Як вярнуць з нябыту народныя мастацкія здабыткі? Адказ ведаюць школьнікі, якія ствараюць рэчы з этнічным характарам

- 14:00Хранители традиций

Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пазнаёмілася з пераможцамі намінацыі “Рукатворныя помнікі народнага мастацтва маёй краіны” III Рэспубліканскага фестывалю-­конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”.

Мода з этнічным характарам

Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна Гомеля дыплом I ступені прынёс праект “Гарсэтныя гісторыі”. У прыватнасці, навучэнкі ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Кудесница” і аб’яднання па інтарэсах “Индиго” і іх педагогі, вывучаючы традыцыйныя жаночыя строі Гомельшчыны, засяродзіліся на іх абавязковым элеменце — гарсэце. Яны не толькі даследавалі яго змяненні ў гісторыі касцюмаў сваіх бабуль і прабабуль, значэнне элементаў, аздаблення, але і вярнулі гарсэт са старажытных фота­здымкаў і музейных экспазіцый у свой штодзённы гардэроб.

Наталля Мікалаеўна Васільева разважае: “Як традыцыйнае адзенне дапаможа моладзі ў вызначэнні самаідэнтычнасці? Праз сучаснае, наколькі гэта магчыма, трансліраванне на сябе: нашэнне элементаў традыцыйнага касцюма ў штодзённасці. Тут вельмі важна далікатна паказаць: народнае адзенне, на першы погляд, архаічнае, лёгка трансфармуецца да сучасных мінімалістычных сілуэтаў і тэндэнцый моды, сярод якіх этнічны стыль займае ўстойлівыя пазіцыі апошнія некалькі гадоў”.

Якраз гэта і стала канцэпцыяй праекта: юныя даследчыкі-ма­дэльеры стварылі міні-калекцыю адзення, якая захоўвае тэндэнцыі архаічнага строю, але адаптавана да сучасных модных трэндаў. Так атрымаліся стыльныя вобразы з яскравым этнічным характарам.

Спроба адаптацыі традыцыйнага гарсэта да сучаснага нашэння і імкненне зрабіць модную рэч адлюстраваннем этнічных традыцый перадаюцца праз пэўныя віды дэкору, у прыватнасці, вышыўку ў мясцовых тэхніках.

Па словах Святланы Віктараўны Піпчанковай, з’яўленне гарсэта ў традыцыйным і святочным строі нашых продкаў-жанчын — гэта імкненне адаптавацца да тэндэнцый шляхецкай моды, зрабіць стан стройным, а постаць высакароднай. Лакальныя варыяцыі гарсэта нагадвалі сённяшнюю безрукаўку і лёгка адаптуюцца да сучасных сілуэтаў. Што тычыцца паяснога варыянта гістарычнага элемента касцюма, то ціка­васць да яго сучаснай інтэрпрэтацыі значна ўзрасла. Такія гарсэты — адна з вядучых модных тэндэнцый апошніх гадоў. Абодва гэтыя варыянты ўвасобіліся ў новай калекцыі.

“Этнічны канцэпт у міні-калекцыі ўвасаб­ляе дэкор: вышыўка паліхромнай гладдзю і контурнымі швамі, роспіс у традыцыях маляванкі, — тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна Арцеменка. — Асаблівас­цю аздаблення гарсэтаў з’яўляецца і тое, што крыніцамі натхнення сталі помнікі лакальнага народнага мастацтва нашай Гомельшчыны: ручнікі Веткаўшчыны і традыцыйныя хусткі сялянак Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў. Асаблівую ўвагу мы ўдзялялі і колеру палатна гарсэтаў: як і некалі ў нашых продкаў, у нас яны зялёныя, што ўвасабляе лес, маладосць і адраджэнне. Асаблівую семантыку нясуць колеры і сюжэты вышыўкі (у асноўным, раслінныя матывы)”.

Пры стварэнні гарсэтаў дзяўчаты выкарыстоўвалі толькі экалагічныя матэрыялы: ільняныя і баваўняныя тканіны і ніткі, фарбы натуральнага паходжання, каб захаваць аўтэнтычнасць і паказаць павагу да навакольнага асяроддзя. Але пры гэтым, падкрэслівае Людміла Міхайлаўна Парошына, такая міні-калекцыя — не рэканструкцыя традыцыйнага адзення, а спроба творча пераасэнсаваць, захаваць і папулярыза­ваць элементы традыцыйнай матэрыяльнай культуры: жаночы касцюм, мастацкі роспіс і вышыўку.

Самі ж дзяўчаты ўжо ўмела спалуча­юць новы для сябе элемент гардэробу з іншым адзеннем. Іх калекцыя красамоўна паказала, што розныя варыянты крою плечавога адзення даволі лёгка трансфармуюцца пад сучасныя сілуэты і не выгляда­юць архаічнымі, як іншыя элементы строю, напрыклад, сарочка ці спадніца. Гарсэты можна ўпісаць у штодзённыя ці святочныя вобразы: яны аднолькава прыгожа бу­дуць спалучацца з класічнай белай кашуляй ці штанамі, а таксама могуць стаць часткай ансамбля з сукенкай.

Стагоддзі ў шкатулцы

Яшчэ адзін дыплом I ступені атрымалі даследчыкі з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна. Іх зацікавіла беларуская кафля. Аўтарамі праекта сталі Соф’я Коўшар, навучэнка ўзорнай студыі “Кераміка і ганчарства”, кіраўнік студыі Юлія Уладзіміраўна Валуева і метадыст цэнтра Іна Генадзьеўна Лойка.

“Калі мы на занятках вывучалі тэму “Беларуская кафля”, мне захацелася паглыбіцца ў тэму, азнаёміцца з узорамі кафлі, іх аздабленнем, знайсці ўзоры, створаныя майстрамі, і паспрабаваць перанесці іх матывы ў афармленне сучаснага дэкору”, — успамінае Соф’я Коўшар.

Кафля — керамічны выраб для абліцоўкі і дэкаратыўнага аздаблення печаў. Адрозніваецца ад абліцовачных архітэктурных пакрыццяў сістэмай мацавання, якая забяспечвае трываласць кафлі ў муроўцы печы пры значным перападзе тэмператур.

Дзеля гэтага Соф’я разам са сваім педагогам адправілася ў даследчыя падарожжы. У маршруце першага з іх быў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Там яны сустрэліся з мастаком-керамістам старшым выкладчыкам Марыяй Юр’еўнай Прыймавай, якая шмат чаму навучыла гасцей падчас свайго майстар-класа. Падчас экскурсій у Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і Археалагічны музей “Верхні горад” у Мінску аўтары праекта паглыбілі веды аб развіцці керамікі ў нашай краіне, аб яе месцы ў жыцці нашых продкаў, выкарыстанні гліняных вырабаў у побыце і зрабілі вялікую фотакалекцыю керамічных узораў.

“Уважліва і паступова паглыбляючыся ў тэму, мы выявілі характэрную тэматыку малюнкаў на кафлі і зрабілі іх апісанне, — дзеліцца Ю.У.Валуева. — Нам прыйшла ідэя аднавіць некаторыя ўзоры па кавалачку кафлі, на якім захавалася частка арнаменту ці малюнка. Мы выбралі разнастайныя па змесце часткі ўзораў і, выкарыстаўшы веды ў галіне кампазіцыі, пабудовы арнаментаў, грунтуючыся на гістарычных фактах па развіцці кафлярства ў Беларусі, аднавілі і намалявалі на паперы выбраныя ўзоры. На аснове гэтых малюнкаў, а таксама матэрыялаў праекта склалі вучэбны дапаможнік “Узоры на кафлях XVI—XVIII стагоддзяў”. Спадзяёмся, што гэты дапаможнік будзе карысны ўсім, хто цікавіцца керамікай, і дапаможа паглыбіцца ў тэму “Беларуская кафля” праз знаёмства са стагадовымі старажытнымі ўзорамі”.

Знаёмства з гісторыяй кафлярства, з прыгажосцю і разнастайнасцю малюнкаў на самых лепшых узорах атрымала і яшчэ адзін практычны выхад. Юная даследчыца разам са сваім педагогам захацела сваімі рукамі зрабіць вырабы па матывах беларускай кафлі для афармлення дэкору. У прыватнасці, яна зрабіла прадметы ў стылі старажытных мураваных кафляных вырабаў, якія ўпрыгожаць дамскі столік у пакоі: люс­тэрка, абрамленае керамічнымі пліткамі, і шкатулку. Для гэтага паэксперыментавала з глінай, з палівай, прымяніла на практыцы асвоеную падчас даследавання тэхніку стварэння ўзору з выкарыстаннем гіпсавай формы.

“Не абышлі мы і дадатковую магчымасць для папулярызацыі беларускага мастацтва і яго традыцый сярод дзяцей — у рамках нашага праекта стварылі Instagram-акаўнт @izrazec_project. Нам было вельмі цікава паглыбіцца ў тэму. Падчас работы над праектам засталося шмат фота- і відэаматэрыялаў. Такім чынам, мы змаглі падзяліцца сваімі знаходкамі з рознымі людзьмі”, — адзначыла педагог.

Цікава, што акаўнт зацікавіў розных лю­дзей, захопленых тэмай культуры. Так, адна з падпісчыц, якая вядзе акаўнт “Аб новым жыцці старых дамоў” і займаецца рэстаўрацыяй жылля ў апусцелых вёсках, падарыла ўдзельнікам праекта дзве кафлі XIX стагоддзя. Гэтыя вырабы захоўваюцца ў цэнтры.

“Любоў да творчасці, пазнанне законаў прыгажосці, яе сімвалічнасці і неабходнас­ці робіць нас падобнымі да людзей, якія жылі шмат гадоў назад. Гэта прычына для таго, каб зберагаць і цаніць усё тое, што нам перададзена. Мы пачалі з маленькага кавалачка кафлі, а прайшлі гістарычны шлях нашай традыцыйнай культуры. Як з маленькага зярнятка вырастае магутнае дрэва, так і наш праект ператварыўся ў вялікую і патрэбную справу, якая, спадзяёмся, будзе натхняць на новыя здзяйсненні”, — падкрэс­ліла Юлія Валуева.

Святлана НІКІФАРАВА