Ствараючы драўляны посуд, юныя бондары Іванаўшчыны звязваюць гісторыю і сучаснасць

- 14:18Хранители традиций

Дзень нараджэння Іванаўская школа бондарства сустрэла ў абноўленым выглядзе. Маштабны рамонт стаў падарункам для яе навучэнцаў, каб падкрэсліць значнасць падзеі — бандарная справа афіцыйна ўвайшла ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-­культурных каштоўнасцей Беларусі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Рэха стагоддзяў

Атрыманы новы статус і тым самым гарантаванае старажытнаму мясцоваму промыслу развіццё і папулярызацыя — заслуга і калектыву, і, у першую чаргу,  дырэктара Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці Наталлі Гацэвіч. Установа, хоць і змяніла афіцыйна назву, усё ж шырэй вядома пад былой — школа бондарства. Ды і горад Іванава называюць так толькі прыезджыя — мясцовыя жыхары і сёння, як і іх продкі, часта называюць свой горад Янова, а сябе — янаўцамі.

Зрэшты, такая павага да гісторыі тут прасочваецца ва ўсім. Ды і сама школа з’явілася тут дзякуючы мясцовым традыцыям. У першую чаргу — вёскі Рылавічы, якая і стала галоўным бондарскім цэнтрам. У XVI стагоддзі яе жыхары рабілі посуд нават для каралеўскага двара. Бондарства ў вёсцы развівалася стагоддзямі, а вось у канцы мінулага — імкліва стала знікаць. Хто ведае, можа, ужо і сышла б у нябыт, каб не аддзел культуры Іванаўскага рай­выканкама і яго тагачасны кіраўнік Уладзімір Шэляговіч і архітэктар і дызайнер Васіль Голік. Яны былі перакананы, што і ў XXI стагоддзі саліць гуркі і грыбы, квасіць капусту і ма­чыць яблыкі належыць у драўляных бочках і кадках. Так, Васіль Іосіфавіч Голік стаў першым дырэктарам школы бондарства, утворанай на базе мастацкіх майстэрань раёна.

— Бондары ці хаця б лю­дзі, якія маглі адраманта­ваць драўляны посуд (зрабіць абруч, замя­ніць донца і падобнае), былі ў кожнай вёсцы нашага раёна, але найбольш іх было ў Рылавічах, — робіць экскурс у мінулае Наталля Міхайлаўна Гацэвіч. — Згодна з перапісам 1946 года, там было 46 двароў, дзе займаліся бондарствам, што склала больш за палову ад усіх. Справа ў тым, што наш раён балоцісты, таму дрэвы тут набрынялыя вільгаццю, і толькі Рылавічы знаходзяцца, па-першае, на ўзвышшы (што забяспечвала іх цудоўнай па якасці драўнінай), па другое — абапал трасы паміж Іванавам і Пінскам, што дазваляла мясцовым жыхарам у любы час выехаць на кірмашы. З большасці астатніх нашых вёсак можна было выехаць у лепшым выпадку толькі напрыканцы чэрвеня, калі сыхо­дзіла вада. Як расказваюць жыхары Рылавіч, іх дзядулі забяспечвалі сваім бандарным посудам усё Палессе: Пінск, Лунінец, Давыд-Гарадок, Столін, а таксама Іванава, Драгічын, Кобрын. І калі адкрывалася наша школа, Васіль Іосіфавіч складаў вучэбныя планы, апіраючыся якраз на вопыт жыхароў
Рылавіч.

Першых сваіх вучняў школа сустрэла 1 верасня 2000 года. За 22 гады тут было 19 выпускаў і больш за 400 выпускнікоў, многія з якіх выбралі прафесіі, звязаныя з дрэваапрацоўкай. Двое вярнуліся на радзіму ў Іванава, у школу бондарства — вучыць майстэрству маладое пакаленне.

Энергетычнае падсілкоўванне

Каб натхніцца на стварэнне новай рэчы, юныя бондары паглыбляюцца ў мясцовую гісторыю, знаёмяцца з работамі майстроў, прычым у розных кірунках. Разам з настаўнікамі яны наведваюць Мотальскі музей народнай творчасці, знаёмяцца з лозапляценнем, ткацтвам, вышыўкай і інш. Ды і на занятках спрабу­юць сябе ў гэтых рамёствах — праграма ўключае разьбярства і роспіс па дрэве, саломапляценне, кераміку і інш. Але асноўны ўхіл, канечне, на бондарстве (па гэтым кірунку выпускнікі школы атрымліваюць пасведчанне па асваенні праграмы дадатковай адукацыі). На гэта накіраваны і такія дысцыпліны, як матэрыялазнаўства, чарчэнне, малюнак, кампазіцыя, дэкаратыўная аддзелка і, канечне ж, тэхналогія вырабу бандарнага посуду.

— Усяго ў нашай школе 99 навучэнцаў. На бандарнае аддзяленне мы прымаем дзяцей з 7 класа, і яны вучацца ў нас 3 гады. Гэта трое заняткаў у тыдзень па 3 гадзіны кожныя. Малодшыя школьнікі (5—6 клас) займаюцца ў падрыхтоўчых групах. Таксама дзейнічаюць 4 групы ў гуртку “Мастерок”. Ёсць і такія 6-класнікі, якіх нельга не ўзяць у асноўныя групы, — так про­сяць. З такіх упартых дзяцей атрымліваюцца лепшыя вучні — яны ніводных заняткаў не прапус­цяць, — гаво­рыць дырэктар.

Каб было больш такіх матываваных дзяцей, у школе право­дзіцца адбор.

— У канцы мая ўсе 5—6-класнікі школ горада і раёна прыхо­дзяць да нас на праф­арыентацыйную экскурсію. З тымі, хто захацеў да нас у школу, мы гутарым — нам важна адчуць дзяцей, убачыць, зацікаўлены яны ці не. Гутарым і з іх бацькамі. Але самую разгорнутую характарыстыку нам даюць настаўнікі працоўнага навучання. Такіх дзяцей відаць адразу. Адно будзе цэлую чвэрць адну клёпку рабіць, другое — ужо за першыя заняткі іх 12 штук зробіць і чакае, што ўжо і посуд сёння навучаць складваць. У іх гарыць справа. Ёсць у нас яшчэ адзін прынцып — мы стараемся фарміраваць групы з адной паралелі адной школы, каб ім было весялей і камфортней сваёй кампаніяй хадзіць на заняткі і ў школу, і да нас, а вечарам — дадому, бо, як правіла, яны жывуць у адным раёне. Мабыць, пагэтаму пасля першага года навучання ў нас адсейваецца ўсяго 1—2 дзіцяці, — дзеліцца Наталля Гацэвіч.

Такая ж кампанія ўжо заняла свае месцы на бандарных лаўках. Засумаваўшы за лета па справе, з ахвотай прыняліся рабіць клёпкі цяпер ужо 7-класнікі з сярэдняй школы № 4 Іванава — Іван Брыгадзін, Аляксандр Дынюк, Мікіта Тарасюк і Яраслаў Радкавец. Хлопцы ўжо шмат посуду зрабілі ў гэтай майстэрні. Лыжкі, лапаткі, качалкі, таўкачыкі ­ідуць на дзясяткі — усе іх сваякі добра забяспечаны імі. Але ёсць нават і бочкі. У Івана іх дзве, адна — у Мікіты.

— Гэтыя дзеці толькі адзін год правучыліся. На першым го­дзе навучання ў нас ідзе вытворчасць посуду канічнай формы — кадкі, дзежкі. Але гэтыя хлопцы так хутка ўсяму вучацца, што ­па-за праграмай пашыра­юць спектр сваіх вырабаў, адсюль і бочкі, — тлумачыць Наталля Міхайлаўна.

Натхніцца на справу дапамагае вучням галоўны гонар школы — экспазіцыя старажытнага бандарнага посуду, якую Наталля Гацэвіч збірала са сваімі навучэнцамі падчас экспедыцый па Іванаўскім раёне, і калекцыя інструментаў самых вядомых мясцовых бондараў. Многім рэчам не адно стагоддзе.

Усяго ў школе 7 настаўнікаў мужчын і 8-я — Наталля Міхайлаўна. Сярод настаўнікаў — і выпускнікі школы. Яўген Аргер скончыў гэтую школу, а яго тата быў тут выкладчыкам. Юрый Новік скончыў Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, яшчэ студэнтам быў уключаны ў базу даных адоранай моладзі Беларусі, атрымліваў прэзідэнцкую стыпендыю. А калі скончыў каледж, яго запрасілі працаваць там майстрам, пасля арміі — на мэблевую фабрыку ў Брэст, але ўсё ж малады чалавек вярнуўся на радзіму і пяты год працуе настаўнікам у школе бондарства. Тут ён выкладае і разьбу па дрэве, але ўсё ж асноўны ўхіл ро­біць на захаванне старажытных бандарных традыцый.

— Нашы прадзеды рабілі бочкі з калод, выдзёўбваючы іх сярэдзіну. Потым калолі, чакалі, пакуль колатыя плахі высах­нуць, ручнымі інструментамі — фуганкамі, рубанкамі, стамескамі, стругамі, скабёлкамі — рабілі клёпкі, каб сабраць каркас. На адну бочку такім спосабам трэба шмат часу — каля тыдня, але мы абавязкова, у першую чаргу, вучым нашых навучэнцаў ручному працэсу, які прымянялі нашы прадзеды-бондары. Час не стаіць на месцы. Усе перавагі сучасных тэхналогій мы, канечне, таксама выкарыстоўваем і робім посуд і з сухой дошкі. Калі гаварыць пра заказы, то далёка не заўсёды людзі разумеюць каштоў­насць гэтай тэхналогіі, захавання традыцый. Таму для заробку мы вучымся рабіць посуд і на станках, што значна экано­міць час, — гаворыць Юрый Новік.

За высокія дасягненні ў справе адраджэння і папулярызацыі бандарнага рамяства калектыў школы ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Народная творчасць”.

Прыемна адзначыць, што драўляныя бочкі, кадкі і іншы посуд ад іванаўскіх майстроў сёння карыстаюцца вялікім попытам і ніякі пластык іх не заменіць. А людзі, якія ведаюць, як захаваць смак натуральных прадуктаў, абавязкова навучаць гэтаму і сваіх вучняў.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара