Міхаіл Лізагуб: сожскую скань трэба ўключыць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

- 14:50Хранители традиций

Прызнаюся, гэтая рубрыка ўзнікла адразу пасля майго знаёмства з унікальным мастацтвам, якім валодае настаўнік гімназіі № 51 Гомеля Міхаіл Лізагуб. Ён адзін з нямногіх, хто стварае сожскую скань, і ледзь не адзіны, хто вучыць гэтаму іншых. Сёння мы ў майстэрні творцы.

Скань драўняная, філігранная

Гэтае рамяство дакладна вартае таго, каб стаць нацыянальным здабыткам, як дрыбінскія валёнкі ці неглюбскія ручнікі, але яго лёс склаўся інакш — пра яго людзі амаль забыліся. На шчасце, не ўсе. Аднойчы зачараваўшыся драўлянымі карункамі, Міхаіл Аляксеевіч шмат гадоў працуе ў гэтай тэхніцы сам і вучыць ёй усіх жадаючых.

Па адукацыі Міхаіл Лізагуб філолаг, але ніводнага ўрока рускай мовы і літаратуры ён не правёў — не выдалася такой магчымасці. Хоць з паэзіяй у яго адносіны выдатныя (нават сам піша цудоўныя вершы, якія, спадзяюся, хутка ўбачаць свет), яшчэ замалада перакваліфікаваўся ў настаўніка працоўнага навучання. Ім ён працуе і сёння, нягледзячы на свой даволі паважаны ўзрост (настаўніку — восьмы дзясятак). Яго майстэрня ніколі не зачынялася — уменне настаўніка апрацоўваць драўніну заўсёды цанілі хлопцы, якія таксама хацелі навучыцца рабіць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Палюбілі гэтую справу і яго швагер, і пляменнік, якія таксама прафесійна сталі займацца разьбой па дрэве. Але аднойчы Міхаіл Лізагуб кардынальна змяніў свой мастацкі почырк.

Неяк, пакуль гасцяваў у сваякоў пад Гомелем, павёз у гарадскую галерэю свае работы і там упершыню ўбачыў талеркі і шкатулкі з мудрагелістымі ўзорамі са скручаных габлюшак. На пытанне пра тэхналогію вырабу там яму толькі сказалі, што габлюшка наразаецца гэблем, а пасля прыклейваецца на тарэц да драўлянай асновы.

— Я вярнуўся дадому ў Калодзішчы (тады настаўнічаў у Каралёвым Стане), дастаў гэбель і стаў рэзаць габлюшку. Але яна не выходзіла такой роўнай і аднолькавай па таўшчыні, як тая, што была на выставе. Што я ні рабіў: і так спрабаваў, і інакш, і мадэрнізаваў гэбель — нічога не атрымлівалася, — успамінае М.А.Лізагуб.

На час настаўнік пакінуў творчыя эксперыменты і толькі праз 4 гады, калі пераехаў у Гомель (з 2000 года выкладаў працоўнае навучанне ў 58-й гімназіі), на курсах павышэння кваліфікацыі пазнаёміўся з калегамі, якія ўжо ведалі і пра сожскую скань, і пра яе адраджальніка — гомельскага майстра Уладзіміра Цэкунова. Першым настаўнікам Міхаіла Лізагуба была вучаніца У.Цэкунова Таццяна Васільеўна Дзідкоўская. Ад яе ён і даведаўся, што для вырабу габлюшкі неабходны не гэбель, а спецыяльны станок.

Вырабы Міхаіла Лізагуба разляцеліся па ўсім свеце. Ёсць яны ў Кітаі, Ірландыі, Шатландыі, Англіі, Германіі, Італіі, Нарвегіі і інш.

Па словах настаўніка, прынцып работы таго станка і сёння трымаецца ў сакрэце. І прычына гэтага не столькі ў імкненні сха­ваць яго ад канкурэнтаў, колькі з-за асцярогі, што тэхніка вырабу габлюшкі прасочыцца за межы Гомеля і Беларусі і потым нікому не дакажаш яе гомельскае пахо­джанне. Гэта не было б праблемай, каб Уладзімір Цэкуноў запатэнтаваў саму тэхніку і станок, але ён не паспеў. Вось чаму пры ўсёй сваёй унікальнасці сожская скань не мае статусу нацыянальнага здабытку, і ўвогуле мала хто ведае, што гэта такое. Міхаіл Лізагуб сам распрацаваў чарцяжы станка (ён шмат гадоў паралельна працаваў фрэзероўшчыкам, таму ў станках добра разбіраецца), заказаў яго выраб на заво­дзе і пачаў тва­рыць. І ўжо больш за 20 гадоў  прыкладае ўсе намаганні, каб не толькі расказваць пра сожскую скань, ствараць яе, але і вучыць ёй усіх жадаючых, у тым ліку і гурткоўцаў.

Правёў майстар-клас ён і для нас. Раскручваючы бляшаначкі з лакам, раскрываючы каробачкі з нажніцамі і пінцэтамі, скрыначкі з драўлянымі завіткамі рознага колеру і памеру, сканіст тлумачыць:

— Тут важна падаб­раць неабходную па якасці і колеры драўніну. Найлепш для гэтага падыхо­дзяць лісцевыя пароды, асабліва пладовыя дрэвы. Самая багатая каларыстыка ў драўніны яблыні: стрыжань насычана-чырвоны, а абалона (слой каля кары)  жаўтаватая. Для запаўнення фону ці для вылучэння акцэнтаў ідэальна падыхо­дзіць каштан: у яго светлая, амаль белая, габ­люшка. Самая ж даступная з усіх відаў асіна. Яна мяккая і недарагая. Я загадзя раб­лю габлюшку патрэбнага памеру з запасам, затым з дапамогай пінцэта выкладваю ўзор. Потым пад кожны завіток пэндзлем наношу нітралак і вяртаю дэтальку на месца, ставячы яе на тарэц.

Гэтым разам у руках майстра — завушніца. Ён укладвае габлюшку ў выразаную разцом нарыхтоўку ў выглядзе кроплі, лоўка падразае міні-нажнічкамі лішняе, наносіць пэндзлікам пад яе лак, застаецца толькі даць некалькі секунд на падсыханне — і завушніца гатова.

Шляхам майстра

Пакуль мы гутарым з настаўнікам, у майстэрню зазірнулі скончыць свае работы старшакласнікі. Хоць у 9-класніка Мацвея Рыбака было шмат заказаў ад родных, ён з усімі справіўся, але наперадзе яшчэ сямейныя святы.

— Мне падабаецца сама па сабе скань, прынцып выкладкі ўзораў, тое, што яны, хоць і здаюцца далікатнымі, у хатнім ужытку сябе добра зарэкамендавалі. Я ўжо зрабіў шмат работ у гэтай тэхніцы: магніты, падстаўкі пад гарачае, кухоннае начынне — ад дошчачак да лапатак. Мне прыемна гэтаму навучыцца і парадаваць падарункамі маму і бабулю.

А вось яго цёзка Мацвей Даўгулевіч (цяпер ужо 7-класнік) прыходзіць на заняткі з гімназіі № 58. Пазнаёміўся хлопчык з Міхаілам Аляксеевічам падчас яго майстар-класа ў Веткаўскім музеі і пасля гэтага не прапусціў ні адных заняткаў. Больш за тое, ён водзіць з сабой на заняткі і браціка Адама (той скончыў усяго 3 клас).

Дарэчы, калі настаўнік працаваў у гімназіі № 58, у яго было 18 гадзін індыві­дуальных заняткаў разьбы па дрэве — пасля заканчэння 3-гадовай праграмы старшакласнікі выконвалі дыпломныя работы, а пасля іх абароны атрымлівалі адпаведныя пасведчанні. Вялікая кагорта дзяцей, якія паважа­юць сож­скую скань і ўмеюць яе аднаўляць, ужо ёсць і ў 51-й гімназіі.

Мараць хлопцы некалі дасягнуць і ўзроўню твораў свайго настаўніка. Ім, як і мне, асабліва падабаецца імкненне і ўменне іх майстра ў мясцовай тэхніцы ўвасаб­ляць родную прыроду. Мінулая яго выстава называлася “Мая Беларусь”, і яе ў асноўным склалі самыя розныя выявы жыхароў яго любімага Палесся — буслоў і зуброў. Аўтар прызнаецца, што асабліва любіць птушак, таму часта спалучае тэхніку скані з традыцыйным разьбярствам. Спалучаюцца тэхнікі ў разнайстайных пано, інтэр’ерных кампазіцыях, шкатулках, сувенірах, жаночых упрыгажэннях і іншых вырабах. У гэтым яго адрозненне ад вучняў Цэкунова — яны выкладвалі свае ўзоры выключна сканню.

Калі з’явілася на берагах Сожа гэтая тэхніка, дакладна невядома. Самае старажытнае згадванне — прыкладна XV стагоддзе. Аднак пазней традыцыя драўнянай скані была страчана. І толькі ў канцы XX стагоддзя гэтую тэхніку адрадзіў гомельскі майстар Уладзімір Цэкуноў. Па гэтай прычыне яе і называюць гомельскай, сожскай або цэкуноўскай.

— Многія з тых, хто не хацеў распаўсюджваць сожскую скань, ужо сышлі з жыцця, так і не зрабіўшы нічога для захавання і перадачы нашага рамяства. І навошта такая таямніца? Я трынац­цаць гадоў працаваў у гімназіі № 58 і кожную раніцу пераступаў яе парог, над якім была цытата доктара Гааза: “Спяшайцеся рабіць дабро”. Трынаццаць гадоў яе перачытваў і з ёй пагаджаўся. Я хачу, каб гэтае мастацтва жыло, не згубілася ў мінулым, як аднойчы ўжо адбылося. А адзі­ны спосаб гэтага не дапус­ціць — шчодра ім дзяліцца.

Яшчэ адзін спосаб — уключыць сожскую скань у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Міхаіл Лізагуб са сваім калегам Аляксандрам Рубанавым ужо напісаў адпаведную заяўку. А пакуль гэта справа рухаецца, ён даў згоду на навучанне сожскай скані прафесійных майстроў, якія працуюць на фабрыцы мастацкіх вырабаў “Любна” ў Гомелі. Яны ўжо зрабілі сабе станкі, цэлы год Міхаіл Аляксеевіч право­дзіць для іх заняткі, а таксама пры неабходнасці наладжвае станкі, точыць інструмент. Адным словам, ро­біць пераем­ным тое, што было некалі таемным.

***

Аляксандр Пахучы, дырэктар гімназіі № 51 Гомеля: Я даўно заўважыў майстэрства Міхаіла Аляксеевіча, таму запрасіў яго працаваць у нас настаўнікам працоўнага навучання і выкладаць дзецям сожскую скань. Гэты кірунак выклікаў жывую цікавасць у дзяцей, яны захапіліся, асабліва пасля перамогі на рэспубліканскім конкурсе “Прывітанне, свет!” з работай у гэтай тэхніцы. Спадзяюся, што паважаны ўзрост не стане перашкодай для таго, каб майстар працягваў вучыць дзяцей гэтаму мастацтву.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара