Танец не згіне, пакуль ёсць «Берагіня» — у гэтым перакананы ў Мётчанскай сярэдняй школе

- 16:00Хранители традиций

Амаль 30 гадоў у Мётчы шчыруе заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Берагіня”. Каб адчуць яго энергетыку, у Мётчу завітала карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Гукі Мядоцкага краю

Танцы “Матылёк”, “Мальвіна”, “Картузэ” і дзясяткі іншых не даюць мётчанскім школьнікам сумаваць і сядзець на месцы ўжо амаль 30 гадоў. Спазнаюць і атрымліваюць асалоду ад мясцовых танцаў, спеваў і музыкі тут усе вучні — з 1 па 11 клас. А ініцыятарамі такога творчага школьнага перапалоху сталі вядомы даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф і этнапедагог Мікола Козенка і настаўніца беларускай мовы і літаратуры гэтай школы Антаніна Абрамовіч. Менавіта гэты выкладчыцкі дуэт у 1996 годзе заснаваў фальклорны гурт “Берагіня”, што стала галоўным крокам у рэалізацыі праграмы Міколы Аляксеевіча “Традыцыйная культура і дзеці” па адраджэнні беларускай харэаграфічнай аўтэнтыкі.

У межах праекта аўтар стварыў стратэгію вяртання ў сучасны побыт і культуру традыцый народнай харэаграфіі, спеўнага і музычнага інструментальнага мастацтва. Распачынаў сваю праграму Мікола Аляксеевіч на Гомельшчыне, дзе адкрыў цэнтры традыцыйнай творчасці ў Чачэрскім (вёскі Бабічы, Нісімкавічы, Мяркулавічы, Бяляеўка, Палессе і інш.) і Акцябрскім (г.п. Акцябрскі, вёскі Валосавічы, Рассвет, Чырвоная Слабада і інш.) раёнах. Усяго год яму спатрэбіўся, каб у Чачэрскім раёне затанцавалі ўсе школы, усе класы, каб зажыў фестываль “Беларуская полька”. Мікола Козенка заснаваў і рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Апошніх жа 30 гадоў па пятніцах ён ездзіць у Мётчу, дзе праводзіць заняткі для навучэнцаў, рыхтуючы новыя і новыя пакаленні “берагінцаў”.

— Мы імкнёмся захаваць у дзецях індывідуальнасць — пластычную і харэаграфічную, каб іх цела адчувала, што гэта наша, роднае, а не замежнае. Нашы танцы хоць і носяць вядомыя назвы — лявоніха, полька, матылёк, картузэ і іншыя, — усё ж маюць адметны стыль. Ёсць у нас і выключна наш, мясцовы, танец “Індык”, які некалі выконвалі ў суседняй вёсцы Аскеркі. Яго танцуюць тры хлопцы, — расказвае Мікола Аляксеевіч.

Не менш важна, адзначае кіраўнік гурта, і выхаванне культуры ў дзіцяці:

— Народны танец мае магутны выхаваўчы пасыл, бо паважлівыя адносіны партнёраў адно да аднаго і да навакольных — галоўнае правіла танцавальнага этыкету. Кожнаму руху надаецца вялікае значэнне: як запрасіць дзяўчыну на танец, як трымаць яе за руку, як дапамагчы адно аднаму адчуваць сябе вольна ў танцы. Важна і ўменне захоўваць акуратнасць у адзенні і прычосках, трымаць паставу, сачыць за мовай.

 

Большую частку свайго настаўніцкага шляху шчыруе ў гурце і Антаніна Абрамовіч:

— Для мяне “Берагіня” — гэта маё жыццё. Цікава працаваць, калі ў класе ты настаўнік, а за яго межамі паглыбляешся з дзецьмі ў мастацтва — народнае, фальклорнае, ходзіш у вандроўкі, экспедыцыі.

Каб не было праблем з пошукам хормайстра і музычнага кіраўніка, акампаніятара і канцэртмайстра, якіх і ў вялікім горадзе цяжка знайсці, Антаніна Анатольеўна сама іх паспяхова замяняе. Для гэтага навучылася іграць на гармоніку — хромцы і губным, баяне, барабане, бубне, скрыпцы, цымбалах, нават на рублі. І на ўсіх гэтых інструментах вучыць іграць дзяцей.

— Мы выхоўваем хлопчыкаў і дзяўчы­нак комплексна. Кожны наш навучэнец ра­зам з намі і спявае, і танцуе, і ўдзельнічае ў святочных абрадах. Акрамя таго, вучыцца вышываць, плесці, вязаць, нават крыху ткаць, даследуе свой радавод, вывучае культуру, гісторыю, этнаграфію, фальклор свайго населенага пункта, па гэтых кірунках піша даследчыя работы і выступае з імі на навукова-практычных канферэнцыях, — гаворыць настаўніца. — У малодшым узросце так важна прывязаць дзіцячую душу да спрадвечнага, блізкага, каранёвага, каб з цягам часу негатыўныя ўздзеянні і чужародныя плыні не адарвалі яе ад зямлі і роду, не ператварылі ў перакаці-поле.

Назва мастацкага калектыву “Берагіня” была выбрана ў сугуччы з творчым крэда: вывучаючы традыцыйную танцавальную і музычную культуру беларусаў, зберагаць і распаўсюджваць мастацкія традыцыі свайго наваколля.

Мы гутарым з настаўнікамі падчас урокаў: усе перапынкі яны праводзяць у танцавальнай зале. Сюды ж пасля кожнага званка з урока збягаецца танцаваць уся школа. Антаніна Анатольеўна тлумачыць:

— Раней, канечне, нам было прасцей. У школе вучыліся ў асноўным мясцовыя дзеці, таму пасля ўрокаў мы маглі ледзь не да вечара танцаваць. Цяпер дзяцей менш, ды і большасць з іх — жыхары 16 навакольных вёсак, якія прыязджаюць на школьным аўтобусе і на ім жа вяртаюцца дадому амаль адразу пасля ўрокаў. Таму мы вымушаны прыстасоўвацца да гэтай новай рэальнасці і праводзіць урокі танцаў на перапынках.

На маё пытанне, як зацікавіць дзіця народнай культурай, яна адказвае:

Нашы дзеці і так ёй цікавяцца. Ма­быць, гэтаму спрыяе наш падыход: як толькі першакласнікі пераступаюць парог школы, Мікола Аляксеевіч праводзіць для іх першы ўрок народных танцаў. 1—4-я класы (гэта калектыў “Зярняткі”) займаюцца харэаграфіяй у межах факультатыву “Танец”. Калі ты з маленства гэтаму вучыўся, калі ў цябе ўжо добра атрымліваецца, то натуральна, што хочацца працягваць заняткі. Таму з 5 класа многія вучні з задавальненнем пераходзяць у “Берагіню”. Гэтым яны жывуць да выпуску і нават пасля яго. Мне заўсёды прыемна падчас школьных дыс­катэк чуць просьбу ад старшакласнікаў прынесці гармонік, каб яны маглі станцаваць польку ці падэспань.

Прывіваюць дзецям любоў да фальклору і іншыя педагогі школы. Сярод іх — настаўніца малодшых класаў Святлана Мікалаеўна Мацюшонак. Літаральна ўсе яе выпускнікі-пяцікласнікі становяцца ўдзельнікамі калектыву “Берагіня”. Яна тлумачыць:

— Я сама вельмі люблю родную мову, люблю “Берагіню”, жывую музыку, жывы танец і дзецям стараюся гэта перадаць. Шмат хто з бацькоў маіх навучэнцаў танцаваў у “Берагіні”. Напрыклад, мама маёй сённяшняй вучаніцы Каці Безручонак (дарэчы, яе бабуля шыла касцюмы). Мацвей Кістанаў таксама пайшоў па слядах сваёй мамы, выпускніцы нашага гурта. Цяпер Мацвей запісвае ад сваёй бабулі прыпеўкі і спявае іх у школе.

Па традыцыі — у экспедыцыі

Шмат гадоў запар “берагінцы” натхняліся танцамі, пераймаючы іх непасрэдна ад носьбітаў. Мікола Козенка ніколі не выязджаў у экспедыцыі без відэакамеры. Так, прынцыпова новым кірункам у ме­тодыцы далучэння дзяцей да народнага традыцыйнага мастацтва стаў вусны спосаб перадачы-пераемнасці фальклору: навучанне “з нагі ў нагу”, “з голасу ў голас”.

Многія бабулі давалі “берагінцам” свае танцавальныя ўрокі ўжо ў вельмі паважаным узросце. Напрыклад, спрытна танцавала жыхарка Барысаўшчыны Аўгіння Іванаўна Грук, якой было за 80 гадоў. У экспедыцыях па Чачэрскім раёне галоўным натхняльнікам даследчыкаў-школьнікаў была Хоўра Васільеўна Серыкава, якая вучыла іх танцам у свае 114 гадоў і магла нават упрысядкі пайсці! Не стала яе ў 118 гадоў. Відавочна, што танцы даюць чалавеку не толькі духоўнае багацце, але і добрую фізічную форму!

— Шкада, што знікаюць гэтыя зносіны з носьбітамі, бо яны давалі нам не толькі шмат фальклорнага матэрыялу, ведаў пра гісторыка-культурную спадчыну, пра мінулае нашых вёсак, але і энергетычнае падсілкоўванне. Цяпер мы вывучаем іх спадчыну толькі па назапашаных відэазапісах, — гаворыць Антаніна Анатоль­еўна.

Якраз аднаўленне гэтай спадчыны і зрабіла мядоцкі гурт “Берагіня” адным з самых вядомых у Беларусі дзіцячых фальклорных калектываў. Яго запраша­юць з выступленнямі на навукова-практычныя канферэнцыі, рэспубліканскія і абласныя, раённыя і гарадскія пляцоўкі. У скарбонцы “берагінцаў” — мноства ўзнагарод з самых розных творчых спаборніцтваў, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных.

Мікола КОЗЕНКА: У народных танцах шмат імправізацыі: у паводзінах, адзенні, рухах, міміцы. І чым больш яе, тым лепш. Гэта і ёсць разнастайнасць нашай культуры. Але пры гэтым мы захоўваем мясцовы рэпертуар, мясцовы стыль выканання.

Для многіх выпускнікоў “Берагіні” захаванне спадчыны перайшло на прафесійны ўзровень. Сярод іх, напрыклад, загадчыца Мётчанскага дома культуры Алена Касцюкевіч. Некалькі чалавек скончылі факультэт народнай культуры БДПУ. Дачка Антаніны Абрамовіч, Паліна, атрымала спецыяль­насць “Этнафоназнаўства” ў БДУКіМ, некаторы час працавала ў сваёй школе. У верасні сюды вернецца настаўніцай пачатковых класаў выпускніца гэтай школы і былая ­ўдзельніца гурта Вольга Якавец. Зна­чыць, за будучы лёс “Берагіні” няма прычыны перажываць: ён дакладна ў надзейных руках.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота і відэа аўтара