаюць традыцыю, канечне, і іх бацькі.

Агульнае захапленне

Аляксандр Юр’евіч Савіч, настаўнік фізкультуры школы № 2, амаль усё сваё свядомае жыццё на “Коніках”. І падрыхтоўка да гэтага свята адкрыла ў ім талент дызайнера касцюмаў.

— Я і дзіцем рабіў для сябе касцюм. Але калі раней гэта былі простыя касцюмы, то цяпер яны ў нас адмысловыя, складаюцца з вопраткі, маскі, дапаўняюцца аксесуарамі, — гэта ўжо для нас цэлая навука, — гаворыць настаўнік.

І асвоіць гэтую навуку заўсёды шмат ахвочых ва ўсіх класах. Пачынаецца падрыхтоўка касцюма за некалькі месяцаў да свята. Вакол настаўніка збіраецца шмат дзяцей, якім трэба дапамога. Збіраюцца яны не толькі ў школе, а нават у яго дома, дзе да творчага пра­цэсу далучаецца і жонка Аляксанд­ра Юр’евіча. Настаўнік і яго Ніна некалі былі аднакласнікамі і кожны год, пачынаючы з пачатковай школы, хадзілі разам на “Конікі”. Больш за 20 гадоў яны шчадру­юць разам.

— Конікам становіцца толькі самы фізічна моцны чалавек, бо касцюм коніка цяжкі, кілаграмаў пад пятнаццаць (для дзяцей, зразумела, робіцца меншы касцюм). Раніцай дакладна плечы нагадаюць гаспадару пра гэтую ношу — на іх ідзе ўпор, таму яны баляць. Але гэта хлопцаў не пужае: быць Конікам — гонар. Ды і дзясятка па фізкультуры — прыемны бонус, — адзначае настаўнік і дадае: — Сёння амаль любы касцюм можна купіць ці ўзяць напракат. Але гэта больш для тых, хто прыязджае да нас на “Конікі” з Мінска, Пінска і іншых гарадоў. Мы ж робім касцюмы і маскі самі — гэта традыцыя. І хочацца, каб яна перадавалася нашым дзецям, каб яны ўмелі самі для сябе зрабіць касцюм.

Маскі робім каркасныя з мяккага дроту, абшываем іх тканінай, фарбуем, падсвечваем то яе контур, то вочы, то рогі, каб у цемры было відаць. Некалі падсветку падтрымлівалі батарэйкі, сёння прыстасавалі для гэтага партатыўныя зарадкі.

Аляксандр Юр’евіч шчадруе вялікай кампаніяй, чалавек пятнаццаць. Гэта і педагогі, і навучэнцы розных класаў, якія ўваходзяць у склад школьнага музычнага калектыву ды іграюць на розных інструментах. Сам жа настаўнік найчасцей у вобразах Чорта, Смерці, Бусі, бо яны маюць магчымасць іграць на яго любімым інструменце — барабане. З гэтай прычыны ён не бывае Конікам — і інструмент, і каня несці не атрымаецца. Гэтым разам ён быў Чортам, а яго жонка — Бабай Ягой. На акардэоне акампаніраваў Салдат — настаўнік музыкі Алег Ула­дзіміравіч Овад. Вольга Васільеўна Люльковіч, настаўніца працоўнага навучання і па сумяшчальніцтве Цыганка, прадказвала сустрэчным шчаслівы год. Настаўнік інфарматыкі Уладзімір Віктаравіч Ракала быў у вобразе Смерці, таму абяцаў ні да кога не завітваць. Віншавала ўсіх са святам Снягурка — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Віктараўна Якімава.

Кожны год у гэтай кампаніі таксама і госці з Расіі. Настаўнік тлумачыць:

— Наша школа ўжо шмат гадоў сябруе са школай-пабрацімам з паселішча Марушкінскае Новамаскоўскай адміністрацыйнай акругі Масквы. Мы з калегамі ездзім да іх спазнаваць мясцовую культуру, а расійскія педагогі прыязджаюць да нас на “Конікі”. Традыцыйна да нас у гэты дзень далучыўся і ўраджэнец Давыд-Гарадка, выканаўчы дырэктар Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, Герой Расійскай Федэрацыі Аляксандр Дарковіч. І гэта прыемна, што “Конікі”, нашу візітоўку, ведаюць і шануюць не толькі мясцовыя людзі, але і госці — да нас прыязджаюць на свята сотні лю­дзей. Хочацца, каб гэтая традыцыя жыла і ў наступных пакаленнях. Асабіста я буду заўсёды яе зберагаць, каб яна працягвала жыць.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены школай